Вы тут

Беларусь і Расія здольныя самастойна праводзіць сваю спартыўную палітыку


Беларуска-расійскае супрацоўніцтва працягвае развівацца ў Гродне. Тут у сераду прайшло пасяджэнне сумеснай калегіі Міністэрства спорту і турызму Беларусі і Міністэрства спорту Расіі. На парадку дня — супрацоўніцтва ў спартыўнай сферы, правядзенне сумесных спаборніцтваў і форумаў, каляндар сумесных турніраў, супрацоўніцтва ў сферы спартыўнай навукі, імпартазамяшчэнне.


Сумесная калегія спартыўных міністэрстваў Беларусі і Расіі праходзіла ў сакавіку 2022 года ў Мінску. Тады бакі дамовіліся сустракацца раз у квартал, каб «зверыць гадзіннікі» і акрэсліць новыя задачы. За перыяд з 1 сакавіка да 5 ліпеня 2022 года спартсмены дзвюх краін узялі ўдзел у 193 спартыўных мерапрыемствах і вучэбна-трэніровачных зборах па 44 відах спорту. На тэрыторыі нашай краіны прайшло 95 мерапрыемстваў, на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі — 98. У некаторых з іх удзельнічалі і спартсмены з іншых краін. Напрыклад, на міжнародныя спаборніцтвы па сучасным пяцібор'і «Кубак імя П. Ляднёва» запрошаны пяціборцы Кітая, Венесуэлы, Казахстана, Балгарыі, Швейцарыі, Венгрыі, Гватэмалы, Карэі, Арменіі, Грузіі, Кіргізіі і Узбекістана.

Адкрываючы пасяджэнне калегіі, міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук падкрэсліў, што правядзенне падобных сумесных мерапрыемстваў стала добрай традыцыяй і іх колькасць пастаянна расце. Паводле яго слоў, працэсы, якія адбываюцца сёння ў сусветным спорце, гэта даказваюць. Міністр заўважыў, што напярэдадні Гродна прымаў ІХ Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Калегія пачала сваю работу 5 ліпеня знаёмствам з горадам і яго славутасцямі. Так спартыўнае мерапрыемства паспрыяла і развіццю турызму.

«Мы самадастатковыя дзяржавы і здольныя самастойна праводзіць сваю спартыўную палітыку. Мы лічым, што спорт знаходзіцца па-за палітыкай. Спорт сёння павінен аб'ядноўваць, а не падзяляць людзей. І тыя рашэнні, якія мы будзем прымаць надалей, павінны служыць міру, дабру, і адносіны мы павінны высвятляць толькі на спартыўных пляцоўках. Адносіны нашых краін павінны паслужыць для астатніх краін прыкладам правільнага супрацоўніцтва», — падкрэсліў Сяргей Кавальчук.

Міністр спорту і турызму адзначыў, што адхіленне беларускіх і расійскіх спартсменаў падтрымалі не ўсе краіны. Ён прывёў як прыклад пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Беларускай федэрацыяй гандбола і Кітайскай гандбольнай асацыяцыяй. Пагадненне дазволіць беларускім і кітайскім гандбалістам удзельнічаць у сумесных спаборніцтвах, праводзіць сумесныя трэніровачныя зборы, семінары і майстар-класы для спецыялістаў, кансультацыі і абмен спартыўнымі дэлегацыямі.

Задача ў нас стаіць адна

Падчас сумеснага пасяджэння калегіі міністры спорту Беларусі і Расіі падпісалі дакумент, які закранае ўзаемадзеянне ў сферы барацьбы з допінгам. Таксама быў падпісаны дакумент, што вызначае план сумесных спартыўных мерапрыемстваў. «Наша ўзаемадзеянне не абмяжоўваецца толькі ўзаемадзеяннем зборных камандаў. Стаіць задача ўтрымаць не толькі спорт вышэйшых дасягненняў, але і масавы спорт. І мы адкрытыя для таго, каб дзяліцца напрацоўкамі. Задача адна, мы Саюзная дзяржава. Мы гатовыя дэманстраваць усім свой падыход і сваю прынцыповую пазіцыю па абароне сапраўдных каштоўнасцяў спорту. Мы ўсе члены вялікай спартыўнай сям'і. У спорце важна падтрымліваць адно аднаго і дапамагаць сябрам. У нашых краін вялікія спартыўныя традыцыі, і мы павінны зрабіць усё, каб маладое пакаленне спартсменаў ведала пра гэты вопыт і разумела, што спорт сёння адказны за стабільнае развіццё грамадства», — падкрэсліў міністр спорту Расіі Алег Матыцын.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў калегіі было і актуальнае пытанне імпартазамяшчэння ў спорце. Уведзеныя санкцыі стварылі пэўныя складанасці ў выкарыстанні спартыўнага інвентару. Але, як адзначылі міністры, крызіс — гэта час магчымасцяў.

Сяргей Кавальчук расказаў, што ў Беларусі ўжо выпускаюць лыжаролеры, снегагенератары і тракі. Увесь спектр лыжнага інвентару пачынае стварацца менавіта на айчынных прадпрыемствах. Па словах міністра, у найбліжэйшай перспектыве для дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ ужо ёсць свае лыжы. У Расіі ёсць вопыт па стварэнні вінтовак і прыпасаў для стралковага спорту, што актуальна для беларускага боку.

Алег Матыцын таксама звярнуў увагу, што ў сферы імпартазамяшчэння варта выпрацаваць стратэгію супрацоўніцтва на доўгатэрміновую перспектыву, вызначыць для вытворцаў некаторыя тэхнічныя заданні для вытворчасці інвентару, абсталявання, тэхнікі. Ён заўважыў, што прэзідэнт Федэрацыі лыжных гонак Расіі Алена Вяльбэ падчас свайго візіту ў Мінск высока ацаніла лыжны інвентар беларускай вытворчасці.

На сумесных спартыўных мерапрыемствах беларускі і расійскі бакі спыняцца не плануюць. Як адзначыў міністр спорту Расіі, ад міжнароднай супольнасці ніхто не засланяецца: «Мы гатовыя ўзаемадзейнічаць з краінамі, якія падтрымліваюць нашу пазіцыю аб недапушчальнасці палітызацыі спорту і дыскрымінацыі спартсменаў. Гэта краіны БРІКС, краіны Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва, СНД. Вопыт у нас ёсць».

Сяргей Кавальчук нагадаў, што ў 2023 годзе Беларусь прыме ІІ Гульні краін СНД. Фармат гэтага форуму выбраны незвычайны — спаборніцтвы пройдуць ва ўсіх рэгіёнах краіны. Як падкрэсліў міністр спорту, гэта пакажа гасцям усю прыгажосць Беларусі і раскрые яе спартыўны патэнцыял. Гульні прымуць гарады, знакамітыя сваім спартыўным жыццём: Орша, Жлобін, Брэст, Мінск, Гродна, Магілёў і іншыя.

Традыцыя праводзіць сумесныя калегіі міністэрстваў спорту Беларусі і Расіі будзе працягвацца.

Валерыя СЦЯЦКО

г. Гродна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?