Вы тут

Лукашэнка: Як ніколі на нас, ваенных, нашы людзі глядзяць з вялікай надзеяй


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ў цырымоніі ўганаравання выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу. Кіраўнік дзяржавы ўручыў пагоны генерал-маёра намесніку камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны Дзмітрыю Міхалапу, генерал-маёру міліцыі — начальніку ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебскага аблвыканкама Андрэю Любімаву, генерал-маёра юстыцыі — начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Эдуарду Маліноўскаму, дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу — начальніку Мінскай рэгіянальнай мытні Сяргею Іванову. Аляксандр Лукашэнка таксама ўручыў спецыяльныя лісты аб аб’яўленні Падзякі Прэзідэнта Беларусі выпускнікам, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы з выдатнымі паказчыкамі ў вучобе.


Вітаючы ўдзельнікаў цырымоніі, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што яны завяршылі навучанне ў няпросты час. Па яго словах, нашым сілавым ведамствам вельмі патрэбныя афіцэры, якія ведаюць сваю справу, адданыя краіне і дзяржаве. 

«Сёння мяняецца не толькі свет, мяняюцца самі арміі, спосабы вядзення ваенных дзеянняў. У войскі паступаюць новыя высокатэхналагічныя ўзоры ўзбраенняў. Інтэлект запатрабаваны як ніколі, што ў сваю чаргу патрабуе не толькі ад афіцэраў, але і ад салдат і сяржантаў глыбокіх ведаў. І такая тэндэнцыя будзе толькі ўзмацняцца. Але перадаць гэтыя веды сваім падначаленым можаце толькі вы. Мы заўсёды гэта разумелі і рабілі адпаведныя высновы. Таму палітыка нашай дзяржавы, накіраваная на падтрымку чалавека ў пагонах і мадэрнізацыю Узброеных Сіл, — галоўнага гаранта суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, была і застаецца нязменнай», — адзначыў Прэзідэнт. 

Беларускі лідар нагадаў, што поспехі ў вайсковым будаўніцтве даліся няпроста. Дваццаць пяць гадоў таму аб прафесіі ваеннага ішло шмат крыватолкаў. Многія з удзельнікаў сённяшняй цырымоніі тады яшчэ не насілі пагоны. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, тады ў так званай ліберальнай прэсе сур’ёзна абмяркоўвалася пытанне «Навошта нам армія?», а святкаванне Дня Перамогі і правядзенне парадаў «прасунутыя» журналісты называлі «победобесием».

«Але ўсё чужое нашаму народу надоўга не прыжываецца і адыходзіць у бок. Прафесія афіцэра сёння ганаровая і паважаная. Застаюцца і захоўваюцца сапраўдныя каштоўнасці: вера, абавязак перад сваім народам, сяброўства на карысць Айчыны», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. Асабліва гэта відаць на прыкладзе міліцыі, куды сёння маладыя людзі ідуць з вялікім жаданнем. 

Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што не затрымаліся ў беларусаў і нядаўнія ідэі Захаду — расхістаць сітуацыю знутры, пасеяць хаос і разбурыць нашу дзяржаву. «Мы змаглі супрацьстаяць ашалеламу ціску на нас з боку тых, хто жадаў дзяржаўнага перавароту праз мяцеж. Вы гэта ўсё назіралі. Разам з сапраўднымі патрыётамі Беларусі мы захавалі мір у нашай краіне. Аднак падзеі, якія сёння разгарнуліся вакол Беларусі і Расіі, патрабуюць гранічнай пільнасці і канцэнтрацыі», — заўважыў ён. 

Прэзідэнт канстатаваў, што краінамі Захаду пры адкрытым дырыжорстве Злучаных Штатаў паслядоўна, метадычна і нават насуперак уласным нацыянальным інтарэсам і жаданням народаў разбураецца сістэма глабальнай бяспекі. У выніку гэтая мэтанакіраваная палітыка прывяла да ваеннага канфлікту ва Украіне. 

«Упэўнены, што падчас вучобы ў ваенных ВНУ вы ўважліва вывучалі развіццё ваенна-палітычнай абстаноўкі і выдатна разумееце тое, што адбываецца на нашых заходніх межах. Пад выглядам узмацнення абароны Еўропы і рознага роду „абарончых“ вучэнняў краінамі НАТА фарміруецца браніраваны кулак, які ствараецца не для абароны. Відаць, наваяўленыя „крыжаносцы“ з Паўночнаатлантычнага альянсу раптам вырашылі, што надыходзіць зручны момант для чарговага „кідка на ўсход“, забыўшыся, чым скончыліся аналагічныя паходы для іх гістарычных папярэднікаў», — заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

Супраць Беларусі развязана поўнамаштабная гібрыдная вайна

Галоўнакамандуючы расказаў, што заходнімі краінамі на зямлі і ў паветры актыўна вядзецца разведка, асвойваецца ваенная лагістыка, праводзяцца вучэнні, перакідваюцца тэхніка і запасы з іншых рэгіёнаў, паралельна павялічваюцца ваенныя бюджэты. Нейтральныя Швецыя і Фінляндыя раптам выказалі жаданне тэрмінова далучыцца да НАТА, і кіраўніцтва блока, насуперак сваім правілам, гатова ў паскораным парадку прыняць іх у альянс. Ён звярнуў увагу, што гэта робіцца, нават не пытаючыся, што думаюць народы гэтых краін. На саміце НАТА, які нядаўна адбыўся, заяўлены намеры прынцыпова ўзмацніць сваю прысутнасць і ўплыў у Еўропе.

