Вы тут

Дурні і дарога. З гісторыі стасункаў заяўнікаў і выканальнікаў


Адразу хачу папярэдзіць: першым словам у загалоўку нікога абразіць не маю мэты, тут хутчэй мае месца з'едлівая самаіронія. Калі хтосьці з чытачоў з той жа самаіроніяй прыме гэта на свой рахунак — што ж, тут я не здзіўлюся, бо выпадак, пра які хачу напісаць, калі не тыповы, дык дакладна не адзінкавы. Зрэшты, аб усім па парадку.


Дарога, якая злучае нашу вёску з суседняй, — гісторыя асобная. Асфальт на ёй паклалі яшчэ на змярканні Саюза, на пачатку 90-х. Праўда, паклалі даволі арыгінальна — на палову адлегласці (якая, заўважу, ўсяго нейкія два-два з паловай кіламетры). Пасярэдзіне, ля возера, якраз праходзіла мяжа паміж сельсаветамі і калгасамі. Дык вось на тэрыторыі калгаса «Мір» — ад суседняй вёскі да возера, асфальт паклалі, а на тэрыторыі саўгаса «Камсамолец» — ад возера да нашай так і засталася разбітая гравійка. Так што вясной або восенню, ідучы ў школу, на аўтобус да сталіцы ці райцэнтра або палячыць зубы (суседняя вёска вялікая, у ёй усе гэтыя выгоды ёсць і сёння), палову шляху трэба было ісці ў гумовых ботах, а на другую палову можна было і туфлі абуваць. Мае аднавяскоўцы, якіх на той час было яшчэ шмат, гэткую несправядлівасць цярпець не сталі, пісалі калектыўныя пісьмы ў розныя ўстановы. Але час тады быў такі, што да нейкай там дарогі і справы нікому не было...

У канцы 90-х свята здарылася і на нашай частцы дарогі — асфальт паклалі-такі. Але ад пачатку ён быў не вельмі ўдалы: мо тэхналогію парушылі, мо частку якіх матэрыялаў сперлі. Вельмі хутка на ім з'явіліся не тое што ямы — ямішчы, па якіх і на веласіпедзе складана было выкруціць, не кажучы пра машыну. Людзі зноў пачалі пісаць, і гэтым разам нейкі толк ужо быў. Дарогу падрамантавалі, але нейкім надзвычай дзіўным спосабам. Налілі ў ямы бітуму, насыпалі наверх шчэбеню. Тое самае зрабілі і на роўнай паверхні, пэўна, для прыгажосці. Хадзіць у абутку на тонкай падэшве па гэтай, мякка кажучы, шурпатай паверхні было балюча і непрыемна. А колькі кавалачкаў таго шчэбеню павылятала з-пад калёсаў ды пабіла людзям шыбы ў машынах. Але скардзіцца тут не было як: цвёрдае пакрыццё на дарозе ёсць? Ёсць. Ям няма? Няма. Якія тады прэтэнзіі?

Прэтэнзіі ў тых, хто па гэтай дарозе ездзіць (а ездзіць улетку вельмі шмат людзей — і ў вёску на лецішча, і на возера рыбу павудзіць ды пакупацца, і аўтобус з райцэнтра некалькі разоў на тыдзень паміж вёскамі ходзіць) з'явіліся гадоў мо пяць назад, калі на шурпатым асфальце ямы павыбіваліся зноў. Колькі падвесак на іх паляцела — невядома, але дакладна можна сказаць, што, каб вылавіраваць паміж імі ў некаторых месцах, трэба быць кіроўцам- эквілібрыстам. Калі нарэшце дарогу прыехалі рамантаваць, усе ўзрадаваліся. Але... новы асфальт паклалі зноў ад суседняй вёскі да возера. Не ведаю, якая там сімвалічная мяжа ў дарожнікаў праведзена сёння, бо і сельсаветы ўжо аб'яднаныя, і сельгаспрадпрыемства, здаецца, адно.

Сёлета, калі чарговы раз машыну падкінула на адной з ям так, што ледзь не вылецелі ў прыдарожныя хмызы, мы ўспомнілі, што можна напісаць аб праблеме ў адмысловую службу 115.бел. Выбралі на сайце свой раён, зарэгістраваліся, пакінулі заяўку, дадаўшы яшчэ вельмі красамоўныя фота. Праз дзень пазваніў нейкі спецыяліст з вобласці, папрасіў заяўку перааформіць: маўляў, у нашай вёскі ёсць «цёзка» ў іншым раёне і памылкова заказ адправілі не туды... Што ж, калі ласка. Гэтым разам заяўку прынялі і нават тэрмін выканання на ёй пазначылі — адзінаццаць дзён...

Мінула ўжо два разы па адзінаццаць. На сайце заяўка значыцца як «пратэрмінаваная», ямы, як вы ўжо здагадаліся на месцы, цяпер пасля ліўняў яшчэ і з вадой. Праўда, дарожнікі да нас заязджалі. І не тое што зусім нічога не зрабілі — правялі па шурпатым асфальце, па ямах і выбоінах бялюткую суцэльную лінію разметкі. Праўда, «суцэльную» — гэта я пагарачылася. Там, дзе ямы былі якраз па цэнтры і глыбокія, лінію не малявалі, пэўна, фарбы пашкадавалі...

Можа, гэта проста былі іншыя дарожнікі, якія паводле плана выконвалі тое, што павінны? І проста так супала, што прыехалі яны са сваёй разметкай якраз тады, калі мы прасілі рамонту? Але ж, пагадзіцеся, выглядае ўсё як выкшталцоны здзек. А людзі (і каб жа першы раз) адчуваюць сябе... правільна — дурнямі. Вось што я мела на ўвазе, калі пісала загаловак.

Дарэчы, гэта не адзінкавы выпадак, калі ў зносінах са службамі рознага кшталту адчуваеш сябе ці то дурнем, ці то аб'ектам для пацехі. Вось у той жа вёсцы вырашылі падключыць інтэрнэт да дамашняга тэлефона. Пазванілі па кароткім нумары, аформілі заяўку. Назаўтра пазванілі ўжо з раённага аддзялення: «Што ў вас, тэлефон не працуе?». Пачуўшы, што заяўка была зусім не пра тое, папрасілі прабачэння. А праз нейкі час перазванілі і паведамілі, што «ў чацвер прыедзе тэсціроўшчык лініі» (у які менавіта чацвер, праўда, не ўдакладнілі, таму, атрымліваецца, і прэтэнзій асабліва не прад'явіш)...

Учора мінуў ужо трэці чацвер. Тэсціроўшчык так і не прыехаў. Пэўна, чакае, пакуль дарогу падрамантуюць...

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.