Вы тут

Эліна Мірашнічэнка: Каб ажыццявіць мару, трэба быць прагматыкам


У гуках цымбал ёй чуецца крыштальны звон ранішняй расы. Аб няпростых буднях кіраўніка, важнасці музычнай адукацыі, сакрэтах выхавання зоркі і пра іншае «Алеся» гутарыць з дырэктарам Жодзінскай школы мастацтваў Элінай Мірашнічэнкай.


— Эліна Іванаўна, Вы лаўрэат Рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2021» у намінацыі «Духоўнасць і культура». Якія пачуцці ў сувязі з гэтай узнагародай?

— Вельмі прыемна было атрымаць такую высокую адзнаку. На цырымоніі ўзнагароджання ў музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны я ўбачыла шмат годных жанчын, вартых высокіх узнагарод. Тое, што мяне адзначылі на такім узроўні, лічу вынікам працы ўсяго калектыву нашай школы. Мы ідзём наперад разам, разумеем адно аднаго, мы — зладжаная каманда.

— Калісьці Вы выбралі сваім інструментам цымбалы. Чаму?

— Мне вельмі хацелася займацца музыкай, а на цымбалах вучыліся іграць чатыры мае аднакласніцы. Аб выбары ні разу не пашкадавала. Для мяне гук цымбал як крыштальны звон ранішняй расы. Яшчэ больш палюбіла інструмент падчас навучання ў музычнай школе. Мой педагог, Таццяна Іосіфаўна Вансовіч, была асобай, на якую мне хацелася раўняцца. Так што ў прафесію я прыйшла дзякуючы ёй.

— У рашэнні працягнуць музычную адукацыю не сумняваліся?

— Калі паступіла ў Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М. К. Агінскага, на адным з першых заняткаў у нас спыталі, хто мае намер вучыцца далей, — я падняла руку. Скончыўшы вучылішча, паступіла ў Інстытут культуры. Пасля першага курса выйшла замуж і перавялася на завочнае аддзяленне, бо нарадзіўся мой першынец. Займалася музыкай дадаткова, брала ўрокі, асвойвала складаную праграму: хацелася развівацца і ісці наперад. Потым выкладала ва ўстановах адукацыі, спявала і іграла ў творчых педагагічных калектывах. І зараз, нягледзячы на нагрузку, працягваю займацца з вучнямі. Я ўвесь час у руху, імкнуся ўсё паспяваць.

— Ці думалі аб тым, што станеце кіраўніком?

— Не, бо я не амбіцыйны чалавек. Але калі бяруся за штосьці, выкладваюся цалкам, на вынік. Праца «для галачкі» не для мяне. Бывае складана, але адступаць перад цяжкасцямі не прывыкла.

Дырэктарам Жодзінскай школы мастацтваў стала ў 2015 годзе. Прыступала да сваіх новых абавязкаў з унутраным трапятаннем. Я ж скончыла гэтую школу, многіх настаўнікаў ведала асабіста, паважала і любіла.

— З чаго вырашылі пачаць?

— Дарогу, па якой пайду і павяду за сабой калектыў, вызначыла адразу. 

У той момант я ўжо чула розныя водгукі пра школу і разумела: за сценамі нашай установы пра нас ведаюць мала, гэтую сітуацыю трэба выпраўляць.

Вырашыла, што будзем ладзіць канцэрты на вялікай сцэне Палаца культуры ААТ «БЕЛАЗ». Першы канцэрт — «Калядны». У школе мяне адгаворвалі: маўляў, дзеці не сарыентуюцца, не тое асвятленне і г. д. Але ж мы выступаем на конкурсах, на вялікіх сцэнах! Калі я стаўлю мэту, то дабіваюся яе дасягнення. У нас атрымаўся цудоўны канцэрт. Публіка апладзіравала стоячы. І я зразумела: мы — можам!

На той жа сцэне зрабілі выпускны канцэрт. І зноў усё атрымалася. Настаўнікі падыходзілі да мяне, дзякавалі. Цяпер на сцэне ДК беларускага аўтазавода рэгулярна праходзяць канцэрты нашых творчых калектываў, пасвячэнне ў першакласнікі, выпускны. Атрымліваем шмат падзяк ад бацькоў і самі задаволены гэтай працай. А яшчэ — канцэрты ў залах школы, новыя праекты, конкурсы... 

