Вы тут

Як захаваць матэрыялы пісьменнікаў-франтавікоў?


Унікальныя архіўныя матэрыялы, фрагменты дзённікавых запісаў літаратараў-франтавікоў, мастацкія выданні ваеннага часу і першых пасляваенных гадоў былі прадстаўлены на змястоўнай выстаўцы «Мы жылі ў буднях барацьбы...», падрыхтаванай Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і адкрытай у Мемарыяльнай зале Дома літаратараў падчас круглага стала «Вайна ў лёсах і творчасці пісьменнікаў». Падзея была прымеркаваная да Года гістарычнай памяці і Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. У якасці экспертаў у круглым стале ўдзельнічалі старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч, ён быў мадэратарам і вядучым мерапрыемства; дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка; галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп; дырэктар і галоўны рэдактар выдавецтва «Чатыры чвэрці» Ліліяна Анцух; галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа, аўтар многіх публікацый на старонках рэспубліканскага друку, літаратурна-мастацкай перыёдыкі па тэме «Якуб Колас і Вялікая Айчынная вайна» Васіліна Міцкевіч; лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне культуры і мастацтва Іван Юркін; публіцыст, аўтар кніг, прысвечаных знакамітым ураджэнцам Беларусі — военачальнікам і ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і адрасаваных падлеткам, Валерый Чудаў; кандыдат гістарычных навук, ваенны гісторык Віктар Ермаловіч; паэтэса Таццяна Купрыянец.


Кола пытанняў, прапанаваных да разгляду, вызначалася разнастайнасцю і шырынёй у межах галоўнай тэмы: творчая спадчына літаратараў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Былі абмеркаваны праблемы, датычныя захавання і мемарыялізацыі матэрыялаў, што пакінулі пасля сябе пісьменнікі-франтавікі і партызаны; прагучалі яркія прыклады таго, як гэтыя матэрыялы цяпер выкарыстоўваюцца, і ідэі праектаў набліжэння гэтай спадчыны да ўсіх і кожнага; закранулі тэму актуальнасці для кнігавыдаўцоў і саміх літаратараў ваенных падзей з гледзішча ўзнаўлення тых ці іншых эпізодаў і жыццяпісаў; мелі месца і дыскусіі, прадметам якіх з’яўляліся адрозненні ў захаванні мемарыяльных матэрыялаў у архівах, архівах-музеях і музеях; звярнуліся і да праблематыкі патрыятычнага выхавання моладзі.

Напачатку Ганна Запартыка распавяла пра асаблівасці ўтварэння і фарміравання фондаў пісьменнікаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны:

«Архіў-музей літаратуры і мастацтва захоўвае ўнікальныя фонды пісьменнікаў — гэта цэлы комплекс дакументаў, якія ўзніклі ў працэсе іх жыцця, дзейнасці, творчасці. У кожным з фондаў ёсць рукапісы з іх варыянтнасцю: і аўтографы, і машынапісы, і іншыя формы падачы тэксту. Машынапісы маюцца з рэдактарскімі і аўтарскімі праўкамі. Архіўны фонд утрымлівае здымкі і іншыя асабістыя дакументы. Адзін з унікальных відаў дакументаў — пісьмы, уласна пісьменніка і да яго. Эпісталярная спадчына выклікае асаблівую цікавасць з боку даследчыкаў і творчасці аўтара, і паўсядзённай гісторыі. Значную колькасць у пісьменніцкіх фондах складаюць дзённікавыя запісы — тыя, што вядуцца з дня ў дзень, і кароткія запісы на памяць. Прысутнічаюць і дакументы членаў сям’і дзяцей, бацькоў... Сёння ў архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца больш за 250 пісьменніцкіх фондаў — палова ад агульнай фондавай колькасці. Фонды большасці творцаў, чые партрэты знаходзяцца ў гэтай Мемарыяльнай зале, захоўваюцца ў архіве...

Мне згадваецца 1985 год, калі святкавалася 40-годдзе Перамогі, — тады ў архіве праводзілася маштабная акцыя: камплектаванне, навуковае апісанне і выкарыстанне фондаў творчых асоб — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта тады і сфарміраваўся асноўны комплекс дакументаў.

