Вы тут

Спявачка Ганна Трубяцкая: Здзяйсняецца тое, у што верыш


Чароўны і моцны голас, перакананасць ва ўласным выбары і дакладнае ўяўленне, чаго хочаш дасягнуць. Так можна акрэсліць сакрэт сённяшняга поспеху Ганны Трубяцкой. Сёлета спявачка прадстаўляе Беларусь на Міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў «Віцебск-2022». Мы сустрэліся напярэдадні фестывалю, каб пагаварыць пра творчасць, жаночую прыгажосць і сям’ю, без якіх спявачка мела б зусім іншую жыццёвую гісторыю.


Я не гатовая працаваць з прадзюсарам

— Лета — пара адпачынку. Якім яно будзе ў Вас?

— Зараз актыўна рыхтуюся да «Славянскага базару». Так што адпачынак гэтым летам мне хіба толькі сніцца; плануецца вялікая колькасць канцэртных выступленняў. Я вельмі рада сваёй запатрабаванасці і ўдзячная кожнаму рэжысёру, які кліча і хоча бачыць мяне на сваіх мерапрыемствах. Зараз у мяне тое жыццё, пра якое марыць любы артыст. Для мяне гэта лета будзе гарачым і асаблівым! 

— Зусім мала часу засталося да «Славянскага базару», які ў Вас настрой і як ідзе падрыхтоўка?

— Я кожную раніцу пачынаю з уяўлення, як усё пройдзе. Два гады таму думала: як хочацца апынуцца на сцэне «Славянскага базару» і ці магу там стаяць. А сёння я ўжо спрабую ўявіць, як прыме мяне зала, як адрэагуюць гледачы і журы на падрыхтаваны сюрпрыз? А што датычыцца падрыхтоўкі, то маё жыццё і мае думкі на 95 % заняты зараз будучым конкурсам. 

— Вы верыце ў візуалізацыю, якая сёння, можна сказаць, з’яўляецца пэўным трэндам?

— Так, веру, бо на ўласным вопыце неаднаразова пераконвалася, што такі метад працуе. Калі чагосьці па-сапраўднаму жадаеш, то заўсёды тое атрымаеш. У мяне ўсё спрацоўвае толькі тады, калі адпускаю свае думкі і эмоцыі ў космас. Напрыклад, яшчэ два гады таму я сядзела ў Амфітэатры ў Віцебску, назірала за выступленнем Прэзідэнцкага аркестра і марыла аднойчы папрацаваць з ім. Я з захапленнем назірала за кожным жэстам Віталя Рыгоравіча і яго ўзаемадзеяннем з аркестрам. А вось усё складваецца так, што ў мяне сольны канцэрт у Палацы Рэспублікі з гэтым калектывам. Такая ж візуалізацыя ў мяне была і наконт таго, каб прадстаўляць Беларусь у Віцебску, і з першай спробы ў мяне атрымалася перамагчы.

— Зараз Вашай падрыхтоўкай да конкурсу займаецца прадзюсарскі цэнтр «Спамаш». Ці цікава было б Вам працягваць гэтае супрацоўніцтва?

— Гэта больш сяброўскі, партнёрскі тандэм, які склаўся ў сілу збегу акалічнасцяў. Прадзюсарскі цэнтр рыхтуе да конкурса свайго падапечнага Елісея Касіча. Плюс у мяне добрыя адносіны з Анжалінай Мікульскай (рэжысёрам майго сольнага канцэрту «Слухаць сэрцам»), у прадзюсарскім цэнтры я ўжо запісвала некаторыя свае песні, да таго Мінкультуры прапанаваў «Спамашу» сумесную падрыхтоўку ўдзельнікаў конкурсаў «Славянскага базару». Так што папярэдняе знаёмства перарасло ў ідэю працаваць разам. І іх падтрымка для мяне вельмі важная і каштоўная.

Ці патрэбен мне ўвогуле прадзюсар? Мабыць, не: я чалавек, які зрабіў сябе сам. Безумоўна, за маім вопытам стаяць педагогі па вакале, мае родныя, блізкія і сябры, якія заўсёды дапамагалі і падтрымлівалі. Я з дзяцінства імкнулася ўдзельнічаць у розных конкурсах і праектах, ніколі не адмаўлялася ад выступленняў на канцэртах. Я сольная артыстка з уласным іменем, і за мной ніхто не стаіць, каго я не магла б назваць. Але на дадзеным этапе я не гатовая працаваць з прадзюсарам, які будзе вырашаць усё за мяне. 

