Вы тут

Архітэктурныя баталіі па-вясковаму


На Добрушчыне раённыя выканкам і Савет дэпутатаў незвычайным чынам заматывавалі добраўпарадкаваць свае населеныя пункты вясковых «архітэктараў». Для жыхароў 12 сельсаветаў абвясцілі спаборніцтвы на найлепшы комплекс малых архітэктурных кампазіцый. Вопыт атрымаў столькі станоўчых рэакцый ад вяскоўцаў, што пазайздросцілі нават жыхары райцэнтра.


Фотазона, зробленая рукамі церахоўскіх актывістаў — Аляксандрам Кузняцовым, Юрыем Асадчым і Яўгенам Малаевым.

— Рэйсаў дзесяць на мотаблоку прыйшлося зрабіць, каб толькі цэглу прывезці, — аб тым, як чысцілі-аднаўлялі будматэрыял ад рэштак старога раствору, вазілі зямлю, пясок з вадой, рабілі кладку, выкошвалі і прыбіралі тэрыторыю будучай зоны адпачынку, расказваюць жыхары вёскі Усохская Буда — Аляксандр Нічыпаркоў і Аляксандр Падсасонны, Сяргей Шэрсцень і Сяргей Пархоменка, Міхаіл Кажамяка.

Гэта толькі тыя з вяскоўцаў, хто ўзяў на сябе асноўныя будаўнічыя работы падчас уладкавання новай «зоны спакою». Так цяпер месцічы называюць свой міні-сквер, што атрымаўся вакол малых архітэктурных кампазіцый. Многія з іх самастойна, за свае сродкі вырабілі драўляных і жалезных спраў майстры — цёзкі, Сяргей Мінкоў і Сяргей Кулібаў. Жанчыны Усохскай Буды пад кіраўніцтвам старэйшыны Святланы Гоганавай узялі на сябе азеляненне і дэкор. Вынікі сваёй работы прадставілі на конкурс.

— Усяго ж звыш паўсотні чалавек — гэта толькі самыя-самыя актыўныя, хто дапамог стварыць наш міні-сквер, — тлумачыць галоўны ідэйны натхняльнік вяскоўцаў, выконваючая абавязкі старшыні Усохабудскага сельвыканкама Ала Хузеева.

Выконваючы абавязкі старшыні Усохабудскага сельвыканкама Ала Хузеева  сустракае ў новым міні-скверы старшыню і галоўнага спецыяліста Добрушскага  райсавета дэпутатаў Уладзіміра Маліноўскага і Марыну Шумілаву.

Дзякуючы яе падтрымцы, менавіта ўсохабудскія «архітэктары» сталі пераможцамі раённага агляду-конкурсу на найлепшую комплексную малую архітэктурную форму. Яны не толькі зрабілі праект «ад А да Я» выключна сваімі рукамі, але вырашылі і актуальныя пытанні для свайго населенага пункта.

— Узялі пакінуты дом, які па рашэнні суда перададзены ва ўласнасць сельвыканкама і па якім прынята рашэнне аб зносе. Самі разабралі старую цагляную пабудову і з гэтага матэрыялу стварылі свае малыя архітэктурныя формы, — падзялілася Ала Хузеева. — Вакол увосень будзем закладваць вішнёвы сад. Дзеці вельмі чакаюць. Хочуць самастойна даглядаць-паліваць дрэўцы.

Архітэктурны камплімент да Дня беларускага пісьменства ад жыхароў гарадскога пасёлка Церахоўка Добрушскага раёна.

Для іх жа — тут больш за паўсотню дзяцей — адразу пасля стварэння архітэктурных кампазіцый усохабудскія актывісты ўзяліся за новы праект. Рыхтуюцца сваімі сіламі пабудаваць дзіцячы спартыўны гарадок.

— Школы няма, але ёсць свой дзіцячы садок, дашкалятак у нас — больш за дзесяць, а спартыўнай гульнявой зоны на тэрыторыі вёскі няма, — расказвае жыхарка Усохскай Буды, мама пяцярых дзяцей Наталля Удодава.

Шматдзетная маці самастойна намалявала эскіз-праект будучага дзіцячага гарадка. Заручыўшыся падтрымкай і райсавета, і сельвыканкама, вяскоўцы цяпер рыхтуюць месца для будучага спартаб'екта.

— Нашы ўсе без пытанняў прапануюць сваю грашовую і фізічную дапамогу, але скідвацца будзем ужо толькі на шрубы і фарбу. Нам пашанцавала: знайшлі спонсара, які бясплатна забяспечыў неабходнымі піламатэрыяламі, — выказвае ўдзячнасць шматдзетная маці. — Дзеці чакаюць не дачакаюцца, калі ўжо фарбаваць будуць свой гарадок. Просяць чырвоную пясочніцу абавязкова.

Самы адданы валанцёр на ўсіх вясковых праектах Леанід Голубеў.

