Вы тут

Таццяна Дземідовіч: Натхненне напаўняе мяне любоўю да жыцця


Для старшыні Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяны ДЗЕМІДОВІЧ, як і для яе знакамітай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц, усё пачынаецца з любові. Менавіта любоў напаўняе цяплом краявіды роднай Брэстчыны, натхняе на працу з таленавітымі людзьмі, якіх хочацца падтрымаць; жывіць уласную творчасць. Пра будні пісьменніцкай арганізацыі, імпэт да пакарэння літаратурных вяршынь і сямейную гармонію фізіка і лірыка гутарым з таленавітай аўтаркай вершаў і прозы.


«Адчуваю сябе на сваім месцы»

— У снежні 2016 года Вас, маладую пісьменніцу, абралі старшынёй Брэсцкага аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Прайшоў час, ці задаволены такім паваротам лёсу?

— Сталыя літаратары з творчымі дасягненнямі паверылі ў мяне. Напачатку хвалявалася, ці ўсё атрымаецца. Абапіралася на традыцыі, набыткі Брэсцкага абласнога аддзялення, прыслухоўвалася (і цяпер прыслухоўваюся) да парад шаноўных калег. Адчуваю, што знаходжуся на сваім месцы. Ёсць вялікае жаданне працаваць, з’явілася шмат ідэй. Пісьменнікі нашай суполкі для мяне як адна вялікая сям’я. Мы несупынна рухаемся наперад, робім шмат цікавага для развіцця літаратуры на Брэстчыне.

— Шмат хлопцаў і дзяўчат спрабуюць сябе ў красным пісьменстве, часам нават выдаюць першыя кніжкі. Але на нейкім этапе жыцця сыходзяць з дыстанцыі. Як вы лічыце, чаму? 

— Сапраўды, у маладыя гады да творчасці цягнуцца многія, прычым хлопцы больш актыўныя. А вось у сярэднім узросце для большасці людзей прыярытэтамі становяцца асноўная праца, выхаванне дзяцей, дапамога бацькам. Многія знаходзяць літаратурныя клубы па інтарэсах на прасторах інтэрнэту. 

У 2006 годзе з мэтай падтрымкі таленавітай моладзі я стварыла пры Доме культуры Брэста аб’яднанне «Літара». Мы абмяркоўвалі творчыя пытанні, ладзілі вечарыны, выпускалі кнігі. Сярод тых, хто наведваў наш клуб, не ўсе працягнулі пісаць, але заўважаныя ў літаратуры імёны ёсць. Хтосьці пайшоў па іншых творчых сцяжынах. 

Сёння клуб узначальвае настаўніца на пенсіі Лідзія Касачук, і наведваюць яго ў асноўным людзі сталага ўзросту. У пенсіянераў шмат вольнага часу, яны стараюцца рэалізаваць свае даўнейшыя мары, і гэта цудоўна. 

— А што ладзіцца для моладзі?

— Для тых, хто толькі пачынае свой шлях у літаратуру, Брэсцкае абласное аддзяленне СПБ штогод праводзіць шмат розных конкурсаў: «Мы рождены для вдохновенья», «Духоўная веліч», «Конкурс маладых крытыкаў». Дзейнічае Школа маладога літаратара. Працуюць з моладдзю літаратурныя клубы ў Брэсце і раённых цэнтрах, творчае жыццё не згасае ў Лунінцы, Пінску, Століне, Баранавічах, Кобрыне. Імкнёмся стварыць умовы, каб ніводны талент не згубіўся, не прапаў. Для мяне вельмі важна падтрымліваць тых, хто адчувае прагу да творчасці.

— Што плануе пісьменніцкая суполка да Года гістарычнай памяці? 

— Сёлетні выпуск альманаха «Берасцейская скарбніца» будзе мець асобны раздзел, прысвечаны тэме гістарычнай памяці. Мы абвясцілі конкурс «Лісты на фронт», рыхтуем маштабны творчы конкурс «Слёзы сясцёр Хатыні», круглы стол, прысвечаны тэме генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны. Адбыўся конкурс чытальнікаў «Зорны спеў», нядаўна прэзентавалі выставу «Дзеці вайны — пісьменнікі Брэстчыны». Запланаваны літаратурна-гістарычныя экспедыцыі. Пісьменнікі наведваюць школы, бібліятэкі, вайсковыя часці, распавядаюць пра выпрабаванні, якія давялося зведаць беларускаму народу.

— На Брэстчыне выходзяць зборнікі, анталогіі, альманахі. Ці дапамагае ўсё гэта пашырыць прастору ўжывання беларускага слова? 