Пры гэтым ёсць людзі, якім я ўдзячна за неабыякавасць да маёй творчасці і далейшага творчага лёсу. Так, тры гады таму рэжысёр Агата Мацко і музычны кіраўнік гэтай рэжыссёрскай группы Яўген Курчыч запрасілі мяне на канцэрт да 3 ліпеня. А Максім Прыхадоўскі на Дні беларускага пісьменства ў Капылі прапанаваў зрабіць сольны канцэрт у Палацы Рэспублікі. Ёсць многа іншых людзей, якія дапамагаюць мне быць на сцэне, запрашаюць на свае мерапрыемствы. Таму і наш творчы тандэм са «Спамашам» працягне сваё жыццё на ўмовах, якія задавальняюць абодва бакі.

— А калі глядзець з пазіцыі фінансавай падтрымкі, ці не выгадна абраць такі шлях?

— Гэта, безумоўна, выгадна, але за такім выбарам хаваецца і шмат абязацельстваў. Калі за цябе іншыя людзі пішуць песні і плануюць твае выступленні, то яны будуць вырашаць і тое, як ты будзеш праводзіць вольны час. Гэта для мяне адназначна дыскамфортна. Фармат працы з прадзюсарам больш усё ж падыходзіць для артыстаў, якія толькі пачынаюць уласны шлях на эстрадзе. Можа, і я на яго пагадзілася б гадоў так дзесяць таму. Сёння я не была б той, кім з’яўляюся, без людзей, якім імпаную як артыстка.
Час паказаць, чаго ты вартая

— Што Вы адкрылі ў сабе за гады ўдзелу ў конкурсах, акрамя разумення, што можаце перамагаць?

— Памятаю, на адным з конкурсаў у журы сядзеў Уладзімір Каробка, выкладчык на «Фабрыцы зорак». Разумею, што буду выступаць перад чалавекам, які для мяне безумоўны аўтарытэт. Тады я сказала сабе «Аня, ён будзе слухаць цябе толькі тры хвіліны, а пасля прыйдуць іншыя ўдзельнікі. У цябе ёсць толькі гэты час, каб паказаць, чаго ты вартая!» Так я сабралася і выйграла Гран-пры. Кожнае творчае спаборніцтва давала мне вялікі сцэнічны і жыццёвы вопыт.

— Калі да Вас прыйшло адчуванне поспеху? Ці пакуль што Вы на шляху да яго?

— Усведамленне, што я паспяховая артыстка, у мяне складвалася этапамі. Такое адчуванне ёсць у мяне і ў дадзены момант — у параўнанні з мінулым я зараз адчуваю сябе больш запатрабаванай. Усё адносна, і самі крытэрыі паспяховасці мяняюцца ў залежнасці ад вопыту і ўзросту. Я ж не ведаю, што будзе заўтра. Не дай бог страчу голас ці памяняю прафесію, тады і зразумею, калі была на піку свайго поспеху.

— Неяк Вы сказалі, што Вам важна кожную песню ажыўляць па-свойму. Адкуль Вы бераце палітру фарбаў і перажыванняў для непаўторнага выканання, улічваючы даволі юны ўзрост?

— Ведаеце, гэта складваецца з бэкграўнду тых жа конкурсаў. Заўжды хочацца быць не падобнай да канкурэнтаў. Выканаўцаў шмат, і мне хочацца кожны раз укласці ў песню тое, што запомніцца, і, можа, што іншыя возьмуць за прыклад. Тыя ж мае выступленні на «Голасе» некаторыя зараз перапяваюць, і мне прыемна. Знаходзіць сваё ў вядомых кампазіцыях мне дапамагаюць і мой густ як артыста, і жыццёвы вопыт. Я імкнуся знаходзіць свае «фішачкі», каб, пачуўшы песню, слухач адразу разумеў: гэта Аня Трубяцкая. 

