Вы тут

Ці ёсць попыт у Беларусі на клінінгавыя паслугі?


Чысціня і парадак у кватэры непасрэдна ўплываюць на настрой і душэўны камфорт людзей, што жывуць у ёй. І калі перспектыва выдаткаваць свой вольны дзень на прыборку вас не палохае, за вас можна толькі парадавацца. Але калі такі распарадак выхаднога дня выклікае сум і дэпрэсію, можна скарыстацца лайфхакам: звярнуцца ў клінінгавую кампанію.


Прыборка кухні — адна з самых запатрабаваных паслуг.

Маладая сфера клінінгу ў нашай краіне развіваецца досыць імкліва: растуць і прапанова, і попыт. Ці толькі людзі з дастаткам, вышэйшым за сярэдні, звяртаюцца сёння да паслуг клінераў? Як прыходзяць у згаданую прафесію і колькі можна зарабіць, калі манетызаваць гаспадарлівасць і любоў да чысціні? Пра гэта мы запыталіся ў кіраўніка адной з клінінгавых кампаній Алеся.

Работы дастаткова

— Нашы клінеры зарэгістраваныя ў падатковай інспекцыі як самазанятыя асобы, што аказваюць паслугі прыборкі жылых і офісных памяшканняў. Кампанія ж адмініструе заказы і выдае ім інфармацыю аб наяўнасці той ці іншай работы і тэрмінах яе выканання, — тлумачыць Алесь. — Супрацоўнікі самі выстаўляюць рабочыя дні, фарміруючы ўласны графік на тыдзень. Бачаць заказы, што трапляюць у сістэму, і выбіраюць для сябе найбольш зручныя па лагістыцы. Той жа прынцып, што, напрыклад, у «Яндэкс Таксі».

Клінінг — сфера пераважна жаночая. Хоць паспяхова працуюць у ёй і мужчыны. У кампаніі на 30 дзяўчат-клінераў — двое клінераў-мужчын (то-бок прыкладна 9 працэнтаў). Водгукі кліентаў у іх, дарэчы, самыя пахвальныя, з фармулёўкамі «акуратныя», «педантычныя» і «карэктныя». «Але жанчына, напэўна, любую прыборку зробіць усё ж такі лепш», — заўважае Таццяна, старшы менеджар кампаніі.

Мужчыны ў клінінгу часцей занятыя на асабліва фізічна цяжкіх работах — напрыклад, у хімчыстцы дываноў і канап, дзе патрэбны вялікі прафесіянальны пыласос.

А ўвогуле, для клінераў абодвух полаў нароўні з акуратнасцю і далікатнасцю неверагодна важная добрая фізічная форма, бо клінінг — гэта сур'ёзныя фізічныя нагрузкі. Адсюль узроставы цэнз — ад 19 да 50.

— З пачаткам летніх канікулаў шмат моладзі хоча падпрацаваць, але 16—17-гадовых падлеткаў мы не бяром: клінер павінен быць дарослым, адказным чалавекам, — распавядае Алесь. — З іншага боку, людзі сталага ўзросту звычайна не валодаюць дастаткова моцным здароўем. Бо прыборка пасля рамонту або мыццё вокнаў патрабуе неабходнасці, напрыклад, дзясяткі разоў падняцца і спусціцца з драбінак. У людзей старэйшага пакалення можа падняцца ціск або разбалецца сэрца. Такім чынам, узроставыя абмежаванні прысутнічаюць хутчэй з аб'ектыўных прычын. Старэйшаму нашаму клінеру — 49 гадоў... Хоць часта здараецца, і ў 30 гадоў здароўе не дазваляе на драбінку лазіць, а бывае, у 55-60 жанчына дасць фору любому маладому чалавеку. Так што гэта не жорсткае правіла.