Такім чынам, мы літаральна выратавалі многія дакументы. Прайшло шмат гадоў, а яны захоўваюцца ў архіве, служаць творчым людзям — тым, хто піша ўспаміны, хто хоча звязаць эпоху з фактамі аб ёй і адлюстраваць яе. Выкарыстоўваючы ўласныя запісы і ўспаміны, літаратары вывучаюць і гэты матэрыял: друкаваныя выданні, перыёдыку, асабістыя дакументы з фонда таго ці іншага пісьменніка.

На выстаўцы, падрыхтаванай архівам-музеем, толькі некалькі фрагментаў з фондаў пісьменнікаў-франтавікоў. Мы быццам працягваем размову з тымі, чые дзённікі надрукаваны ў кнізе «Мы жылі ў буднях барацьбы» («Мастацкая літаратура», 2020). Ваенны ўрач у лётнай часці Антон Алешка, радавы Мікола Лобан, партызан Пятро Валкадаеў, ваенны інжынер Вісарыён Габрук вялі запісы праз усю вайну... У часовай экспазіцыі акрамя іх можна ўбачыць запісы Міхася Лынькова і некаторых іншых літаратараў: фрагменты дзённікаў і твораў, аўтографы, машынапісы, фатаграфіі. Кнігі ваеннага часу і сціплыя ў афармленні пасляваенныя выданні адносяцца да асабліва каштоўных.

У архіве захоўваюцца сведчанні ўдзелу ў Вялікай Айчыннай вайне пісьменнікаў Алеся Адамовіча, Міколы Аўрамчыка, Зінаіды Бандарынай, Алеся Бачылы, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Аляксея Зарыцкага, Уладзіміра Карпава, Кастуся Кірэенкі, Аркадзя Куляшова (дарэчы, адным з самых унікальных рукапісаў, што ў нас захоўваюцца, з’яўляецца першы варыянт яго паэмы «Сцяг брыгады», напісаны ў бліндажах), Максіма Лужаніна, Івана Мележа, Алеся Махнача, Івана Навуменкі, Івана Новікава, Аляксея Пысіна, Аляксея Русецкага, Максіма Танка, Алеся Савіцкага, Валянціна Таўлая, Івана Шамякіна... Цікавую, каштоўную старонку ўяўляюць матэрыялы і тых пісьменнікаў, якія не вярнуліся з вайны: Змітрака Астапенкі, Алеся Жаўрука, Рыгора Мурашкі, Міколы Сурначова, Андрэя Ушакова, Хвядоса Шынклера і іншых. Ёсць у архіве і калекцыя беларускіх пісьменнікаў, сфарміраваная з паступленняў, у якіх была невялікая колькасць дакументаў: гэта матэрыялы Аляксея Коршака, Леаніда Гаўрылава, Сямёна Мельчука, Алеся Пруднікава, Генадзя Шведзіка і некаторых іншых — гэта ўсё ўключана ў нацыянальны архіўны фонд і спрыяе даследчыкам у самых розных сферах: літаратуразнаўчай, гістарычнай, краязнаўчай, журналісцкай...».

Эмацыянальным, душэўным, цікавым быў расповед пра Якуба Коласа Васіліны Міцкевіч:

«Большасць матэрыялаў, напісаных Коласам падчас вайны, увайшла ў Поўны збор твораў, што пабачыў свет да 130-годдзя Песняра. Нягледзячы на тое, што Якуб Колас амаль цалкам выдадзены, пра яго шмат напісана і даследавана, у фонда-сховішчы музея маюцца матэрыялы, якія могуць распавесці новае пра пісьменніка падчас вайны. У музеі пастаянна вядзецца работа: ладзяцца мерапрыемствы, сустрэчы, часовыя экспазіцыі, якія раскрываюць тэму пісьменніка і Вялікай Айчыннай вайны. Хаця ён быў у эвакуацыі, падзеі вайны вострым болем адгукнуліся ў сэрцы паэта: не стала многіх блізкіх яму людзей, у верасні 1941 года яго сын згінуў без вестак, загінуў блізкі сябар Янка Купала, адразу пасля таго як адсвяткавалі перамогу, 21 мая 1945 года, не стала жонкі. Таму творы Коласа ваеннай тэматыкі цікавыя і актуальныя, эмацыянальныя, бо распавядаюць аб цяжкасцях і выпрабаваннях ваеннага часу. Ва Узбекістане Колас пісаў і актыўна выступаў па радыё, супрацоўнічаў з газетамі. Менавіта там можна знайсці яшчэ невядомыя матэрыялы, звязаныя з яго творчасцю ў той перыяд.