— На Ваш погляд, як артыст сёння напрацоўвае сабе рэпутацыю? Ці дастаткова толькі творчасці?

— Артыст перш за ўсё павінен быць асобай, бо ён публічны чалавек, за якім стаіць яго аўдыторыя. Я сама, напрыклад, люблю глядзець інтэрв’ю, чытаць пра вядомых людзей, бо праз гэта я магу зразумець, наколькі той ці іншы творца імпануе мне як чалавек са сваімі поглядамі, каштоўнасцямі. І лічу, што артыст павінен паказваць уласнае «я» і несці аўдыторыі сваю філасофію. Песні з часам прыядаюцца, з’яўляюца новыя. Але калі ты людзям даспадобы як асоба, ім блізкія твае погляды на свет і на жыццё, то яны будуць адданыя табе. Таму так важна быць сумленнай з сабой і са сваёй аўдыторыяй.

— А што для Вас мае большае значэнне: мода ці стыль?

— Мода вельмі хуткаплынная, і кожны разумее яе па-свойму. А стыль напрацоўваецца гадамі. Я сама раней, напрыклад, любіла міні-спадніцы, яркі макіяж, хоць сёння гэтыя рэчы для мяне ўжо па-за межамі. Магчыма, тады проста хацелася хутчэй стаць дарослай. Зараз я імкнуся выглядаць эстэтычна і жаноцка і, перш за ўсё, быць у гармоніі з сабой. Гэта для мяне больш важна, чым нейкія модныя тэндэнцыі, якія сёння ёсць, а заўтра зменяцца на іншыя. Вялікі прыклад у гэтым сэнсе — мая хросная маці. Яна паўплывала на маё жаданне выпрацаваць свой стыль. Нейкія ідэі падглядаю ў сваіх сябровак ці ў тым жа інтэрнэце. І так па крупінках знаходжу тое, у чым адчуваю сябе прыгожай і стыльнай.

Крыўдзіць сябе нікому не дазваляй

— Ведаю, што Вы вельмі цэніце сваю натуральную прыгажосць. Ці былі ў Вас перыяды непрыняцця сябе і як сёння падтрымліваеце сябе ў форме?

— Я заўсёды адчувала сябе сімпатычнай дзяўчынкай, і за гэта вельмі ўдзячна сваёй сям’і. Аднак, што датычыцца прыняцця, то быў перыяд, калі я, скажам, вялася на моду і хадзіла з каляровымі лінзамі, з нарошчанымі павейкамі, чырвонай памадай. Потым прыйшла да разумення: тое, што дадзена ад прыроды, гэта і ёсць сапраўдная прыгажосць. Твая форма вуснаў, носа, колер вачэй — гэта арганічна. Мяне вельмі засмучае, што ў «Інстаграме» многія дзяўчаты на адзін твар. Не трэба імкнуцца да нейкіх прыдуманых ідэалаў. Кожная жанчына прыгожая па-свойму, лепш шукайце ідэал у сабе. 

Я, на жаль, не з тых дзяўчат, хто можа не сачыць за харчаваннем без рызыкі, што гэта адаб’ецца на фігуры. Таму займаюся спортам і рэдка дазваляю свавольствы ў ежы, змагаюся з сабой за тое, каб класціся раней спаць. І ўвогуле, увесь час вучуся новаму ў тых, з кім мяне зводзіць лёс. 

— Маму Вы называеце сваёй сяброўкай. А як бацькі Вас выхоўвалі?

— Нават зрабіць нешта насуперак маме ніколі не ўзнікала жадання: ва ўсім я адчувала яе падтрымку, ведала, што магу пра ўсё з ёй гаварыць. Але была і дысцыпліна. У мяне тата ваенны, таму з ім моцна не разгуляешся. Неяк у нас з ім была размова пра тое, як мне выбудоўваць свае ўзаемаадносіны з іншымі дзецьмі ў школе. Тата сказаў: «Крыўдзіць сябе нікому не дазваляй, але і першай не шукай непрыемнасцяў!» Мне заўсёды давалі права выбару і вызначалі мяжу дазволенага. Я стукалася ў дзверы, перш чым зайсці ў чужы пакой, імкнулася не перабіваць дарослых, хоць і была (ды і засталася) гаварлівай. Словам, расла свабодным дзіцём. Павінна быць свабода выбару, але і безумоўны кантроль жаданняў, бо яны могуць не супадаць. Я, напрыклад, у дзяцінстве вельмі хацела гуляць у двары, а замест гэтага трэба было ісці ў музычную школу ў другую змену. Аднак, дзякуючы бацькам і іх тлумачэнням, чаму так трэба, я сёння маю прафесію. 

