Вы тут

Уладзіслаў Галубок — гонар беларускай культуры


Малая радзіма Уладзіслава Галубка (сапраўднае прозвішча Голуб) — станцыя Лясная Навагрудскага павета Мінскай губерні (цяпер Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці). Тут у сям'і памочніка паравознага машыніста, а затым слесара Мінскага дэпо Язэпа (Іосіфа) Тамашавіча Голуба і Галіны Уладзіміраўны Рэут 15 мая 1882 года пачаўся яго жыццёвы шлях.


Трагічная смерць бацькі

Уладзіслаў быў першынцам у сям'і Язэпа Голуба, радавод якога ішоў з Барысаўшчыны. Дзед Уладзіслава — Тамаш Голуб — разам з братам удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў. Хаваючыся ад пераследу жандараў Мураўёва, разляцеліся Галубы ў розныя куткі.

У 1929 годзе першы біёграф Уладзіслава Галубка, таленавіты літаратуразнавец і мастацтвазнавец Мікалай Каспяровіч адзначаў:

«Язэп Тамашавіч быў вельмі здольным чалавек, меў цвёрдую волю і моцную памяць ды лічыўся строгім аўтарытэтам у сям'і, якому ўсе падпарадкаваліся. Ведаў беларускую, расійскую і польскую мовы, але заўсёды гаварыў па-беларуску. Чытаў кнігі з мясцовых бібліятэк. Маючы 20 год, Язэп пабраўся з Галінай Уладзіміраўнай Рэут... У сям'і было шэсць дзяцей: Уладзіслаў, Іван, Леанард, Станіслаў, Браніслава і Зося».

7 кастрычніка 1895 года Іосіф Голуб у час вяртання дадому быў «забіты злачынцамі рэвальвернымі стрэламі». Існуе версія, што ён загінуў за сваю рэвалюцыйную дзейнасць.

Пра той час, калі ён першы раз трапіў у прафесійны тэатр, Галубок успамінаў:

«Памятаю, як у 1896 годзе (у 14 гадоў — Э. І.) за грошы, заробленыя ад выгрузкі дроў, я купіў білет на галёрку ў Мінскі гарадскі тэатр... Мяне не цікавіла зала, увага мая была накіравана на занавес, за якім хавалася нешта новае, невядомае. Трэці сігнал. Занавес пайшоў угору. Перада мной артыст. Слова. Дзея. І тут у мяне ўзнікла думка стаць артыстам. Я пачынаю рыхтаваць дзіцячыя паказы, збіраю сваіх таварышаў-школьнікаў, пішу п'есы і афармляю іх».

Шлях да ведаў

У 13 гадоў пасля забойства бацькі Уладзіслаў застаўся сіратой. На руках у маці Галіны Уладзіміраўны — шэсць дзяцей. Як старэйшы сын, ён быў вымушаны зарабляць на хлеб, каб пракарміць сям'ю. Гэта прымусіла перарваць вучобу. Выгружаў дровы з вагонаў, працаваў прыказчыкам у гастранамічным магазіне, слесарам у Мінскім лакаматыўным дэпо.

Праз год Уладзіслаў здаў экзамены за поўны курс вучылішча, закончыў мастацкія курсы. Тады ж юнак далучыўся да беларускага культурна-асветніцкага руху. Значны ўплыў на Галубка аказаў яго «таварыш з маленства» Альберт Паўловіч (будучы беларускі паэт-гумарыст, драматург). Менавіта ён увёў Уладзіслава ў пісьменніцкае асяроддзе, якое групавалася вакол газеты «Наша ніва».

15 красавіка 1904 года 21-гадовы Галубок ажаніўся з Ядвігай Аляксандраўнай Петрашкевіч. Яны пражылі разам 33 гады.

У 1906 годзе 24-гадовы Уладзіслаў Іосіфавіч пачаў літаратурную дзейнасць на беларускай мове як паэт і празаік. Паводле ацэнкі Максіма Багдановіча, Галубок «пісаў бойкія і вясёлыя апавяданні, да чаго мае праўдзівыя здольнасці. Мова іх заўсёды жывая, тэмы іншы раз даволі цікавыя».