А сёлета, у Год гістарычнай памяці, у музеі Песняра распрацавалі некалькі праектаў, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной і яго творчасцю. Так, нядаўна адкрылася выстаўка ў музеі Вялікай Айчыннай вайны, прысвечаная Янку Купалу, аналагічная выстаўка будзе ладзіцца і сумесна з музеем Коласа ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада. Праекты, у якіх задзейнічаны фонды двух музеяў, адметныя тым, што даюць магчымасць штосьці для сябе адкрыць у новым святле, а музейшчыкам — па-новаму прадставіць матэрыялы з фондаў устаноў-удзельніц.

Акрамя таго, пры падтрымцы Выдавецкага дома «Звязда» музей Коласа займаецца актыўнай выдавецкай дзейнасцю. У фондах захоўваюцца лісты сына пісьменніка, Юрыя Канстанцінавіча Міцкевіча, да бацькоў і братоў. Пісьмы і іншыя матэрыялы сталі асновай для выдання «Апалены золак: слова пра Юрку, Коласава сына» (2013). Сюды трапіў і радыёзварот пісьменніка 1942 года, у якім прагучалі словы: «Калі пачуеш ты мой голас, то, дарагі сын, звярніся, калі ласка, да мяне...» Трапіў пад вокладку кнігі і верш, прысвечаны Коласам сыну, успаміны пісьменніка і яго брата Данілы Канстанцінавіча. Выданне гэтае стала першым крокам па ўшанаванні памяці сына Коласа Юрыя.

Адметна, што сёлета, у Год гістарычнай памяці, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа наладзіў яшчэ адзін праект: 22 чэрвеня побач з магіламі яго бацькоў і братоў адкрылі мемарыяльную дошку ў гонар Юрыя Міцкевіча. Дзякуючы дошцы, аўтарам якой з’яўляецца вядомы скульптар Максім Пятруль, уся сям’я Песняра сабралася разам... Дошка зроблена ў выглядзе апаленага ліста, на ёй — словы, як быццам напісаныя почыркам пісьменніка... У 1947 годзе ён пасадзіў на сваёй сядзібе дуб у гонар сына — бацьку патрэбна было такое месца... Я вельмі рада, што сёлета, калі з дня нараджэння Юрыя споўнілася 105 гадоў, месцам ушанавання яго памяці сталі Вайсковыя могілкі..."

У выступленні Віктара Шніпа прагучала канкрэтная прапанова, якую было б дарэчы адразу і прыняць да ўвагі:

«Напісанне дзённікаў — у пэўнай ступені інтымная справа. Тут пішаш толькі праўду, з гэтай прычыны яны больш каштоўныя, чым успаміны: так, ва ўспамінах розных людзей пра адно і тое ж нешта заўжды не супадае. Калі ж чалавек піша дзённік, тым больш падчас вайны, у экстрэмальных умовах, калі пісаць іх нельга было, гэта заслугоўвае асаблівай увагі. Таму калі дзённікі друкуюцца, як у згаданым выданні „Мы жылі ў буднях барацьбы“ — з прадмовай, уступным артыкулам і каментарыямі Ганны Запартыкі, — гэта бясцэнна. І праз сто гадоў будуць актуальнымі дзённікі ўдзельнікаў вайны, напісаныя ў перапынках паміж баямі і бамбардзіроўкамі, — сведчанні таго, што адбывалася на самай справе. Як галоўны рэдактар часопіса „Полымя“ прапаную зрабіць у выданні адпаведную рубрыку і друкаваць дзённікі, што яшчэ не пабачылі свет, напісаныя ўдзельнікамі вайны. Гэта трэба не толькі нам, але і наступным пакаленням. Пра тое, што знаходзіцца ў архівах, ведае вузкае кола даследчыкаў, а часопісы маюць шырокую чытацкую аўдыторыю».

