Вы тут

Сцены і масты


Зло нельга перамагчы злом. Зло можна перамагчы толькі дабрынёй. Я пра палітычныя паводзіны нашай краіны. І нашай Саюзнай дзяржавы. Аднак пакуль мы будуем масты, нашы ментальныя апаненты ўзводзяць сцены. Раней палітыкі нават лексічныя спрынты праводзілі, хто трапнейшую мянушку падбярэ для «крулеўства». І «гіенай Еўропы» называлі, і нават палітычнай кабетай з нізкай сацыяльнай адказнасцю. Чаму? Ну, паводзіны былі такія. На жаль, не толькі «былі».


Што значыць сябраваць з Польшчай і чаго яна дамагаецца? Спачатку ўлады Варшавы выкідвалі «карты паляка», каб потым забраць землі беларусаў. І каб потым ужо ў сапраўдныя карты гуляць на цнатлівую беларускую прыгажосць. Такое ўжо было.
А цяпер ізноў была геапалітычная гульня «ў дурня» з беларусамі. Ну вы ж павяліся на гэтыя картачкі дзеля віз! Я мяркую, што ў кожнага пана пад пярынамі яшчэ ляжаць паперы на землі, што належаць нам. Пры «пэрамэнах» гэтыя паперы хутка ператварыліся б у дакументы. А мы пайшлі б жабраваць і працаваць на паноў.

Ну і як збеглым польскі «рай»? «Жэч Паспаліта» пагардлівая да каланізаваных калісь зямель. У сваіх амбіцыях «ад можа да можа» яна і патоне. І ніякая сцяна не выратуе. Бо гэты гістарычны ўрок не вывучылі. Спачатку разам з нацысцкімі рэжымамі варшаўскія ўлады спрабавалі адгрызці чужыя землі. А потым беларусы, якіх асаднікі мардавалі ў сваіх канцлагерах і якім на ўроках польскай ламалі пальцы за вымаўленне «сена» замест «сяно», вызвалілі Варшаву з лап былых сяброў Пілсудскага, выратавалі палякаў ад крэматорыяў Майданека.

У Беларусі — іншае стаўленне. Да ўсіх аднолькавае: і да палякаў, і да немцаў. Вось жыхары Германіі набываюць у нашых вёсках занядбаныя хаты — і рыхтуюць іх да жыцця. Бо мараць пераехаць у Беларусь. Бо ў Еўропе цяпер мараць жыць, як у Беларусі. Але цяпер, каб трапіць да нас, жыхары Германіі павінны чакаць у чарзе (увага!) тры месяцы. Таму і будуюць сцены. У тым ліку медыйныя. Падмурак для нас даўно знаёмы. Гэта напышлівае стаўленне да беларусаў, рускіх, да тых жа недаеўрасаюзаўскіх украінцаў. Гэта не мая абраза. Гэта такое стаўленне да Кіева ў еўрапейскіх палітыкаў. А цэгла той медыйнай сцяны — фэйкі і мана. Памятаеце, як англійская і амерыканская «свабода слова» намагаліся як мага больш непрывабна падаць інтэрв'ю нашага Прэзідэнта? І як карыстальнікі інтэрнэту адрэагавалі на поўныя версіі. Свет улюбляецца ў беларускую мадэль дзяржавы. Калі звычайны еўрапеец усё ж вырываецца ў Беларусь, то здзіўленню няма канца-краю.

Нас чакае новы міграцыйны паток. Думаючых і адукаваных людзей Старога свету. Тыя, каму замест «новых нармальнасцяў» патрэбна старая добрая сям'я, замест ковіднага гета — працуючыя прадпрыемствы, а замест лічбавага канцлагера з яго постмадэрновымі ўрбаністычнымі пейзажамі — жывая прастора, будуць імкнуцца ў Беларусь. Вось загадзя і будуюць сцены.

