Вы тут

Што пачытаць у часопісе «Алеся» ў ліпені?


«Здзяйсняецца тое, у што верыш»

Чароўны і моцны голас, перакананасць ва ўласным выбары і дакладнае ўяўленне, чаго хочаш дасягнуць – так можна акрэсліць сакрэт сённяшняга поспеху Ганны Трубяцкой.

– Усведамленне, што я паспяховая артыстка, у мяне складвалася этапамі. Такое адчуванне ёсць у мяне і ў дадзены момант – у параўнанні з мінулым я зараз адчуваю сябе больш запатрабаванай, – прызнаецца спявачка.

Сёлета Ганна Трубяцкая прадстаўляе Беларусь на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў «Віцебск-2022». Зараз актыўна рыхтуецца да гэтай падзеі.

– Я кожную раніцу пачынаю з уяўлення, як усё пройдзе. Два гады таму думала: як хочацца апынуцца на сцэне «Славянскага базару» і ці магу там стаяць. А сёння я ўжо спрабую ўявіць, як прыме мяне зала, як адрэагуюць гледачы і журы на падрыхтаваны сюрпрыз.

Напярэдадні фестывалю «Алеся» гутарыць з артысткай пра творчасць, жаночую прыгажосць і сям’ю.

Навучанне музыцы выхоўвае дабрыню

У гуках свайго інструмента – цымбал ёй чуецца крыштальны звон ранішняй расы. Дырэктар Жодзінскай школы мастацтваў Эліна Мірашнічэнка з юнацтва паставіла сабе задачу – бесперапынна развівацца ў музыцы і ўвесь час ісці наперад. Асвойвала складаную праграму, выкладала ва ўстановах адукацыі, спявала і іграла ў творчых педагагічных калектывах. І цяпер, нягледзячы на ​​нагрузку і няпростыя абавязкі дырэктара школы, працягвае займацца з вучнямі. Заслугі Эліны Мірашнічэнка былі адзначаны па выніках Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года 2021» у намінацыі «Духоўнасць і культура».  

– Я ўвесь час у руху, імкнуся ўсё паспяваць, – кажа паспяховы кіраўнік, педагог, маці чатырох сыноў. Эліна Іванаўна лічыць: той, хто ў дзяцінстве наведваў заняткі па музыцы, будзе несці ў свет культуру і дабрыню, нават калі не стане прафесіянальным музыкантам. Пра тое, чаму баланс рамантыка і прагматыка важны для кіраўніка, як выхаваць з дзіцяці зорку і пра іншае дырэктар Жодзінскай школы мастацтваў распавяла «Алесі».  

З любоўю да Радзімы, людзей, наваколля

Таццяна Дземідовіч – старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэат шматлікіх літаратурных конкурсаў. Аўтар кніг прозы «Саламяны дом», «Эх, Рамашкін!». Яе творы выходзілі на старонках рэспубліканскага перыядычнага друку, у калектыўных зборніках. Летась была ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды – медаля Францыска Скарыны.

Для Таццяны Дземідовіч, як і для яе знакамітай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц, усё пачынаецца з любові. Менавіта любоў напаўняе цяплом краявіды роднай Брэстчыны, натхняе на  працу з таленавітымі людзьмі, якіх хочацца падтрымаць, і жывіць уласную творчасць.

– Усё сапраўды пачынаецца з любові – да Радзімы, людзей, наваколля, – лічыць пісьменніца. – А любоў абуджае натхненне. Творца дапамагае сваім чытачам паверыць у пераможную сілу любові.

Пра будні пісьменніцкай арганізацыі, імпэт да пакарэння літаратурных вяршынь і сямейную гармонію берасцейская аўтарка вершаў і прозы распавяла «Алесі».

Прыгажосці шмат не бывае

Таццяне Сонец, батаніку паводле адукацыі, падабаецца ствараць прыгажосць, любавацца ёю самой і дарыць людзям. Яе прысядзібны ўчастак – своеасаблівая візітная картка яе прафесійнага майстэрства. Акрамя ландшафтнага дызайну, Таццяна Сонец займаецца тым, што малюе карціны, якія ствараюць эфект вяртання ў дзяцінства, у той незвычайны час, калі свет успрымаўся яскравым, поўным цеплыні, святла і цудаў. Здаецца, аўтар карцін хоча нагадаць усім нам: расплюшчыце вочы, зірніце, які прыгожы свет, у якім чалавек знаходзіцца ў гармоніі з Богам і прыродай.

– Мне прыемна, калі тое, што я раблю, знаходзіць водгук, – прызнаецца Таццяна Сонец. – Гэта ўсяляе веру ў сябе, стымулюе, пабуджае не спыняцца, а ісці наперад, шукаць новае, здзіўляць!

Пра цудоўны свет хараства, створаны жанчынай, чытайце на старонках «Алесі».

«Час пік» у пару бабінага лета

У жыцці кожнай жанчыны здараецца «час пік». Ён можа прыйсціся не на энергічную маладосць, якая не ведае стомы, а на перыяд, калі ўжо хочацца збавіць абароты, пажыць для сябе. Але нярэдка выяўляецца, што ў нас яшчэ маюць вялікую патрэбу і дзеці, якія выраслі, і састарэлыя бацькі. Як заставацца добрай маці для дарослых дзяцей, клапатлівай дачкой для састарэлых бацькоў і пазбегнуць эмацыйнага выгарання, «Алесі» распавяла псіхолаг Вольга Прылішч.  

Ежа на карысць здароўю

Няма інфармацыі больш супярэчлівай, чым пра карысныя і шкодныя прадукты, новыя сістэмы харчавання і пра тое, як скінуць або набраць вагу. Да чаго прыслухацца? Ці варта мяняць рацыён харчавання ўлетку? Якая дыета самая эфектыўная? Ці карыснае для арганізма інтэрвальнае галаданне? Чым небяспечнае вегетарыянства? Пра ўсё гэта «Алеся» спытала ў галоўнага пазаштатнага дыетолага Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Марыны Паповай.

З ліпеньскага нумара «Алесі» вы тасксама даведаецеся пра тое, як атрымаць прыгожы загар без шкоды для скуры, каму карысны і каму шкодны шпінат, якія вітаміны патрэбныя ўлетку, як стварыць капсульны гардэроб і пра іншае.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.