Вы тут

З энергіі агню. Янка Купала для беларусаў — не проста паэт


Нарадзіўся... Нібыта іскрынка з купальскага вогнішча — ачышчальная і гарачая: яна выпальвае лішняе, што абцяжарвае і хіліць долу, а можа і стаць пачаткам вялікага святла, на якое ідуць іншыя. Нарадзіўся аднойчы, але, здаецца, што быў заўсёды, з таго моманту, як на гэтай зямлі ўзнікла жыццё, а людзі сталі марыць пра шчасце, уяўляючы яго нейкім цудам. А цуд здарыўся, але не ўсе тое зразумелі. 140 гадоў таму адбыўся галоўны купальскі цуд Беларусі: прыйшоў чалавек, які ўсё ведаў пра тых, хто ў чароўную ноч шукаў папараць-кветку, каб здабыць лепшае жыццё. Толькі абраныя ведаюць галоўную таямніцу купальскага святла. І ён пазначыў сябе, назваўшыся Купалам. Абраны для беларусаў, якія ад таго ж вогнішча — дробныя іскрынкі, што разляцеліся, каб аддаць сваё цяпло зямлі, на якую ўпалі. Ён свой, таму проста Янка.


Без залішняга гонару, прытым, што шаноўнага роду. Шляхецкае «Іван Дамінікавіч Луцэвіч», дадзенае бацькамі, сціпла схавалася за сімвалічным простым імем. Так, можна падумаць, што на той час, калі ўмацоўваліся рэвалюцыйныя павевы, сам лёс скіроўваў яго на шлях «сялянскага паэта» пад яскравым псеўданімам. Але трэба чытаць Купалу, каб разумець, што тут не ўсё так відавочна: ён адчуваў сябе часцінкай адзінага вогнішча, але менавіта той, якая надоўга затрымлівае запал, ззяе агеньчыкам у цемры і здольная падтрымліваць агонь. І можа быць, гэтае простае імя яго ўратавала ў новым жыцці, якое неўзабаве прыйшло на Бацькаўшчыну і несла людзям спакусу адрачэння — ад роду, ад люду, да якога належаў, ад радзімы. І вось жа цуд: Купалаў агеньчык стаў абярэгам не толькі для самога паэта, да якога новая ўлада пільна прыглядалася, але і для ўсяго таго, дзеля чаго ён прыйшоў на свет і жыў.

Адметнасць нараджэння здаўна была прыкметай асобы, якая прыходзіць не проста так, а мае пэўную місію. Ці служэнне было настолькі важным, што чалавечая свядомасць надзяляла такі шлях незвычайнымі прыкметамі і падзеямі? А калі разабрацца, то на ход гісторыі моцна ўплывалі простыя людзі, але сумленныя і непахісныя ў сваім маральным выбары на карысць святла і чалавека. Напрыклад, на ўвесь свет вядомыя імёны самотніка, які жыў у пустыні, сына простага цесляра, альбо рыбака, ці аднаго ўсходняга гандляра. Але былі і тыя, хто прыходзіў, каб весці гутарку з пэўным народам, альбо «сэрца мільёнаў падслухаць біцця». Здагадваўся Купала ці адчуваў, што так будзе? Ці ўсё ж ведаў: як той, для каго папараць-кветка адкрыла сваё ззянне, спасцігаў спрадвечныя таямніцы, мог знайсці схаваныя скарбы, разумеў мову раслін і жывёл, атрымліваў іншыя незвычайныя якасці, каб лепш даносіць навакольным веды пра сутнасць жыцця. Такіх людзей называюць прарокамі: яны бачаць і разумеюць больш за іншых, яны з'яўляюцца менавіта тады, калі найбольш патрэбныя. Умеюць гаварыць з людзьмі на зразумелай для іх мове. Кажуць праўду, задаюць арыенціры. Яны ведаюць, што было «да», і разумеюць, што можа быць «пасля». А галоўнае — папярэджваюць падзеі, якія могуць стаць фатальнымі і якія немагчыма будзе паправіць, разумеючы, што за гэта прыйдзецца пацярпець. Як сказаў Купала: «Я добрай доляй послан к вам // І знаю, што было, што будзе, // І вас у крыўды не аддам». І калі мы сёння дбаем пра будучыню як нацыя і хочам у яе зазірнуць, то гэта проста: чытаем і адкрываем для сябе Купалу. Адкрываем яго як паэта — у дарослым жыцці, незалежна ад вывучэння яго твораў у школьныя гады. Па-першае, іх значна больш, чым распавядаюць на ўроках. Па-другое, школа толькі прыадкрывае, знаёміць, каб далей чыталі самастойна і лавілі энергію, засяроджаную ў рытме радкоў, прымалі словы як зярняты ісціны. Таму што ў словах Купалы шмат адкрыццяў будзе якраз для дарослага розуму, калі чалавек ужо нясе адказнасць за жыццё — цяперашняе і будучае, і прымае рашэнні, якія ўплываюць на будучыню.

