Вы тут

Як магілёўскія дэпутаты ездзілі па вопыт да брэсцкіх


У Магілёўскім райсавеце не прывыклі варыцца ў сваім саку — дэпутатам цікавы вопыт калег з іншых раёнаў. Вырашылі пакіраваць з усходу на захад — на Брэстчыну. Народныя абраннікі чулі шмат карыснага ад брэсцкіх калег. Чаму б на месцы не пацікавіцца, як арганізавана работа? Сазваніліся, сабраліся і паехалі на іншы канец Беларусі. Паездка, кажуць, атрымалася змястоўнай.


У дэлегацыю пад кіраўніцтвам старшыні Магілёўскага райсавета Сяргея Ярошчанкі ўвайшлі прадстаўнікі як прадстаўнічай, так і выканаўчай улады раёна. Цікавасць складаў вопыт узаемадзеяння органаў мясцовага кіравання і самакіравання з выканаўчай уладай і прадпрыемствамі, а таксама дзейнасць па развіцці асабістых падсобных гаспадарак і арганізацыі самазанятасці насельніцтва. Дэлегацыя наведала шэраг прадпрыемстваў і прыватных гаспадарак у Брэсцкім, Столінскім і Лунінецкім раёнах.

— Мяркуючы па тым, што мы бачылі, звычкі працаваць і быць адказнымі закладваюцца там яшчэ ў дзяцінстве, — адзначыла старшыня Сідаравіцкага сельвыканкама Алена Пшанічная. — Шматдзетныя сем'і, якіх тут нямала, жывуць у дастатку. І гэта вынік менавіта іх працы. Звярнула ўвагу і на тое, што дамы ўздоўж дарог, па якіх мы ехалі, дагледжаныя, участкі засеяныя, ніводны кавалачак зямлі не пустуе. Парадавала вялікая арганізаванасць мясцовых жыхароў. Яны не толькі праяўляюць ініцыятыву па добраўпарадкаванні, але і самі бяруцца за рэалізацыю сваіх ідэй. Ім дапамагаюць прадстаўнікі мясцовага самакіравання і прадпрыемстваў, якія знаходзяцца на агульнай тэрыторыі. Адчуваецца, што яны — адна каманда.

Уразілі дэлегацыю з Магілёўскага раёна і дэмаграфічныя поспехі заходніх суседзяў. У адным з сельсаветаў ім паведамілі, што на яго тэрыторыі пражывае 225 шматдзетных сем'яў. І дзяцей у тых сем'ях — не тры, як гэта бывае часцей, а восем і нават 14.

— Пакарылі душэўнасць і шчырасць гэтых людзей, — кажа Алена Пшанічныя. — Яны аж свецяцца ад дабрыні. Магчыма, яшчэ і таму, што насельніцтва ў асноўным веруючае. Там ёсць і праваслаўныя, і католікі, і баптысты. Але яны вельмі паважліва ставяцца адзін да аднаго, ніхто нікому не навязвае свае інтарэсы.

Для сябе прадстаўнікі Магілёўшчыны адзначылі яшчэ і такую акалічнасць: на Брэстчыне не існуе праблем з кіруючымі кадрамі. Кіраўнікі гаспадарак і структурных падраздзяленняў амаль не мяняюцца, працяглы час працуюць на адным месцы. Як вынік, яны паспяваюць цалкам рэалізавацца, што вельмі станоўча адбіваецца на агульным стане спраў.

У Лунінецкім раёне, які лічыцца ў Беларусі лідарам па пастаўцы клубніц на беларускі рынак, госці паназіралі за работай аптовага рынку па рэалізацыі ягад. Кіраўніцтва Дварэцкага сельсавета падзялілася падрабязнасцямі стварэння гандлёвай пляцоўкі і барацьбы з несанкцыянаваным продажам. Гэта таксама ўзята на заметку.

Была магчымасць у згаданым раёне абмеркаваць праблему самазанятасці на прыкладзе аграгарадка Вулька-2. Там расказалі, як вырашаюцца пытанні жыццезабеспячэння насельніцтва, якое аказваецца садзейнічанне ў стварэнні і развіцці асабістых падсобных гаспадарак.

