Вы тут

Дзе адпачываюць дзеці?


Больш за 650 лагераў розных тыпаў гэтым летам прымае на аздараўленне сталічных школьнікаў. Трэба сказаць, што сёлета асаблівы попыт на дзіцячы адпачынак. Ужо ў сакавіку—красавіку ў большасці летнікаў месцы былі забраніраваны.


Як паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Мінскага гарадскога ўпраўлення Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Валерый Нафрановіч, ва ўсіх лагерах плануецца аздаравіць у летні перыяд каля 63 з паловай тысячы дзяцей. Больш за 60 працэнтаў з іх накіруецца за межы сталіцы ў лагеры з кругласутачным знаходжаннем.

31 загарадны летнік за змену здольны прыняць каля васьмі з паловай тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Наогул за час канікул такім чынам аздаровіцца больш за 30 тысяч дзяцей. Гэта стала магчыма дзякуючы таму, што дарослыя паклапаціліся пра захаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы летнікаў. На працягу чатырох гадоў на яе падтрымку выдзялялася паўтара мільёна рублёў. Сёлета ўласнікі са сваіх сродкаў выдаткавалі яшчэ 5 мільёнаў на стварэнне камфартабельных і дастойных умоў для адпачынку юных беларусаў. На памяншэнне кошту пуцёвак гарадскім упраўленнем цэнтра па санаторна-курортным лячэнні будзе накіравана каля 11 мільёнаў рублёў.

Месцаў для загараднага адпачынку стала больш. Так, пасля рэканструкцыі адкрыўся аздараўленчы лагер «Агеньчык» у Ждановічах. Пачаў прымаць дзяцей лагер «На ростанях», які тры гады не функцыянаваў. У апошнім пераважна будуць адпачываць юныя спартсмены. Тут пабудаваны спартыўны стадыён, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі.

Сёлета адбылося далучэнне аздараўленчага лагера «Купалінка» да лагера «Гарызонт». Як вынік: у краіне з'явілася ўнікальная база, здольная прыняць за змену 1600 дзяцей. Кожны заезд школьнікаў — эфектная падзея, уявіце: сюды адначасова кіруецца больш за 36 аўтобусаў.

Сёлета лагеры прымаюць дзятву не толькі ў 3-4 змены, многія з іх працуюць у пяцізменным рэжыме.

Некаторыя дзеці падчас канікулаў выбіраюцца ў профільныя лагеры. Лідзіруюць спартыўна-аздараўленчыя заезды (за лета плануецца прыняць каля 11 тысяч юных спартсменаў).

Развіваецца ваенна-патрыятычны кірунак. Ужо дзявяты год лагер «Патрыёт» збірае падлеткаў, якія патрабуюць асаблівай сацыяльна-педагагічнай увагі.

Будзе арганізавана больш за 90 лагераў працы і адпачынку. На кантролі цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні — арганізацыя адпачынку сацыяльна неабароненай катэгорыі дзяцей. За лета плануецца аздаравіць каля 1400 сірот і каля тысячы дзяцей-інвалідаў.

Традыцыйным становіцца аздараўленне дзяцей у суправаджэнні аднаго з бацькоў, прычым гэты кірунак аплачваецца цалкам з гарадскога бюджэту.

Сёлета на базу аздараўленчага цэнтра «Энергетык» у чатыры змены заязджаюць малыя з цукровым дыябетам. На базе санаторыя «Зялёны бор» чакаюць пацыентаў з паталогіямі сэрца.

Ва ўзаемадзеянні з Беларускім Чырвоным Крыжам на базе лагера «Гарызонт» у пятую змену плануецца аздаравіць дзетак, якія прыедуць з Данецкай і Луганскай народных рэспублік. Адпачынак будзе аплачаны за кошт спонсара.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.