У пачатку ХХ стагоддзя яго і наш з вамі народ перажываў няпросты перыяд, нават лёсавызначальны — быў шанц жыць альбо сысці ў нябыт, растварыцца ў моры народаў, забыць пра сябе, пра свой сакральны ўнутраны агонь і страціць еднасць, якая паступова афармлялася пад агульнай назвай «Беларусь». Патрэбны быў важкі аргумент на карысць быцця — голас на ўвесь свет, які б сказаў ад імя народа: «Я ёсць». Гэта галоўны Купалаў запавет. А ўсё прамоўленае ім можна раскласці на дзесяць запаветаў для беларусаў, якія вельмі суадносяцца з тымі галоўным, што больш за два тысячагоддзі таму залажылі аснову для цывілізацыі праўды і ахвярнасці дзеля людзей. Ахрышчаны Іванам іх памятаў. І дапамог перанесці на жыццё.

1. «Мы ёсць, трэба паверыць у сябе». Сказаў спачатку для саміх беларусаў: каб выходзіць да іншых, трэба сябе зразумець і.ў сябе паверыць. Купала паказаў — наш родны свет прыгожы, у ім шмат сілы, калі ўладкаваць яго гарманічна і з любоўю да чалавека.

2. Каб, азірнуўшыся па баках, не шукаць, дзе лепш, і не рабіць куміраў з іншых ды не спакушацца чужымі словамі. Бо свае ёсць. Мы ж не нямыя, ці не так? Прарок казаў на зразумелай для простага люду мове і ўласнаручна паказаў, якая яна прыгожая ды спеўная — бы прачулая песня, што ідзе з глыбіні сэрца.

3. Здаецца, то сумная песня? Але не наракаем дарэмна, бо маем тое, што нас умацоўвае. А іншае трэба заслужыць, здабыць, выпеставаць. У тым ліку праз словы, бо яны як спрэсаваная энергія. Нездарма ж у Купалы былі перыяды, калі ён не мог напісаць ні радка — энергія трацілася на ўсведамленне непапраўнага, пачварнага, чым з'яўляецца, напрыклад, вайна, якая робіць замах на існаванне чалавека. Назапашаная энергія спараджае дзейсныя словы, здольныя матэрыялізавацца.

4. І гэта цуд, варты стваральніка. Марыў жа Купала пра Беларусь — і вось маем не проста адну з савецкіх рэспублік, як у яго час, а ўжо самастойную краіну. Працуй дзеля яе — і яна аддзякуе за тварэнне. І каб аднойчы можна было спакойна назіраць за яе самастойным жыццём, якому нішто не пагражае.

5. Наша працавітасць — дар ад продкаў, «ад прадзедаў спакон вякоў», якія пакінулі нам, акрамя многіх сваіх здабыткаў, яшчэ і ўменне паклапаціцца пра сябе і сваю будучыню. Яны загартавалі характар, які не дазваляе сядзець склаўшы рукі, альбо апускаць іх у складаных абставінах. Прадзеды былі стваральнікамі. А значыць, аптымістамі.

6. Яны цанілі жыццё, імкнучыся яго зберагчы — часам насуперак альбо дзякуючы... Бываюць часы, калі трэба проста самазахавацца: фізічна, культурна, ментальна. Янка Купала ведаў, наколькі можна быць заціснутым з усіх бакоў, калі жорсткая лінія партыі не дазваляе быць сабой, падмяняе тваю натуру. Ці ты гэта, ці жывы?.. Але выжыў пасля замаху на самога сябе, бо яго сумленне патрэбнае было Радзіме.

7. Ёй трэба было зберагчы сваю прастору і гонар, каб хтосьці мог сніць сны аб Беларусі — чыстай і недатыкальнай. Купалавы сны — прарочыя. Які час будзе доўжыцца гэтае прароцтва, ад кожнага з нас залежыць.

8. Сваё захоўваць — таксама яго запавет. Спадчыну, мову, Бацькаўшчыну. Адмовіцца ад свайго — не значыць украсці чужое, здаецца. Але не было б тое, было б што другое. Вось толькі іншае напаўненне — іншая сутнасць. У Купалы, напрыклад, былі вершы па-польску, але не хацеў друкаваць іх, разумеючы, што сапраўдны ён — усё ж іншы. Дый пажыўшы ў Пецярбургу, павучыўшыся ў Маскве, застаўся са сваім культурным скарбам.

9. Іншых трэба разумець, каб пазбегнуць несправядлівых крыўдаў і няправільных высноў...

10. ...І ставіцца з адкрытай душой, без зайздрасці, прымаючы свой лёс. Бо пішам яго самі. І словамі, і справамі. Нават калі робяць іх ужо іншыя пакаленні — і няхай ім усё ўдаецца лягчэй.

