Вы тут

Выкарыстоўваць адходы на 100%


Штогод у Беларусі ствараецца каля 4 млн тон камунальных адходаў (6-7 % ад агульнай колькасці смецця ў краіне), з якіх здабываецца толькі 25 % другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР). Каб палепшыць сітуацыю і наблізіцца да 100-працэнтнага выкарыстання смецця ў краіне, плануецца не толькі здабываць з яго другасныя рэсурсы, але і вырабляць паліва для цэментных заводаў, а таксама кампаставаць арганічную частку камунальных адходаў. Што будзе адбывацца ў «смеццевай» сферы ў найбліжэйшы час і што перашкаджае зменам, расказалі спецыялісты.


Траціна здабываецца, дзве траціны — закопваюцца

Больш за 80 % камунальнага смецця — адходы спажывання, якія ствараюцца ў насельніцтва. Астатняя частка — адходы вытворчасці, якія ўтвараюцца на аб'ектах забеспячэння жыццядзейнасці чалавека, дадала эксперт. Згодна з нацыянальнай стратэгіяй па абыходжанні з цвёрдымі камунальнымі адходамі і ДМР, айчынныя здабыткі трэба спалучаць з найлепшымі сусветнымі дасягненнямі, якія даказалі сваю бяспечнасць і эфектыўнасць, падкрэсліў Арцём Шкрыль, намеснік дырэктара установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Міністэрства ЖКГ.

Выкарыстанне камунальных адходаў цяпер абмяжоўваецца ў асноўным здабываннем з іх складу другасных рэсурсаў шляхам выкідання ў кантэйнеры, здачы ў прыёмныя пункты, сарціроўкі на смеццеперапрацоўчых заводах. Аднак пры такім стане спраў можна задзейнічаць прыкладна траціну адходаў, заўважыў ён і абазначыў асноўныя праблемы існуючай сістэмы абыходжання з адходамі:

— Недастатковая тэхнічная аснашчанасць у галіне існуючых магутнасцяў па сарціроўцы і раздзельным зборы фактычна дазваляе сартаваць толькі трэцюю частку адходаў. Астатняе хаваецца без папярэдняй сарціроўкі. Эксплуатуецца значная колькасць палігонаў для захавання, якія не адпавядаюць сучасным прыродаахоўным патрабаванням. Адсутнічаюць аб'екты энергетычнага выкарыстання, апрацоўкі і выкарыстання іх арганічнай часткі (выключэнне — адходы драўніны). Недастаткова эканамічных стымулаў для развіцця вытворчасцяў па паглыбленай перапрацоўцы адходаў, паколькі можна больш танна іх захаваць на палігоне.

Ад раённага да рэгіянальнага

Чакаецца, што сёлета паказчык збору другасных рэсурсаў у краіне падрасце да 27 % (ужо назапашана больш за 600 тысяч другасных рэсурсаў), а ў 2025-м — да 64 %. А вось амбіцыйны план выкарыстоўваць у 2035 годзе да 90 % камунальных адходаў можна выканаць, калі здабываць з іх усе прыдатныя для другаснага выкарыстання рэсурсы (29 % ад усяго аб'ёму адходаў). 61 % адходаў можна ўцягнуць у апрацоўку за кошт укаранення новых для краіны тэхналогій, у прыватнасці, кампаставання арганічнай часткі смецця (23 %) і выкарыстання цеплатворнай фракцыі (38 %), абазначыў Арцём Шкрыль:

— Нацыянальная стратэгія прадугледжвае мадэрнізацыю сістэмы абыходжання з адходамі на аснове пераходу ад раённай сістэмы кіравання адходамі на рэгіянальны ўзровень і стварэння 30 буйных комплексных аб'ектаў па сарціроўцы і выкарыстанні камунальных адходаў, якія будуць абслугоўваць тры-шэсць раёнаў.

Гэта дазволіць павялічыць узровень выкарыстання смецця на 6 % — за кошт здабывання другасных рэсурсаў, на 23 % — за кошт вытворчасці паліва для цэментнай прамысловасці, на 18 % — за кошт выкарыстання арганічнай часткі адходаў для добраўпарадкавання і рэкультывацыі тэрыторый, на 3 % — за кошт стварэння дэпазітнай сістэмы збору спажывецкай упакоўкі, 15 % — за кошт выкарыстання змешаных адходаў для атрымання цепла- і электраэнергіі на аб'ектах у сталіцы. А для захавання непрыдатнай да выкарыстання часткі адходаў прадугледжана стварэнне сучасных рэгіянальных палігонаў.

