Вы тут

«На мядзведзі еду, воўкам падпіраюся, а вужом падперажуся». Чым здзіўляе Палессе


«Ведаеце, хто такі паляшук? Гэта той, хто поле шукае», — часта гасцей беларускага Палесся сустракаюць такім пытаннем. А гасцям на Палессі рады, асабліва цяпер, калі ўнутраны турызм актыўна развіваецца. Некаторыя могуць запытацца, што там глядзець на тым Палессі. Паглядзець там ёсць што: адметная прырода, сем'і буслоў амаль на кожным даху, людзі з унікальным светапоглядам і канцэнтрацыя беларускай самабытнасці. А каб ні ў кога не ўзнікала падобных пытанняў, Нацыянальнае агенцтва па турызме арганізавала выязны семінар з прэзентацыяй турыстычнага маршруту «Да берагоў Гарыні і Прыпяці». «Звязда» ў баку не засталася.


Для таго каб адразу захапіцца гэтым краем, варта завітаць у горад Мікашэвічы, а дакладней, на РУВП «Граніт». Уражанняў, атрыманых тут, не атрымаеш больш нідзе. Ну, сапраўды, не на кожным жа кроку мы сустракаем вялізны гранітны кар'ер! Краявіды — касмічныя. І толькі бадзёрыя БелАЗы, якія працуюць унізе, нагадваюць пра беларускую лакацыю. Кар'ер «Мікашэвічы» — самая вялікая адкрытая горная вырабатка па здабычы будаўнічага каменю ў Цэнтральнай Еўропе. Глыбіня кар'ернай вырабаткі складае 150 метраў, што на 20 метраў ніжэй за ўзровень Балтыйскага мора. Больш падрабязна пра вытворчасць будаўнічых элементаў, работу прадпрыемства і яго дасягненні раскажуць у музеі, які быў адкрыты ў 2018 годзе. Гэта не проста музей аднаго прадпрыемства, гэта музей прагрэсу чалавечага розуму. Сярод экспанатаў — як прылады працы першабытных людзей, знойдзеныя падчас работы ў кар'еры, так і сучасныя, высокатэхналагічныя машыны. У многіх краязнаўчых музеях Столінскага, Лунінецкага раёнаў ёсць шмат касцей першабытных жывёл. І знойдзены яны менавіта на тэрыторыі «Граніта». Аматарам палеанталогіі таксама будзе цікава ў музеі прадпрыемства. Тут захоўваюцца косці хазарскага слана, старэйшага брата шарсцістага маманта: пад 60-метровым слоем пяску была знойдзена ўнікальная стаянка, дзе спецыялісты вылучылі дзесяць асобін старажытных жывёл. А яшчэ некалькі тысячагоддзяў таму менавіта на гэтых тэрыторыях было мора Герадота. Пра вялізнае возера (ці сапраўды мора) пісаў не толькі Герадот, але і многія сярэдневяковыя географы. На назіральнай пляцоўцы гранітнага кар'ера можна не толькі захапляцца і разважаць аб тым, на што здольны чалавек, а яшчэ і зрабіць выдатныя фотаздымкі.

Варта мець на ўвазе, што на «Граніце» хоць і рады гасцям, але знянацку іх не чакаюць; усё ж такі прамысловы аб'ект. Загадзя запісацца на экскурсію можна на сайце прадпрыемства.

Дзе шукаць палескую Венецыю?

Недалёка — Тураў, горад, які асацыіруецца з беларускай гісторыяй. Так, гэта зусім не Столінскі раён і нават не Брэсцкая вобласць. Але навошта гэтыя ўмоўнасці? Нельга знаёміцца з беларускім Палессем і не пазнаёміцца з Туравам. Тым больш калі пра яго цудадзейныя крыжы і асобу Кірыла Тураўскага ўсе ведаюць яшчэ са школы. Тураўскі краязнаўчы музей — адзін з найстарэйшых музеяў Гомельскай вобласці. Жамчужына экспазіцыі — фундамент старажытнага храма, пабудаванага прыблізна ў другой палове 12-га стагоддзя. Музей знаходзіцца побач з помнікам Кірылу Тураўскаму. Помнік знакамітаму Златавусту, царква, у якой ён, магчыма, маліўся — і як не ўбачыць на свае вочы?

Нарэшце накіроўваемся ў Столінскі раён. Каб максімальна адчуць каларыт гэтага краю, трэба адразу браць курс на вёску Цераблічы. Галоўная славутасць вёскі — разьбяр па дрэве Іван Філіпавіч Супрунчык. Яго работы сабраны ва ўнікальным этнаграфічным музеі. Наведваць гэты музей абавязкова з самім Іванам Філіпавічам. Акрамя сваіх работ, ён прадставіць гасцям легенды і паданні роднага Палесся. Ды заадно сваёй гаворкай пакажа, які ён, сапраўды палескі дыялект. Здаецца, што ў гэтым музеі час замірае. Для тых, хто прывык усюды бегчы і спяшацца, — абавязковы для наведвання. Зрэшты, спяшацца тут немагчыма, хочацца як мага больш разгледзець і пачуць.

