Вы тут

Праўда вочы коле. Чаму польскія ўлады так спалохаліся беларускага бязвізу?


МЗС Польшчы не рэкамендуе сваім грамадзянам карыстацца бязвізавым уездам у Беларусь. Аб гэтым заявіў намеснік міністра замежных спраў суседняй краіны Павел Яблоньскі, паведаміла РІА «Навіны». Раней бязвізавы парадак уезду ў Беларусь быў дазволены для грамадзян Літвы і жыхароў Латвіі. Тыдзень таму наша краіна аб'явіла аб увядзенні да канца года бязвізу для палякаў. «Мы рэкамендуем захоўваць вялікую асцярожнасць і пазбягаць падарожжаў у Беларусь», — папярэдзіў палякаў Яблоньскі. Адносіны дзвюх краін могуць выклікаць дадатковыя рызыкі, падкрэсліў намеснік кіраўніка МЗС Польшчы. Адметна, што аналагічную заяву ў чарговы раз зрабіў кіраўнік Службы аховы дзяржграніцы Літвы Рустам Любаеў у інтэрв'ю LRT. «Варта добра падумаць аб тым, ці ёсць неабходнасць у наведванні суседняй дзяржавы», — заўважыў ён. Адразу кідаецца ў вочы дзіўная зладжанасць заяў сілавікоў суседніх дзяржаў — быццам па камандзе адпрацавалі. На мой погляд, тым жа палякам за шчасце завітаць да нас — адпачыць ад шызоіднага палітычнага нагнятання ўладаў, пабачыць суседзяў на свае вочы, ну, і выгадна закупіцца, нарэшце. Чаму ж афіцыйная Варшава так спалохалася беларускага бязвізу?


Дапамогі чакаць не варта

Крыху аб эканамічнай сітуацыі ў суседняй дзяржаве. Днямі з'явілася афіцыйнае паведамленне Галоўнага ўпраўлення статыстыкі Польшчы. Яно адзначыла, што ў мінулым месяцы была зафіксавана рэкордная гадавая інфляцыя за больш чым чвэрць стагоддзя — з сакавіка 1997-га. Паказчык дасягнуў 15,6 працэнта, пры гэтым цэны з мая выраслі на 1,5 працэнта, бензін падаражэў ажно на 46,7 працэнта ў гадавым выражэнні і на 9,4 працэнта за месяц. Цэны на энерганосьбіты ў чэрвені павялічыліся на 35,3 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

На думку экспертаў, сітуацыя ў Польшчы ў хуткім часе не палепшыцца. Улады прагназуюць, што інфляцыя ў краіне працягне расці. Аб гэтым заявіў Польскаму радыё прэс-сакратар урада Польшчы Пётр Мюлер. «Мы не хаваем, што чакаем росту інфляцыі», — сказаў чыноўнік. Паводле прагнозаў экспертаў, інфляцыйны пік у краіне будзе дасягнуты ў жніўні-верасні з паказчыкам у 15,5-16 працэнтаў. Прычым гэта базавы варыянт, у рэальнасці лічбы могуць быць большымі. Для простых палякаў гэта абазначае адно — далейшае пагаршэнне дабрабыту.

Ад Бруселя таксама дапамогі чакаць не варта. Варшава не атрымае грошай ад Еўрасаюза, пакуль польскае судовае заканадаўства не будзе адпавядаць усім нормам міжнароднага права, паведаміла РІА «Навіны» са спасылкай на Dіe Welt. Як адзначыла нямецкае выданне, віцэ-прэзідэнт Еўракамісіі Вера Юрава заявіла, што Польшчы не будуць пераведзены 35 мільярдаў еўра з «ковіднага» фонду ЕС, пакуль судовая сістэма не будзе адпавядаць пазіцыі Еўрасаюза.

Па заказе куратараў

Большасць палякаў апладзіруе, заявіў у эфіры тэлеканала «Беларусь 1» польскі палітолаг Матэвуш Піскорскі, каментуючы бязвіз для палякаў. «Улічваючы існуючую розніцу цэн у Польшчы і Беларусі, многія палякі сапраўды будуць ездзіць туды. Насамрэч гэта пэўнага кшталту гуманітарная дапамога з боку беларускага кіраўніцтва палякам, якія цяпер у сувязі з інфляцыяй, у сувязі з санкцыйнай палітыкай жывуць у вельмі дрэнных умовах. У прыватнасці, палякі ва ўсходніх рэгіёнах Польшчы, якія, скажам, не вельмі моцна эканамічна развітыя», — заўважыў Матэвуш Піскорскі. Але палітолаг выказаў меркаванне, што Польшча рыхтуецца да контрмер. «Баюся, што сапраўды ў польскім урадзе з'явіцца ідэя, каб неяк абмяжоўваць колькасць тых, хто выязджае. Рэальна людзі, якія будуць ездзіць у Беларусь, напрыклад, будуць падвяргацца рознага роду вобыскам, допытам», — адзначыў ён.