Першыя п'есы

У 1917 годзе было адроджана Першае беларускае таварыства драмы і камедыі, раней забароненае ўладамі Расійскай імперыі. Уладзіслаў Галубок уступае ў гэтае таварыства разам з жонкай і дзецьмі і робіць першыя спробы ў драматургіі. За адну толькі восень 1917 года ён піша тры п'есы, якія адразу ставіць яго трупа.

Вясной 1920 года Галубок едзе ў Слуцк, дзе існаваў культурна-асветніцкі гурток пад назвай «Папараць-кветка». Уладзіслаў Іосіфавіч з вялікім энтузіязмам уключаецца ў работу па пастаноўцы адной са сваіх п'ес. Але ў гэты час уся культурна-асветніцкая дзейнасць была забаронена польскімі акупантамі. Самога Галубка праз некаторы час польскія ўлады арыштоўваюць і пад канвоем жандараў дастаўляюць у Мінск.

11 ліпеня 1920 года часці Заходняга фронту Чырвонай Арміі вызвалілі Мінск ад польскіх акупантаў. А ўжо менш чым праз за месяц — 10 жніўня 1920 года — жыхары Мінска і чырвонаармейцы вітаюць трупу беларускіх артыстаў пад кіраўніцтвам Уладзіслава Галубка.

Сцэна з першага спектакля «Суд» (крайні справа — Уладзіслаў Галубок).

Прывядзём радкі з хронікі Мінска 1920 года:

«10 жніўня памяшканне клуба было перапоўнена чырвонаармейцамі, якія прыйшлі з франтавых баёў адпачываць у Мінск. Усякія правілы парушаны і замест 500 чалавек прысутнічала 1000. З вялікім задавальненнем прымаецца п'еса «Суд» і выступленні беларускага хору. З гэтага і пачынаецца работа беларускай трупы пад кіраўніцтвам Галубка».

Вандроўны тэатр

Спачатку трупа Галубка была невялікая: некалькі сяброў Уладзіслава Іосіфавіча, яго жонка Ядвіга, іх сын Эдуард, дочкі Багуся, Мілачка і Люся, для якіх пісаліся дзіцячыя ролі. Сярод выканаўцаў былі і будучыя вядомыя беларускія пісьменнікі — Міхась Чарот, Васіль Сташэўскі, Алесь Дудар, Іларыён Барашка. Музычнай часткай кіраваў Нестар Сакалоўскі — аўтар музыкі Дзяржаўнага гімна БССР і Рэспублікі Беларусь. На скрыпцы іграў артыст Міхась Лучанок — бацька кампазітара Ігара Лучанка. Першыя крокі рабіла Стэфанія Станюта.

Трупа беларускіх артыстаў накіраваліся ў падарожжа па Беларусі, такім чынам, стаўшы вандроўным тэатрам. Артысты не мелі ўласнага транспарту, таму часта на выпадковых павозках ці санях, а часта і пешшу пераходзілі паміж беларускімі мястэчкамі.

Вельмі цікавыя думкі аб трупе Галубка выказаў прафесар БДУ Аляксандр Вазнясенскі:

«Работа гэтай трупы ў культурных адносінах вельмі карысная, праходзіць зусім ва ўмовах эпічнага характару. Яна дзіўным чынам нагадвае гісторыю тэатральнай справы ў часы Шэкспіра...»

Народны артыст і «душагуб сцэны»

У пачатку 1926 года ўрад Беларусі перайменаваў Другую беларускую дзяржаўную трупу ў Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр (БДВТ). Пісьменнікі аб'яднання «Полымя» звярнуліся ў Савет Народных Камісараў БССР з хадайніцтвам аб наданні Галубку ганаровага звання народнага артыста рэспублікі. 20 снежня 1928 года Саўнаркам БССР выдаў наступную пастанову:

«Маючы на ўвазе асабліва каштоўную дзейнасць Галубка Уладзіслава Іосіфавіча як арганізатара, рэжысёра і акцёра Вандроўнага тэатра БССР пастанаўляе надаць Галубку Уладзіславу Іосіфавічу званне народнага артыста рэспублікі.