— Асноўнае наша выданне — альманах «Берасцейская скарбніца» выходзіць штогод. Маем унікальны праект «Астрамечаўскі рукапіс» — гэта краязнаўчы, літаратуразнаўчы альманах, рэдактарам і ўкладальнікам якога з’яўляецца пісьменнік, журналіст Аляксандр Валковіч. У альманаху ёсць спецыяльны раздзел, дзе друкуюцца творы маладых. 

Да мясцовых выданняў часта звяртаюцца ўдзельнікі конкурсаў юных чытальнікаў, настаўнікі. У кнігах можна знайсці тэматычныя вершы, прысвечаныя дзяржаўным святам, гістарычным падзеям, родным мясцінам. Вядома, усе гэтыя праекты спрыяюць папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры. Дарэчы, у Брэсцкім абласным аддзяленні большасць пісьменнікаў — беларускамоўныя.

«Калі ты на вяршыні, марыш пакарыць іншыя» 

— Якой была Ваша першая публікацыя? Як ставіцеся да яе цяпер?

— Першая мая нізка кароткай прозы была апублікавана ў рэспубліканскім маладзёжным часопісе «Першацвет». Памятаю сваю радасць з гэтай нагоды. Тыя тэксты былі поўныя акрыленасці, узгадваю пра іх з любоўю. 

— Сярод вашых узнагарод — другое месца ў рэспубліканскім конкурсе «Слово.DOC», першае — у конкурсе «Маладая Беларусь» у намінацыі «Дзіцячая літаратура». Пералік творчых перамог можна працягваць. Што дае пісьменніку ўдзел у конкурсах? 

— Перамогі ў конкурсах ад Саюза пісьменнікаў Беларусі даюць магчымасць паўдзельнічаць у літаратурных форумах і майстар-класах, а для маладога аўтара гэта самая вялікая ўзнагарода. Добрая адзнака старэйшых калег надае ўпэўненасці, матывуе пісаць. Сёння Брэсцкае аддзяленне праводзіць шэраг конкурсаў, у якіх я з’яўляюся арганізатарам, старшынёй журы. І вельмі прыемна назіраць радасць пераможцаў! 

— Што для Вас важней — натхненне або руплівая шліфоўка тэксту?

— Пастаўлю на першае месца натхненне, бо яно напаўняе мяне энергіяй, любоўю да жыцця. Натхненне ўзнімае на вяршыню. А калі ты на вяршыні, марыш пакарыць іншыя. Калі натхненне прыходзіць, гэта вялікая асалода. Тым не менш доўга не адпускаю тэксты ў самастойнае жыццё — папраўляю, рупліва рэдагую. 

— Якія эмоцыі з’яўляюцца, калі кніга ўжо выйшла? 

— У 2017 годзе пабачыў свет мой зборнік апавяданняў, напісаных на працягу дзесяці гадоў — «Саламяны дом». У гэтых тэкстах сканцэнтраваны думкі, пачуцці, перажыванні маладой жанчыны. Я пачула шмат станоўчых водгукаў, у тым ліку ад сяброў у сеціве. Канешне, гэта было прыемна. 

— Ці згодны Вы са сваёй знакамітай зямлячкай Яўгеніяй Янішчыц — «Пачынаецца ўсё з любві»? Або маеце сваю версію пачатку пачаткаў? 

— Я згодна з паэтэсай, усё сапраўды пачынаецца з любові — да Радзімы, людзей, наваколля. А любоў абуджае натхненне. Творца дапамагае сваім чытачам паверыць у пераможную сілу любові. 

— Алена Васілевіч казала, што яна не класічная пісьменніца, бо жыла не «ў аблоках», а жыццём звычайнай беларускай жанчыны: «Найперш я жанчына, чым пісьменніца». А кім Вы бачыце сябе ў першую чаргу?

— Найперш я маці, якая лічыць, што дзіця павінна адчуваць моц абдымкаў і пастаянную падтрымку. Я захапляюся інтарэсамі сваіх дзяцей. Сын Раман быў у школьныя гады пераможцам рэспубліканскіх алімпіяд па інфарматыцы, удзельнікам навуковых канферэнцый. Зараз ён студэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (БДУ). Дачка Мілана вучыцца ў дзявятым класе, займаецца вакалам, грае на цымбалах, фартэпіяна. Мае дзеці мяне натхняюць, я ўдзячная ім за шчасце, якое яны дораць мне. Яны мае памочнікі ва ўсім, і я раблю для іх усё, што ў маіх сілах. 

— Ці ёсць адчуванне, што літаратурнае жыццё віруе ў асноўным у сталіцы?