— Што для Вас мае вялікае значэнне ва ўзаемаадносінах мужчыны і жанчыны?

— Мне важна адчуваць спакой і апору. І гэта не толькі пра фінасавую забяспечанасць. Гэта і вернасць, жыцёвыя каштоўнасці, агульныя планы і мэты. Для мяне непрымальная легкадумнасць, калі мужчына не ведае, што будзе заўтра. Таксама мне важна адчуванне свабоды. Калі б мне падразалі крылы, то адносіны не склаліся б. Увогуле, калі па нейкіх пазіцыях (колькі дзяцей нараджаць, ці прымальна падымаць на жанчыну руку і гэтак далей) двое ў пары не могуць альбо не хочуць дамовіцца і не знаходзяць паразумення, то і саюза не атрымаецца. 

— Як Вам удаецца падтрымліваць адносіны з улікам, што жывяце на два гарады?

— Я думаю, што, магчыма, мужу часам непроста прымаць тую акалічнасць, што я артыстка і наша жыццё праходзіць на два гарады. Але Святаслаў той чалавек, які разумее і прымае мяне. Я нават жартую часам: ты ж бачыў, што браў. Я заўсёды была актыўнай і на сцэне. Мы мелі час, каб зразумець, кім з’яўляецца кожны з нас. Калі б да вяселля мой муж прымаў маю творчасць, а пасля сказаў, што я павінна пайсці са сцэны і сядзець з дзецьмі дома, то шчаслівага сумеснага жыцця не атрымалася б. Бо ў той жа меры, наколькі мне важныя сям’я і дзеці, мне таксама важна мець магчымасць рэалізоўвацца ў прафесіі. А што да захавання рамантыкі ў адносінах, то адлегласць нават спрацоўвае ў плюс. Мы паспяваем засумаваць адно па адным. Як толькі ў мяне з’яўляецца магчымасць, я адразу ж лячу дадому. Муж можа часам і нечаканым сюрпрызам парадаваць. І ён ведае, што паміж намі — давер, які мы цэнім. 

— Зараз у Вас час актыўнай творчай рэалізацыі. А ці гатовыя Вы ў гэтай гонцы за запатрабаванасцю зрабіць паўзу?

— Самая важная паўза ў жыцці жанчыны-артысткі — гэта дэкрэт. Да гэтага, лічу, трэба падысці адказна і ўсвядомлена. Нараджэнне дзіцяці — вельмі важны крок. І твае дзеці не павінны быць абдзеленыя ўвагай з-за твайго жадання рэалізоўвацца. Таму дзеля нараджэння дзіцяці я гатовая на нейкі час знікнуць са сцэны. А ў любых іншых абставінах ужо буду арыентавацца па сітуацыі, наколькі патрэбна мая прысутнасць і што будзе перавешваць. 

Бліц-апытанне:

  • Уявіце, што за хвіліну да выступлення ў Вас здараецца форс-мажор. Якімі будуць дзеянні?

— Я выйду на сцэну незалежна ад таго, што здарыцца. Калі, напрыклад, зламаецца абцас, то пайду басанож, але ўсё павярну на жарт і сабе ў плюс.

  • Што дазваляе Вам спраўляцца з хваляваннем на сцэне?

— Размова з самой сабой, глыбокі ўдых і цвярозая ацэнка таго, што адбываецца. 

  • Ці верыце Вы ў знакі лёсу?

— Веру, і яны мяне ўвесь час пераследуюць. Што б ні адбывалася, я ведаю, гэта нездарма. 

  • Калі я закаханая, то...

— Мяне не спыніць.

  • Калі жыццё тэатр, то я хачу…

— Быць у ім галоўнай гераіняй!

Алена ДРАПКО

Фота з архіва гераіні

Друкуецца ў часопісе «Алеся».

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.