Вы тут

Калі разрад можа стаць смяротным. Як паводзіць сябе падчас навальніцы


Ахвяры стыхіі

Летась у адзін з ліпеньскіх дзён трагедыя адбылася каля возера ў Стайках, што непадалёку ад Мінска. Кампанія маладых людзей адпачывала каля вадаёма. Раптам пачалася навальніца. Моладзь не прыдумала нічога лепшага, як схавацца пад вялізным разгалістым дубам. А як вядома нам яшчэ з дзяцінства, хавацца падчас навальніцы пад дрэвам катэгарычна забараняецца: маланка вельмі часта сюды трапляе. Асабліва электрычны зарад прыцягваюць высокія і магутныя дрэвы — акурат такія, як дуб.


У гэтай сітуацыі менавіта так і адбылося. Ад удару маланкі ў дрэва дзяўчына 1996 года нараджэння загінула на месцы. Чатыры маладыя чалавекі атрымалі моцныя электратраўмы. Мінскія ўрачы зрабілі ўсё магчымае, каб захаваць здароўе маладым людзям.

Два гады таму ад удару маланкі загінуў 82-гадовы жыхар Мёрскага раёна. Следчыя высветлілі, што пенсіянер каля свайго дачнага ўчастка вёў у руках веласіпед, што падчас навальніцы забараняецца.

Навальнічны разрад маланкі можа стаць і прычынай пажару. Аднак гэта бывае нячаста. У маі ў пасёлку Чырвоная Даліна, што ў Салігорскім раёне, агнём быў знішчаны дах і пашкоджана перакрыцце жылога дома. На момант пажару ўнутры знаходзіўся мужчына. Калі ў хаце знікла электрычнасць і ў адным з пакояў пачала чарнець столь, гаспадар выйшаў на вуліцу. Аднак ратавальнікаў можна было ўжо не выклікаць — мужчыну апярэдзілі суседзі.

У гаспадарчую пабудову трапіла маланка і ў вёсцы Семежава Капыльскага раёна. Аб узгаранні ў МНС паведаміла жанчына, якая з'яўлялася суседкай гаспадароў пабудовы. Пад пагрозай знаходзілася і іх хата, аднак ратавальнікі, якія аператыўна прыбылі на месца здарэння, там пажару не дапусцілі.

Правілы паводзін

Калі непагадзь застала вас на вуліцы, пакіньце адкрытую прастору і схавайцеся ў памяшканні або ў пад'ездзе любога дома. Вырашылі перачакаць пад казырком будынка — не дакранайцеся да сцяны. Не карыстайцеся падчас навальніцы мабільным тэлефонам. Не стойце паблізу высокіх слупоў, рэкламных шчытоў. Нельга бегаць, ездзіць на веласіпедзе, мапедзе, матацыкле і роліках.

— Першае і самае галоўнае — варта пазбягаць дрэў і хісткіх будынкаў: моцны вецер без цяжкасцяў можа іх паваліць, — звяртае ўвагу афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Яўген БАРАНОЎСКІ. — Таксама ёсць высокая рызыка пацярпець ад дрэва, якое ўпала, або апынуцца пад абломкамі будынка. Ёсць і іншыя збудаванні, якія могуць складаць пагрозу падчас непагадзі. У прыватнасці, лініі электраперадачы, якія могуць быць сарваныя ветрам. Ад трубаправодаў, мастоў і эстакад таксама варта трымацца далей.

Калі непагадзь застала вас дома, гэта не азначае, што можна расслабіцца. Пры моцным, шквалістым ветры варта зачыніць вокны. Адключыце ўсе электрапрыборы і выцягніце штэкер вонкавай антэны з тэлевізара, спыніце тэлефонныя размовы. Паспрабуйце ліквідаваць скразнякі, шчыльна зачыніце вокны і коміны. Не размяшчайцеся каля акна, печы, масіўных металічных прадметаў, на даху і паддашку, не датыкайцеся да прыбораў ацяплення. Таксама не рэкамендуецца ў час навальніцы прымаць ванну ці душ, мыць посуд.