— Пісьменнікі Брэсцкага абласнога аддзялення штогод удзельнічаюць у Днях беларускага пісьменства, выступаюць на Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы ў Мінску. У нас хапае і мясцовых цікавых мерапрыемстваў, сустрэч, кантактаў, у тым ліку міжнародных. А са з’яўленнем інтэрнэту мы ўвогуле перасталі адчуваць сваю адарванасць ад літаратурнага працэсу. Адзінае пажаданне — каб нашых пісьменнікаў часцей друкавалі ў сталічных выданнях. 

— Ці мае для сучаснага літаратара значэнне маркетынг, пашырэнне сваёй прысутнасці ў інтэрнэт-прасторы? Ці варта губляць час на сацсеткі?

— Не кожны таленавіты пісьменнік адначасова добры маркетолаг, здольны прасоўваць сваю кнігу. На жаль, сёння такі час, што ў інфармацыйным патоку нават добрая кніга можа згубіцца. Таму важна не толькі напісаць твор, але і ўпэўніць у яго значнасці выдаўца, чытача. У сацсетках можна пазнаёміцца з цікавымі людзьмі, інтэрнэт-сябры могуць падказаць шляхі да поспеху, зрабіць заўвагі, падтрымаць парадай. Калі ёсць час на такія стасункі, чаму б і не? Але трэба быць асцярожным і абачлівым, бо ў сеціве ёсць і махляры, якія могуць прапаноўваць нейкія сумніўныя паслугі за грошы. 
Героя кнігі прыдумала разам з сынам 

— Аповеды пра Рамана Рамашкіна друкаваліся ў зборніках выдавецтва «АСТ», а нядаўна выйшлі асобнай кнігай у «Народнай асвеце». Адкуль з’явіўся Рамашкін? Ці ёсць у яго прататып? 

— Апавяданні пра Рому Рамашкіна я пачала пісаць, калі сын пайшоў у школу. Рамашкіна мы прыдумалі з ім разам. Гэта вобраз сябра, якога ён хацеў бы на той момант мець побач. Аповеды друкаваліся ў многіх дзіцячых часопісах Расіі і сталі вельмі папулярнымі ў сеціве. Яны часта выконваюцца юнымі чытальнікамі на розных конкурсах, напрыклад «Жывая класіка». Я вельмі рада, што Рамашкін стаў добрым сябрам не толькі майму сыну, але і многім дзецям. Вялікі дзякуй выдавецтву «Народная асвета» за выданне кнігі. 

— Вы пішаце прозу для дарослых і для дзяцей... У якіх яшчэ жанрах працуеце? 

— Пішу гумарыстычныя творы. Апошнім часам пачала пісаць вершы на беларускай мове. Перакладала вершы з польскай на беларускую. Галоўны мой жанр — кароткія празаічныя абразкі. На маю думку, чалавек сёння знаходзіцца ў інфармацыйным акіяне, часам не мае магчымасці і жадання чытаць доўгія тэксты. Таму найбольш запатрабаваныя кароткія тэксты з нечаканым сюжэтам, канцэнтраванай думкай. 

«Пасля далёкіх вандровак яшчэ больш захапляюся Радзімай» 

— Чым любіце займацца ў вольны час?

— Люблю вандроўкі, яны дораць новыя ўражанні. Раней мы з сям’ёй часта падарожнічалі на машыне. Бывалі ў Харватыі, Чарнагорыі, Балгарыі. Пасля далёкіх вандровак яшчэ больш захапляюся Радзімай, роднай прыродай. Шмат падарожнічаем па Беларусі. 

— Што для Вас сям’я — моцны тыл, другая за дзень праца альбо...? 

— Гэта моцны тыл і падтрымка, якую адчувае кожны член сям’і. Вядома, гэта і праца, бо бытавыя справы павінны быць выкананы, хоць хатнюю працу не дужа люблю. Муж Віктар займаецца прадпрымальніцтвам. Тым не менш знаходзіць час, каб развезці кнігі па бібліятэках, адвезці наш пісьменніцкі «дэсант» на месца сустрэчы з чытачамі. Муж чалавек практычны, фізік па адукацыі, я — філолаг. Мы розныя, але ў нас вельмі гарманічны саюз. Стараемся ўсё рабіць разам. 

— Калі адчуваеце, што блізкія да выгарання, як гарманізуеце сябе? 

— Люблю праводзіць час за горадам, прырода найлепшым чынам гарманізуе ўнутраны стан. З сям’ёй часта вандруем па гістарычных славутасцях Брэстчыны, па Белавежскай пушчы. 

— Якой будзе наступная кніга? 

— Падрыхтаваны зборнік кароткай прозы. Ёсць гатовыя да выдання гумарыстычныя творы, аповесці і апавяданні для дзяцей, падлеткаў. Засталося знайсці свайго выдаўца.

Алена БРАВА

Фота з асабістага архіва Таццяны Дземідовіч

Друкуецца ў часопісе «Алеся»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.