Вы тут

Макар Паслядовіч — пісьменнік інтэрнацыяналізму і братэрства народаў


У букіністычным аддзеле былога Дома паліткнігі (цяпер — кнігарня «Веды» ААТ «Белкніга») натрапіў на кнігу Данілы Бакуменкі «Пераможцы Каспія». Зборнік вершаў і паэм, выдадзены ў «Радзянскім пісьменніку» у Кіеве ў 1961 годзе. Не мог не набыць... 


Прыцягнуў увагу аўтограф: «Шаноўным Ядзвізе Усцінаўне і Макару Трафімавічу Паслядовічам на добрую згадку пра „Кактэбель“, ды на вечную дружбу. Д. Бакуменка. 25. 8. 62 р.» Гэты надпіс — на тытульным лісце, упрыгожаным малюнкам Каспія, зробленым мастаком С. Містэцкім, як відаць па вокладцы і тытульнаму лісту — таленавітым кніжным графікам. 

Макар Паслядовіч (1906 — 1984) — мой зямляк, нарадзіўся на Пухавіччыне. І неяк так склалася, што многія гады драбнічка да драбнічкі збіраю розныя згадкі пра празаіка, публіцыста, перакладчыка, які ў свой час працаваў у «Звяздзе». А ў час Вялікай Айчыннай вайны быў кіраўніком мар’інагорскай падпольнай групы. У 1943 годзе арыштаваны па падазрэнню ў сувязі з партызанамі і адпраўлены на катаржныя работы ў Германію... 

Відавочна, франтавіку і падпольшчыку было пра што пагаварыць на беразе Чорнага мора. Да пачатку 1960 -х гадоў Макар Паслядовіч ужо выдаў нямала кніг. Сярод іх — і раманы «Цёплае дыханне» і «Святло над Ліпскам», напісаныя па матэрыялах вясковага жыцця на Пухавіччыне. У 1961 годзе выйшаў і двухтомны Збор твораў М. Паслядовіча. Паэт Даніла Бакуменка, які ў 1941 быў студэнтам Харкаўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. М. Горкага, на фронт пайшоў добраахвотнікам. І да канца Вялікай Айчыннай вайны быў у дзеючай арміі. Узнагароджаны пяццю баявымі ордэнамі і медалямі. У 1952 годзе закончыў рэдактарскі факультэт Ваенна-Палітычнай Акадэміі імя У. І. Леніна. З арміі зволіўся ў 1961 годзе ў званні падпалкоўніка. І на час сустрэчы з Паслядовічамі ў Кактэбелі працаваў дырэктарам Бюро прапаганды мастацкай літаратуры пры Саюзе пісьменнікаў Украіны. 

Гартаю паэтычны зборнік на ўкраінскай мове — і адкрываю столькі цёплых важкіх слоў пра дружбу, адзінства народаў, пра патрыятычныя памкненні франтавога пакалення ў абароне Савецкай краіны. І як надзвычай узнёсла піша Даніла Бакуменка пра сустрэчу з кацерам, названым імем бессмяротнага марака Левашова, які разам з таварышамі бараніў Малахаў Курган, кінуўся з гранатамі пад фашысцкі танк і знішчыў яго. Творы адпавядаюць назве кнігі: паэт расказвае пра бакінскіх нафтавікоў, вітае іх мужнасць, працавітасць у засваенні нафтавых багаццяў Каспія. Ёсць і твор прысвечаны брыгадзе Героя Сацыялістычнай Працы Акіфа Джафарава — «Камуністычная брыгада». 

Інтэрнацыяналізм, братэрства народаў, дружба прадстаўнікоў розных нацыянальнасцяў, узаемапавага да нацыянальных здабыткаў у культуры і мастацтве — вось што трывала яднала пісьменнікаў франтавога пакалення, людзей, якія на свае вочы бачылі фашысцкія здзекі над сваімі народамі. І былі разам у супрацьстаянні гітлераўцам і іх памагатым. Мо варта часцей зазіраць на старонкі іх, пісьменнікаў франтавога пакалення, твораў?.. І болей верыць ім... 

Кастусь ХАДЫКА

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні магчымыя даволі няпростыя сітуацыі.

Здароўе

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Што такое цыркадныя рытмы чалавека і як яны на нас уплываюць?

Разбіраемся разам з урачом па медыцынскай прафілактыцы.