Вы тут

Разбіраем навацыі новага закона аб правах інвалідаў


У Беларусі прыняты Закон «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Яго нормы закрануць каля паўмільёна чалавек — 6 % беларусаў маюць інваліднасць. Навацыі прадугледжваюць, у прыватнасці, кампенсацыю затрат на набыццё сродкаў рэабілітацыі, права на паслугу персанальнага асістэнта, інклюзію ў адукацыі і падрыхтоўку педагагічных работнікаў, якія валодаюць жэставай мовай, чытаннем і пісьмом па сістэме Брайля, даступнае асяроддзе ўсіх навучальных устаноў, устанаўленне квот для наймальнікаў па прыёме на работу людзей з інваліднасцю.


Як адзначыла начальнік упраўлення па справах інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Вікторыя Грачыха, у падрыхтоўцы закона былі задзейнічаны шматлікія грамадскія арганізацыі. Трэць ад агульнай колькасці рабочай групы была прадстаўнікамі такіх аб'яднанняў, як Беларускае таварыства інвалідаў, Беларускае таварыства глухіх, Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, Беларускі Чырвоны Крыж, Паралімпійскі камітэт і іншыя.

— У законе замацаваны ключавыя правы інвалідаў: на самастойны лад жыцця, рэабілітацыю, абілітацыю, адукацыю і працаўладкаванне. Уведзена забарона на дыскрымінацыю па прыкмеце інваліднасці. Гэта дапаможа мінімізаваць злоўжыванні ў адносінах да людзей з інваліднасцю, — адзначыла Вікторыя Грачыха.

Эксперт звярнула ўвагу, што асаблівы акцэнт у законе зроблены на асветна-выхаваўчую работу, якая мусіць сфарміраваць у грамадстве дастойныя адносіны да людзей з інваліднасцю і знішчыць стэрэатыпы, якія маюцца.

У рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў асноўны акцэнт зроблены на сацыяльны складнік. Ён асучаснены і дапоўнены з улікам практык людзей з інваліднасцю. У прыватнасці, ім прадугледжваецца кампенсацыя з боку дзяржавы затрат на набыццё сродкаў рэабілітацыі. Раней гэта таксама практыкавалася, аднак цяпер норма замацавана ў законе.

— У пастанову Савета Міністраў № 1722, якая вызначае парадак кампенсацыі, будуць унесены змяненні. Для кампенсацыі варта звяртацца ў мясцовыя органы ўлады. Прынцып такі ж, як і кампенсацыя пры набыцці памперсаў, — растлумачыла Вікторыя Грачыха.

Паслуга персанальнага асістэнта будзе аказвацца ў залежнасці ад індывідуальных патрэб: камусьці — для наведвання паліклінікі, некаму — для атрымання юрыдычнай кансультацыі і іншага.

Што датычыцца ўстанаўлення квот для наймальнікаў па прыёме на работу людзей з інваліднасцю, дадзеная норма запрацуе з 1 студзеня 2025 года, калі будзе прыняты закон аб занятасці насельніцтва.

Прадугледжвае новы закон і стварэнне публічнай кадастравай карты са звесткамі аб даступнасці аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры для людзей з інваліднасцю — своеасаблівага віртуальнага гіда па горадзе.

Дзяржава гарантуе і падрыхтоўку педагагічных работнікаў, якія валодаюць спецыяльнымі формамі, метадамі навучання і выхавання пры рабоце з інвалідамі.

— Замацаваны абавязацельствы дзяржавы па забеспячэнні падрыхтоўкі педагагічных работнікаў, якія валодаюць спецыяльнымі метадамі навучання і выхавання, у тым ліку мовай жэстаў, тэхнікай чытання і пісьма па сістэме Брайля, асноўнымі тэхналогіямі аўдыядэскрыпцыі, — сказала Вікторыя Грачыха.

Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай адукацыі галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Алена Муліца, сёння такая падрыхтоўка вядзецца ў асноўным у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя М. Танка. Аднак на ўсіх педагагічных спецыяльнасцях уведзены курсы, якія знаёмяць будучых педагогаў з асаблівасцямі розных катэгорый дзяцей.

Законам замацоўваецца паняцце прынцыпу інклюзіі ў адукацыі.

— Норма, якая сапраўды заканадаўча замацоўвае дасягненні нашай краіны ў забеспячэнні роўнага доступу да адукацыі для ўсіх дзяцей, незалежна ад таго, ці ёсць у іх інваліднасць, ці ёсць у іх нейкія парушэнні, — гэта ўвядзенне ў заканадаўства прынцыпу інклюзіі ў адукацыі, які забяспечвае роўны доступ да атрымання адукацыі для ўсіх навучэнцаў, з арыентацыяй на індывідуальныя адукацыйныя патрэбнасці кожнага. Адпаведна, і ў Законе «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі» гэтая норма ўведзена ў адносінах да дзяцей з інваліднасцю, — адзначыла Алена Муліца.

Асноўныя палажэнні закона ўступяць ў сілу з 6 студзеня 2023 года.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.