Вы тут

11 ліпеня 1920 года Мінск быў вызвалены ад польскіх захопнікаў


Дата 11 ліпеня ў Беларусі праходзіць незаўважна. Як, зрэшты, і заўсёды. Спытай у каго на вуліцы, чым яна знакавая для нашай краіны, — мо адзін чалавек з сотні і прыгадае...


А калісьці ў БССР яна мела статус свята, да яе прымяркоўвалі розная прыемныя падзеі, адкрывалі школы і стадыёны, напрыклад. Пасля з’яўлення сацыялістычнага лагера пра гэты дзень, як дарэчы, і пра 17 верасня, паспяхова «забыліся», каб не наступаць на балючы мазоль заходнім суседзям. Але сёння, калі заходнія суседзі паводзяць сябе, мякка кажучы, непрыстойна, з чаго б нам хвалявацца пра іхнія фантомныя болі і хваравітае самалюбства? 

17 верасня мы ўжо вярнулі з забыцця — другі год Беларусь будзе адзначаць Дзень народнага адзінства. Пра 11 ліпеня мы павінны як мінімум ведаць. У гэты дзень у 1920 годзе Мінск быў вызвалены ад польскіх захопнікаў... І так, творы са школьнай праграмы — «Партызаны» Кандрата Крапівы і «Дрыгва» Якуба Коласа — гэта пра тую, польска-савецкую вайну 1918-1920 гадоў. 

Менавіта так — польска-савецкую, а не наадварот, як часта прынята было пісаць і гаварыць. Бо першым у назве пішацца той бок, які вайну развязаў... З удакладнення гэтай важнай дэталі мы і пачалі размову пра падзеі больш чым стагадовай даўнасці з Вячаславам ДАНІЛОВІЧАМ, кандыдатам гістарычных навук, рэктарам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. 

Гаварылі не толькі пра падзеі таго часу — пра іх далёкія перадумовы, пра іх сённяшняе водгулле. Нездарма ж кажуць, што гісторыя развіваецца па спіралі...

— Вячаслаў Віктаравіч, пасля рэвалюцыі на абломках Расійскай імперыі ўзніклі многія нацыянальныя рухі. Але менавіта польскі стаўся найбольш паспяховым і агрэсіўным — ужо ў 1918 годзе цалкам баяздольная фактычна нацыянальная армія пайшла заваёўваць тэрыторыі на ўсходзе. І гэта пры тым, што палякі даволі працяглы час — больш за сто гадоў — не мелі сваёй дзяржавы... 

— Карані ідэі, з якой палякі, ледзь стварыўшы войска, рушылі на ўсход, — у глыбіні нашай гісторыі. Польскія кіруючыя эліты яшчэ з часоў Сярэднявечча мелі захопніцкія намеры ў адносінах да суседзяў на ўсходзе — тэрыторый сённяшніх Беларусі і Украіны. Успомнім, як стваралася Рэч Паспалітая. Фактычна на той час, у другой палове XVI стагоддзя, польскія кіруючыя эліты правялі цэлую геапалітычную аперацыю па стварэнні гэтага аб’яднання. Якраз ў той час пачалася Лівонская вайна — Маскоўская дзяржава на чале з Іванам Грозным змагалася за выхад да Балтыйскага мора. Лівонскі ордэн ужо на той час быў аслаблены і шукаў саюзнікаў. І лідар ордэна звярнуўся да Жыгімонта Аўгуста, караля польскага і вялікага князя літоўскага ў адной асобе. На што дарадцы караля ў Кракаве настойліва параілі яму падтрымаць лівонцаў, але толькі як вялікі князь літоўскі. Атрымалася, што ВКЛ уступіла ў вайну з усімі пасля разбуральнымі для яго наступствамі, а палякі засталіся ўбаку і назіралі, як дзяржава на ўсходзе абяссільваецца... І калі магнаты ВКЛ зразумелі, што ім не справіцца, яны звярнуліся за дапамогай да палякаў, і тыя сказалі: «Добра, але падпішыце з намі ўнію». Эліта ВКЛ доўга думала, спрабавала дыктаваць свае ўмовы, але нарэшце польскія войскі былі ўведзеныя на тэрыторыю сённяшняй заходняй і цэнтральнай Украіны і падчас перагавораў у Любліне палякі проста паставілі перад фактам: калі не мірам, дык зброяй возьмем тое, што нам патрэбна. 

