Вы тут

Карэспандэнт «Звязды» паназірала за апошняй падрыхтоўкай да свята ў Александрыі


На месца будучага фестывалю, які запросіць сяброў ужо ў гэтую суботу — 9 ліпеня, ехала разам з супрацоўнікамі Магілёўскага абласнога Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы. А з намі — яшчэ група рабочых, якіх установа спецыяльна запрашае на ўмовах дагавору падраду на перыяд падрыхтоўкі да свята. Сярод іх студэнты і проста тыя, хто вырашыў крыху падзарабіць. Гэта было ў аўторак, а мае спадарожнікі курсіруюць паміж Магілёвам і Александрыяй яшчэ з суботы. Як адзначыў намеснік дырэктара Цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Валерый Сомаў, на іх адказнасці мантаж горада майстроў, амаль два дзясяткі палатак для народных умельцаў з Расіі, мастацкае афармленне сцэны для конкурсу «Уладар вёскі» і шмат іншай работы.


Цікава назіраць, як вымалёўваецца агульны выгляд святочнага міні-гарадка. Для рамеснікаў прадугледжаны сімпатычныя домікі. Гэта будзе выглядаць як маленькая вёсачка, дзе кожны дом (раён) прадэманструе сваю адметнасць. Дрыбін, напрыклад, валёнкі, Слаўгарад — дамашнія сыры.

Наогул уся тэрыторыя разбіта на ўчасткі, і кожны тут уладкоўвае свой кавалачак. Пры гэтым кожны метр на ўліку. Вунь там размесціцца клубная сістэма, далей — падворкі іншых рэгіёнаў, побач — палаткі ад сістэмы адукацыі, збоку — цырк, гандаль, прэс-цэнтр, купальскія сцэны. Пазл за пазлам збіраецца цэлая карцінка. Тэрмін здачы якраз быў учора вечарам, а ў аўторак будучая сталіца Купалля нагадвала адну вялікую будоўлю. Адны манціравалі аб'екты, другія падвозілі неабходныя матэрыялы, трэція ў соты, напэўна, за апошнія два месяцы раз касілі траву. Перыядычна тэрыторыю інспектавала кіраўніцтва ўсіх зацікаўленых службаў. Кожны вельмі адказна ставіцца да свайго фронту работ, усё звяраецца да дробязяў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Магілёўскага аблвыканкама Раман Ражкоў прыехаў, каб яшчэ раз праінспектаваць размяшчэнне будучых гандлёвых аб'ектаў. Працягласць толькі аднаго рада, дзе можна будзе купіць нешта смачнае, складзе больш чым 1,5 кіламетра.

— Зона разлічана на 2800 пасадачных месцаў, — удакладняе ён. — На 600 больш, чым летась. Летась было менш з-за пандэміі. Мы і цяпер яе не скідваем з рахунку. Будзе ўсё неабходнае, каб апрацаваць рукі.

Сёлета акцэнт зроблены на стравы нацыянальнай кухні. Ужо традыцыйна прыедуць прадстаўнікі іншых абласцей са сваімі асаблівасцямі іх прыгатавання, павялічыцца колькасць удзельнікаў ад спажыўкааперацыі, пашырыцца асартымент. Рэгіёнам прапанавана выкарыстоўваць старыя рэцэптуры, якія крыху ўжо прызабыліся. Акрамя традыцыйных квасу і піва будуць звыклыя для беларусаў збіцень, медавуха, травяныя напоі. 120 удзельнікаў арганізуюць работу 135 аб'ектаў гандлю.

«Гэта вельмі шмат, — запэўнівае Раман Ражкоў. — Асобна будуць прадстаўлены рады прадпрымальнікаў і суб'ектаў прыватнай формы ўласнасці, а таксама спажыўкааперацыі. Шашлыкоў, блінцоў, бульбы, дранікаў хопіць на ўсіх. Спецыяльна прывязуць халадзільнікі, каб усяго было з запасам».

Смачна пачаставаць абяцае Віцебская бройлерная фабрыка. Яна адной з першых прывезла ў аўторак некалькі МАЗаў канструкцый, з якіх на месцы збіраліся павільёны. Яе супрацоўнікі заінтрыгавалі тым, што, акрамя ўсялякіх прысмакаў з кураціны, прывязуць яшчэ і шмат вельмі смачных кандытарскіх вырабаў. А з Купалля паедуць адразу ж на другі рэспубліканскі фестываль — «Славянскі базар».

Але галоўная інтрыга — гэта вялікая сцэна, дзе адбудзецца гала-канцэрт — музычнае падарожжа «Ёсць на што паглядзець» з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады. У аўторак велічэзная ферма, якую ўтрымлівалі на месцы аграмадныя біклагі з вадой (кажуць, агульнай вагой звыш 35 тон), напаўнялася рознымі святла-, гука-, відэасуправаджальнымі элементамі і рухаючымі механізмамі. Дасведчаныя людзі пацвердзілі, што і апаратура, і піратэхніка тут на вышэйшым узроўні.

— Сёлета будзе ўсё вельмі крута, — сказаў адзін з аўтарытэтных экспертаў па такіх справах. — Такога яшчэ дакладна не было. Два колы на сцэне, якія круцяцца, святлодыёдная падлога, кругавыя падвесы па святле — я такое бачыў толькі ў «Пінк Флойд». Гук, як заўсёды, будзе на вышыні. А відэа- і светлавой апаратуры столькі, што нават Мадонна пагадзілася б тут выступіць.

