Вы тут

Па дапамогу да губернатара: Калі клопат зямля, вада, дарога


Да старшыні Гомельскага аблвыканкама звярнуліся два ўладальнікі зямельных участкаў у вёсцы Уза Гомельскага раёна. Адзін з заяўнікаў 20 гадоў таму атрымаў участак тады яшчэ ў Давыдаўскім сельсавеце Гомельскага раёна.


— Участак разбілі, на ім усталяваў жалезную арматуру. Зямля была глыбока ў нізіне, трэба было выраўноўваць, падсыпаць. Прызнаю, зацягнуў час. У 2008 годзе вырашыў будавацца. Дакументы на ўчастак былі ўжо ў Бабовіцкім сельсавеце. Бліжэй да лета пачаў заліваць падмурак. І раптам патэлефанавалі будаўнікі, паведамілі, што на ўчастак прыйшлі людзі і сказалі, што гэта іх тэрыторыя, — апісаў хвалюючае зямельнае пытанне заяўнік, які спраўна плаціў падатак за зямельны участак.

У 2008 годзе ў вёсцы іншы ўчастак з аўкцыёну набыла жыхарка Гомельскага раёна. На куплены «надзел» прыязджала з прадстаўніком сельсавета, атрымала дазвол на будаўніцтва. На працягу 13 гадоў будавалася на сваім зямельным участку, а пасля вырашыла перарабіць праект забудоўшчыка.

— Дзеля гэтага спатрэбіўся дазвол у суседзяў, адправілася ў сельсавет, дзе высветлілася, што мы пабудаваліся не на тым участку, — паскардзілася заяўніца. — Але ўвесь гэты час усе бачылі, што ідзе будоўля, ніякіх мер не прымалася.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў агучаных фактах дапаможа разабрацца пракурорская праверка.

Пасля падрыхтоўкі дасканалага абгрунтавання варыянту выхаду можна будзе хадайнічаць перад Кіраўніком дзяржавы аб вырашэнні сітуацыі.

— Да зямслужбы раёна вялікія прэтэнзіі, — зазначыў Іван Крупко.

Па дапамогу ў вырашэнні свайго вострага зямельнага пытання да кіраўніка рэгіёна таксама звярнулася ўладальніца ўчастка ў садаводчым таварыстве Добрушскага раёна. 

— У нашым таварыстве каля 60 участкаў. Палова затоплена. Так, няхай сёлета была такая паводка, але мы ўвесь час у замкнёным коле. Нічога не можам вырасціць, — патлумачыла заяўніца.

Сітуацыя для Добрушчыны не новая. Як растлумачылі, мясцовасць адзначаных дачных участкаў — нізінная, пры гэтым грунтавыя воды — высока. Правесці належныя меліярацыйныя работы не дазваляюць збудаванні на тых жа ўчастках, камунікацыі. Ёсць варыянт — пракапаць канал, каб вясной вада сыходзіла раней. Але гэтыя работы можна выканаць толькі за кошт садовага таварыства. Значна аблегчыць сітуацыю з падтапленнем участкаў, як высветлілася, і калі дачнікі не будуць засмечваць існуючы водаадводны канал. Кіраўнік рэгіёну даў даручэнне адпаведным службам пракантраляваць работу існуючых каналаў, шлюзаў на гэтай тэрыторыі.

Каб вярнуць сабе ваду, ужо другі раз прыйшлося звяртацца да кіраўніцтва рэгіёна жыхарцы вёскі Небытаў, што ў Хойніцкім раёне. Гэты зварот ужо разглядалі ў аблвыканкаме. Была пастаўлена задача сёлета, да 1 чэрвеня аднавіць разабраны вясковы калодзеж. Заяўніца патлумачыла, што на іх вуліцы ёсць і цэнтральныя водныя сеткі. Аднак камунікацыі, пабудаваныя пасля аварыі на ЧАЭС, знасіліся — часта здараюцца паломкі, парывы сеткі. Ёсць прэтэнзіі і да якасці вады.

Як адзначыў Іван Крупко, галоўная задача — даць насельніцтву нармальную крыніцу пітной вады. Вінаватыя ў невыкананні рашэння, будуць прыцягнуты да адказнасці. Па даручэнні губернатара, якасць вады цэнтральнага водазабеспячэння ў населеным пункце праманітораць адпаведныя службы. 

На прыём да кіраўніка рэгіёна з дарожным пытаннем звярнуўся жыхар абласнога цэнтра. 

— Пяты год праводзяць так званы ямачны рамонт, але ён не ратуе. На суседняй вуліцы Ракасоўскага за адзін раз замянілі ўвесь асфальт, і 10 гадоў праблем няма, — паскардзіўся заяўнік на стан дарожнага пакрыцця па вуліцах Цыялкоўскага і Бочкіна.

Як патлумачыў першы намеснік старшыні гарвыканкама Аляксандр Германаў, па вуліцы Цыялкоўскага цяпер выконваецца ямачны рамонт «з наразаннем карт». Работы завершаць да канца наступнага тыдня. Частка вуліцы Бочкіна будзе адрамантавана сёлета, частка — у наступным годзе, бо прадугледжана замена водных камунікацый.

На прыёме кіраўніка рэгіёну былі абмеркаваныя і іншыя пытанні. Па кожным Іван Крупко даў канкрэтныя даручэнні. Звароты ўзяты на кантроль.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

Прыёмная кампанія: хто штурмаваў ВНУ? Рэкорды і антырэкорды

У БДУ 82 % залічаных на першы курс набралі 300 балаў і больш.

Калейдаскоп

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Склад для дачніка. Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму

Парады ад практыкаў, як лепш захаваць ураджай на зіму.