Атрымалася, што польскі бок апынуўся ў больш выгадным становішчы і мог дыктаваць свае ўмовы. Хоць наваствораная дзяржава Рэч Паспалітая дэкларавалася на пачатку як канфедэрацыя, праз зусім нядоўгі па гістарычных мерках час яна стала пазіцыянавацца менавіта як польская дзяржава. Гэтаму яшчэ вельмі спрыяла апалячванне эліты ВКЛ. І гэта таксама можна лічыць свайго роду геапалітычнай стратэгіяй — польская шляхта карысталася вялікімі прывілеямі — «залатымі вольнасцямі», і шматлікія прадстаўнікі беларускай шляхты і магнатэрыі з ахвотай пераймяноўваліся ў польскіх, каб гэтыя прывілеі атрымаць, адмаўляючыся ад уласнай культуры, мовы, традыцый, веры. Тагачасная беларуская эліта фактычна дыстанцыявалася, адмовілася ад уласнага народа. І для польскіх паноў, і для сваіх, якія таксама пачалі называць сябе польскімі, беларусы сталі «хамамі» і «хлопамі», з якімі няма нічога агульнага, нават мовы...

Чаму так важна ведаць гэтыя моманты з далёкай ужо гісторыі? У тым ліку і каб адказаць на ваша пытанне, адкуль што ўзялося ў 1918-м. Фантомныя болі польскай эліты, жаданне вярнуць Рэч Паспалітую ў межах 1772 года з яе «залатымі прывілеямі» і з перавагай польскага над усім астатнім, нікуды не падзеліся, выношваліся, перадаваліся з пакалення ў пакаленне. Пра гэта не прынята было асабліва гаварыць, але паўстанні, якія адбываліся ў ХІХ стагоддзі, таксама праходзілі пад галоўнай ідэяй адраджэння Рэчы Паспалітай менавіта як польскай дзяржавы...

— Вельмі яскравая ілюстрацыя да ўсяго вамі сказанага — карціна вядомага польскага мастака Яна Матэйкі «Люблінская ўнія». На ёй польскі кароль стаіць у гордай позе правадыра-пераможца, а магнаты ВКЛ укленчылі ў ролі пакорных прасіцеляў. А калі ўлічыць, што пісалася карціна да 300-годдзя падпісання ўніі, у другой палове ХІХ стагоддзя, дык па ёй можна меркаваць і пра адносіны польскай эліты таго часу да «крэсаў усходніх». 

— Так, і як толькі пасля рэвалюцыі з’явілася магчымасць усе гэтыя ідэі адраджэння «былой велічы» рэалізаваць, палякі першыя заявілі аб стварэнні нацыянальнай дзяржавы, а ў хуткім часе Польшча пачала вайну.

Нават праз трыста гадоў пасля заключэння Люблінскай уніі паляк Ян Матэйка маляваў магнатаў ВКЛ на каленях перад польскім каралём

— Але ж каб пачаць вайну, адной ідэі мала. Дзе было ўзяць рэсурсы, зброю — дагэтуль жа ў Польшчы нічога не было...

— Несумненна, была падтрымка звонку. Цэнтральная частка Польшчы была да рэвалюцыі ў складзе Расійскай імперыі, але паўднёвая — ў Аўстра-Венгрыі, і менавіта там па сутнасці шавіністычная ідэя адраджэння Рэчы Паспалітай як новай польскай дзяржавы атрымала адабрэнне і падтрымку. У складзе аўстра-венгерскай арміі дзейнічалі польскія легіёны на чале з Юзафам Пілсудскім — фактычна гатовыя нацыянальныя воінскія фарміраванні... Што датычыцца падтрымкі матэрыяльнай. Краіны Антанты заявілі, што падтрымліваюць незалежнасць Польшчы. А ў лістападзе 1918 года Першая сусветная вайна ўжо скончылася, і краіны Антанты тую зброю, тыя сродкі, якія ў іх засталіся нявыкарыстанымі, уклалі ў польскія нацыянальныя фарміраванні. Чаму яны так зрабілі? Бо былі зацікаўленыя ў тым, каб на тэрыторыі разваленай Расійскай імперыі не ўтварылася моцная дзяржава. І тут Польшча з яе нацыяналістычнымі памкеннямі вельмі падыходзіла на ролю тарана супраць Савецкай Расіі (ім яна, дарэчы, і была на працягу мінулых стагоддзяў, пакуль існавала як дзяржава, ім, па сутнасці, застаецца і сёння).