Польшча — на першым месцы па колькасці заблакаваных сайтаў і інфармацыйных рэсурсаў, заявіў на YouTube-канале БелТА польскі эксперт Матэвуш Піскорскі. «У Польшчы існуе пэўная атмасфера аўтарытарнага ладу. Усе мы цудоўна разумеем, што аўтарытарныя палітычныя сістэмы абгрунтоўваюць неабходнасць свайго існавання, спасылаючыся на знешнія, а потым і ўнутраныя пагрозы. Таму што, калі існуе міфічная знешняя пагроза, вельмі лёгка спасылацца на тое, што абмяжоўваюцца грамадзянскія правы, свабода слова і ўсё іншае. З чым мы маем справу сёння ў Польшчы», — сказаў Матэвуш Піскорскі.

Як лічыць Матэвуш Піскорскі, Беларусь адзіная ў Еўропе стварыла сваю ўнікальную сацыяльна-эканамічную сістэму, з гэтым так ці інакш звязаныя спробы дэстабілізацыі сітуацыі. «Гэтая ўнікальная мадэль, натуральна, не падабаецца глабалістам, англасаксам і іншым цэнтрам сілы», — заўважыў палітолаг. Ён прызнаў, што Польшча не праводзіць самастойна сваю знешнюю палітыку, выконваючы заказы куратараў. Аднак палякі не думаюць аб вайне, іх больш хвалюе рост цэн.

Фэйкі і рэаліі

Нарошчванне польскімі ўладамі сілавога патэнцыялу ўздоўж заходніх беларускіх граніц невыпадковае. Такое меркаванне БелТА выказаў загадчык кафедры паліталогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, прафесар, доктар палітычных навук Віктар Ватыль. «Нарошчванне сілавой магутнасці польскімі ўладамі ўздоўж заходніх беларускіх граніц і разгорнутая ў сувязі з гэтым у тамтэйшых СМІ ваяўнічая рыторыка не выпадковыя і не спантанныя. Яны адлюстроўваюць доўгатэрміновую рэалізацыю як аперацыйна-тактычных планаў афіцыйнай Варшавы ў дачыненні да Беларусі, так і стратэгічных мэт НАТА і ЗША ў адносінах да Расіі і яе саюзнікаў», — сказаў Віктар Ватыль.

Ён дадаў, што новая канцэпцыя альянсу, прынятая на саміце, які нядаўна прайшоў у Мадрыдзе, абазначыла Расію як прамую пагрозу для еўраатлантычнай бяспекі. «У сувязі з гэтым Польшча ператвараецца ў шырока разгорнуты і глыбока эшаланіраваны плацдарм для сіл перадавога базіравання, на якім да канца гэтага года мяркуецца размясціць 400-тысячную ваенную групоўку, аснашчаную сучасным наступальным узбраеннем. Звяртаю ўвагу, наступальным. Варшава, прымаючы да выканання галоўную ўстаноўку НАТА, адкрыта заяўляе: перш чым рухацца супраць Масквы, трэба ўціхамірыць Беларусь як яе найбліжэйшага паплечніка. Для яе Расія і Беларусь — спрыяльная нагода для нарошчвання войскаў і наступальнага ўзбраення каля яе ўсходніх граніц. Нацыянальная групоўка тут налічвае дзясяткі тысяч спецыяльна падрыхтаваных байцоў. Як вынік, аб'ектыўна Польшча ўзмацняе мілітарызацыю рэгіёна, што ў канчатковым выніку прывядзе да эскалацыі напружанасці на ўсім еўрапейскім кантыненце», — адзначыў Віктар Ватыль.

«Разумеючы ўразлівасць сваёй ваенна-палітычнай пазіцыі, кіруючыя польскія колы ўзмацняюць інфармацыйную апрацоўку вонкавай грамадскай думкі. У яе эпіцэнтры — пошук негатыву, чужасці, варожасці ў вобразе сучаснай Беларусі, з аднаго боку, з другога — спробы пераканаць, што сапраўднасць і самабытнасць яна здабудзе, калі безумоўна прыме выкананне патрабаванняў калектыўнага Захаду. На паток пастаўлена фэйкавая інфармацыя, дзе значнае месца адводзіцца спекуляцыям аб гістарычным мінулым як Беларусі, так і Польшчы. Маніпулятыўны ўплыў ажыццяўляецца па прынцыпе: «мы — лепшыя, вы — горшыя, другога сорту», — заўважыў палітолаг.

Віктар Ватыль таксама дадаў, што Мінск умела супрацьстаіць сілавому і інфармацыйнаму націску польскіх улад. «Пра гэта сказаў Прэзідэнт у сваёй прамове наконт Дня Незалежнасці краіны, а таксама ў адным са сваіх апошніх рашэнняў аб бязвізе для палякаў з 1 ліпеня бягучага года. Гэты крок, на мой погляд, прадугледжвае, у тым ліку на перспектыву, фарміраванне ў польскіх суседзяў, якія наведалі Беларусь, устойлівага пераканання, што рэаліі беларускай рэчаіснасці пазітыўна адрозніваюцца ад адвольна сканструяваных інфармацыйных загатовак і падробак», — адзначыў Віктар Ватыль.

