Вы тут

Нерухомасць і грошы. Як падрыхтаваць кватэру, каб выгадна яе прадаць


Вось вы і вырашылі развітацца са сваёй кватэрай? Так, гэты дзень настаў. Хочацца прадаць яе за адэкватную цану і не выдаткаваць на гэта свае нервы і час? Мы склалі своеасаблівую інструкцыю, у якой некалькі простых дзеянняў дапамогуць падрыхтаваць кватэру і зрабіць патрэбнае ўражанне на пакупнікоў.


Фота: pixabay.com

Дарэчы, рынак кватэр сёння перанасычаны прапановамі. Толькі ў абласных цэнтрах выстаўлена на продаж некалькі тысяч кватэр (у кожным горадзе) у розным коштавым дыяпазоне, а ў сталіцы — больш за дзесяць тысяч аб’ектаў нерухомасці. Менавіта летам пакупнікі сотнямі праглядаюць аб’явы на сайтах і наведваюць з дзясятак аб’ектаў. Таму чым лепш будзе выглядаць ваша кватэра і чым менш у ёй будзе недахопаў, тым вышэй верагоднасць прадаць нерухомасць больш выгадна.

Будучых уладальнікаў лепш сустракаць з дакументамі ў руках

Дакументы на кватэру павінны быць загадзя падрыхтаваныя да зделкі. Інакш, ужо знайшоўшы пакупніка, вы можаце высветліць, што нейкая папера несапраўдная або зусім страчана. З-за гэтага здзелка можа сарвацца. Падрыхтаваўшы пакет дакументаў, вы зможаце прадэманстраваць яго пакупніку пры аглядзе кватэры. Гэта стане дадатковым станоўчым аргументам на карысць куплі менавіта вашай кватэры.

Пераканайцеся, што ў вас ёсць усе дакументы са спісу і тэрмін іх дзеяння не скончыўся. Першае — гэта пасведчанне аб дзяржаўнай рэгістрацыі пераходу права ўласнасці або ўзнікнення права ўласнасці.

Потым ідзе чарга праваўстанаўліваючых дакументаў: гэта могуць быць дагавор куплі-продажу, дарэння, мены, рэнты; пасведчанне аб праве на спадчыну; рашэнне суда; шлюбны дагавор; дагавор прыватызацыі і іншыя.

Неабходная копія асабовага рахунку. Для атрымання гэтага дакумента звярніцеся ў разлікова-даведачны цэнтр па месцы рэгістрацыі або таварыства ўласнікаў. Тэхнічны пашпарт на кватэру. Даведка аб адсутнасці запазычанасці па аплаце камунальных паслуг. Яна не з’яўляецца абавязковай, але не перашкодзіць для спакою пакупніка.

І яшчэ. Калі кватэра належыць вялікай сям’і, то спатрэбіцца натарыяльна завераная згода мужа/жонкі, калі нерухомасць набывалася ў перыяд шлюбу. А так-сама натарыяльна завераная згода ўсіх паўналетніх асоб, зарэгістраваных у кватэры на момант здзелкі. Або іх прысутнасць на здзелцы з асабістым пашпартам.

Хаўм-стэйджынг павінен быць максімальна сумленным

Home Staging — у літаральным перакладзе «вывядзенне дома на сцэну», падрыхтоўка да продажу жылля, каб яно стала больш прывабным для пакупніка. Ні ў якім выпадку не раім замоўчваць інфармацыю аб недахопах і перабольшваць рэальны стан кватэры несумленнымі метадамі. Але, у той жа час, можна зрабіць канкрэтныя крокі, якія не запатрабуюць ад вас вялікіх укладанняў, але могуць істотна паўплываць на вынік продажу.

Атрымаць за сваё жыллё добрую суму хочацца не толькі дзеля грошай, але і для своеасаблівага ўнутранага задавальнення ад таго, што ваша нерухомасць ацэненая рэальна і па вартасці. Дык вось, мінімальныя ўкладанні могуць павялічыць цану кватэры на 10–15 %.

Рамонт? Выключна касметычны

Як правіла, шмат пытанняў узнікае, калі прадаецца кватэра, у якой вы жывяце.

