Вы тут

Кніжная серыя Выдавецкага дома «Звязда» — «Сябрына: паэзія народаў Расіі»


Войны і палітычны рэзрух, напружанне ў свядомасці грамадства, гібрыдныя націскі — свет напоўнены канцэнтрацыяй злосці, варажнечы настолькі, што разрываюцца ў людзей сэрцы, нікнуць душы. Мастацкае слова як ніколі абавязана стаць лекамі дзеля мірнага суіснавання народаў і краін. 


Фота: pixabay.com

Узаемапавага — адна з галоўных рыс мастацкага перакладу, прадстаўлення паэтычных і празаічных адкрыццяў іншым словам, іншай мовай. У Выдавецкім доме «Звязда» некаторы час назад нарадзілася такая кніжная серыя — «Сябрына: паэзія народаў Расіі». Першым быў выдадзены зборнічак вершаў народнага пісьменніка Удмурціі Вячаслава Ар-Сяргі «Ранішні вецер у акне». Пасля серыя «вандравала» па розных кніжных выдавецтвах: усяго зараз сем зборнікаў у ёй, а выдаўцы гэтай серыі, акрамя «Звязды», — «Мастацкая літаратура», Паліграфічны камбінат імя Якуба Коласа. Па дарозе да чытача адной з кніг сваё плячо падставіў і «Белпрынт». Такі сёння час, што нешта можна зрабіць толькі супольна. 

Зараз хацелася б звярнуць увагу на адзін са зборнікаў «Сябрыны...» У 2019 годзе выйшла кніга «Карэнні сілу берагуць», дзе пад адной вокладкай у перакладзе на беларускую мову былі прадстаўлены творы паэтаў васьмі рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі — Башкартастана (Шайхзада Бабіч, Мустай Карым, Зульфія Хананава), Дагестана (Амінат Абдулманапава, Хізры Асадулаеў, Анварбек Култаеў, Сувайнат Кюрбекава, Шаміль Лутаў, Міясат Муслімава, Баху-Меседу Расулава), Кабардзіна-Балкарыі (Саліх Гуртуеў), Калмыкіі (Эрдні Эльдышаў), Марый Эл (Святлана Грыгор’ева-Сато), Татарстана (Рэнат Харыс), Чачні (Адам Ахматукаеў, Пецімат Пецірава, Алвадзі Шайхіеў), Чувашыі (Валеры Тургай). Калі ўлічыць, што ў «дагестанскім раздзеле» кожны з паэтаў — прадстаўнік рознай нацыянальнай літаратуры, то «Карэнні...» — маленькая планета, якая паяднала 14 нацыянальных паэтычных сусветаў Расіі. 

Віктар Шніп працаваў над кнігай некалькі месяцаў. 86 вершаў — і кожны з іх як адкрыццё. Ведаю з размовы з Віктарам Анатольевічам, што працаваць над такой, няхай сабе і маленькай, анталогіяй было вельмі складана. «Трэба ж было ўнікнуць у розныя Сусветы, — дзеліцца развагамі перакладчык. — Рэната Харыса, народнага паэта Татарстана, я ведаў шмат раней. Хізры Асадулаеў, дагестанец, які стварыў карацінскую мову, — часты госць у нашым выдавецтве. Яго творы перакладаў на беларускую мову народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, што таксама накладвала на мяне асаблівую адказнасць. Знойдуцца сілы — я яшчэ вярнуся да пераўвасаблення вершаў паэтаў народаў Расіі на нашу родную мову. І зараз разумею, што прастора неверагодна шырокая. І ўспамінаю, што зусім невыпадкова сябравалі нашы класікі з Давідам Кугульцінавым, Кайсынам Куліевым, Мустаем Карымам, Расулам Гамзатавым, Алімам Кешокавым... І меней вядомых паэтаў з нацыянальных літаратур заўважалі нашы беларускія перакладчыкі... У памяці — перакладзеныя на беларускую мову вершы саамскай паэтэсы Акцябрыны Воранавай...»

«Сябрына...», у якой, акрамя згаданага ўдмурцкага паэта, ды калектыўнага зборніка «Карэнні сілу берагуць», асобнымі кнігамі прадстаўлены Адам Ахматукаеў (Чачня), Валеры Тургай, Мішы Сеспель, Юры Семендэр (усе — Чувашыя), Роберт Мінулін (Татарстан), бачыцца сапраўдным праектам творчай дружбы, літаратурнай дыпламатыі, спробай расказаць беларускаму чытачу пра іншыя нацыянальныя літаратуры, паказаць шматаблічны свет іншых народаў. 

Канешне ж, серыя патрабуе развіцця, працы над ёю усё ж у межах аднаго кніжнага выдавецтва. Мо патраніраванне над «Сябрынай...» возьме на сябе Саюз пісьменнікаў Беларусі, дзе існуе секцыя мастацкага перакладу? Для шырокай дарогі гэтага творчага, выдавецкага праекта патрэбна, несумненна, паўнавартасная праграма. Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур, які ўжо трынаццаць разоў быў праведзены ў Рэспубліцы Беларусь, у Гродна, сведчыць, што ў нашай краіне ёсць розныя нацыянальныя дыспары і народаў Расіі, якія аб’яднаны ў суполкі, грамадскія арганізацыі. Ці ведаюць яны пра серыю «Сябрына...»? Напрыклад, татары, якіх у Беларусі, згодна апошняму перапісу, — 8 445 чалавек. Ці чувашы, якіх згодна перапісу 2009 года ў Беларусі — 1 277 чалавек. Альбо — мардвінцы, іх жыве ў нашай краіне 1276 чалавек. Ёсць у нас і ўдмурты — 481 прадстаўнік гэтай нацыянальнасці. І башкіраў у нас нямала — па розных ацэнках ад 607 да 1200 чалавек... 

Добра было б стварыць рэдакцыйны савет серыі — з прыцягненнем у яго склад прадстаўнікоў нацыянальных літаратур Расіі. Узнікае і пытанне, а ці ведаюць пра перакладную «Сябрыну...» у рэгіёнах Расійскай Федэрацыі?.. Так, былі невялікія інфармацыйныя публікацыі ў «Литературной газете», дадатку «Союз» да «Российской газеты»... А вось ці стала выданне кніг «Сябрыны...» нагодай для абмеркавання ў дагестанскіх, чувашскіх, татарскіх, калмыцкіх, чачэнскіх літаратурна-мастацкіх і грамадска-палітычных перыядычных газетах, часопісах..? Літаратурная дыпламатыя, мастацкі пераклад, які яе «прасоўвае», патрабуюць руплівай працы, асэнсавання здзяйсненняў і з’яў. Тады і карысць з іх для дружбы, міралюбівых зносін будзе высокая. 

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.