Вы тут

Ці магчыма на пенсіі падарожнічаць, вывучаць мовы і рабіць жыццё больш яркім?


Ці рэальна зрабіць сваё жыццё на пенсіі больш цікавым, чым яно было ў маладосці? Збіраць вакол сябе творчых людзей, вучыцца новаму, авалодваць замежнымі мовамі, падарожнічаць, не забываючы пра сад-агарод і дзяцей-унукаў — ці магчыма такое, калі табе 60+? Наша гераіня — прыклад таго, што ўсё гэта і нават больш цалкам можна ўвасобіць.

Наталлі Бартошык з вёскі Гарадзішча Слуцкага раёна хутка споўніцца 60, з іх 39 гадоў яна аддала адукацыі: працавала настаўнікам гісторыі ў вясковых школах, дарэчы, неаднойчы станавілася пераможцай шматлікіх прафесійных конкурсаў. А апошнія тры гады яна на пенсіі, праўда, за гэты час упершыню адправілася ў падарожжа на самалёце, больш актыўна пачала ездзіць па Беларусі, вывучаць этнаграфію, беларускую і замежныя мовы, стварыла «Клуб творчых жанчын вёскі» і яшчэ шмат чаго, каб зрабіць жыццё — сваё і навакольных — больш яркім. Не чужыя ёй і такія радасці, як уласны сад і агарод, а прыезд у бацькоўскі дом дзяцей і ўнучкі — заўсёды свята.


Не замыкацца на быце

На пытанне, як заставацца актыўнымі на пенсіі, Наталля Пятроўна адказвае: ніякага сакрэту няма, ёй проста цікава жыць.

— Не трэба замыкацца на агародах, на быце. Я нярэдка назіраю, што ў вёсцы жанчыны выходзяць на пенсію і рэзка старэюць: перастаюць за сабой глядзець, папраўляюцца і ператвараюцца ў бясплатную абслугу для мужа, дзяцей, унукаў. І акружэнне не разумее, што мама і бабуля мусіць жыць на пенсіі для сябе, а не толькі для навакольных. Варта крышачку ўключаць здаровы эгаізм, сачыць за здароўем, за сабой, — лічыць суразмоўніца. — Дзеці і ўнукі любяць бабулю здаровую, маладую, прыгожую, дасведчаную. Важна развівацца, падтрымліваць свае кагнітыўныя здольнасці. І, вядома, любіць сябе. Гэта вельмі проста і ў той жа час складана. Палюбіш сябе сама — палюбяць і іншыя.

У школе Наталля Бартошык пачала працаваць з 17 гадоў. Пасля 10 класаў яна паступіла ў Смаленскі філіял Маскоўскага энергаінстытута, але ў сям'і было цяжкае матэрыяльнае становішча, і дакументы прыйшлося забраць. Дырэктар школы прапанаваў папрацаваць піянерважатай. А праз год параіў паступаць на гістарычны факультэт Смаленскага педінстытута.

— Памятаю, як ён сказаў: «Добрая работа — сшыткаў не трэба, карту пад паху і пайшла». І так усё жыццё: і сшыткі правярала, і контурныя карты, — усміхаецца суразмоўніца.

Пасля заканчэння ВНУ Наталля пераехала са Смаленска на радзіму мужа — у Беларусь. Працаваць пачала настаўнікам гісторыі ў Вісейскай школе Слуцкага раёна, праз пяць гадоў яе запрасілі ў Бокшыцкую школу — ужо завучам. Там яна і прапрацавала да выхаду на пенсію.

Наталля Пятроўна — шматразовая пераможца прафесійных конкурсаў. У 2018 годзе яна адзіная ў Мінскай вобласці перамагла адразу ў дзвюх намінацыях: «Найлепшы сайт» і «Найлепшы ўрок з прымяненнем ІT-тэхналогій». Выйграла конкурс «ІT-мазаіка» Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Перамагала ў конкурсе «Настаўнік года» (у 2003 і 2017-м), была ўдзельніцай абласнога этапу ў 2018-м. Пераможца рэспубліканскага конкурсу «Ноўтбук для актыўнага настаўніка» ў намінацыі «Вусная гісторыя» ў 2015-м.