— А чаму яны, падтрымліваючы Польшчу, не баяліся, што яна сама стане той самай моцнай дзяржавай на ўсходзе, узнікнення якой яны не хацелі дапускаць?

— Таму што было відаць, што кіруючая эліта гэтай краіны зацікаўленая найперш у задавальненні сваіх меркантыльных інтарэсаў. А значыць, яе заўсёды можна купіць, зрабіць з дапамогай матэрыяльных сродкаў так, што яна будзе рабіць тое, што патрэбна таму, хто плаціць. Так было, дарэчы, і пры раздзеле Рэчы Паспалітай, дзяржавы, якую, па сутнасці, прадала яе ўласная эліта. Так ёсць і сёння ў нашых заходніх суседзяў, у тым ліку і ў Польшчы. 

— У 1918 годзе, кіруючыся ідэяй адраджэння Рэчы Паспалітай, палякі з патэнцыяльнымі насельнікамі гэтай жаданай дзяржавы паводзілі сябе як сапраўдныя акупанты... 

— Увогуле, калі гаварыць пра польска-савецкую вайну — гэты перыяд быў вельмі крывавы. Дакументы сведчаць, што палякі вельмі жорстка абыходзіліся з чырвонаармейцамі, якія траплялі ў палон: «Плененнные красноармейцы были настолько бесчеловечно расстреляны, что некоторые части тела были совершенно оторваны». Фактычна тады ў Польшчы былі створаны першыя канцэнтрацыйныя лагеры для палонных чырвонаармейцаў. Ды і мірнае насельніцтва, найперш этнічныя беларусы вельмі пацярпелі ад палякаў, якія паводзілі сябе як сапраўдныя акупанты. Вось звесткі толькі па адным Слуцкім павеце за вясну 1919 года: у 10 валасцях было спалена 323 сялянскія падворкі, канфіскавана 469 коней, 2260 кароў... Забітыя 33 і параненыя два селяніны...

— У п’есе Кандрата Крапівы «Партызаны» адзін з герояў спявае прыпеўку: «Былі куры у Батуры,//А цяпер на кухні;//Будуць есці паноў дзвесце,//Каб яны папухлі...» Людзі і так пасля вайны жылі ў галечы, а тут яшчэ прыйшлі акупанты, якія забіраюць апошняе, а калі ты не паляк, дык яшчэ і за чалавека не лічаць. Шмат хто гэтага не цярпеў...

—Так, сапраўдны партызанскі рух супраць польскіх акупантаў разгарнуўся вельмі хутка. Акрамя чыста побытавых прычын, калі акупанты забіралі апошняе, былі яшчэ і негатыўныя адносіны да польскіх паноў, скажам так, на генетычным узроўні. Бо некалькі стагоддзяў пагардлівага стаўлення і прыгнёту не былі забытыя. А польская эліта, нягледзячы на жорсткія ўрокі мінулых часоў, так і не змяніла ні адносіны, ні лінію паводзін адносна народа, які жыў на ўсходзе. Нацыянальны прыгнёт пачаў праяўляцца тут жа. Ва ўсіх установах было забаронена размаўляць на любой мове, акрамя польскай. Прашэнні, напісаныя не па-польску, увогуле не разглядаліся…

Кадр з фільма “Талаш”, знятага паводле аповесці Якуюа Коласа “Дрыгва” ў 2011 годзе на “Беларусьфільме”. Рэжысёр Сяргей Шульга. У галоўнай ролі Генадзь Гарбук.

— Яны са зброяй у руках прыйшлі не прапаноўваць нейкі саюз, а вяртаць сваю ўладу над «халопамі»...

— Менавіта так. І партызанскія атрады на тэрыторыі Заходняй Беларусі, якая засталася «пад Польшчай» паводле Рыжскага дагавора, дзейнічалі аж да 1925 года... Агульныя страты ад знаходжання польскіх войскаў на акупаваных тэрыторыях ацэньваліся ў 52 мільёны рублёў золатам. Са сваімі суродзічамі, тымі, каго лічыш роўным, так сябе не паводзяць. Так паводзяць сябе каланізатары — выціснуць з тэрыторыі ўсе магчымыя рэсурсы, а насельніцтва або ператварыць у танную рабочую сілу, або асіміляваць. Пілсудскі, канешне, абяцаў, што беларусы і ўкраінцы будуць мець магчымасць захоўваць і развіваць сваю мову, традыцыі, культуру, але мы бачым, чым усё скончылася пасля для Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны...Можна толькі ўявіць, які лёс чакаў беларусаў, калі б у 1920 годзе не адбыўся паход Чырвонай Арміі на Варшаву, калі б ідэя польскай эліты адрадзіць менавіта польскую Рэч Паспалітую ў межах 1772 года тады рэалізавалася... 