Сцэна так блізка ад Дняпра, што ў перапынках паміж выступленнямі можна бегаць астудзіцца. Гук па вадзе распаўсюджваецца далей. Так што пры жаданні пачуць канцэрт змогуць і ў Шклове.

Начальнік упраўлення па рабоце са СМІ і маладзёжнай палітыцы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Магілёўскага аблвыканкама Алена Дзівакова паведаміла, што падзеі на купальскай лугавіне будзе аператыўна асвятляць па ўсіх інфармацыйных каналах, уключаючы сацсеткі, створаны з гэтымі мэтамі медыяцэнтр.

— Ён будзе прадстаўлены двума медыяхолдынгамі — абласным «Магілёўскія ведамасці» і раённым «Шклоў-інфа». Раённы, дарэчы, пакуль адзіны такога кшталту ў вобласці. Акцэнт робіць на маладзёжную тэматыку. Менавіта ў гэтай намінацыі ўстанова атрымала сёлета «Залатую літару». На пляцоўцы медыяцэнтра будзе працаваць каля 20 маладых блогераў, — расказала яна.

Падрыхтоўка выходзіць на завяршальны этап. Прадстаўнікі аргкамітэта адсочваюць кожны момант. Практычна не пакідае ў гэтыя дні купальскую пляцоўку намеснік старшыні Шклоўскага райвыканкама Аляксандр Давыдовіч.

— Аргкамітэт да свята рыхтуецца яшчэ з пачатку года, а вось тэрыторыю ўладкоўваем да прыёму наведвальнікаў з пачатку чэрвеня, — кажа ён. — Трэба было і ваду падвесці, і электрычнасць, пракантраляваць, паскорыць адстаючых, каб спецыяльная камісія паспела кожную палатку праверыць на прадмет бяспекі.

Праграма свята — у шырокім доступе на розных сайтах. Таму пра яе ўсяго некалькі слоў. Адным з асноўных масавых мерапрыемстваў стане выстава-кірмаш «Кола жыцця», якая будзе аформлена ў адпаведнасці са святамі беларускага народнага календара. Яна наглядна прадэманструе нацыянальны характар і рысы беларускага народа — гасціннасць, працавітасць, дружалюбнасць. Дарэчы, кірмаш будзе працаваць з 11 раніцы да апоўначы. Кожны рэгіён пакажа тэматычныя пляцоўкі з творчымі праграмамі-прэзентацыямі. Мінск адлюструе асаблівасці свят зімовага народнага календара, Брэст і Гродна — веснавога, Магілёў — летняга, Гомель і Віцебск — восеньскага.

— На выставе-кірмашы сваю творчасць будзе прадстаўляць больш чым 500 майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларусі, а таксама звыш 80 майстроў з Таджыкістана і 13 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі — Дагестан, Саха (Якуція), Ханты-Мансійская аўтаномная акруга — Югра, Бранская, Курская, Ленінградская, Ніжагародская, Новасібірская, Арэнбургская, Пскоўская, Разанская, Саратаўская, Смаленская вобласці, — паведаміла вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы Крысціна Башарымава. — Госці свята ўбачаць выстаўку работ удзельнікаў абласнога конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Дзіцячая цацка: ад мінулага да сучаснага». Конкурс быў ініцыіраваны і праведзены нашым Цэнтрам, а фінал адбудзецца на «Купаллі» ў Александрыі. Будуць адзначаны найлепшыя ў трох намінацыях — старадаўняя, сучасная і купальская лялькі.

Цырымонія ўрачыстага адкрыцця рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») — «Народная памяць пакаленняў» пачнецца ў 17.00. Чырвонай ніткай праз яе пройдзе ідэя прыхільнасці беларусаў да сваіх традыцый, роду, гістарычнай памяці, адданасці сваёй Радзіме. У адкрыцці возьмуць удзел дэлегацыі ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама фіналісты рэспубліканскага сямейнага праекта «Уладар вёскі», майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва краін-удзельніц. На адкрыцці знойдуць сваё адлюстраванне і юбілейныя даты беларускіх класікаў — 140-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Для падвозу наведвальнікаў будуць традыцыйна прызначаны дадатковыя аўтобусныя рэйсы і цягнікі з Магілёва і Оршы. Тых, хто вырашыць дабірацца на сваім транспарце, запрашаюць скарыстацца аўтастаянкамі ў вёсках Мяжнік Шклоўскага раёна і Копысь — Аршанскага, потым на грамадскім транспарце пад'язджаць бліжэй да купальскай пляцоўкі. Да паслуг наведвальнікаў будуць працаваць камеры хавання і банкамат. Прадугледжана вялікая санітарная зона. У аматараў кемпінгавага жыцця ёсць магчымасць прыпыніцца ў маляўнічым куточку Александрыі непадалёк ад месца падзей.

У ноч з 9 на 10 ліпеня ў Магілёве дадаткова будуць курсіраваць аўтобусы і тралейбусы, якія развязуць па дамах тых, хто будзе вяртацца з Александрыі на чыгуначным транспарце пасля гадзіны ночы.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Шклоўскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».