Вы тут

Археалагічны комплекс «Юравічы» абзавёўся «першабытнымі людзьмі»


Археалагічны комплекс «Юравічы» абзавёўся сваімі «першабытнымі людзьмі». Загадчык музея — стаянкі першабытнага чалавека пад адкрытым небам Марыя Шкробат, рыхтуючыся да прыезду турыстаў, ператвараецца ў краманьёнца. Яе рыштунак няхітры — cкуры жывёлін, дзіда і «баявая» расфарбоўка — і ад прыхільнікаў эфектнага сэлфі з «першабытнай» дзяўчынай няма адбою.


Пры жаданні турысты і самі могуць тут пераадзецца ў краманьёнцаў і паўдзельнічаць у анімацыйнай праграме. Уражваць публіку дапамагаюць дзяўчынкі з Дома творчасці. Дарэчы, мясцовыя дзеткі, а таксама рамеснікі, вырашылі і праблему з «сувеніркай» — юныя творцы робяць фігуркі мамантаў, тэматычныя магніты і ўпрыгажэнні. Сродкі, атрыманыя ад продажу, ідуць на закупку разнастайных матэрыялаў, неабходных для заняткаў творчасцю.

Юравічы даследуюцца ўжо каля сотні гадоў. Менавіта тут знойдзена найстаражытнейшая стаянка — людзі абжылі дадзеную тэрыторыю больш за 26 тысяч гадоў таму. Знаходкі падказалі даследчыкам, якім было жытло ў час позняга палеаліту, якімі былі заняткі першабытнага чалавека і якімі прыстасаваннямі ён карыстаўся. Узнавіць фрагмент з жыцця старажытных насельнікаў у ледавіковы перыяд дапамагае панарама ў экспазіцыйным павільёне. Дарэчы, ён адкрыты на тым месцы, дзе падчас раскопак былі знойдзены косці маманта.

Натуральна, у музеі пад адкрытым небам няма магчымасці стварыць умовы для захоўвання артэфактаў, але тут на дапамогу прыйшла мясцовая школа-сад — у яе музеі сабрана багата артэфактаў, што датычацца гісторыі Юравіч, сярод іх у тым ліку і зуб маманта, які важыць пад 4 кілаграмы.

Акрамя павільёну, музей пад адкрытым небам уключае тэрасу і назіральную пляцоўку. Экспазіцыя размясцілася на 150 квадратных метрах, ужо даследаваныя археолагамі. Каб забрацца на Юравіцкую гару, што ўзвышаецца на 25 метраў, трэба пераадолець 120 прыступак. Цікавінкі размяшчаюцца на трох ярусах. На сярэднім створана пляцоўка, яна дазваляе рабіць прадстаўленне для турыстаў. Тут можна заспець за імправізаваным вогнішчам «першабытных людзей», сфатаграфавацца з фігурай маманта, якую, дарэчы, зрабіў мясцовы майстар, і з вышыні Юравіцкай гары палюбавацца краявідамі. Адсюль можна нават убачыць Мазыр, які знаходзіцца за дваццаць кіламетраў.

Археалагічны комплекс цікавы не толькі знаходкамі, звязанымі з часамі мамантаў і першабытных людзей. На вышыні ўзгорка размешчана сярэдневяковае гарадзішча Х—ХІІІ стагоддзя. Старажытны горад, які тут знаходзіўся, займаў тэрыторыю каля 7-8 гектараў. Тут знойдзены дзяцінец і вакольны горад. Наконт назвы гэтага старажытнага горада ўзнікла шмат спрэчак. Сярод версій — Межымосце, Юравічы (Юр'еўград), Відовічы і нават Тураў (побач працякае рака Тур'я). Унікальны археалагічны комплекс уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Матэрыял падрыхтаваны падчас семінара Нацыянальнага агенцтва па турызме, прысвечанага турыстычнаму патэнцыялу Гомельскай вобласці.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.