— Ці адрозніваецца стыль кіраўніцтва жанчыны ад умоўна мужчынскага?

— Ведаю, што за спінай мяне завуць мамкай (усміхаецца). Сапраўды, дома я — маці чатырох сыноў. З вучнямі працую так, як працавала б са сваімі дзецьмі. Калегі ведаюць: калі я нечага ад іх патрабую, гэта абавязкова павінна быць выканана. Перш чым прыняць нейкае рашэнне, параюся з дасведчанымі калегамі, усіх выслухаю.
Асаблівы клопат — маладыя педагогі. Мая задача — за два гады размеркавання навучыць іх працаваць. У нас ёсць школа маладога спецыяліста, у яе межах працуе клуб «Формула поспеху». Робім усё, каб моладзь разумела важнасць сваёй прафесіі, любіла яе горача.

— Спытаю так: Вы кіраўнік жорсткі ці мяккі?

— Не, не жорсткі. Я ніколі не павышаю голасу. Заўсёды стараюся знайсці ў чалавеку плюсы. Мы — каманда аднадумцаў. Кожны ў нашым калектыве маленькі брыльянт, а разам мы каштоўныя каралі.

Калі ж узнікае якое-небудзь пытанне, пагавару з чалавекам сам-насам, паспрабую яго зразумець. Такі падыход забірае ў мяне шмат сіл, але дапамагае пачуць кожнага.

— Ці задаволены Вы сваёй прафесійнай самарэалізацыяй?

— Цалкам. Нічога б у сваім жыцці не памяняла.

— А хто чакае Вас дома?

— Мая сям’я. Увечары прыходжу з працы, абдымаю малодшага сына і разумею, як шмат у мяне яшчэ сіл і энергіі. Мая сям’я, дом — гэта маё жыццё. Я ўдзячная Богу за сваю сям’ю. Дзеці дораць шчасце, натхняюць і матывуюць ісці па жыцці, працаваць, дасягаць пастаўленых мэт.

Эліна Мірашнічэнка

Мой першынец, Давід, нарадзіўся, калі мне трэба было здаваць экзамены ў Інстытуце культуры. Ён ляжаў у калысцы, а я чытала ўслых творы беларускіх класікаў. У паўтара года ён ужо гаварыў цэлымі фразамі. Я вучылася быць мамай разам з ім. Калі сын падрос, старалася прачытаць яму як мага больш кніг. Нядаўна ўбачыла, што ён чытае Гамера. Давід ужо дарослы, сам мае сына, але ў мяне з ім і цяпер моцная ўнутраная сувязь. 

Потым нарадзіўся Яраслаў, ён скончыў адзінаццаты клас школы. Трэцяму, Елізарыю, адзінаццаць гадоў. Усіх дзяцей я старалася прывучаць да чытання. Малодшаму, Міраславу, крыху больш за тры гады, у яго ўсё наперадзе.

— А музыцы сыноў навучаеце?

— Давід і Яраслаў скончылі нашу музычную школу, Елізарый яшчэ вучыцца. Праз год пачнём займацца блок-флейтай і з Міраславам. Старэйшыя ў нейкі момант хацелі кінуць музыку, але я настаяла на працягу заняткаў. Цяпер гэта напаткала Елізарыя. Цікава, што Яраслаў настойвае: «Ты потым зразумееш, наколькі гэта важна».
У падлеткавым узросце здараецца такое: не хачу займацца музыкай. Магу з упэўненасцю сказаць: калі дзеці вырастаюць, яны ўдзячныя бацькам, якія не дазволілі кінуць музычную школу.

— Што натхняе Вас як педагога?

— Разуменне важнасці нашай місіі: мы выхоўваем маладое пакаленне. І колькі ў яго зможам укласці добрага, разумнага, такую будучыню і атрымаем мы ўсе, наша дзяржава. Як маме, мне хацелася б, каб мае дзеці жылі ў культурнай квітнеючай краіне. І таму для мяне не мае значэння, наколькі тое ці іншае дзіця адоранае ад прыроды — усе яго задаткі мы паспрабуем развіць максімальна. Важна, што гэта будзе дзіця з чыстай і светлай душой, і будзе несці ў свет прыгажосць і культуру, дабрыню і творчасць, нават калі не стане прафесійным музыкам.