Паказваючы пакупнікам кватэру, у якой пастаянна жывяце вы ці іншыя людзі, трэба паклапаціцца аб максімальнай прэзентабельнасці прасторы. Ладзіць сур’ёзны і дарагі рамонт перад продажам не варта: вы не акупіце выдаткі, а новыя ўласнікі, напэўна, захочуць зрабіць усё па-свойму. А вось лёгкі рамонт не перашкодзіць.

Прайдзіцеся па кватэры і паспрабуйце адзначыць усё, што патрабуе замены або абнаўлення. Складзіце спіс і падлічыце марнаванні. Цана касметычнага рамонту не павінна перавышаць 1–2 % ад цаны кватэры.

Калі вырашыце нешта мяняць, напрыклад, пераляпіць размаляваныя шпалеры ў дзіцячай або паслаць новае падлогавае пакрыццё, выбірайце нейтральныя і светлыя колеры і бюджэтныя матэрыялы. Новае і свежае, хай і недарагое, будзе глядзецца значна выйгрышней, чым старое і зношанае. А светлыя колеры візуальна пашыраць прастору і зробяць памяшканне святлей.

Памятайце, што дэталі вельмі важныя. У кватэры павінны працаваць усе разеткі і выключальнікі, адчыняцца і зачыняцца дзверы і замкі, краны не павінны падцякаць, дзвярныя завесы — рыпець. Ніякіх плям ад падцёкаў на столі, адарванай ліштвы або цвілі!

Калі вы заяўляеце, што кватэра знаходзіцца ў добрым жылым стане, пакупнік, напэўна, захоча пераехаць у яе без неабходнасці нешта фарбаваць і ляпіць перад пераездам.

Каб ёлка на галаву не ўпала

На наступным этапе праінспектуйце сваю кватэру самым зацікаўленым поглядам і развітайцеся з хламам. Хай нават гэта прыемныя сэрцу дробязі — пры пераездзе ў новае жыллё, напэўна, многае вы выкінеце. Лепш зрабіце гэта цяпер.

Нішто так не адштурхоўвае пакупніка, як захламленая кватэра, падобная на ламбард, бо людзі купляюць квадратныя метры і павінны ўбачыць плошчу жылля ў найбольш выгадным святле.

Чым менш у памяшканнях рэчаў, тым лепш. Бабуліна шафа са зламанай дзверцамі, мяшок з пыльнымі цацкамі за дзвярыма, скрынкі з кнігамі, якія пакрыліся векавым пылам, — усяму гэтаму месца калі не ў смеццевым баку, то ў гаражы або на дачы, але дакладна не ў прадаванай кватэры.

Прыбярыце свае фатаграфіі, паштоўкі, сувеніры і цацкі з бачных паверхняў — гэта абязлічыць прастору і дазволіць пакупнікам прадставіць у кватэры не вас, а сябе.

Асабліва бязлітасныя будзьце пры ачыстцы каморы і балкона, дзе, як правіла, захоўваюцца цэлыя паклады нікому не патрэбных рэчаў. А менавіта з-за іх пакупнік не зможа ацаніць ўмяшчальнасць гэтых памяшканняў.

Усё, што вы палічыце неабходным пакінуць у кватэры, максімальна прыбярыце ў сістэмы захоўвання. Не хапае шаф і антрэсоляў — нешта можна спакаваць у скрынкі і паставіць у нежылых зонах кватэры. Паклапаціцеся пра тое, каб, калі пакупнік захоча зазірнуць ва убудаваную шафу, пры адкрыцці дзверцаў на яго не ўпалі ёлка, самакат ці чайны сервіз.

Уборка павінна быць генеральнай

Асобнае вялікае і важнае справа — уборка. Яе можна правесці самастойна або з прыцягненнем спецыялістаў (клінінгавых сэрвісаў). Зазірніце ва ўсе зацішныя месцы, асабліва старанна прыбярыце ў санвузле і на кухні. Не халтурце: бруд у памяшканні трапіцца на вочы, а пакупнік, як на зло, правядзе пальцам менавіта ў тым месцы, якое вы прапусцілі. Выкарыстоўвайце толькі правераныя мыйныя сродкі, каб не сапсаваць паверхні.