Пра тое, колькі калорый спальвае генеральная прыборка, Алесь ведае на ўласным вопыце. Пачынаўся яго бізнес з некалькіх сяброў, якія ў прыватным парадку выязджалі на прыборкі. За год кампанія разраслася, набыла больш як тры тысячы кліентаў. За гэты час было праведзена 3,5 тысячы прыборак (у сярэднім па 300 на месяц, распавядае Алесь). Хоць ёсць на гэтым рынку карыфеі, што стаялі каля вытокаў клінінгу ў Беларусі — гэтыя буйныя кампаніі праводзяць каля 1200 прыборак на месяц, і на іх раўняюцца маладыя канкурэнты. Але работы хапае ўсім.

— Паслуга запатрабаваная, — канстатуе Алесь. — Мінск — горад вялікі, у людзей хуткі рытм жыцця, і ўсё больш гараджан прыходзіць да неабходнасці дэлегаваць нейкія бытавыя сферы прафесіяналам. Як некалі — рамонт машыны (за савецкім часам нашы бацькі рамантавалі ўласны аўтамабіль самі), так цяпер — прыборку кватэры. Паверце, гэта крутая опцыя.

У маленькія населеныя пункты сфера клінінгу пакуль не дабралася — калі там і ёсць такая паслуга, прапануюць яе клінеры ў прыватным парадку. Дарэчы, у кампанію звяртацца па прыборку жытла ўсё ж лепш, чым да «вольных клінераў», кажа суразмоўнік:

— З аднаго боку, гэта гарантыі, з другога — стандарт якасці, бо людзі працуюць па рэгламенце. А калі знаходзіш па аб'яве спадарыню Ікс, можаш у выніку атрымаць нешта нечаканае...

Клінер — не прыбіральшчык

Як прыходзяць у гэты бізнес? Вельмі рознымі шляхамі. Дарэчы, у кампаніі, пра якую ідзе гаворка, большасць супрацоўнікаў — з вышэйшай адукацыяй, а здараецца, што і не з адной (як, напрыклад, Мікалай — тэхнолаг кампаніі, які сочыць за тым, каб моцная хімія і прылады, што ўжываюцца для капітальных прыборак і прыборак пасля рамонту, не пашкодзілі мэблю або падлогу кліента). Клінеры — прадстаўнікі самых розных прафесій, ад тэхнолага да сцюардэсы.

— Адзін наш кліент пытаецца ў клінера: «А хто вы па прафесіі?». Дзяўчына адказвае: сцюардэса. Ён: «Ух ты! Сцюардэса яшчэ ніколі ў мяне падлогу не мыла!».

Чаму людзі абіраюць менавіта клінінг? Стаміліся працаваць па спецыяльнасці, расчараваліся ў некалі выбранай прафесіі, страцілі работу і не змаглі знайсці або проста захацелі мець вольны графік? Для многіх клінінг — дадатковы спосаб заробку.

Заробак клінера — каля 900 рублёў пры мінімальнай замацаванай дамоўленасцю колькасці прыборак (15 на месяц). Працуеш больш або абіраеш складаныя і працаёмкія прыборкі — можна зарабіць і 1300, і 1500 рублёў на месяц.

Дарэчы, клінер — гэта не прыбіральшчык у звыклым разуменні. Каб трапіць у кампанію, суіскальнік павінен вывучыць рэгламент: у якім выпадку якія мыйныя сродкі выкарыстоўваць (бо калі пашкодзіць хіміяй мэблю, кампаніі прыйдзецца кампенсаваць кліенту страты), як карыстацца складанай прафесіянальнай тэхнікай, што рабіць і не рабіць (калі, напрыклад, клінер самастойна вырашыць памыць вокны, а кліент, між тым, мае права гэтую работу не аплачваць, бо мыццё вокнаў не заказваў). Потым трэба прайсці некалькі тэставых прыборак пад кіраўніцтвам вопытных клінераў, і толькі пасля можна пачаць працаваць.

