Вы тут

Экспазіцыю Альгерда Малішэўскага падтрымалі сваімі творамі яго вучні


Выставачны праект «Альгерд Малішэўскі. Эпоха...» прымеркаваны да 100-гадовага юбілею майстра, які быў настаўнікам шмат каго з беларускіх мастакоў, што паспахова працуюць цяпер. Нездарма выстаўка атрымалася вялікай і змястоўнай — побач з работамі. Малішэўскага змешчаныя творы яго вядомых вучняў, кожны з якіх — знаная асоба ў айчыннай творчай прасторы. За кошт іх праект выходзіць за межы адной эпохі, а сягае ў нашы дні — гэтым ён адметны і асабліва цікавы. 


Альгерд Малішэўскі выкладаў у Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. Глебава з 1953 па 1981 гады. Пайшоў з жыцця ён рана, у 67 гадоў, але дагэтуль вучні і знаёмыя ўзгадваюць яго як вельмі неардынарную асобу. 

— Ёсць шмат мастакоў і мастацтвазнаўцаў, якія яго памятаюць, былі ў яго ў майстэрні. З ім было цікава размаўляць. Гэта была каларытная асоба, яго памятаюць як франта, таму што любіў ярка апранацца, нават акуляры ў яго былі прыгожыя, — узгадвала напярэдадні адрыцця выстаўкі першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. — Альгерд Малішэўскі — гэта сапраўды цэлая эпоха ў мастацтве, ён захапіў большую частку ХХ стагоддзя. Яго работы ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі, у Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва. Але там яны прадстаўлены не ў такім аб’еме і маштабе, у якім яго можна паказаць. Дзеля гэтага арганізаваная вялікая выстаўка ў Палацы мастацтва. На ёй прадстаўлены творы розных перыядаў. Мы ўразіліся тым, што ў свой час Альгерд Адамавіч не быў па-за ўвагай, не абдзелены закупкамі. Вялікая частка яго работ — каля 30 — захоўваецца ў фондах саюза мастакоў — гэта маштабныя творы. Быў час, калі мастакі выказваліся вельмі гучна і ярка, стваралі вялізныя па памерах карціны. Быў перыяд, калі ён пісаў шмат нацюрмортаў, альбо калі пісаў пейзажы. Быў перыяд, калі ён пісаў творы, прысвечаныя рабочай тэматыцы, былі і заказныя работы. Але да гонару мастака ён заўсёды заставаўся яркім творцам, нават калі работа была прысвечана, напрыклад, Мінскаму трактарнаму заводу. Але наперадзе ў яго ішоў жывапіс. Таму што жывапіснымі нюансамі і адкрытымі колерамі ён гуляў лёгка і разняволена. 

Распавядаюць, што ў 1977 годзе Альгерд Малішэўскі трапіў у Парыж — гэта была яго запаветная мара. Там ён пабачыў творы імпрэсіяністаў. А калі вярнуўся, распавядаў сваім сябрам, якое моцнае ўражанне зрабіў на яго Парыж, і ён зразумеў, што галоўнае — колер і жывапіс. Сваёй апантанасцю ён здолеў паўплываць і на сваіх выхаванцаў у знакамітай «Глебаўцы», дзе працаваў амаль 30 гадоў. 

Малішэўскі-настаўнік любіў гаварыць, і гаварыў часта рэзка, не стрымліваўся ў выразах, а калі бачыў, што нешта не атрымліваецца, то вельмі імкнуўся данесці да вучня, у чым той не мае рацыі. А калі бачыў, што вучань мае талент, але крыху не ўпісваецца ў сістэму адукацыі, і яго не заўсёды разумеюць, то сам стараўся падтрымаць. Арганізатары выстаўкі з Беларускага саюза мастакоў хацелі паказаць тых, хто абараняў дыпломы пад кіраўніцтвам Альгерда Малішэўскага, на каго ён паўплываў. Самы яркі выкладчык менавіта той, у каго вучні рэалізаваліся ў розных відаў, у розных жанрах, у розных кірунках. Вучні Малішэўскага такія ж яркія асобы і адметныя мастакі, напрыклад, Георгій Скрыпнічэнка і Мікалай Селяшчук, Зоя Літвінава і Святлана Каткова, Уладзімір Зінкевіч ды сян майстра Сяргей Малішэўскі... Але іх значна больш, як больш аўтараў, чые творы размясціліся ў адной прасторы з настаўнікам. «Вялікі гонар, што мае творы побар з творамі Альгерда Малішэўскага,» — адзначыў мастак-графік Юрый Хілько. 

У новай эпосе шмат што бачыцца інакш, і мастацтва мяняецца, і тэмы, і спосабы выяўлення. Але вось чым кране Альгерд Малішэўскі — каларыстыкай. У яго жывапісе глядзіш не столькі на герояў, на кампазіцыю твораў, а часцей за ўсё наогул не думаеш, на якую тэму і чаму ён стварыў тую ці ншую работу. Таму што ёсць колер. Ёсць тая самая аўтарская экспрэсія, якая дазваляе разглядаць твор па-за часам. Нягледзячы на тое, якая была эпоха. 

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».