Між тым, на ўвасабленне ідэй па ўзвядзенні малых архітэктурных кампазіцый у населеных пунктах удзельнікам агляду-конкурсу адвялі тры месяцы.

— Былі прад'яўлены і дакладныя патрабаванні. Кампазіцыі, напрыклад, павінны складаць асобны аб'ект, ствараць месца адпачынку і зносін. Вітаўся сістэмны падыход да дэкаратыўнага азелянення абранай тэрыторыі, — распавёў старшыня Добрушскага раённага Савета дэпутатаў Уладзімір Маліноўскі.

Архітэктурныя ж формы, скульптурныя кампазіцыі вяскоўцы павінны былі вырабіць з вызначаных матэрыялаў — каменю, цэглы, бетону, дрэва і металу. Прад'явілі да работ і дакладныя патрабаванні ў плане бяспекі і камфортнасці выкарыстання ў любую пару года. Адно з галоўных патрабаванняў, якія выставіў райсавет для стварэння кампазіцый, — забарона на выкарыстанне бюджэтных сродкаў для ўвасаблення праектаў. Ацэньвалася пры падвядзенні вынікаў і ступень актыўнага ўдзелу вяскоўцаў у стварэнне малой архітэктурнай формы. Праект на найлепшую комплексную малую архітэктурную форму, які прапанавалі жыхары Усохскай Буды, здзівіў сваім прадуманым падыходам нават арганізатараў. Уладальнікам першага месца прысуджана грашовая ўзнагарода — 100 базавых велічынь. Сродкі можна будзе выкарыстаць толькі для далейшага добраўпарадкавання тэрыторый.

Другое месца і адпаведна 80 базавых велічынь прысуджана праекту гарадскога пасёлка Церахоўка. Яго цяпер упрыгожвае малая архітэктурная кампазіцыя ў форме разгорнутай кнігі — камплімент да Дня беларускага пісьменства, свята, якое сёлета прымае Добруш. Месца для свайго праекта церахоўцы абралі спецыяльна праблемнае, каб дасканала разабрацца з ім. Амаль у цэнтры, на перакрыжаванні дарог даўно разабралі старую будыніну, але ў зямлі заставаліся будматэрыялы, карані — нічога толкам не расло. Каб разраўнаваць тэрыторыю, цалкам ачысціць участак, заручыліся дапамогай камунальнікаў і сельгасарганізацыі. Увасобілі праект старшыня Церахоўскага сельвыканкама Аляксандр Кузняцоў і вясковыя актывісты Юрый Асадчы і Яўген Малаеў. Ды так захапіліся, што зрабілі адразу тры комплексныя малыя архітэктурныя формы. Цяпер гэта самыя папулярныя ў Церахоўцы фотазоны.

Між тым грашовыя ўзнагароды ў памеры 60 базавых велічынь за ўдзел у аглядзе-конкурсе атрымалі і ўладальнікі трэцяга, чацвёртага і пятага месцаў (падзялілі два населеныя пункты). Вызначыліся пасёлак Рассвет, аграгарадкі Івакі, Крупец і Баршчоўка.

Жалезных спраў майстар з Усохскай Буды Сяргей Кулібаў з жонкай Аленай.

— Жыхары Крупца і Івакаў на ўдзел у аглядзе-конкурсе прапанавалі дзіцячыя пляцоўкі. І калі ў Крупцы для ўладкавання зоны абралі месца як працяг існуючай дзіцячай зоны, то вяскоўцы Івакаў абралі для добраўпарадкавання вельмі складаную тэрыторыю, — распавяла галоўны спецыяліст Добрушскага раённага Савета дэпутатаў Марына Шумілава, — вырашылі добраўпарадкаваць пустку, зарослую хмызняком, якая даўно псавала выгляд цэнтра аграгарадка. Колькі каштавала намаганняў людзям гэта ўсё раскарчаваць, цяжка нават уявіць. Цяпер плануюць за свае сродкі набыць і ўстанавіць там дзіцячы спартыўны комплекс.

Дарэчы, гісторыі, як вяскоўцы — удзельнікі агляду-конкурсу дабіваліся ўвасаблення сваіх ідэй, фотасправаздачы з усіх 12 сельсаветаў, імёны пераможцаў спаборніцтва былі апублікаваны ў афіцыйнай групе Добрушскага райвыканкама ў сацыяльных сетках — «Дыялог з уладай». Парадавала станоўчая рэакцыя жыхароў самога райцэнтра. Добрушцы так натхніліся прыкладам жыхароў сельскіх населеных пунктаў, што пачалі выступаць са сваімі ініцыятывамі для добраўпарадкавання месцаў агульнага карыстання ў горадзе. Райвыканкамам ужо прынята рашэнне аб правядзенні такога ж спаборніцтва для жыхароў Добруша.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

фота аўтара

Добрушскі раён.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».