— Для мяне клінінг — гэта выпадковая невыпадковасць, — расказвае Алесь пра сваю кампанію. — Ідэя нарадзілася, калі мы з жонкай упершыню заказалі клінінг для сябе. Прыходзім дадому праз 7 гадзін, а кватэра літаральна ззяе чысцінёй. І ў цябе такі «вау-эфект», настрой падымаецца. Тады я падумаў: аказваецца, не так і складана зрабіць карыснае і прыемнае, прынесці людзям крышачку шчасця, і за гэта яшчэ і грошы атрымаць!

Лічыцца, што клінінгавы бізнес мае нізкі парог уваходжання — то-бок не патрэбна шмат укладанняў, каб пачаць яго.

— Але гэта толькі на першы погляд. Паколькі сама работа архіцяжкая менавіта фізічна, манатонная, так бы мовіць, брутальная, ілюзіі вельмі хутка рассейваюцца. Так, вялікія інвестыцыі не патрэбныя, але патрэбна працаваць, працаваць і працаваць. Тут не атрымаецца зрабіць выгляд, што ты працаваў, адседзецца за паперкамі. Вынік работы або відаць, або не. А гэта значыць, кожны заказ рэальна павінен быць адпрацаваны. Калі ў прыборцы трохпакаёвай кватэры пазначана сем гадзін работы, то іх як мінімум будзе сем, а магчыма, і яшчэ больш. Няшмат патрэбна інвестыцый, але вельмі шмат — унутраных сіл, каб пачаць і працягваць.

Дарэчы, кожны клінер у кампаніі мае рэйтынг, на які ўплываюць ацэнкі, што выстаўляюць кліенты. Ці капрызныя яны? Не, кажа суразмоўнік. Бываюць нематываваныя прэтэнзіі, але суадносіны людзей з адэкватнымі патрабаваннямі і аматараў неабгрунтаваных прыдзірак — прыкладна 80 на 20.

Ключавыя якасці клінера — добразычлівасць, стараннасць, жаданне працаваць. І, зразумела, адсутнасць грэблівасці.

— Мы як хірургі, — адзначае Алесь. — Не разважаем: а як жа так! А як да гэтага падступіцца?! Раз трэба зрабіць — бярэш і робіш.

Хто заказвае клінінг

Што могуць клінеры? У прынцыпе, усё, што заўгодна! Зрабіць генеральную прыборку і адмыць ад тлушчу закарэлую кухню (у тым ліку духоўку, халадзільнік, іншыя бытавыя прылады — усярэдзіне і звонку), зрабіць так, каб ззялі чысцінёй самыя запушчаныя санвузлы, памыць вокны і прыбраць пасля рамонту. І нават папрасаваць бялізну і памыць посуд. Часам прыходзіцца прыбіраць нават у маргінальных кватэрах, дзе бруд назапашваўся дзесяцігоддзямі, расказвае Таццяна. Дапусцім, атрымалі людзі ў спадчыну такую кватэру — і разумеюць, што без клінераў ім яе да ладу не давесці. Затое менавіта ў такім жытле вынік работы зусім відавочны — той самы «вау-эфект», калі кліенты кажуць: «Аказваецца, кватэра не такая і жахлівая, можна выстаўляць яе на продаж нават без рамонту».

Клінінг — сфера пераважна жаночая.

Гадзіна работы клінера каштуе па Мінску каля 20 рублёў. Сярэдні чэк на сённяшні дзень — каля 120 рублёў. А ў цэлым, расцэнкі ў сферы клінінгу сёння досыць прымальныя. Напрыклад, так званая падтрымальная прыборка трохпакаёвай кватэры каштуе каля 100 рублёў, аднапакаёвай — 55 рублёў, поўная прыборка кухні (вельмі запатрабаваная паслуга) — 89 рублёў. Плюс сістэма зніжак для пастаянных кліентаў. Плюс сацыяльная зніжка для пенсіянераў.

