Вы тут

«Сад мары» стаў пераможцам абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў


У гарпасёлку Янавічы Віцебскага раёна наведвальнікі дзённага аддзялення знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту будуць варыць варэнне і займацца фітатэрапіяй.


Цікавы праект Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна «Сад мары» стаў пераможцам абласнога конкурсу грамадзянскіх ініцыятыў. Рэалізацыю праекта, бюджэт якога складае больш за 40 тысяч рублёў, пачалі яшчэ ў красавіку. На тэрыторыі янавіцкага аддзялення разбіваюць дзівосны сад з пладова-ягаднымі раслінамі, цяпліцай і кветнікамі. Цеснае супрацоўніцтва ТЦСАН з кафедрай заалогіі і батанікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава дазволіла высадзіць тут не толькі звыклыя для нашага клімату дрэвы, але і экзатычныя культуры: абрыкосы, чарэшні і садовыя буякі — выкладчыкі ўніверсітэта запэўнілі, што кліматычныя ўмовы паўночнага рэгіёна будуць спрыяць маладым саджанцам. Праект, разлічаны ў большасці на наведвальнікаў аддзялення, зробіць фітатэрапію даступнай і для мясцовых жыхароў — для ўсіх янавічан установяць незвычайныя лаўкі і альтанку.

— Добраўпарадкаванне тэрыторыі пад будучы сад мы пачалі яшчэ на рэспубліканскім суботніку 16 красавіка. Выкарчавалі хмызняк, разраўнавалі зямлю, прывезлі ўрадлівай глебы. Нядаўна ўстанавілі металічную агароджу і дэкаратыўную арку. Яшчэ ў планах зрабіць невялікую сажалку — месца рэлаксу і яднання з прыродай, разбіць аптэкарскі агарод з духмянай мелісай, мятай і лавандай, якія ў будучыні стануць асновай гарбаты для наведвальнікаў і гасцей, — адзначыла дырэктар Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна Кацярына Лазоўская.

У праекце «Саду мары» прадугледжана і перапрацоўка будучага ўраджаю: спецыяльна будуць закуплены электрасушылка, мультыварка, маразільная камера і халадзільнік. Дзіва, дый годзе: жанчыны на пенсіі змогуць варыць смачнае натуральнае варэнне ў кампаніі, дзяліцца кулінарнымі сакрэтамі і перадаваць вопыт маладому пакаленню, бо да праекта плануюць далучыць вучняў мясцовай школы з экалагічным ухілам. «Разыначкай» дзівоснага саду стане дрэва жаданняў, прычым незвычайнае: арт-аб'ект будзе ў выглядзе яблыні з малой архітэктурнай формай — драўляным вухам, памеры якога ўражваюць — метр на метр! Гэты метафарычны вобраз для таго, каб самыя запаветныя жаданні і мары старэйшага і маладога пакаленняў былі пачутыя і абавязкова споўніліся.

Такі вялікі праект немагчыма было б рэалізаваць без зацікаўленасці мясцовых органаў улады, грамадскіх аб'яднанняў і нераўнадушных жыхароў. Ініцыятыўную групу будаўніцтва ўзначальвае загадчык Янавіцкага аддзялення ТЦСАН Людміла Кухарава. Шчыруюць дзеля агульнай справы спецыялісты на чале з дырэктарам раённага аддзялення, работнікі сельвыканкама, Суражскі лясгас, прадпрыемствы і арганізацыі, валанцёры БРСМ, мясцовыя жыхары.

— Кіраўніцтва Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віцебскага раёна рэалізоўвае шмат карысных і важных праектаў дзеля падтрымкі і адаптацыі ў грамадстве людзей з абмежаванымі магчымасцямі, адзінокіх і пажылых грамадзян. Гэта — галоўная мэта іх работы, якую спецыялісты выконваюць бліскуча. Прыкладам служыць яшчэ адна ініцыятыва — інклюзіўны «Добры сад» у аграгарадку Кіраўская з пляцоўкай для гульні ў бочэ, якая карыстаецца вялікім попытам у падапечных аддзялення, — адзначыў старшыня Віцебскага раённага Савета дэпутатаў Віктар Дарожкін.

Да раённага сельскагаспадарчага свята «Дажынкі-2022», месцам правядзення якога стане гарпасёлак Янавічы, «Сад мары» гасцінна расхіне свае абдымкі для наведвальнікаў і гасцей.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.