Ганна Запартыка падхапіла ідэю і зазначыла, што падчас адной з нядаўніх канферэнцый былі перададзены дзённікі Івана Красоўскага, дзяржаўнага дзеяча, які ў свой час эвакуіраваў з самых небяспечных месцаў беларускіх пісьменнікаў. На канферэнцыі прысутнічаў яго сын і падарыў архіву-музею артэфакты, сярод якіх былі запісы І. Красоўскага, фотаапарат «Лейка»... Даследчыца згадала, што ўстанова мае дзённікавыя запісы Бэндэ, які быў у блакадным Ленінградзе, ёсць фонд ленінградскага перакладчыка Паўла Кабзарэўскага, кароткія дзённікавыя запісы Міхася Лынькова, Аляксея Карпюка — усё гэта якраз можна прапанаваць для рубрыкі...

«Мастак Пётр Герасімовіч, удзельнік вайны, які страціў падчас баявых дзеянняў правую руку, а потым перавучыўся і стаў маляваць левай, таксама вёў дзённікавыя запісы, але адзначаў, што на вайне гэта рабіць было надзвычай складана, бо існавала небяспека — магло быць пакаранне, — распавяла Г. Запартыка. — Пачала цікавіцца даследаваннямі на тэму „Дзённік у экстрэмальнай сітуацыі“ і высветліла, што насамрэч загада, які б забараняў вядзенне дзённіка, не было, але ў кожнай вайсковай часці існавалі свае правілы, камандзір мог гэта забараніць, дый не кожны салдат меў такі парыў — у асноўным гэта рабілі людзі, якія ведалі, што пасля скарыстаюць іх для сюжэтаў ці іншых творчых задум. Так, Антон Алешка піша, як ён згубіў дзённік і быў вельмі напалоханы. Але яго таварыш знайшоў запісы і ціха перадаў яму: пра гэта ніхто больш тады не даведаўся. Гэты дзённік унікальны тым, што ў ім — і малюнкі аўтара, вельмі цікавыя замалёўкі... А ў дзённіку Вісарыёна Гарбука шмат вершаў. Лічу, што ў сродках масавай інфармацыі трэба вярнуцца да гэтай асобы: пазіцыянуецца як дзіцячы, а насамрэч ён — далёка не толькі дзіцячы аўтар. Варта было б выдаць зборнік гэтага пісьменніка...»

На пытанне аднаго з удзельнікаў круглага стала, ці складана цяпер выдаць зборнік твораў пісьменіка — ўдзельніка вайны, Віктар Шніп зазначыў, што праблема пры выданні кнігі яшчэ і ў тым, што трэба, каб сабраўся тыраж. А часопісы гэтай праблемы не маюць — таму мэтазгодна спачатку рабіць публікацыі ў сродках масавай інфармацыі.

Якая падрыхтавана да друку літаратура на тэму Вялікай Айчыннай вайны ў выдавецтве «Чатыры Чвэрці», расказала Ліліяна Анцух:

«З 2010 года ў нас выходзіць серыя „Дзеці вайны“. Маецца на ўвазе філасофія вайны. Аўтары — паэты, празаікі, краязнаўцы — тыя, хто не бачыў вайны, але тое, што яны пішуць, адпавядае тэме. Гэта Анатоль Зэкаў, Казімір Камейша, Ізяслаў Катляроў. Тыражы невялікія, але яны збіраюцца, асабліва што тычыцца дзіцячай літаратуры. Выходзяць кнігі і на роднай мове, і па-руску. Уважліва глядзім кожны рукапіс, які з’яўляецца ў рэдакцыі... Не так даўно да нас завітаў Мікалай Чаркашын. Ён выклаў на стол адкапаныя з зямлі рэчы з тых мясцін Ваўкавыска, дзе ішлі баі... І прапанаваў да друку расповеды пра дзяцінства. Там ёсць і лісткі з дзённікаў яго маці. Чытаецца так, што не адарвацца...