Акрамя таго, была членам творчай рэспубліканскай групы настаўнікаў, членам савета РАНА, шэсць гадоў кіравала метадычным аб'яднаннем настаўнікаў гісторыі, шмат гадоў узначальвала метадычнае аб'яднанне завучаў.

«Інстаграм», замежныя мовы і планы на кожны дзень

На пенсіі Наталля Пятроўна засталася такой жа актыўнай. З'явілася больш часу на вывучэнне беларускай мовы, на якую яна, дарэчы, перайшла ў «Інстаграме». Атрымала два сертыфікаты пасля курсаў па ўкраінскай мове.

— Ёсць такія агульныя парады: у сталым узросце трэба вывучаць мовы, трэніраваць дробную маторыку і ўжываць пабольш зяленіва, — кажа гераіня.

Праўда, вывучэннем толькі гэтых моў жанчына не абмяжоўваецца.

— На кожны дзень я складаю планы, а ў канцы кожнага тыдня падводжу вынікі. Адну дату пішу па-англійску, унізе — па-італьянску, а тэкст — па-беларуску. Вось нядаўна падводзіла вынікі па трох намінацыях (я шмат вучуся, адна са спікераў падказала): развіццё, бізнес і здароўе. У плане развіцця я, напрыклад, атрымала сертыфікат па ўкраінскай мове В1 і напісала для мясцовай газеты артыкул пра вёску Новая Ніва. Другі пункт — бізнес: арганізавала для тутэйшых жанчын «Вячоркі», грошы, якія атрымала на іх па гранце, правільна размеркавала і дала справаздачу. Трэцяя графа — здароўе. Я стараюся штодзень ездзіць на веласіпедзе, прымаю летні душ, хаджу басанож, раблю кропкавы масаж твару, гімнастыку для ног, гімнастыку па Маі Гагулан. Зімой катаюся на лыжах, — дзеліцца суразмоўніца.

Дарэчы, «Вячоркі» — адзін з нядаўніх праектаў, які правяла Наталля Бартошык для навакольных жанчын.

— У рамках нацыянальнай стратэгіі «Актыўнае даўгалецце 2020—2030» быў арганізаваны курс лідараў залатога веку. Разам з жанчынамі з Крупак я абараніла праект «Фарбуем велікодныя яйкі». Падалася на конкурс грантаў, выйграла, і ў адным са слуцкіх кафэ правяла мерапрыемства «Фарбуем велікодныя яйкі». Прыйшлі 10 жанчын, кожная прынесла яйкі, мы пагутарылі, паспявалі, патанцавалі.

Прычым такія сустрэчы жанчыны вырашылі працягнуць:

— Было відавочна, што яны хочуць кантактаваць. Я пытаюся: хто быў у карціннай галерэі ў Слуцку? Ніхто. Хто быў у музеі слуцкіх паясоў? Як ні дзіўна, але мясцовыя жанчыны не былі. Вось будучай восенню пачнём хадзіць па культурных мерапрыемствах, — дзеліцца планамі суразмоўніца.

Былых настаўнікаў не бывае — і на пенсіі Наталля Пятроўна ўдзельнічае ў праектах па адукацыі. У ліпені ў рамках летняга анлайн-лагера для педагогаў пад назвай «Разам да поспеху» яна выступіць у якасці гуру-важатай у вэбінары анлайн-сэрвісаў для кантролю і самакантролю навучэнцаў.

— Гэта мая любімая тэма. Я восем гадоў удзельнічала ў рабоце гэтага лагера як вучаніца. Сёлета рашылася выступіць сама, колькі ж можна вучыцца? — усміхаецца гераіня.

Пенсія. Неба. Самалёт

Прымае на Случчыне жанчына і гасцей з іншых гарадоў. Арганізатар сталічнага клуба «Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын» Наталля Хазяева нядаўна прывозіла групу з 10 жанчын ад 70 да 84 гадоў. Наталля Бартошык правяла для іх экскурсію і расказала пра Слуцк, пенсіянеркі наведалі мясцовы музей паясоў.