Міфічнае ззянне купальскай кветкі схавана надзейна: адразу не зразумееш, адкуль яно ідзе. А яно ў людзях. Тыя, хто носіць яго ў сабе, могуць пра гэта і не здагадвацца, пакуль не актывавалі «опцыю». Ёсць розныя спосабы актывацыі, акрамя купальскай ды іншых традыцый, якія выдатна працавалі ў пазамінулым і мінулым стагоддзях, а цяпер жыхары Беларусі больш аддаленыя ад іх і не заўсёды разумеюць сэнс. Таму ці не самы даступны спосаб «уваходзін» у беларускасць — праз Янку Купалу, праз словы іншых паэтаў-прарокаў, якія адгукаюцца, калі ў іх учытацца, удумацца, прыняць як частку сябе. І тады загараецца ўнутранае, сапраўды беларускае святло. А бывае так, што прарока няма хіба на Бацькаўшчыне, у доме сваім. Няўжо гэта пра нас? Мы ж усе аднолькава разумеем, пра што быў ягоны галоўны клопат...

Ларыса ЦІМОШЫК


Запаветнае слова

Мы называем Янку Купалу сваім прарокам. А якія з яго запаветаў актуальныя менавіта для вас?

Алесь Бадак, паэт, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура»:

— Яго самы вялікі запавет — у яго ж малітве: «Я буду маліцца і сэрцам, і думамі...» Гэтую малітву я заўсёды нашу ў сэрцы. Але для мяне і купалаўскі верш «А хто там ідзе?» у нейкім сэнсе малітва, і «Спадчына», і «Бацькаўшчына»... Любіць Беларусь, жыць дзеля яе — гэта актуальна ва ўсе эпохі. І адна з невычэрпных крыніц гэтай любові і сёння — менавіта ў творчасці Купалы.

Навум Гальпяровіч, паэт, намеснік дырэктара канала «Культура» Беларускага радыё, Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь:

— «Магутнае слова, ты, роднае слова! Са мной ты на яве і ў сне; душу мне затрэсла пагудкаю новай, ты песень наўчыла мяне». Гэтыя радкі Песняра для мяне заўсёды былі сапраўды прарочымі. Так сталася, што для мяне беларускае слова прыйшло з майго роднага прыгараднага пасёлка пад Полацкам, з першых прачытаных кніг, ад казак бабулі, мамінай маці. Мае далёкія продкі не гаварылі па-беларуску, для мяне мая мова — прачулы і ўсвядомлены выбар, і тут мне дапамог Купала і сваёй паэзіяй, і сваёй велічнай патрыятычнай постаццю.

Я гатовы цалкам падпісацца пад кожным словам класіка пра мову, бо сапраўды стаўшая для мяне родная мова са мной на яве і ў сне, і «песень наўчыла мяне».

Сяргей Гумілеўскі, скульптар, аўтар помніка Я. Купалу і адзін з пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Найлепшы твор выяўленчага мастацтва патрыятычнай тэматыкі» (за скульптурны партрэт Янкі Купалы «Мне сняцца сны аб Беларусі»):

— У кожнага народа ёсць свае сімвалы і свае знакавыя постаці. Для беларусаў Купала — не толькі паэт. Ён і сімвал, і асоба, праз якую дзейнічаў дух народа. І дзякуючы Купале паўстаў вобраз гэтага народа. Гэты вобраз бачыцца нават праз шлях, які прайшоў паэт, праз яго трагічную смерць у атэлі «Масква», ахутаную таямніцамі. Але як паэт ён пакінуў жывое слова — магутнае і прыгожае. А ў ім не толькі ўнутраны свет, мары і спадзяванні самога Купалы, але светаадчуванне беларусаў, іх надзеі. Паэзію Янкі Купалы не зблытаеш з творамі іншых аўтараў, яна адгукаецца ў сэрцы кожнага беларуса.

Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва:

— Ён даў народу адчуванне гонару за сваю мову, за сваю песню, за сваю сумленную працу. Ён сваім праўдзівым голасам запаліў агонь асветы і спрыяў таму, каб народ стаў нацыяй. Ён даў у рукі штандар, які мы з гонарам нясём у нашай незалежнай рэспубліцы Беларусь. «Напасцю, лаянкай напраснай // Грудзей не варта мазаліць! // Не пагасіць вам праўды яснай: // Жыў беларус і будзе жыць!»

Вячаслаў Рагойша, паэт, крытык, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Сярод купалаўскіх прароцтваў для мяне галоўнае — упэўненасць Песняра ў бессмяротнасці роднай Беларусі, у тым, што Беларусь жыць будзе, нягледзячы ні на што. А значыць — будуць жыць беларуская нацыя, мова, культура. Жывуць і будуць вечна жыць у свеце і беларусы!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.