Прызначыць т. Галубку персанальную пенсію ў размеры стаўкі адказнага палітычнага работніка».

Але ж з 1929 года пачаліся паслядоўныя наступленні на тэатр Галубка, усялякія прыдзіркі — не той рэпертуар, не тыя артысты, няма там пра класавую барацьбу, пра будаўніцтва новага ладу ў БССР.

У той час стала знакамітай у тэатральных колах рэпліка Галубка на «упрёк в обилии смертей» у яго меладрамах:

«Мяне празвалі душагубам беларускай сцэны, а вось у Шэкспіра ў «Гамлеце» аж пяць смярцей, але ж яго не называюць душагубам».

На думку беларускага гісторыка Анатоля Валахановіча, уладам не падабалася, што перамяшчэнні вандроўнага тэатра знаходзяцца без нагляду НКУС БССР. Менавіта таму ў 1932 годзе тэатр Галубка зрабілі аселым, так бы мовіць, «посадили на якорь» і загадалі як мага хутчэй увесці ў рэпертуар п'есы пра класавае змаганне ў Беларусі. Так з'явіўся на свет знакаміты БДТ-ІІІ. Цікава, што гэты тэатр атрымаў сталую базу не ў Мінску, а ў Гомелі.

У канцы 1931 года мастацкім кіраўніком тэатра быў прызначаны Канстанцін Саннікаў, а дырэктарам — Уладзіслаў Галубок.

Замаляваныя подпісы

У 1935 годзе шырока адзначаўся 15-гадовы юбілей тэатра Уладзіслава Галубка. Многія акцёры атрымалі ганаровыя званні, а Уладзіслаў Іосіфавіч быў узнагароджаны аўтамабілем і творчай камандзіроўкай у Маскву і Ленінград.

Ён быў вядомы і як мастак-пейзажыст, браў удзел у рэспубліканскіх мастацкіх выстаўках. Каля 50 яго пейзажаў знаходзілася ў экспазіцыі тэатра. Пасля арышту Галубка ўсе яго карціны былі звезены ў НКУС БССР. Затым туды запрасілі гомельскага мастака Міхаіла Сімкоўскага і загадалі замаляваць на ўсіх палотнах подпіс аўтара. Сімкоўскі працаваў усю ноч. Раніцай яго выпусцілі і нават дазволілі ўзяць што-нішто з твораў Галубка. Сімкоўскі змог вынесці толькі чатыры работы, цяпер яны вісяць у адным з гомельскіх клубаў.

Галубка арыштавалі ў жніўні 1937 года.

Вельмі пацярпела сям'я. Старэйшаму сыну Эдуарду — навуковаму супрацоўніку Інстытута гісторыі АН БССР — забаранілі абараняць ужо падрыхтаваную кандыдацкую дысертацыю па беларускай драматургіі, дачку Багуславу прымусілі ехаць на вёску — «перавыхоўвацца» ў калгасе, малодшых сыноў выключылі з камсамола як дзяцей «ворага народа». Даведаўшыся аб арышце мужа, яго жонка Ядвіга Аляксандраўна спрабавала скончыць жыццё самагубствам, але, на шчасце, яе выратавалі.

28 верасня 1937 года Уладзіслава Іосіфавіча расстралялі. Рэабілітавалі 26 жніўня 1957 года.

Мала каму вядома, што ўсе яго тры сыны — Эдуард, Леапольд і Сігізмунд, будучы ў час Вялікай Айчыннай вайны ў радах Чырвонай Арміі, загінулі смерцю храбрых.

Эмануіл ІОФЕ,  прафесар, доктар гістарычных навук

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».