Сцяна, якая нібыта джала гадзюкі, упілася ў жывое цела Яе Вялікасці Пушчы, рэліктавага лесу Еўропу. Так, хвалёных узораў еўрапейскага дабрабыту — гіпермаркетаў — процьма, але цяпер з пустымі паліцамі, а такога жывога і велічнага лесу больш нідзе няма. А польскія ўлады яго вынішчаюць. Бізнес, нічога акрамя бізнесу. І ніхто не пікнуў. Чаму? Таму што менавіта там і ёсць сапраўдная карупцыя. Для фірмоўцаў Дуды і Маравецкага, а па сумяшчальніцтве палітыкаў гэтая сцяна стала яшчэ і будоўляй стагоддзя. Дзе Грэта Тумберг? Дзе барацьбіты за птушак? Ці яны толькі працавалі дзеля разведкі беларускай мясцовасці? Дзе закаханыя ў экалогію еўрачыноўнікі? Цішыня. Вось і ўсё, што трэба ведаць аб Еўропе. Куды некаторыя так марылі трапіць.

Польскія палітыкі ніколі не хавалі сваіх намераў. Нават у той час, калі еўрапейскія палітыкі хціва ўсміхаліся, польскія ў Мінск — ні нагой. Ім патрэбныя не добрасуседскія адносіны, ім патрэбная граніца пад Мінскам. Англасаксы нашэптваюць пра еўрапейскае міжрэчча, а Польшча ахвотней за Еву ўплятае тыя яблыкі разладу. Не вельмі і ўгаворваць прыходзіцца. Сама здымае з іклаў палітычнага змея.

Яблыкі і змея я прывёў незнарок. Памятаецца: па пладах, у нашым выпадку — па назве, і пазнаеце іх. Дык вось — змей — «Анаконда» — так інфернальна называецца праект па знішчэнні Расіі. Акружыць, сціснуць і праглынуць. Таму НАТА так ахвотна бласлаўляе канфлікты па перыметры адной шостай часткі сушы. І прычыны тых канфліктаў — справа другарадная. Галоўная мэта — Масква. Беларусаў не атрымалася здушыць. У Варшаве гэта зразумелі, што і далей не атрымаецца. Таму — сцяна. Дарэчы, гэта яшчэ і страхоўка Польшчы ад вайны на яе тэрыторыі. Ведаюць, што калі наступленне пачнецца з яе тэрыторыі — Польшча ізноў ператворыцца у Варшаўскае герцагства. А так не хочацца «разбураць муры» сваіх палацаў і замкаў. Яны гатовыя гэтак рабіць толькі з чужымі.

А цяпер — аб яблычку. Тым, авеяным фэйкамі, — польскім. Так, некалі беларусы атакавалі польскія «бідронкі» і «склепы». Дзеля пакупных тураў душыліся ў міграцыйных кабінетах па візу. Усё, мінуў той час. У нас свае далікатэсы і яблыкі. Ваду трэба піць са свайго калодзежа.

Зло нельга перамагчы злом. Яны будуюць сцены, а мы — масты. Таму нават візы для палякаў адмянілі. Без усякіх «картаў беларуса». Бо мы не сквапныя да земляў іншых дзяржаў. Цяпер і палякі могуць ехаць па дэфіцытнае для іх харчаванне. І насамрэч справа не толькі ў эканамічнай падаплёцы палітычнага рашэння. Справа — у больш важкім, сакральным. У словах гімна: «Мы, беларусы — мірныя людзі». У тым, што мы помнім, але не злуем. У тым, што на спрадвечнае свята — Купалле — Александрыя збірае сяброў.

Міфічная папараць-кветка ўвасабляе і апагей прыроднай сілы, і жыццёвую энергію, і спрадвечную веру ў шчасце. І галоўнае — цвёрдую перакананасць, што ніякія пачвары не перашкодзяць нам знайсці сваю кветку жыцця і гармоніі. Не верыце? Прыязджайце да нас у Беларусь!

Яўген ПУСТАВОЙ

 

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пазбавіцца лішняга. На якіх дыетах рэальна знізіць вагу і пры гэтым аздаравіцца?

Пагаворым пра спосабы прывесці вагу ў норму, губляючы ў сярэднім па 0,5-2 кг у тыдзень.

Грамадства

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

«Падчас работы думаеш пра тое, каб больш сабраць». Буякі заваёўваюць папулярнасць ў Гродзенскім раёне

Яшчэ гадоў 10-15 назад салодкія садовыя буякі можна было лічыць далікатэсам.

Калейдаскоп

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

Схаваныя праваслаўныя жамчужыны Беларусі. Зможаце знайсці іх усе? Тэст

У 2022 годзе адзначаецца 1030-годдзе Полацкай епархіі.