«Адначасова нарастае ціск на нас і ў іншых сферах, перш за ўсё ў эканамічнай і інфармацыйнай. Гэта ў чарговы раз пацвярджае — супраць Беларусі развязана поўнамаштабная гібрыдная вайна, якая заўсёды носіць наступальны характар. І ў гэтай вайне задзейнічаныя як нацыянальныя, так і кааліцыйныя структуры паўночнаатлантычнага блока, якія спецыялізуюцца на правядзенні псіхалагічных аперацый і падрыўных дзеянняў у кіберпрасторы», — сказаў Прэзідэнт. 

Кіраўнік дзяржавы таксама заўважыў, што адначасова робяцца спробы раскалоць эканамічныя і палітычныя саюзы, у якія ўваходзяць Беларусь і Расія. Масіраваны ціск прывёў да таго, што, на жаль, некаторыя саюзнікі па АДКБ і СНД займаюць чакальную пазіцыю. «Але пры гэтым палітыка Беларусі не пахіснулася, мы падтрымліваем дыялог з краінамі, якія паважаюць нашае меркаванне і нашы інтарэсы», — сказаў ёню 

Па словах Аляксандра Лукашэнкі, трэба разумець, што свет ранейшым ужо не будзе. Падзеі, якія сёння адбываюцца, — гэта рашучыя крокі па шляху да шматпалярнага светаўладкавання, спынення амерыканскай гегемоніі, у інтарэсах захавання якой нарошчваюцца групоўкі войскаў, падтрымліваецца неанацысцкая ідэалогія і адкрыта фашысцкія рэжымы вакол непажаданых краін. «Нажаль, такая палітыка Захаду набліжае мір да бездані вялікай вайны, у якой пераможцаў не будзе», — канстатаваў ён.

Будзьце вартыя даверу

Галоўнакамандуючы падкрэсліў, што афіцэры прыйдуць у армію і органы кіравання ў перыяд, калі і вуха трэба трымаць востра і порах у парахаўніцах сухім. Ён зрабіў акцэнт на тым, што ніколі яшчэ ў сучаснай гісторыі наша рэспубліка не сутыкалася з такім беспрэцэдэнтным узроўнем пагроз і выклікаў нацыянальнай бяспецы.

«Перакананы, што вы зможаце забяспечыць мірнае жыццё нашых грамадзян і стабільнасць у грамадстве. Як ніколі на нас, ваенных людзей, глядзяць нашы людзі з вялікай надзеяй», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Узброеныя Сілы, іншыя войскі і воінскія фарміраванні — гэта тыя дзяржаўныя інстытуты, якія карыстаюцца вялікай падтрымкай і даверам народа. «Людзі вераць, што мы, афіцэры, зробім усё магчымае, ды і немагчымае для абароны Айчыны. І ў нас няма права іх падвесці. Будзьце ж вартыя гэтага даверу», — дадаў ён. 

Галоўнакамандуючы павіншаваў выпуснікоў з паспяховым заканчэннем вучобы, камандзіраў — з прысваеннем генеральскіх званняў. Ён пажадаў усім моцнага здароўя, міру, дабра, дабрабыту і поспехаў у гэтай цяжкай, але святой справе служэння Айчыне! 

«Мы людзі ваенныя, нас рыхтуюць для вайны, але мы павінны зрабіць усё, каб гэтай вайны не было», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы. 

У тэму

Дзмітрый Міхалап — намеснік камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны:

— Вядома, з дзяцінства марыў стаць ваенным, і мая мара здзейснілася. А званне генерала — гэта не толькі высокая пасада, але і высокая адказнасць і заслуга ўсяго калектыва. Бо пад нашым камандаваннем салдаты, прапаршчыкі, афіцэры выконваюць важныя дзяржаўныя задачы, выконваюць на высокім прафесійным узроўні. Задачы ў нас заўсёды адны — абарона нашай Айчыны, яе паветраных рубяжоў. Мяняюцца толькі ўмовы — у адпаведнасці з ваенна-палітычнай сітуацыяй яны ўскладняюцца. Мы гатовы і аперытаўна рэагуем на ўсе выклікі і пагрозы.

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.