Вы тут

Па-беларуску сардэчна і гасцінна


10 ліпеня ўся ўвага была прыкавана да маленькага аграгарадка Александрыя ў Шклоўскім раёне. У кожным куточку купальскай пляцоўкі адбывалася нешта цікавае і ўнікальнае. Александрыя сабрала на святочнае Купалле тысячы гасцей.


Са святам гасцей павітаў намеснік прем’ер-міністра і старшыня пастаянна дзеючага аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні свята «Купалле» Ігар ПЕТРЫШЭНКА.

Ігар Петрышэнка адзначыў, што сёння ў Александрыі сабраліся прадстаўнікі 19 рэгіёнаў Расіі. Удзел прымае дэлегацыя Бранскай вобласці на чале з губернатарам Аляксандрам Багамазам. Ігар Петрышэнка падкрэсліў, што актыўны ўдзел у свяце прымае моладзь, якая працягвае традыцыі і ганарыцца гісторыяй свайго народа.

Віцэ-прэм’ер таксама звярнуў увагу на тое, што менавіта ў Год гістарычнай памяці беларусы ўшаноўваюць юбіляраў Янку Купалу і Якуба Коласа – 140-годдзе з моманту іх нараджэння.


Грыміць купальскі кірмаш, у паветры лунаюць смачныя пахі, адусюль нясуцца спевы ў народных рытмах. Трынаццаты па ўліку фестываль «Александрыя збірае сяброў» па-беларуску сардэчна і гасцінна вітаў усіх, хто пажадаў да яго далучыцца. На выставе-кірмашы сабралася каля 500 народных умельцаў, у тым ліку звыш 80 з Таджыкістана і 13 рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі — Дагестана, Сахі (Якуція), Ханты-Мансійскай аўтаноміі Югра, Бранска, Курска, Ленінградскай, Ніжагародскай, Новасібірскай, Арэнбургскай, Пскоўскай, Разанскай, Саратаўскай, Смаленскай і іншых абласцей.

Хідрыільяс Ахмедаў разам з сынамі ўжо не ў першы раз прыязджае на свята з Дагестана. Прызнаецца, што любіць Беларусь за гасціннасць і адкрытасць. На Купалле ён прывёз срэбныя рэчы, кажа, што ніхто ў свеце не робіць іх лепш, чым у іх пасёлку Кубачы.

Майстрыха Наталля Напалава ўпрыгожыла свята сваімі яркімі вырабамі з Хахламы. Яна супрацоўніца адпаведнай фабрыкі з горада Сямёнаў Ніжагародскай вобласці.

Каларытныя падворкі, ажыўшыя персанажы гісторыі, прэзентацыі лепшых вытворцаў Беларусі — свята набірае абароты. 

На фестывальнай лугавіне сабраліся, як той казаў, усе браты 12 месяцаў. Менавіта такія ўражанні выклікае выстава-кірмаш «Кола жыцця», якая аформлена ў адпаведнасці са святамі беларускага народнага календара. На ёй Мінск адлюстраваў асаблівасці зімовых свят, Брэст і Гродна — веснавых, Магілёў — летніх, Гомель і Віцебск — восеньскіх. Кожны рэгіён прадстаўляе тэматычныя пляцоўкі з творчымі праграмамі-прэзентацыямі. 

Адна з самых відовішчных падзей александрыйскага Купалля — фінал рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар вёскі — 2022». За перамогу ў конкурсе змагаліся шэсць маладых сем’яў — Дзмітрыя і Вольгі Богуш з вёскі Зарэчка Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці, Дзмітрыя і Вікторыі Дундзер з аграгарадка Обруб Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці, Дзяніса і Юліі Веракса з вёскі Брыскавічы Мазырскага раёна Гомельскай вобласці, Паўла і Людмілы Занеўскіх з аграгарадка Гудзевічы Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці, Дзмітрыя і Юліі Татарэнкі з аграгарадка Язёры Чэрыкаўскага раёна Магілёўскай вобласці, Іллі і Таццяны Тарасевіч з аграгарадка Лошніца  Барысаўскага раёна Мінскай вобласці. 

— Яны ўжо перамаглі ў раённых і абласных турах праекту, — удакладняе другі сакратар Магілёўскага абласнога камітэта БРСМ Ганна Дашкевіч.