Сустракаюць гасцей музея 16 скульптур — 16 родаў, якія спрадвеку жывуць у Цераблічах. Кожнаму Іван Філіпавіч дае свае характарыстыкі (што, зразумела, адлюстравана і ў скульптурах). «У Барыса шкура, бо дурна натура» — такі дурнаваты, ды не крыўдзіцца; «У Майсея морда, бо натура цвёрда» — вельмі ўпарты. Да Стральцова заўсёды ездзілі паны, я з роду Стральцовых па бацьку, вось і да мяне госці прыязджаюць», — тлумачыць Іван Філіпавіч. Не хаваючы гонару за родны край, мастак адзначае, што гэтыя роды і сёння жывуць у Цераблічах, і шчыра кажа, што за дзесяцігоддзі яны не вельмі змяніліся. Сямейная тэма працягваецца і асабістай гісторыяй Івана Філіпавіча. Шмат скульптур ён прысвяціў сваёй маме, бацьку, які не вярнуўся з фронту Вялікай Айчыннай вайны, успамінам юнацтва. Майстар захаваў многія рэчы са свайго дзяцінства і сёння паказвае, як палеская вёска жыла ў мінулым стагоддзі. Аднак, ва ўчарашнім дні Іван Філіпавіч не застаецца. Шмат яго скульптур прысвечана сучасным тэмам — развалу Савецкага Саюза, пандэміі, войнам, палётам у космас, Алімпійскім гульням. Праводзіць гасцей ён адметнай мясцовай прымаўкай: «На мядзведзі еду, воўкам падпіраюся, а вужом падперажуся — ды нікога не баюся». Ну дзе яшчэ такое сустрэнеш?

Калі працягваць падарожжа па Палессі на машыне часу, то наступным пунктам маршруту павінен стаць Давыд-Гарадок. Перш за ўсё, трэба, вядома, павітацца з гаспадаром горада, князем Давыдам, унукам Яраслава Мудрага. Помнік заснавальніку горада размешчаны на цэнтральнай плошчы. Абавязкова трэба паглядзець на старажытны храм — драўляную Юр'еўскую царкву, пабудаваную ў 1648 годзе, а затым перабудаваную ў 1724-м. Гуляючы па Давыд-Гарадку, варта глядзець не толькі навокал, але і пад ногі. Некаторыя вуліцы тут выбрукаваныя шасціграннай «косткай». Дарэчы, вядомы аматар Палесся Уладзімір Караткевіч назваў Давыд-Гарадок «пагарынскай Венецыяй». Масты над Гарынню сапраўды ўражваюць сваёй маляўнічасцю.

Цэнтр настальгічнага турызму

Па дарозе ў Столін неабходна заехаць ва ўрочышча Стасіна. Гэтае месца — сведка самага страшнага перыяду ў гісторыі як Палесся, так і ўсёй краіны. Тут у гады Вялікай Айчыннай вайны было знішчана 12,5 тысячы чалавек — дарослыя і маленькія яўрэі, беларусы, рускія, украінцы. Брацкай магілай для іх стаў вялізны катлаван, выкапаны яшчэ да вайны для будучага аэрадрома. Самыя масавыя расстрэлы адбыліся тут 11-12 верасня 1942 года, калі карнікі знішчылі яўрэйскае гета. Не пашкадавалі нават дзяцей — больш за 3,5 тыс. Пасля вайны на магіле ўзвялі абеліск. У пачатку 1990-х устанавілі скульптурную кампазіцыю ў выглядзе дзвюх тужлівых жанчын. Ад Кіеўскай іудзейскай абшчыны пазней устанавілі помнік у выглядзе разгорнутай кнігі. Па ініцыятыве Столінскага райвыканкама месца пахавання добраўпарадкавалі. А арка ў выглядзе трох пар узнятых да неба рук нагадвае аб тым, што тут знайшлі свой апошні прыстанак ні ў чым не вінаватыя мужчыны, жанчыны і дзеці.

Не толькі жудасныя, але і шчаслівыя падзеі, якія адбываліся на Століншчыне ў розныя часы, добра памятае парк «Манькавічы», закладзены ў 1885 годзе Марыяй Даротай дэ Кастэлян, жонкай Антонія Радзівіла. У ХІХ стагоддзі ў Століне размяшчалася адна з рэзідэнцый знакамітага роду Радзівілаў. Стары дуб, узрост якога больш як 200 гадоў, паказвае на месца, дзе калісьці стаяў шыкоўны палац. Ён быў пабудаваны для Станіслава Радзівіла ў стылі неабарока. Пасля гібелі князя рэзідэнцыя перайшла да яго пляменніка Караля Радзівіла, вялікага аматара палявання. Дзякуючы яму ў палескіх лясах каля Століна адпачывалі і палявалі многія арыстакраты Польшчы і Еўропы. На тэрыторыі парку працуе мясцовы краязнаўчы музей. Яго экспанаты расказваюць гісторыю Століна: тут гарманічна спалучаецца быт вясковых палешукоў і арыстакратычных Радзівілаў.

