Вы тут

На п'едэстале — беларуская гімнастыка


У традыцыйным аглядзе «Звязды» расказваем важныя спартыўныя навіны.


Перамога тыдня. Беларус Ягор Шарамкоў стаў уладальнікам двух медалёў адкрытага Кубка Расіі, які праходзіў у Калузе. Нягледзячы на высокую канкурэнцыю, 23-гадовы беларускі гімнаст здолеў выйграць вольныя практыкаванні, набраўшы 14,400 бала. Ягор Шарамкоў змог апярэдзіць расійскіх спартсменаў Кірыла Пракоп'ева (14,366), Даніэла Марынава (13,933) і алімпійскага чэмпіёна Давіда Бяляўскага (13,700). У апорным скачку лідар беларускай каманды заваяваў бронзавы медаль, набраўшы 14,350 бала. Яго апярэдзілі яшчэ адзін трыумфатар Алімпіяды Дзяніс Аблязін (14,566) і ўзыходзячая зорка расійскай спартыўнай гімнастыкі Даніэл Марынаў (14,533). Яшчэ адзін беларус Аляксей Селязнёў заняў у фінале 7-е месца (13,533).

Турнір тыдня. У Мінску прайшоў трэці этап міжнароднага турніру «Кубак Паўла Ляднёва» па сучасным пяціборстве з удзелам беларускіх і расійскіх спартсменаў. У мужчынскім фінале перамог расіянін Аляксандр Ліфанаў, другое і трэцяе месца занялі прадстаўнікі Беларусі Максім Марук і Яўген Арол. У камандным першынстве найлепшымі сталі пяціборцы з першай зборнай Беларусі — Марук, Арол, Ілья Палазкоў і Уладзіслаў Несцераў (4515 ачкоў). На другім месцы размясцілася каманда «Расія-2» (4478), «бронза» — у першай зборнай Расіі (4469).

У жаночым заліку пераможцай турніру стала беларуская спартсменка Настасся Пракапенка, на другім месцы — яшчэ адна беларуска Ірына Прасянцова. Трэці вынік паказала Гульназ Губайдуліна з Расіі. У камандным турніры найлепшую суму балаў набрала першая зборная Беларусі.

Следам за Кубкам Ляднёва з 13 да 20 ліпеня ў Мінску пройдзе міжнародны турнір па пяціборстве «Кубак Дружбы» сярод юнакоў і дзяўчат да 17 і да 19 гадоў. Акрамя беларусаў, удзел у спаборніцтвах возьмуць наймацнейшыя расійскія юніёры.

Героі тыдня. Беларускія спартсмены выступілі на адкрытым чэмпіянаце Расіі па цяжкай атлетыцы, які прайшоў у Хабараўску. У вагавой катэгорыі да 55 кг у жанчын «золата» заваявала Юлія Гуліна, у дваяборстве яна паказала вынік у 167 кілаграмаў. Бронзавы медаль у катэгоырі да 64 кг дастаўся яшчэ адной беларусцы Дзіяне Майсеевіч, яе сума ў рыўку і штуршку — 197 кг. Чэмпіёнам у катэгорыі звыш 109 кг стаў Эдуард Зязюлін, у суме ён набраў 425 кг. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2016 года Дар'я Навумава стала пераможцай у катэгорыі да 76 кг, паказаўшы вынік у 228 кг па суме двух практыкаванняў. Таксама на рахунку беларускай каманды два трэція месцы: Дзіна Сазановец (да 71 кг) і Дзіяна Мінкова (да 81 кг), а таксама Ілья Жарноўскі (да 73 кг). Акрамя таго, пераможцамі турніру сталі Павел Хадасевіч (да 89 кг) і Пётр Асаёнак (да 96 кг).

Гераіні тыдня. У іспанскім Плая-дэ-Ара завяршыўся міжнародны турнір па мастацкай гімнастыцы, у якім удзельнічалі і беларускія спартсменкі. Аліна Гарнасько заваявала пяць узнагарод, чатыры з якіх залатыя. Беларуска набрала найбольшую суму балаў у мнагаборстве, а таксама стала найлепшай у практыкаваннях з мячом, булавамі і стужкай. У мнагаборстве беларускі занялі ўвесь п'едэстал: Аліна Гарнасько — на першым месцы, Яна Стрыга — на другім і Дар'я Ткачова — на трэцім. У спаборніцтвах юніёрак не было роўных Аліне Рэчкінай. Акрамя мнагаборства, беларуска набрала найлепшыя балы па выніках кампазіцый з мячом, абручом і булавамі.

Поспех тыдня. На тэрыторыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень» прайшоў адкрыты чэмпіянат Беларусі па веласпорце на шашы. На старт выходзілі прадстаўнікі зборных абласцей Беларусі і Мінска, расійскія спартсмены. Беларус Яўген Каралёк стаў чэмпіёнам ва індывідуальнай гонцы на 25 км, на другім месцы — яго суайчыннік Раман Раманаў. Замкнуў тройку прызёраў расіянін Канстанцін Някрасаў. Наймацнейшай сярод жанчын была Ганна Церах з Мінска; Анастасія Кіпцікава (Віцебская вобласць) і Таісія Насковіч (Брэсцкая вобласць) занялі другое і трэцяе месцы адпаведна. Пераможцам заезду на час сярод юніёраў стаў Кірыл Гуцко (Гомельская вобласць), у юніёрак найлепшыя секунды паказала Паліна Конрад (Магілёўская вобласць). Чэмпіёнамі ў маладзёжным заліку сталі Марк Грынкевіч з Гродзенскай вобласці і мінчанка Аліна Абраменка. У змяшанай каманднай эстафеце на 50 км перамогу атрымала зборная Беларусі, якую прадстаўлялі Яўген Собаль, Раман Раманаў, Марк Грынкевіч, Ганна Церах, Анастасія Кіпцікава і Ірына Чуянкова.

Дакумент тыдня. Нацыянальныя Паралімпійскія камітэты Беларусі і Расіі падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы развіцця паралімпійскага спорту. Свае подпісы пад дакументам паставілі старшыня Паралімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Алег Шэпель і прэзідэнт Паралімпійскага камітэта Расіі Павел Ражкоў.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».