У Мікашэвічах прадстаўнікі Магілёўскага раёна даведаліся, як арганізавана супрацоўніцтва гарсавета з мясцовым прадпрыемствам «Граніт». Разам яны вырашаюць пытанні стварэння ў горадзе спрыяльнага асяроддзя для пражывання.

Было чаму павучыцца і на Століншчыне, дзе існуе знакамітая на ўсю краіну фермерская гаспадарка братоў па прозвішчы Грыб. Ім яна дасталася ў спадчыну ад бацькі, які заснаваў сваю фірму ў пачатку 1990-х. Сёння яго сыны — самастойныя паспяховыя фермеры. Вырошчваюць гуркі, капусту, памідоры, іншую агародніну. Прычым актыўна выкарыстоўваюць у гаспадарцы разумныя тэхналогіі. Механізацыя і аўтаматыка дапамагае быць мабільнымі і пастаўляць прадукцыю не толькі на сталы землякоў, а нават за мяжу.

— Такія паездкі вельмі каштоўныя, — адзначае выконваючы абавязкі старшыні Дашкаўскага сельвыканкама Сяргей Галянтаў. — Уразілі самі людзі, вельмі працалюбівыя. Ды і ў арганізацыі работы ёсць чаму павучыцца. Напрыклад, дарогі абслугоўваюць не камунальнікі, як у нас, а спецыялізаваныя дарожна-рамонтныя будаўнічыя арганізацыі. А могілкамі займаюцца не сельсаветы, а ЖКГ. Мы ж павінны тое рабіць самі, хоць і не спецыялізаваная арганізацыя. Цікавіліся таксама, як адбываецца пакос травы ў населеных пунктах. Для іх такога пытання наогул не існуе. Людзі косяць усё самастойна, у іх няма ні кавалачка недагледжанай зямлі.

Што датычыцца вялікіх тэрыторый або паркаў, то на Брэстчыне гэтай справай часцей за ўсё займаюцца прыватныя арганізацыі або індывідуальныя прадпрымальнікі. Праўда, там на парадак менш пустых тэрыторый. Людзі зацікаўленыя апрацоўваць зямлю і мець з яе даход.

— Усё ўбачанае — гэта вельмі карысны і неабходны для нас вопыт, — кажа старшыня Магілёўскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Ярошчанка. — Асабістыя падсобныя гаспадаркі — гэта наогул прыклад для пераймання. У нас у раёне таксама распрацавана праграма па развіцці такіх гаспадарак. І, вывучыўшы вопыт калег, мы ўжо ведаем, што трэба дадаць у гэтую праграму, каб аддача была вышэйшая. Перш за ўсё гэта датычыцца падтрымкі сялян у рэалізацыі вырашчанай прадукцыі.

Дэпутаты таксама дамовіліся наконт візіту брэсцкай дэлегацыі ў Магілёўскі раён.

— Нягледзячы на тое, што ў нас свая спецыфіка, шмат ёсць і агульнага, — падкрэсліў старшыня Магілёўскага райсавета. — Мы падзяліліся інфармацыяй наконт інвестыцыйнага форуму «Магілёўскі рэгіён — тэрыторыя магчымасцяў», які праводзіцца 12 жніўня. Нашы брэсцкія калегі зацікавіліся і паабяцалі прыехаць.

Што датычыцца атрыманага на Брэстчыне вопыту, то яго плануецца абмеркаваць з мясцовым насельніцтвам і найлепшае па магчымасці ўкараніць.

— Мы штомесячна праводзім выязныя дні Саветаў і разглядаем на іх тыя ці іншыя важныя моманты, — удакладняе Сяргей Ярошчанка. — Чарговы Дзень пройдзе на базе Сідаравіцкага сельсавета. Мы запросім на яго прадстаўнікоў мясцовай улады, ініцыятыўных грамадзян, мясцовага самакіравання, дэпутатаў, прадпрымальнікаў. Мы зрабілі відэа таго, што ўбачылі ў Брэсцкім раёне. Пакажам гэты відэаролік. Магчыма, нехта зацікавіцца і нешта возьме для сябе на ўзбраенне.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».