У сучасным Століне захавалася старажытная планіроўка вуліц з невялікімі дамамі. Амаль у цэнтры горада захаваліся руіны сінагогі. Яна была пабудавана ў далёкім 1792 годзе ў стылі барока, гэта рэдкі помнік сінагагальнай архітэктуры XVІІІ стагоддзя. Нават па руінах можна ўявіць, наколькі шыкоўным калісьці быў гэты будынак. На сценах захаваліся рэшткі традыцыйнага роспісу. Праўда, убачыць іх няпроста. Каб захаваць тое, што засталося, аконныя і іншыя праёмы, праз якія можна трапіць унутр, закрылі дошкамі. Дому рабіна, што знаходзіцца побач, пашанцавала больш, чым сінагозе, ён захаваўся. Праўда, па прызначэнні сёння не выкарыстоўваецца. Але ў горадзе жыве легенда, што ў сценах дома схаваны скарб — рэчы столінскіх яўрэяў, якія яны прынеслі рабіну на захаванне, пакідаючы горад.

Там жыве гісторыя

На Століншчыне можна сустрэцца і з жывой, некранутай гісторыяй. Для гэтага трэба ўзяць курс на Альманскія балоты. Гэта самы буйны ў Еўропе леса-балотны комплекс, агульнай плошчай 94 тысячы гектараў. На тэрыторыі Альманскіх балот расце 678 відаў раслін, цудоўна сябе адчувае 151 від птушак. Каб было зручна і чалавеку, і прыродзе, пракладзена экалагічная сцежка. Драўляны насціл працягласцю 1,5 кіламетра прывядзе да незвычайна прыгожага возера Вялікае Засомінае. Можна доўга апісваць, якое тут чыстае паветра, прыгожыя краявіды (асабліва калі падняцца на спецыяльную вышку),адметная атмасфера. Але, шчыра кажучы, ніякія словы тое не перададуць. Трэба ехаць і ўсё гэта зведаць самастойна.

Жыве гісторыя і ў вёсцы Гарадная. Тут акуратна і клапатліва працягваюць традыцыі продкаў — займаюцца ганчарнай справай. Пяць стагоддзяў запар у кожнай хаце гэтай вёскі быў ганчарны круг, які карміў усю сям'ю. Жыхары Гарадной зараблялі на жыццё пераважна вырабам гліняных рэчаў. І дасягнулі ў гэтым вялікага майстэрства. У 1803 годзе гараднянскія сяляне былі вызвалены ад прыгоннага права і былі пераведзены ў разрад дзяржаўных. Сёння справа гараднянскіх майстроў працягваецца ў мясцовым цэнтры ганчарства. Яго кіраўнік Васіль Казачок стаў лаўрэатам спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне».

Століншчына — месца, дзе будзе цікава аматарам прыроды, гісторыі, традыцыйных рамёстваў. Цяпер трэба толькі ўсё гэта сабраць у адзіны турыстычны прадукт і правільна прапанаваць гасцям. Работа ў дадзеным кірунку толькі пачынаецца. І як яе праводзіць, абмеркавалі падчас круглага стала, прысвечанага развіццю турызму ў Лунінецкім і Столінскім раёнах. Начальнік аддзела якасці і вучэбна-аналітычнай работы Нацыянальнага агенцтва па турызме Ганна Вашчынчук падкрэсліла, што ў гэтых мясцінах варта зрабіць акцэнт на настальгічным турызме і актыўна ўзяцца за прыродазнаўчыя экскурсіі. Паводле яе слоў, такія экскурсіі адстаюць у многіх рэгіёнах. А ў краі палескіх балот і старажытных лясоў яны проста абавязаныя быць — і турысты падцягнуцца.

Падчас круглага стала часта гучалі словы аб тым, што развіццю турызму ў Столінскім і Лунінецкім раёнах перашкаджае аддаленасць іх ад Мінска, ад іншых рэгіёнаў. Таму тут і сэрвіс не такі, да якога прывыклі вопытныя турысты, і месцаў для размяшчэнне можа быць мала. Але гэта ўсё можна паправіць. Было б жаданне.

«Мы ўбачылі патэнцыял гэтага краю і што да яго прыкладаецца жаданне людзей сустракаць тут турыстаў. Так, Пінск можа перакрываць Столінскі раён. Але я за тое, каб ён не перакрываў, а каб мы маглі паказаць турыстам яшчэ больш. Калі паедуць турысты, тады і гасцініца будзе працаваць без праблем, а пункты харчавання будуць паміж сабой канкурыраваць. Тут трэба працаваць у двух кірунках, і тады будзе турызм. Гэтаму краю трэба падзякаваць за тое, што ён столькі ўсяго збярог, назапасіў, а наша задача — паказваць яго з самага лепшага боку», — адзначыла экскурсавод Таццяна Хвагіна, аўтар турыстычнага маршруту «Да берагоў Гарыні і Прыпяці».

А задача турыстаў — убачыць і належным чынам ацаніць усё, чым багатыя гэтыя мясціны.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота Лізаветы ГОЛАД

Брэсцкая вобласць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».