Кватэра павінна зіхацець чысцінёй, і немалаважную ролю ў гэтым іграе святло. Празрыстыя вокны, люстэркі, якія адлюстроўваюць сонечныя прамяні, яркія лямпачкі і дадатковыя крыніцы святла дапамогуць дамагчыся эфекту прасторнага і ўтульнага жылля.

Выгоды дададуць таксама мілыя дробязі: дэталі інтэр’еру накшталт канапавых падушак, рэпрадукцый карцін і постэраў з нейтральным сюжэтам або надпісамі, дагледжаных пакаёвых раслін, новых фіранак і абрусаў.

На «двары»

Не забудзьцеся, што пакупнік ацэньвае не толькі кватэру, але і прылеглыя да яе дапаможныя памяшканні. Таму не лішнім будзе прывесці ў парадак лесвічную пляцоўку: памыць падлогу, укруціць лямпачку. Пад’езд, ліфт, лесвіца — можна падмесці і нават зафарбаваць непрыстойныя надпісы, калі яны занадта кідаюцца ў вочы.

Калі ў вашым пад’ездзе ёсць пах ад смеццеправода, лепш загадзя дамовіцца з ЖЭСам аб яго чыстцы, а потым добра выветрыць пад’езд. Непрыемныя пахі ў пад’ездзе могуць цалкам сапсаваць уражанне ад вашай кватэры.

Вызваліце свой склеп і агульную на першым паверсе каморку, калі трэба, папраўце паштовую скрыню і дзвярны званок, пакладзіце новы дыванок перад дзвярыма.

Час «пік»

Непасрэдна перад наведваннем пакупнікоў варта правесці лёгкую ўборку, схаваць усе лішняе, вынесці смецце, праветрыць пакоі. 

Рэкамендуецца заварыць кавы ці духмяны чай, добра ўспрымаецца таксама водар свежай выпечкі. Памяняйце ручнікі ў кухні і ваннай на свежыя, папраўце шторы, зачыніце дзверцы шаф, уключыце крыніцы святла. Абавязкова пакладзеце на бачнае месца некалькі пар аднаразовых бахілаў, каб пакупнік не адчуваў сябе некамфортна, перасоўваючыся па кватэры ў абутку ці доўга разуваючыся.

І апошні, але адзін з найважнейшых момантаў. У кватэры не павінна быць нікога, акрамя ўласніка. Хатнім жывёлам трэба знайсці часовы прытулак па-за сценамі прадаванага жылля: не ўсіх можа замілаваць ваш кот ці сабачка, у людзей часта бывае алергія, акрамя таго, наяўнасць жывёлы можа выклікаць лішнія пытанні (пах, шэрсць, сапсаваныя куты). Дзеці, іншыя сваякі або кватаранты таксама не павінны знаходзіцца ў памяшканнях. Чым менш людзей, тым пакупніку прасцей зарыентавацца, каб спакойна і разумна ацаніць кватэру.

Ідэальны варыянт — праводзіць паказ кватэры днём, калі пакоі напоўнены святлом. У вячэрні час уключыце больш святла, каб стварыць патрэбны настрой. Папярэдне замяніце лямпачкі на больш яркія. «Змрочныя» кватэры не карыстаюцца папулярнасцю ў пакупнікоў.

Калі вы прадаеце кватэру праз агенцтва — дазвольце спецыялісту весці перамовы. Не навязвайце пакупніку сваю кватэру, памятайце, што агент раскажа ўсё самае лепшае. Будзьце прыязныя і ветлівыя, але не перашкаджайце ні агенту, ні прадаўцу. Адказвайце толькі на тыя пытанні, якія вам задаюць. Усё лепшае ў кватэры вы ўжо паказалі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Шалі — прыемныя навіны, леў — добрыя справы. Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Авен. Панядзелак прынясе вам рамантычны настрой, хаця трэба працаваць

Калейдаскоп

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Што вы ведаеце пра беларускае жніво? «Ураджайны» тэст

Надышоў жнівень — самы ўраджайны, працоўны, смачны час.