Вы тут

Творчая супольнасць абмеркавала спецыфіку мастацкай адукацыі


Супала, ці так было і трэба, але гутарка пра ролю асобы выкладчыка ў развіцці выяўленчага мастацтва Беларусі адбылася ў дзень адкрыцця выстаўкі да 100-годдзя Альгерда Малішэўскага. Справа ў тым, што яркі мастак быў адным з вядомых выкладчыкаў мастацтва ў Беларусі. Нездарма госці прэс-канферэнцыі — прадстаўнікі вядучых навучальных устаноў краіны ў галіне мастацтва і кіраўнікі Беларускага саюза мастакоў — узялі Малішэўскага як прыклад выкладчыка, які ўмеў выхаваць асобу.


— Мастак і педагог — здавалася б, як гэта можа аб'яднацца ў адным чалавеку? — разважае першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Нам хацелася падкрэсліць, што на працягу амаль 30 гадоў ён працаваў у знакамітай «Глебаўцы» і паўплываў на многіх мастакоў, творы якіх цяпер складаюць залаты фонд айчыннага мастацтва. Гэта была каларытная асоба, ён любіў выказвацца, і часта выказваўся рэзка, не абмяжоўваўся ў выразах, калі бачыў, што нешта не атрымліваецца, бо заўсёды хацеў данесці да вучня, у чым той не мае рацыі. А калі бачыў, што вучань таленавіты, але крыху не ўпісваецца ў наяўную сістэму адукацыі, у нечым дзівак, якога не заўсёды разумеюць, стараўся яго падтрымаць. Мы хацелі паказаць тых, хто абараняў дыпломы пад кіраўніцтвам Малішэўскага, на каго ён паўплываў.

Сёлета сфера мастацкай адукацыі — пад асаблівай увагай дзякуючы 75-годдзю Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя Аляксея Глебава. З такой нагоды праходзіць шмат імпрэз і выставак па Беларусі, якія датычацца не толькі мастакоў, што прайшлі праз навучальную ўстанову.

— Мне давялося працаваць у розных установах адукацыі, таму магу сказаць: больш складанага навучання, чым падрыхтоўка мастака, не існуе. З аднаго боку, для выкладчыка гэта камфортная работа: 5-8 вучняў у майстэрні. У такім фармаце, як правіла, складваюцца амаль што сямейныя адносіны. А з другога боку, убачыць індывідуальнасць у кожным з тых васьмі і не загубіць яе агульным падыходам да ўсіх, улічыць асаблівасці кожнага, — каласальная маральна-этычная, фізічная і псіхалагічная праца. Але мне падаецца, што работа ў якасці педагога-выкладчыка дапамагае рабоце мастака-творцы. Зносіны з вучнямі, спроба ўнікнуць у іх ідэі, іх абмеркаванні даюць імпульс і асабістаму развіццю кожнага мастака, які працуе са студэнтамі.

Адна з былых выпускніц «Глебаўкі» Вольга Гардзіёнак-Кірэева можа не толькі ўспамінаць сваіх настаўнікаў у мастацтве, але і сама ведае, што значыць гэтая праца, таму што выкладае ў Гімназіі-каледжы мастацтваў імя Івана Ахрэмчыка, дзе аддзяленне жывапісу існуе з 1962 года:

— Унікальнасць нашай установы ў тым, што ў ёй вучацца не толькі выяўленчаму мастацтву, але і музыцы. Дзеці ўсе жывуць, гадуюцца, вучацца разам. Увогуле мастак-педагог — унікальная з'ява, бо яму трэба адбыцца не толькі ў асабістай творчасці, а яшчэ і як выкладчыку, які можа ўплываць на прафесійны і нават асабісты лёс сваіх гадаванцаў. Я лічу, што гэта асаблівая божая ласка, нават цуд.

Можа быць, таму старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык адзначыў, што з-за спецыфікі працы-мастакоў-выкладчыкаў увага дзяржавы да іх магла б быць большай:

— У мастацкай сферы вельмі важны індывідуальны падыход, таму што кожнае дзіця, кожны студэнт, будучы мастак — асобны псіхатып, да кожнага трэба падабраць ключык. Выкладчык мастацтва не навязвае свае прыёмы, а накіроўвае студэнта, паказваючы некалькі метадаў, а той сам выбірае, што яму бліжэй. Вельмі складана даць тое, што трэба, і не загубіць творчую індывідуальнасць. Сярэдняя спецыяльная адукацыя дае першы дыплом, пасля чаго чалавек можа пайсці ў Акадэмію мастацтваў. Але гэта той першы крок, які можна разглядаць з пункту гледжання яго ўплыву на айчынную школу жывапісу, што мае свае традыцыі, якой мы сёння ганарымся.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.