Частка спаборніцтваў прайшла ў Горках. Там сем’і дэманстравалі свае караваі, пяклі дранікі на калодзе, мужчыны дэманстравалі майстар-клас па спавіванні немаўляці, пілавалі разам з жонкай дровы, сужэнцы частавалі гасцей саленнямі, на хуткасць касілі траву ручной касой і плялі купальскія вянкі. 9 ліпеня сямейныя пары дэманструюць на імправізаваных падворках свае тэатралізаваныя «візітныя карткі» на тэму сямейных традыцый, захапленняў, хобі, любімага адпачынку. 

Паўдзельнічаць яшчэ ў адным маладзёжным праекце мог кожны жадаючы. А заадно праверыць свае веды па гісторыі Беларусі ў адкрытым чэмпіянаце па хуткаснай зборцы карт-пазлаў Рэспублікі Беларусь «Ведаю Беларусь». Наогул пазнавальных выстаў, праграм, экскурсій на фестывалі таксама хапае. Працуе экспазіцыя «Малая радзіма», падчас якой можна наведаць клас, дзе вучыўся Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Да паслуг наведвальнікаў шмат тэматычных пляцовак на любы густ. Уражвае сваёй экспазіцыяй выстава прадукцыі МТЗ і прадпрыемства «БЕЛДЖЫ», «Зроблена ў Беларусi», дзе можна ўбачыць дасягненні айчыннага аўтапрама.

Вельмі шматлюдна каля палаткі Саюза пісьменнікаў Беларусі. У наведвальнікаў ёсць магчымасць сустрэцца з вядомымі пісьменнікамі і паэтамі Алесем Карлюкевічам, Таццянай Жылінскай, Жаннай Міус, Алесем Казекай, Аленай Стэльмах.

— Прыгожае народнае свята, — адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч. — Прыемна, што шмат людзей цікавіцца кнігамі ў такі вясёлы час.

На палічках шырока прадстаўлена літаратура як Выдавецкага дома «Звязда», так і іншых вядучых беларускіх выдавецтваў. А на дзіцячыя кніжкі Жанны Міус неверагодны попыт. Аўтарка ледзь паспявае ставіць аўтографы.

Сёння ў Александрыі песні гучаць, не перастаючы. З раніцы на малой сцэне дзіцячыя калектывы спявалі сусветныя хіты. Гэта была своеасаблівая стартавая пляцоўка для будучых беларускіх зорак. Удзельнікамі канцэрта сталі стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі і лаўрэаты міжнародных фестываляў і конкурсаў. На малой купальскай сцэне сёння будзе яшчэ шмат канцэртаў, у тым ліку і паказ моды ад беларускіх вытворцаў лёгкай прамысловасці.

Хутка на малую сцэну выйшаў з сольным канцэртам заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Руслана Аляхно, выступілі майстры сцэны Магілёўскай абласной філармоніі з праграмай «Белыя крылы радзімы». Адначасова праходзяць дэманстрацыйныя палёты самалётаў і парашутыстаў Магілёўскага аэраклуба ДТСААФ імя А.М.Кулагіна. 

Апагеем свята стаў вялікі гала-канцэрт— музычная камедыя «Ёсць на што паглядзець!» Яшчэ напярэдадні свята мы паназіралі за мантажам галоўнай сцэны. Са слоў спецыялістаў, на ёй не адмовіліся б выступіць самыя вядомыя выканаўцы. Па сваёй насычанасці відэа і спецгукавым, піратэхнічным і іншым абсталяваннем яна не ўступае сусветным. Сёння тут выступілі зоркі беларускай і расійскай эстрады — Аляксандр Саладуха, Вікторыя Алешка, Ірына Дарафеева, Алена Ланская, сёстры Груздзевы, «Верасы», «Дразды», Прэзідэнцкі аркестр і іншыя. У якасці запрошанай госці на сцэну выйшла Ваенга. 

У аснове канцэрта – лірычная музычная камедыя на тэму пошуку талентаў на свята ў Александрыі.  Відовішча суправаджалася відэаэпізодамі аб падарожжах па Беларусі, а артысты прымерылі на сябе вобразы жыхароў аграгарадка. Адным словам: ёсць на што паглядзець.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара і Таццяны ПАДЛІПСКАЙ

Александрыя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?