Вы тут

«Рэйд 2022» па слядах зніклых падчас вайны кавалерыстаў і на месцы баёў бабруйскай наступальнай аперацыі


Чарговая экспедыцыя Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» з удзелам ваенных 52-га асобнага спецбатальёна Міністэрства абароны «Рэйд 2022» праходзіць у Асіповіцкім раёне на месцах жорсткіх баёў 1941 і 1944 гадоў. На сённяшні дзень каля вёсак Ялізава, Ліпень і Чучча знойдзены астанкі 21 чырвонаармейца. На думку кіраўніка клуба «Віккру» Мікалая Барысенкі, 19 з іх маюць адносіны да аперацыі, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «Бабруйскі кацёл».


— У 1944-м савецкія войскі ўзялі пад Бабруйскам у кольца больш за 40 тысяч варожых вайскоўцаў, — адзначыў ён. — Частка з іх паспрабавала прарывацца. Падчас гэтых баёў загінула шмат нашых і варожых салдат. Па астанках 16 чырвонаармейцаў, якія мы знайшлі каля Ялізава, можна меркаваць, наколькі гарачымі былі тыя сутычкі. Чарапы, косткі салдат — усё цалкам пасечана кулямі і асколкамі. Загінулых хутчэй за ўсё кінулі пасля бою ў ямку і прысыпалі зямлёй. Пасля экспедыцыі паспрабуем устанавіць, да якой часці яны адносіліся. Тут непадалёк ёсць брацкая магіла, знойдзеныя хутчэй за ўсё байцы той жа часці. Яшчэ на трох чырвонаармейцаў натрапілі каля вёскі Ліпень. Па іх таксама ніякай інфармацыі няма, але відавочна, што і яны загінулі падчас бабруйскай аперацыі. А вось два байцы, якіх мы паднялі непадалёк ад вёскі Чучча, хутчэй за ўсё маюць адносіны да 1941-га года. Пры адным з іх быў медальён, зараз яго спрабуюць прачытаць эксперты. Раней мы знаходзілі ў гэтым месцы вайскоўцаў 214-й паветрана-дэсантнай брыгады. 

Метадыст Магілёўскага абласнога цэнтра творчасці, начальнік штаба клуба «Віккру» Святлана Барысенка расказвае, што пошукавымі работамі зацікавіліся ялізаўскія школьнікі. 

— Яны прыйшлі да нас з бацькам аднаго з хлопчыкаў, — расказвае яна. — Глядзелі, як нашы хлопцы падымаюць астанкі, нават самі знаходзілі ў пяску нейкія асабістыя рэчы загінулых накшталт гузікаў і іншых дробязяў.

Наперадзе самы загадкавы этап раскопак.У 1941-м кавалерысты конна-механізаванай групы Гарадавікава—Бацкалевіча ішлі праз Асіповіцкі раён па дапамогу абаронцам Магілёва. У іх было заданне дэблакаваць горад і адрэзаць нямецкія войскі ад забеспячэння. На жаль, група амаль цалкам была знішчана немцамі ў Асіповіцкім раёне. Доўгі час пра іх не было амаль ніякай інфармацыі. Але дзякуючы пошукавым дзеянням атрымалася даведацца, дзе прыкладна зніклі кавалерысты. Летась пошукавікі клуба «Віккру» ўпершыню вялі тут раскопкі. Тады былі знойдзены астанкі 26 байцоў і камандзіраў 32-й кавалерыйскай дывізіі. А з пяці знойдзеных тады медальёнаў прачытаць атрымалася толькі адзін. Ён належыў старшыне 153-га каўпалка 32-й каўдывізіі Мікіце Карапецкаму, ураджэнцу Камянец-Падольскай вобласці Украінскай ССР.

Пошукавая экспедыцыя «Рэйд 2022» працягнецца да 14 ліпеня. У раскопках цалкам удзельнічае магілёўская група «Дняпроўскі рубеж», пошукавікі з Бабруйскага і Асіповіцкага раёнаў. Сярод тых, хто вызначыўся ў пошуках, Яўген Грышановіч, Юрый Сцяпанаў, Аляксандр Кузубскі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

У свеце

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Цугцванг па-варшаўску. Куды рушаць польскія ўлады?

Самыя важныя выклікі, з якімі палякам давядзецца сутыкнуцца ўжо адразу пасля летніх канікулаў, — гэта энергетычны крызіс, высокія працэнтныя стаўкі і будучы эканамічны спад.

Грамадства

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Талакой за зялёны горад. Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?

Ці будуць падтрыманы ініцыятывы жыхароў па азеляненні горада ў конкурсе грамадзянскіх ініцыятыў?