Люстраныя паралелі

У сітуацыі, якая цяпер склалася, відавочныя гістарычныя паралелі, праўда, люстраныя, адзначыў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін. «Для іх страшна тое, што тэхналогіі, якія Захад у свой час выкарыстоўваў супраць Савецкага Саюза і Арганізацыі Варшаўскага дагавора, цяпер працуюць супраць яго. Давайце згадаем 1950—1960-я гады, прыгранічча ФРГ і ГДР. Якую мадэль выбрала ФРГ? Яна актыўна фарміравала для сябе выяву шчаслівага Захаду, а для нас — выяву сацыялістычнага лагера, дзе нічога няма. І гэтая мадэль спрацавала — у іх было ўсё добра, а мы размяшчалі танкі. Цяпер усё наадварот. Яны на нашы граніцы сцягваюць танкі і рыхтуюцца да нейкай агрэсіі, праяўляюць яе, а мы адкрытыя, выступаем за добрасуседства і свабоднае перамяшчэнне грамадзян. Натуральна, палякі, прыязджаючы ў Беларусь, бачаць не агрэсара, а нармальныя цэны, таннае паліва, адкрытых людзей, касцёлы, якія працуюць... Прыязджайце, глядзіце. Гэта разбурае іх інфармацыйна-прапагандысцкую кампанію. Грамадзяне Польшчы вяртаюцца да сябе і пачынаюць трансліраваць у сваіх сем'ях, у сваім асяроддзі, што той парадак, які даносіць польскі ўрад, абсалютна лжывы», — падкрэсліў Аляксей Аўдонін у эфіры «Альфа Радыё». Пры гэтым распаўсюджвання праўды імкнуцца пазбегнуць не толькі ў Варшаве, але і ў Лондане, Вашынгтоне, якія шмат у чым вызначаюць палітыку Польшчы. «Для іх гэта небяспечна. І нічога супрацьпаставіць яны не могуць. Бязвіз для палякаў — гэта фактычна ядзерная бомба ў іх інфармацыйна-прапагандысцкай вайне», — заўважыў аналітык.

Ініцыятыва з увядзеннем бязвізу асабліва актуальная, падкрэсліў у эфіры «Альфа Радыё» генеральны сакратар Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый Шаўцоў. «Мы павінны разумець, што агрэсію ў дачыненні да Беларусі праяўляюць не Польшча, Літва і Латвія ў цэлым, а невялікая колькасць іх палітыкаў. І тое не ўсе. У нас як заставаліся, так і застаюцца добрыя, шчырыя стасункі з жыхарамі гэтых краін. Калі ўзяць прыгранічча, там ужо на працягу многіх пакаленняў усе адзін аднаго ведаюць, таму размежаванне было выключна геаграфічнае, — сказаў Дзмітрый Шаўцоў.

Ён падкрэсліў, што «бязвіз — гэта абсалютна правільнае рашэнне», і прывёў шэраг аргументаў: «Мы павінны разумець, што на тэрыторыі гэтых краін дзейнічае свой інфапарадак, дзе Беларусь часта выстаўляюць не ў найлепшым святле. Цяпер у звычайных грамадзян ёсць магчымасць прыехаць у нашу краіну, каб паглядзець, як мы насамрэч жывём, вывучыць цэны ў беларускіх крамах, пераканацца, што нашы тавары не толькі якасныя, але і ў некалькі разоў таннейшыя, асартымент вялікі. Думаю, гэта станоўча адаб'ецца на іміджы Беларусі, павысіць тавараабарот, а таксама адфармаціруе галовы звычайных грамадзян [Польшчы], якія зразумеюць, што трэба слухаць не толькі адзін бок».

Літва і Латвія на беларускую ініцыятыву ўвесці бязвіз адрэагавалі своеасабліва: улады пачалі заклікаць грамадзян не ездзіць у Беларусь, уводзілі забароны на ўвоз пэўных тавараў. Але гэта не спрацавала. «Як везлі, так і цяпер вязуць тавары, паліва і ўсё на свеце, — заўважыў Дзмітрый Шаўцоў. Ён мяркуе, што палякі будуць прыязджаць не толькі для таго, каб набыць нейкія тавары, якія на іх радзіме каштуюць у разы даражэй. Як паказвае практыка на прыкладзе гасцей з Літвы і Латвіі, суседзі таксама едуць у Беларусь, каб адпачыць, паправіць здароўе ў санаторыях, атрымаць якасную медыцынскую дапамогу. А таксама больш даведацца пра нас з вамі, ды і проста па настрой. Таму што суседзям варта сябраваць — Беларусь гасцінна запрашае.

Пётр ДУНЬКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.