А вось сваё першае падарожжа на самалёце сама Наталля Пятроўна здзейсніла толькі пасля выхаду на пенсію:

— Я перажывала з-за таго, што сышла са школы, і мае сыны купілі мне пуцёўку на адпачынак у Грузіі. Я першы раз у жыцці ляцела на самалёце, глядзела на зямлю, і думкі мае ўпарадкаваліся, — дзеліцца жанчына.

Пасля была паездка ў Італію ў рамках сацыяльнага праекта «Пенсія. Неба. Самалёт», арганізаванага мінчанкай Марыяй Мунцян.

Паездкі, ды і іншыя актыўнасці нават на радзіме патрабуюць фінансавых затрат. Наталля Бартошык даўно навучылася правільна вызначаць прыярытэты.

— Па-першае, пенсія ў мяне крыху вышэйшая за сярэднюю, бо я працавала ў сельскай школе. Па-другое, працуе муж. У той жа час я эканомная — не набываю ўсё, што вочы бачаць. Шмат чаго вырошчваю сама — у мяне агарод і сад. Фрукты, гародніну, ягады я заўсёды маю на стале, хоць з імі і шмат работы. Вось лаванда пачынае цвісці, хачу яе прыгатаваць, таксама захапляюся лекавымі раслінамі... Мы з мужам самі будавалі дом, ніхто нам не дапамагаў. Таму па жыцці я чалавек незалежны. Самае галоўнае, на мой погляд, — здароўе, астатняе купім за грошы. А калі не купім — значыць, яно нам і не патрэбна. Няма ў мяне футра — ну і добра. Езджу на веласіпедзе, якому ўжо 29 гадоў, — і мяне гэта цалкам задавальняе.

Праз поспехі і няўдачы праходзіць дастойна

Кантактуе Наталля з людзьмі, блізкімі па духу — такімі ж актыўнымі і творчымі, як яна сама. І нават стварыла «Клуб творчых жанчын вёскі». Сярод яе сябровак — і ўзроставыя беларускія супермадэлі Наталля Прыгажынская, Святлана Чарнова і Наталля Брыкіна.

Ды і сама Наталля зусім не выглядае жанчынай пенсіённага ўзросту.

— Стараюся за сабой глядзець. Ужо 20 гадоў я раз на тыдзень хаджу да касметолага на масаж твару. Стараюся, каб былі манікюр, педыкюр, акуратная стрыжка. За модай сачу не так пільна, яна мяняецца, а ў мяне стыль вечнай студэнткі. Аддаю перавагу зручнаму адзенню — футболка, джынсы, пінжак.

Немалаважны і ўнутраны стан. Хандрыць і плакаць — гэта не пра нашу гераіню.

— Я не плачу і зусім не сентыментальная. Шмат у жыцці было болю, таму, напэўна, парог адчувальнасці вельмі нізкі. Калі сябе шкадаваць, пачынаючы з дзяцінства, можна сесці і плакаць бясконца. Але ўсё ў жыцці варта праходзіць дастойна. У тым ліку і поспехі. Калі ты нечага дасягнуў, галаву ўніз, пальчыкі сціснуў і забудзь пра свае дасягненні — так я заўсёды казала і сваім дзецям.

Дарэчы, сынам Наталлі 28 і 36 гадоў, абодва яны працуюць праграмістамі. Пакуль у жанчыны адна ўнучка, якой бабуля абавязкова прысвячае час.

Што рабіць, каб жыццё пасля выхаду на пенсію не здавалася скончаным?

— Радавацца, што цяпер мы ні ад кога не залежым, — адказвае Наталля. — Пенсія — права не трапіць у статус беспрацоўных, хочам — працуем, хочам — не. І рабіць усё, што ты жадаеш і не паспяваў раней. Калі працавала, дык не заўважала, што мая вёска Гарадзішча ўжо напалову пустая. Зараз у мяне ёсць час прагуляцца ўвечары ці пракаціцца на веласіпедзе. Раней перажывала, што мне 30 і я такая «старая», а сёлета мне 60 — і я гэтаму радуюся.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.