Праект набывае папулярнасць, становіцца міжнародным. Так, у Барысаўскай бібліятэцы мяне зацікавіла кніга „Паміж жыццём і смерцю“ Набі Даўлі — пісьменніка з Татарстана з незвычайным лёсам. З пачаткам вайны ён дабіваецца адпраўкі на фронт і едзе туды не як карэспандэнт, а як разведчык. У жніўні ў раёне горада Беразіно, выходзячы з акружэння ў складзе групы разведчыкаў, трапляе ў палон. Да красавіка 1945 года Даўлі знаходзіўся ў фашысцкіх канцлагерах. Некалькі раздзелаў кнігі прысвечана Барысаўскаму лагеру смерці. Цяпер мы маем дакументы, што пацвярджаюць тыя страшныя падзеі, пра якія вядзецца гаворка. У 1964 годзе адбылася закладка мемарыяла „Брацкая магіла савецкіх ваеннапалонных“. Але ў 1944 годзе межы пахаванняў ваеннапалонных у тым месцы не былі зафіксаваны. У 2016 годзе там правялі раскопкі і знайшлі парэшткі больш чым чатырох тысяч чалавек. Супрацоўнікі Барысаўскай бібліятэкі прапанавалі сумесны праект, звязаны з імем гэтага пісьменніка. Мы ўзяліся выдаць кнігу. На восень запланавана мерапрыемства на месцы мемарыяла. Сімвалічна, што з кожным расповедам, за кожным сюжэтным паваротам кнігі адкрываюцца ўсё новыя падрабязнасці, якія павінны быць зафіксаваны...»

Валерый Чудаў распавядаў пра тое, як яму дапамагаюць дзённікі ў пісьменніцкай працы:

«Дзённікі — сапраўдныя словы людзей, якіх ужо няма, таму гэта вельмі каштоўныя дакументы для пісьменнікаў і даследчыкаў, якія імкнуцца стварыць праўдзівы вобраз. Я пішу гістарычныя апавяданні і заўжды карыстаюся дзённікамі таго часу, перапіскай — тады не толькі раскрываецца вобраз чалавека, пра якога пішу, але і ўзнаўляецца час, у які той чалавек жыў. Лічу, што тэма Вялікай Айчыннай вайны будзе актуальнай і праз сто, і праз тысячу гадоў, будзе хваляваць вельмі многіх. Колькасць людзей, праз чые лёсы прайшла вайна, вялізная. Гэтыя ўнікальныя матэрыялы трэба захоўваць, каб нашы далёкія нашчадкі разумелі, як мы жылі. Я — чалавек ваенны. Для мяне тэма вайны актуальная заўсёды... У 2020–2021 гадах выйшлі чатыры маіх кніжачкі ў серыі „Імя ў гісторыі Беларусі“. Па маіх назіраннях, менавіта ў такім фармаце варта даносіць інфармацыю маладым людзям 17–18 гадоў...»

Адметную гісторыю пра тое, з якой дакладнасцю ўзнаўляюцца ў мастацкай прозе нашымі пісьменнікамі архіўныя матэрыялы, расказаў Алесь Карлюкевіч:

«Мікалай Чаркашын напісаў тры раманы пра падзеі першага года вайны на Беларусі. Ён прыехаў з прэзентацыяй туды, дзе на месцы баявых дзеянняў ваенныя гісторыкі праводзілі раскопкі. А ён выкарыстоўвае ў раманах і архіўныя матэрыялы, таму некаторыя яго героі — рэальныя людзі: вядомыя военачальнікі, камандзіры падраздзяленняў. Калі Мікалай Чаркашын распавядаў пра яшчэ не выдадзены раман, гісторыкі паказалі яму медальён і іншыя артэфакты, звязаныя з рэальнымі героямі яго кнігі: людзі, якія сталі прататыпамі герояў, загінулі, — іх астанкі былі знойдзены ў тых мясцінах...»