— Але ж яна рэалізавалася літаральна праз некалькі месяцаў, калі падпісаным у сакавіку 1921 года Рыжскім мірным дагаворам беларускія землі і беларусаў падзялілі па-жывому. Атрымліваецца, паход Чырвонай Арміі ў 1920-м быў фактычна дарэмным?

— Так гаварыць ні ў якім разе нельга. Падчас польска-савецкай вайны польскія войскі прасунуліся нашмат далей на ўсход, чым праз некалькі месяцаў прайшла мяжа. У 1920 годзе палякі занялі практычна ўсю тэрыторыю Беларусі і менавіта таму Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі спыніла сваё існаванне. Сапраўды, Чырвоная Армія, заняўшы Варшаву, пасля адступіла і паводле Рыжскага дагавора мы страцілі палову сваёй тэрыторыі. Але ўжо ў канцы ліпеня 1920 года, як толькі палякаў прагналі з Мінска, адбылося другое абвяшчэнне ССРБ, фактычна канчаткова аформілася беларуская нацыянальная дзяржаўнасць на савецкай аснове. Так, спачатку, пасля заключэння Рыжскага міру, у межах шасці паветаў, але ж менавіта тут ўзялі пачатак усе нашы дзяржаўныя інстытуты, была закладзена тая аснова, на якой рэспубліка здолела развівацца менавіта як нацыянальная беларуская. На беларускіх тэрыторыях, якія засталіся «пад Польшчай», такой магчымасці не тое што не было — пра яе нават думаць было забаронена. 

— Гісторыя, канешне, не церпіць умоўнага ладу, але, мне здаецца, тут дарэчы будзе сказаць, што калі б у 1920 годзе палякаў не адкінулі, адтуль, дакуль яны тады дайшлі, — зусім недалёка ад Смаленска, пра краіну Беларусь, а можа, нават і пра беларусаў сёння ніхто б і не ведаў... 

— Адносна беларускай дзяржавы — так, усё было б нашмат складаней. Але пра беларусаў я б не стаў так сцвярджаць. Бо наш народ надзвычай моцны, ён здолеў захаваць сябе і ў Рэчы Паспалітай, і ў міжваеннай Польшчы ва ўмовах агрэсіўнай паланізацыі... Пачытайце дакументы 1938 года з нарады кіраўнікоў ваяводстваў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Ваяводы ў здзіўленай роспачы — ну не называюць сябе беларусы палякамі, хоць плач. Нават каталікі — і тыя супраціўляюцца... У нас вельмі моцны стрыжань нацыянальнай тоеснасці. І так проста асіміляваць беларусаў не ўдалося б нават пры вельмі агрэсіўнай палітыцы паланізацыі. І калі б нават не было Усходняй Беларусі, на гэтай тэрыторыі не было б у 1939 годзе і «палякаў», пра якіх так марыла польская эліта...

— Часам здаецца, што эліта ў іх іншая, а мары і памкненні тыя ж, што і сто гадоў назад. Варта толькі паглядзець, што робіць польская эліта ва Украіне. Нават залаты запас ужо вырашана вывезці ў Варшаву. Што гэта, як не спроба адраджэння Рэчы Паспалітай, калі палякі па-над усім? Няўжо гісторыя нічому не вучыць? Фактычна ж ні адзін польскі дзяржаўны праект не скончыўся паспяхова... 

— І яны будуць наступаць на гэтыя граблі пастаянна, пакуль не зробяць высновы. Пакуль іх эліта будзе лічыць усходніх суседзяў «халопамі», якія павінны ім падпарадкоўвацца, нічога добрага ў іх не будзе і жыццё іхняе будзе складанае і вельмі небяспечнае ў першую чаргу для іх саміх.

Зрэшты, гэта іх права, хай як хочуць так і лічаць. Тут гаварыць трэба больш пра нас, кім мы самі сябе лічым? Мы тысячагоддзямі жылі на геапалітычным перакрыжаванні, і здолелі захавацца як народ, развіцца як нацыя, пабудаваць сваю незалежную краіну. Якія яшчэ патрэбныя нагоды, каб ганарыцца сабой, сваім народам, сваёй краінай?

Гутарыла Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?