— Як выхаваць з дзяўчынкі ці хлопчыка зорку?

— Трэба данесці, што музыка важная для яго далейшага жыцця. Даць яму магчымасць тварыць. Музыка — гэта творчасць, раскрыццё ўнутранага свету, душы музыканта, а не толькі ноты. Вывучыўшы твор, мы працуем над яго мастацкім малюнкам, ствараем вобразы, якія павінны перадаць слухачу. Важна, каб дзіця разумела, што яно не проста іграе на інструменце — яно гэтым нешта гаворыць.

Калі бачу ў вучня патэнцыял, стараюся ўкласці ў яго час і сілы па максімуме. Цяпер у мяне займаюцца таленавітыя дзяўчаткі. Напрыклад, Марыя Ігнаткевіч — адкрытая музыцы, харызматычная. Нядаўна мы з ёю ўпершыню ўдзельнічалі ў адкрытым конкурсе «Залатая струна». Я не вельмі разлічвала на якія-небудзь вынікі, у намінацыі выступалі дзеці ва ўзросце ад сямі да дзевяці гадоў, Машы ўсяго сем, але, на наша здзіўленне, яна стала лаўрэатам, заняла 2-е месца. Плануем з ёю далейшы ўдзел у конкурсах.

— А як правільна выхоўваць адоранае дзіця ў сям’і?

— Як маці трох музыкантаў, скажу: дзіця трэба падтрымліваць. Калі вы хочаце дапамагчы таленту развіцца, гэта патрабуе затрат часу і сіл — дзіцяці і вашых. Абавязковы ўдзел у конкурсах, дадатковыя заняткі. Не заўсёды дзецям хочацца займацца дома, таму неабходны кантроль. Часам я сутыкаюся з бацькамі, якія не зусім разумеюць, як многа залежыць ад працавітасці. Так, дзіця можа быць адоранае. Але працаваць яму ўсё роўна давядзецца шмат, інакш не будзе выніку. Бацькі, настаўнік, дзіця павінны аб’яднаць намаганні. Бацькі нашых зорачак заўсёды побач з імі — на конкурсах, канцэртах.

— Як Вы гарманізуеце сябе? Чым займаецеся ў вольны час?

— Месца, дзе я магу расслабіцца і адпачыць душой, гэта мой прысядзібны ўчастак. Цішыня, спевы птушак, водар кветак дораць спакой. Вельмі люблю кветкі, асабліва ружы. У мяне іх некалькі дзясяткаў сартоў. Увосень вывучаю інфармацыю па навінках. Улетку, калі мае ружы квітнеюць, выходжу па расе, любуюся кожнай кветкай. Збіраю іх пялёсткі, расстаўляю ў ваннай, на кухні.

Калі б у мяне быў вольны час, пляла б кошыкі ці займалася нейкім іншым рукадзеллем. Чакаючы нараджэння Міраслава, звязала прыгожае мяккае покрыва на крэсла.

— Вы рамантык або прагматык?

— Люблю марыць, але каб мары ажыццявіліся, трэба ўсё разлічыць і прадугледзець. Асабліва баланс рамантыка і прагматыка важны для кіраўніка.

— Што прыносіць Вам адчуванне напоўненасці кожнага дню?

— Усё разам — сям’я, праца, мае кветкі. Я люблю жыццё і імкнуся засяроджвацца на цудоўных яго момантах. Пах руж, з’яўленне першага лісця на дрэвах, глыток ранішняй свежасці, калі іду на працу... Кожная хвіліна жыцця каштоўная, і ў нашых сілах напоўніць яе святлом, дабрынёй і духоўнасцю.

Алена БРАВА

Фота Міхаіла і Лізаветы ЛУКАШЭВІЧ


Дасье

У Жодзінскай дзіцячай школе мастацтваў займаецца больш за 500 дзяцей. Працуе 9 аддзяленняў, ёсць падрыхтоўчае і студыя ранняга эстэтычнага развіцця, 7 дарослых і 9 дзіцячых творчых калектываў. У гэтым годзе школа брала ўдзел у 60 мерапрыемствах, у 30 розных конкурсах, на многіх з якіх сталі лаўрэатамі. Летась правялі Калядны дабрачынны канцэрт, усе заробленыя сродкі накіраваны на дапамогу дзецям, якія пакутуюць на анкалагічныя захворванні.

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.