Вы тут

Заззяе мільёнамі агнёў: Віцебск рыхтуецца да «Славянскага базару»


Святочная атмасфера ў горадзе над Дзвіной мацнее з кожным днём. Да аднаго з галоўных культурных свят краіны ў бесперапынным тэмпе рыхтуюцца арганізатары і ўдзельнікі, а госці з 73 краін свету, для якіх квіток з валошкай стаў візай, нецярпліва чакаюць свае цягнікі і самалёты. Мы даведаліся, як фестывальная сталіца рыхтуецца да «Славянскага базару».


На галоўнай пляцоўцы «Славянскага базару ў Віцебску» манціруюць абсталяванне.

Добраўпарадкаванне горада мясцовыя ўлады пачалі яшчэ вясной. Набыў новае аблічча Кіраўскі мост над Дзвіной, які злучае цэнтральныя фестывальныя вуліцы Кірава і Замкавую. Актыўна вядзецца рэканструкцыя яшчэ аднаго моста каля канцэртнай залы «Віцебск». Тут, дарэчы, будуюць пляцоўку для канцэртаў у новым фармаце open-aіr. На шматлікіх вулачках заменена дарожнае палатно пасля вясновай непагадзі, а на прыдамовых тэрыторыях наводзяць прыгажосць гаспадары. Атэлі павышаюць узровень камфорту для адпачынку гасцей.

Больш за 50 яркіх фотазон дапаможа захаваць фестывальныя эмоцыі на памяць. Асаблівая ўвага аддаецца кветкаваму афармленню: горад ужо іскрыць мільёнамі пярэстых раслін. У Дзень нараджэння горада каля Летняга амфітэатра ўрачыста адкрылася новая скульптура «Кветачніца» — жанчына, якая прадае духмяныя букецікі. Гэты аб'ект сімвалічна адлюстраваў усіх жанчын, якія падчас «Славянскага базару» прадаюць кампазіцыі з рамонкаў і лілей, а часцей — валошак, і стаў новай гарадской славутасцю.

Да Міжнароднага фестывалю мастацтваў у Віцебску з'явяцца два прыпынкі грамадскага транспарту ў выглядзе нумароў службаў выратавання «101» і «112» — гэта ініцыятыва МНС — яшчэ адзін пункт на карце гарадскіх аб'ектаў, абавязковых для наведвання і фатаграфавання. Захапляльную акцыю «За бяспеку — разам!» правядзе міліцыя ў выглядзе інтэрактыўнага маршруту з каштоўнымі прызамі. Сачыць за парадкам падчас правядзення форуму праваахоўнікі будуць у нязвыклых вобразах: на гарадскіх вуліцах з'явяцца конныя патрулі і міліцыянеры на рэтрааўтамабілях. Спецыяльна да валошкавага свята Беларуская чыгунка пусціць цягнік міжнародных ліній № 239/240 Віцебск—Масква—Віцебск. Ён будзе адпраўляцца з 12 да 16 ліпеня з Віцебска, а з 13 да 17-га — з Масквы.

Намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка ацаніў гатоўнасць сцэнічных пляцовак, а таксама ўсіх гарадскіх і праваахоўных службаў, якія будуць задзейнічаны на фестывалі.

Гэтымі днямі пачынаюць работу адкрытыя вулічныя кафэ, якія прапануюць стравы нацыянальнай беларускай кухні і адмысловыя фестывальныя сэты. Усяго падчас «славянкі» будзе працаваць каля 80 аб'ектаў нестацыянарнага гандлю і грамадскага харчавання. Па слаўнай традыцыі, на плошчы каля Летняга амфітэатра будуць цешыць гасцей смакатой падворкі Віцебшчыны.

«Славянскі базар» дае Віцебску і ўсяму паўночнаму рэгіёну ўнікальную магчымасць штогод развівацца і ўдасканальвацца. У гасцей форуму мае застацца меркаванне аб Віцебску як аб сучасным і камфортным месцы, а разам з тым такое ўражанне паспрыяе фарміраванню станоўчага іміджу Беларусі — гасціннай, дружалюбна настроенай і адкрытай краіны. У нашых сілах зрабіць усё, каб любы госць, які ўпершыню наведаў фестываль, зноў захацеў сюды прыехаць», — адзначыў намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка на пасяджэнні рэспубліканскага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні XXXІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску».

Ужо на наступным тыдні культурная сталіца заззяе мільёнамі агнёў начной ілюмінацыі і напоўніцца гукамі музыкі. Што цікавага пакажуць на фестывалі, чытайце ў наступных выпусках «ПаБАЗАРым».

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».