Калі ж з непагаддзю сутыкнуліся, едучы на аўтамабілі, рух неабходна спыніць. Зачыніце ў машыне вокны, апусціце антэну, заглушыце рухавік і перачакайце навальніцу ў салоне. Важна не дакранацца да ручак дзвярэй і іншых металічных прадметаў. Не варта браць у рукі і мабільны тэлефон. Ратавальнікі рэкамендуюць падчас непагадзі паркаваць машыну далёка ад дрэў і збудаванняў, якія падчас моцнага ветру могуць пашкодзіць аўтатранспарт.

Так здарылася, што навальніца заспела вас у лесе і дахаты вяртацца далёка? Паспрабуйце трымацца падалей ад высокіх дрэў, якія стаяць асобна. Часцей за ўсё маланка трапляе ў дубы, таполі і вязы, радзей — у бярозы і клёны. Уладкуйцеся паміж нізкарослымі дрэвамі з густымі кронамі. Выбіраючы сабе ўкрыццё, звярніце ўвагу, каб побач не было расколатых дрэў, раней пашкоджаных навальніцай: маланка сюды можа трапіць яшчэ раз. Нельга знаходзіцца і каля вогнішча: слуп гарачага паветра — добры праваднік электрычнасці.

— Не стойце на ўзвышшах, каля апор ліній электраперадачы і пад правадамі, — заўважае афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Анастасія ШВАЙБОВІЧ. — Будучы ў чыстым полі, пашукайце яму або яр. Калі ніякіх заглыбленняў паблізу няма, прысядзьце як мага ніжэй ці ляжце на зямлю. Не хавайцеся ў стозе сена ці саломы, у закінутых адзіночных бараках ці хлявах. Не хадзіце басанож і не падымайце над галавой прадметы, якія праводзяць ток: рыдлёўкі, матыкі, косы.

Знаходзячыся падчас навальніцы на вадаёме, трэба выйсці з вады, адысці падалей ад берага і схавацца ва ўкрыцці. Тым, хто плыве ў лодцы, ратавальнікі раяць веславаць да берага. Калі гэта немагчыма, лодку патрэбна абсушыць. Пры наяўнасці ахоўнага тэнта неабходна яго падняць. Калі ёсць сухое адзенне, лепш пераадзецца. Затым варта сесці падалей ад мачтаў і падкласці пад сябе выратавальную камізэльку або боты. Рыбалку падчас навальніцы неабходна спыніць: снасці з'яўляюцца правадніком для электрычнасці.

Лепш за ўсё, калі бачыце, што ідзе навальніца, заставацца дома. «Каб зразумець, набліжаецца навальнічны фронт ці аддаляецца, трэба засекчы час паміж водбліскамі маланкі і грукатам, — рэкамендуе Яўген Бараноўскі. — За тры секунды гук праходзіць адлегласць у адзін кіламетр. Калі час ад успышкі маланкі да грому пачынае памяншацца, значыць, навальніца набліжаецца. Такім чынам можна разлічыць прыблізную адлегласць да эпіцэнтра навальніцы і засцерагчы сябе. Самая вялікая небяспека ўзнікае тады, калі адразу за водбліскам маланкі гучыць гром — гэта значыць, навальнічнае воблака знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці».

Вераніка КАНЮТА


Што рабіць, калі ўдарыла маланка:

  • хутка вызначце стан пацярпелага;
  • неадкладна правядзіце рэанімацыйныя мерапрыемствы: штучнае дыханне, непрамы масаж сэрца;
  • сагрэйце пацярпелага;
  • апрацуйце месцы апёкаў і спадарожныя раны;
  • дайце анальгін;
  • тэрмінова дастаўце пацярпелага ў бальніцу.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.