Вы тут

Sex-балясы. Пасееш звычку...


Як той казаў, звычка — другая натура. А першыя бываюць рознымі і шмат могуць расказаць пра чалавека. («— Можна на вас абаперціся?» — «Не раю нават аблакочвацца».) Так, эксперт па здаровым спосабе жыцця Ану Мукерджы раскрыла ўзаемасувязь паміж спосабам мыцця ў душы і характарам чалавека. («— Якога мужчыну можна лічыць сапраўдным аматарам музыкі?» — «Таго, які, пачуўшы, як жанчына спявае ў душы, прыкладае да замочнай шчыліны вуха».) Зрэшты, каму я расказваю, тут і так усе ў курсе, праўда? («Ура! Нам падключылі гарачую ваду! Нарэшце можна самую вялікую каструлю выкарыстоўваць для супу!») Спецыялістка растлумачыла, што частка цела, якую людзі выбіраюць мыць у першую чаргу, можа шмат расказаць пра іх асабістыя якасці. («Насамрэч, калі мы мыем ногі, мы адначасова мыем і рукі».) Так, напрыклад, тыя, хто спачатку ўмываюць твар падчас купання, любяць грошы больш за астатніх. («— У цябе сумленне чыстае?» — «Вядома, я ім ні разу не карыстаўся».) Паводле яе слоў, такім людзям таксама бывае цяжка знайсці агульную мову з навакольнымі, паколькі яны маюць непапулярную думку на многія рэчы. («— Мужчыны і жанчыны такія непадобныя, што нават ад аднолькавых дзеянняў атрымліваюць процілеглыя вынікі.» — «Прыклад?» — «Вось, скажам, калі мужчына ўмыецца, ён стане выглядаць лепш...»)


Мукерджы падкрэсліла, што чалавек, які спачатку мые плечы ці падпахі, вызначаецца адданасцю і надзейнасцю. Грудзі, у сваю чаргу, перш за ўсё мыюць сумленныя людзі, якія, як сцвярджае эксперт, значна часцей за іншых схільныя да стрэсу і імкнуцца ва ўсім атрымаць поспех. («Прыйшла квітанцыя за ацяпленне. Падаецца, мяне пераблыталі з гарадской лазняй».) Жанчына запэўніла, што ў першую чаргу мыюць валасы безнадзейныя рамантыкі. «Вы часта паглыбленыя ў свае думкі. У вас тэмперамент інтэлектуала і мастака», — адзначыла яна. («А вы заўважалі, што мы выбіраем менавіта той шампунь, які абражае нас больш за іншыя? «Для сухіх, ломкіх, безжыццёвых, непаслухмяных, якія сякуцца, такіх, што проста фу, валос». О, тое, што трэба».) Акрамя таго, Мукерджы дадала, што адсутнасць прыярытэтнай часткі цела падчас мыцця кажа аб прадпрымальнасці. («Народная мудрасць: чым таўсцейшы чалавек, тым танней яму абыходзіцца прыём ванны».) Яшчэ такія людзі вылучаюцца сціпласцю і не любяць сумаваць. («Часам я заходжу ў ванны пакой, гляджу ў люстэрка і шчыра не магу зразумець, адкуль столькі праблем у чалавека, які настолькі бездакорна прыгожы».)

Расійскі псіхолаг, гіпнатэрапеўт Вольга Адрыянава раскрыла сувязь паміж характарам дзяўчыны і памерам яе сумкі. («Настаўніца ў пачатку ўрока корпаецца ў сумцы і, ўздыхаючы, кажа: «Падаецца, я дома акуляры забыла...» Увесь клас хорам: «А галаву вы не забылі?») Спецыялістка заявіла, што маленькія сумкі выбіраюць лёгкія ў зносінах жанчыны, якія аддаюць перавагу вырашэнню праблем па меры іх паступлення. («Спіс важных спраў на сёння. 1. Не сёння».) Акрамя таго, уладальніцы падобнага аксесуара, як правіла, ураўнаважаныя і прызвычаіліся давяраць навакольным. («Мы з любімым жывём у дастатку... То я яго дастаю, то ён мяне».) «Маленькая сумачка — гэта пра базавыя адчуванні спакою і бяспекі, якія так неабходныя, каб быць шчаслівай», — паясніла яна. («Жонка: — Дык мне набываць гэтую прыгожанькую сумачку?» — Муж, не гледзячы: — Так, бяры... Жонка: — Ох, з табой адны выдаткі».) У сваю чаргу, уладальніцы вялікіх сумак, паводле слоў псіхолага, хочуць прадугледжваць усе дэталі і кантраляваць тое, што адбываецца. («Міністэрства абароны пасля праведзенага эксперыменту вырашыла закупіць для арміі вялікую колькасць дамскіх сумак. Як высветлілася, у іх змяшчаецца ўдвая больш рэчаў, чым у заплечніку дэсантніка».) Выкарыстанне такога ўмяшчальнага вырабу сведчыць аб унутранай трывозе дзяўчыны. («Купіла туфлі — няма спадніцы. Купіла спадніцу — няма кашулі. Купіла кашулю — няма сумкі. Купіла сумку — туфлі не падыходзяць!») Пры гэтым калі аб'ёмны аксесуар пусты ці паўпусты, значыць, яго гаспадыня схільная ўпускаць прадстаўленыя ёй шанцы. («Ды што яны там па тэлевізары ведаюць пра крызіс? У мяне дома пакет з пакетамі скончыўся!») Таксама Адрыянава звярнула ўвагу, што ёмістыя сумкі, запоўненыя разнастайнымі прадметамі, сігналізуюць аб тым, што жанчына не давярае свайму партнёру. («Калі я кажу, што ў мяне ўсё ляжыць на сваіх месцах, гэта азначае, што калі мне спатрэбіцца аўтаручка, я пасуну халадзільнік і вазьму сваю ручку».) Прычына — яна ў прынцыпе не давярае мужчынам і наогул усяму свету, гэта можа выліцца ва ўнутраны канфлікт. («У клубе хлопец захацеў здзівіць мяне і падышоў з пытаннем, ці ёсць у мяне пласкагубцы. Было весела назіраць, як змяніўся яго твар, калі я дастала іх са сваёй сумачкі».) «Яна хоча адчуваць сябе маленькай дзяўчынкай і хоча, каб пра яе клапаціліся, марыць аб тым, каб мужчына ўзяў на сябе рашэнне ўсіх праблем», — адзначыла яна. («Каб жонка не знайшла маю заначку, я захоўваю яе ў правай ніжняй кішэньцы на маланцы другога сярэдняга аддзялення яе сумкі».) Уладальніцы маленькіх сумак таксама прывыклі спадзявацца на партнёра і перакладваць на яго адказнасць. («Жонка — мужу: — Любімы, шапні мне мае любімыя тры словы». — «Я табе куплю...»).

Кастусь ХАЦЕЛАЎ-ЗМАГЕЛАЎ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Сёння пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.