Віктар Ермаловіч падзякаваў арганізатарам выстаўкі і падзяліўся ўражаннямі ад падзеі:

«Матэрыялы часовай экспазіцыі наводзяць на думку, што вайна вайной, а творчасць усё адно не мае межаў. Другі момант — выстаўка распавядае пра тое, як нашы пісьменнікі, тады маладыя, паказалі сябе ў няпростыя часы сапраўднымі грамадзянамі. Яны разумелі, што калі пераможа Германія, ім не жыць на гэтым свеце. Але свядома падзялілі лёс свайго народа, выбралі супраціўленне. Яшчэ акалічнасць: менавіта ў гады вайны нарадзіліся многія нашы класікі — тыя, хто паставіў айчынную літаратуру побач з літаратурамі іншых краін, зрабіў яе сусветнай. Гэтую думку выказваў і Іван Шамякін...

Ёсць яшчэ аспект, пра які мала гавораць: пісьменнікі зрабілі і практычны ўнёсак у перамогу над ворагам: на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны хадзіла трыста мільёнаў асобнікаў улётак. Пісалі іх і класікі, і маладыя творцы. Мною выяўлены пяць тысяч трыста сем адзінак у розных жанрах. Наш народ саспеў да супраціўлення — тыя ўлёткі былі як пуцяводная зорка, якая натхняла людзей на барацьбу. То бок пісьменнік практычна кіраваў дзейнасцю супраціву — гэта і класікі Якуб Колас і Янка Купала, і партызаны-падпольшчыкі... Больш за трыццаць мільёнаў асобнікаў былі выдадзены на тэрыторыі нашай краіны і карысталіся вялікай папулярнасцю. Пісьменнік быў часткай народа, які ажыццяўляў супраціўленне...»

Таццяна Купрыянец распавяла пра цікавую форму данясення матэрыялу аб удзельніках ваенных падзей у межах патрыятычнага выхавання школьнікаў:

«Апрача таго, што я — член Саюза пісьменнікаў, з’яўляюся і членам арганізацыі „Будзем памятаць“. Яе ўдзельнікі ездзяць па школах і ліцэях краіны і распавядаюць дзецям пра вайну. Важна не толькі захаваць, але і правільна прадставіць, падаць гэтую інфармацыю. Дзеці мала ведаюць пра вайну, таму мы прыдумалі незвычайны фармат падачы. У мяне, як удзельніка клуба ваенна-гістарычных рэканструктараў, ёсць форма, якую насілі салдаты — удзельнікі вайны. Перад дзецьмі мы выступаем менавіта ў форме, і калі яны бачаць людзей быццам з карціны, якія паводзяць сябе як байцы таго часу, школьнікам вельмі цікава. Цяпер наша задача — зрабіць такія ўрокі інтэрактыўнымі, абагульненымі па ўсёй Вялікай Айчыннай вайне. Таксама думаем і пра тое, у якім фармаце прадставіць беларускіх і іншых пісьменнікаў — удзельнікаў вайны».

Падагульніла гутарку Ганна Запартыка. Яна запрасіла ўсіх зацікаўленых актыўна наведваць архіўную ўстанову і далучаць да праблем захавання памяці ўсіх неабыякавых:

«Наша задача — зберагчы, данесці, захаваць крыніцы. Многія дакументы пакуль яшчэ знаходзяцца ў сямейных сховах, а гэта не можа гарантаваць поўнае захаванне. Архіўная апека — вось гарант годнага захавання і карыстання дакументамі праз выстаўкі, зборнікі, радыё- і тэлеперадачы, сустрэчы-прэзентацыі. Таму запрашаю ўсіх зацікаўленых не проста прыходзіць у чытальную залу, але і даносіць гэтую спадчыну да ўсіх — праз друк і музычныя творы, — бо гэта тое, што закладаецца ў памяць і засцерагае, напрыклад, дакументы дзеда ці прадзеда ад знішчэння... Прашу шаноўных удзельнікаў круглага стала вучыць наша грамадства спадчынна-архіўнай памяці, берагчы памяць. Каб кожным новым пакаленнем не адпрэчвалася тое, што зроблена папярэднікамі».

Запісала Аліса БРАТКА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.