— Для людзей, якія нас выбіраюць, выклікаць клінінг танней, чым марнаваць час на самастойную прыборку: за тыя ж 5-6 гадзін яны заробяць больш, чым заплацяць клінеру, — кажа Алесь.

Аднак тое, што кліенты клінінгавых кампаній — асобы з дастаткам вышэй за сярэдні, устарэлы стэрэатып. На самай справе, гэта вельмі розныя людзі: мужчыны і жанчыны, прадстаўнікі многіх сфер, маладыя мамы і нават пенсіянеры.

— Сярод нашых кліентаў шмат спецыялістаў ІT-сферы, ёсць блогеры, дызайнеры, архітэктары, медыкі. Ніхто з іх — не гультай. Гэта людзі, якім неабходна вызваліцца ад бытавых пытанняў, каб мець час на нешта іншае — набыццё новых ведаў і павышэнне кваліфікацыі, або, напрыклад, выхаванне дзяцей ці ўнукаў.

Рука і сэрца ў якасці падзякі

Як правіла, прыборка займае не менш за 5-7 гадзін. Гаспадары прысутнічаюць або не прысутнічаюць — гэта залежыць выключна ад іх жадання. Звычайна, кажа Алесь, людзі абіраюць заняцца сваімі справамі за межамі кватэры. Але маладым мамам або пенсіянерам часцей прыходзіцца падчас прыборкі заставацца дома. Бывае, расказваюць клінеры, гаспадар адчувае смак і пачынае дапамагаць клінерам прыбіраць. А часам просіць клінера пагутарыць з ім. Гэта якраз мамы ў дэкрэце, якім не хапае зносін (амаль увесь час з імі толькі немаўля, а тут новы чалавек прыйшоў: як з ім не папіць чаю?). Альбо пенсіянеры — яны літаральна ходзяць за клінерам, расказваючы пра падзеі свайго жыцця.

— Здараецца, мы вяртаемся з прыборкі не стомленымі, а наадварот, нібы напоўненымі — настолькі цікавыя людзі нам сустракаюцца, — расказвае Таццяна.

Што вельмі строга забаронена клінеру — дык гэта абмяркоўваць паміж сабой альбо з кліентам жытло і яго ахайнасць.

— Зразумела, жытло чалавека — у многім адлюстраванне яго ўнутранага свету, — кажа Алесь. — Але мы ніякіх высноў не робім і нічога не каментуем (гэта, дарэчы, прапісана ў рэгламенце кампаніі). Нават калі кліент сам аб гэтым просіць. Бывае, людзі пытаюцца: «Вы думаеце, я неахайны?». На гэта клінер можа толькі тактоўна адказаць, што будзе рады, калі кліенту спадабаецца яго работа. Кропка. Тым больш, мы ж не ведаем усіх акалічнасцяў жыцця чалавека. І не маем права ставіць яму нейкія адзнакі.

Смешных сітуацый у рабоце клінераў бывае нямала.

— Аднойчы гаспадар спрабаваў пераканаць нашага клінера збегаць у краму па гарэлку, каб адзначыць разам вынік прыборкі. А адзін кліент нават зрабіў нашай дзяўчыне прапанову рукі і сэрца. Жанюся, кажа, і кватэру на цябе адпішу, — расказвае Таццяна.

Але часцей у якасці падзякі кліенты проста пакідаюць клінеру чаявыя, і часам яны нават большыя, чым кошт прыборкі — калі дасягнуты той самы эфект «Ух ты, якая прыгажосць!».

А вось непаважлівага стаўлення да клінераў з боку кліентаў не было ні разу, кажа Алесь.

— Дзякуй богу, з такім не сутыкаліся. Мне падаецца, беларусам увогуле ўласцівыя высакародныя паводзіны. Яны разумеюць, што любая праца заслугоўвае павагі, калі выконваецца якасна.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.