У выніку плануецца аддаць на перапрацоўку да 970 тысяч тон ДМР у 2025 годзе і 1085 тон — у 2035-м. Мяркуецца таксама стварыць і выкарыстаць каля 235 тысяч тон РДФ-паліва ў 2025 годзе і 585 тысяч тон — у 2035-м. Павялічыць выкарыстанне арганічнай часткі адходаў да 354 тысяч тон у 2025-м і да 535 тысяч тон — у 2035-м. А яшчэ выкарыстоўваць да 550 тысяч тон змешаных камунальных адходаў на аб'ектах энергетыкі.

Эканоміка замкнёнага цыкла па-беларуску

Айчынная нацыянальная стратэгія забяспечвае фарміраванне і развіццё такіх складнікаў эканомікі замкнёнага цыкла, як збор і перапрацоўка другаснай сыравіны, выкарыстанне адходаў у якасці крыніцы энергіі. Разам з тым, у краіне недастаткова прапрацаваны меры нарматыўна-прававога рэгулявання, якія забяспечваюць фарміраванне эканомікі замкнёнага цыкла: вытворчасць, пераразмеркаванне і спажыванне тавару, адзначыла спецыяліст:

— Эканоміка замкнёнага цыкла заклікана змяніць класічную мадэль «стварыць-выкарыстаць-выкінуць» на мадэль, якая базіруецца не на здабычы рэсурсаў, а на іх аднаўленні, перапрацоўцы другаснай сыравіны і пераходзе ад выкапнёвых рэсурсаў да аднаўляльных крыніц энергіі. Гэта дазволіць мінімізаваць як здабычу рэсурсаў, так і стварэнне адходаў.

Паказчыкі эканомікі замкнёнага цыкла Еўрапейскай камісіяй прапануюцца для чатырох сфер. Для вытворчасці і спажывання гэта самазабеспячэнне сыравінай, развіццё зялёных дзяржзакупак, зніжэнне аб'ёмаў утварэння адходаў, рэгуляванне абыходжання з харчовымі адходамі. У сферы кіравання адходамі плануюцца паказчыкі ўзроўню іх выкарыстання ў цэлым і асобна па відах. У сферы абыходжання з другаснай сыравінай — паказчык па яго долі ў агульным попыце. У сферы канкурэнтаздольнасці і навацый — інвестыцыі, занятасць, валавы дадатковы кошт у сектары эканомікі замкнёнага цыкла, колькасць патэнтаў у галіне перапрацоўкі ДМР.

— У Беларусі ў сферы вытворчасці прадуктаў неабходна заканадаўча замацаваць прынцыпы прадухілення стварэння адходаў, кіравання адходамі як рэсурсам, а таксама вызначыць паўнамоцтвы органаў дзяржкіравання, адказных за іх рэалізацыю, — упэўнены намеснік дырэктара Аператара ДМР. — Гэта дазволіць на нацыянальным узроўні вызначыць разгорнутыя мэтавыя паказчыкі выкарыстання адходаў і другаснай сыравіны і тэрміны іх дасягнення. Уводзіць забарону або абмежаванне на вытворчасць, імпарт і рэалізацыю пэўных відаў тавараў і выкарыстанне шкодных рэчываў і матэрыялаў, непрыдатных да перапрацоўкі.

Неабходна таксама ўводзіць патрабаванні па абавязковым выкарыстанні другаснай сыравіны пры вытворчасці тавараў, работ, паслуг, матэрыялаў з магчымасцю шматразовай перапрацоўкі. Арганізоўваць вытворчасць прадукцыі з улікам магчымасцяў яе наступнага паўторнага выкарыстання або прадаўжэння тэрміну службы вырабу. Эканамічна стымуляваць вытворчасць тавараў, якія адпавядаюць прынцыпам эканомікі замкнёнага цыкла. А з іншага боку, магчыма павышаць падаткі на захаванне адходаў. Усе гэтыя прапановы трэба максімальна ўлічыць пры комплекснай карэкціроўцы Закона аб абыходжанні з адходамі, рэзюмавалі эксперты.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.