Вы тут

Прадпрыемствы Гомельскай вобласці маюць намер развіваць кааперацыйныя сувязі з Казахстанам


Прадпрыемствы Гомельскай вобласці маюць самыя сур’ёзныя намеры па развіцці кааперацыйных сувязей з Казахстанам. Аб гэтым ішла размова сёння на сустрэчы старшыні Гомельскага аблвыканкама Івана Крупко з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Казахстана ў Беларусі Аскарам Бейсенбаевым, перадае БелТА.


«У нашым супрацоўніцтве мы бачым, што Казахстан захоўвае сваю нацыянальную самабытнасць, унікальныя шматвяковыя традыцыі, дэманструе ўражальныя тэмпы сацыяльна-эканамічнага росту, навукова-тэхнічнага і гуманітарнага развіцця», — прывітаў дэлегацыю Іван Крупко.

Паводле слоў губернатара, супрацоўніцтва з Казахстанам — у ліку прыярытэтных напрамкаў развіцця знешнеэканамічных сувязей паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі.

«Прадпрыемствы Гомельскай вобласці маюць самыя сур’ёзныя намеры па развіцці кааперацыйных сувязей з прадпрыемствамі Расійскай Федэрацыі, з Казахстанам па імпартазамяшчэнні, у магчымасцях лагістыкі, па супрацоўніцтве на ўзаемавыгадных адносінах з іншымі краінамі, якія разумеюць, што добрасуседства, развіццё эканамічных сувязей і паважанне адзін аднаго — гэта сёння прыярытэт», — сказаў старшыня аблвыканкама.

На сустрэчы гасцям расказалі аб прамысловым патэнцыяле рэгіёна, яго сацыяльна-эканамічным развіцці, аб новых праектах у АПК, у сферы харчовай бяспекі. «Мы спадзяёмся на развіццё супрацоўніцтва і на тое, што ў гэты няпросты час будзем падтрымліваць адзін аднаго», — адзначыў кіраўнік рэгіёна.

На думку пасла, Гомельская вобласць займае асаблівае месца ў Беларусі. «Велізарны прамысловы патэнцыял, развіваюцца розныя напрамкі, у тым ліку экспартна арыентаваныя вытворчасці», — аргументаваў Аскар Бейсенбаеў.

У рэгіёне ён наведаў шэраг прадпрыемстваў, у тым ліку БМЗ, ААТ «Мілкавіта». Дыпламат адзначыў асаблівы настрой калектываў. «Калектывы працуюць на перспектыву, на далейшае развіццё, шукаюць новыя магчымасці. Гэта адказныя, самаахвярныя, разумныя людзі», — падзяліўся назіраннямі ён. Паводле яго слоў, гэта і ёсць базіс, на якім грунтуецца далейшае паспяховае развіццё краіны.

«На БМЗ вырабляюць добрую прадукцыю, у тым ліку інавацыйную, якая сёння запатрабавана. Прадукцыя „Мілкавіты“ адпавядае ўсім сучасным патрабаванням сусветнага ўзроўню. Узаемаадносіны з іншымі краінамі, у тым ліку з Казахстанам, будуюцца на вельмі высокім узроўні. Прадукцыя, якую выпускаюць гэтыя прадпрыемствы, у Казахстане запатрабавана, — звярнуў увагу пасол. — Мы зацікаўлены, каб не проста павялічваць тавараабарот, але і каб у нас з’явіліся сумесныя прамысловыя прадпрыемствы. У гэтым напрамку ідзе работа».

Добрым прыкладам дыпламат назваў сумесную вытворчасць ААТ «Гомсельмаш» і АТ «АграмашХолдынг KZ», што працуе з 2007 года ў Казахстане. «Сёння гэта не проста зборачны цэх, а самая сапраўдная вытворчасць», — даў ацэнку Аскар Бейсенбаеў. У аблвыканкаме ўдакладнілі, што за час супрацоўніцтва на рынак Казахстана пастаўлена прадукцыі завода больш як на $320 млн, рэалізавана ўвогуле звыш 3,7 тыс. адзінак тэхнікі сумеснай вытворчасці.

«Беларускія тавары — малочная прадукцыя, каўбасныя вырабы, мэбля і іншыя — у Казахстане шырока прадстаўлены. Беларускае сёння як брэнд, беларускае — значыць якаснае. У Казахстане вельмі любяць беларускую прадукцыю. Гэтак жа, як і казахстанская прадукцыя знаходзіць шлях да сэрца беларускіх спажыўцоў — і па якасці, і па цане», — дадаў пасол.

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?