Вы тут

Утаймаванне свавольнай: ці можна «абяззброіць» галаўны боль


Спецыялісты лічаць галаўны боль клінічнай праявай больш за 300 паталогій. Што і чаму звычайна яе правакуе? Хто часцей за ўсё да ёй схільны? У чым заключаецца прафілактыка і лячэнне такіх пакутлівых адчуванняў? Разабрацца ў гэтым дапамагае дацэнт кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук Крысціна Садоха.


Фота: pixabay.com

У кожнага болю — свой «партрэт»

Усе галаўныя болі можна падзяліць на дзве вялікія групы: першасныя і другасныя. 

Другасныя могуць быць выкліканыя пухлінамі галаўнога мозгу, менінгітам, вострай ці хранічнай сасудзістай паталогіяй, артэрыяльнай гіпертэнзіяй, цукровым дыябетам, іншымі хваробамі. На гэтыя формы прыходзіцца не больш за 2–5 % усіх выпадкаў. 95–98 % усіх скарг — на першасныя галаўныя болі, пры якіх няма структурных параз мозгу, а таксама іншых органаў і сістэм. Самыя распаўсюджаныя іх формы — гэта галаўны боль напругі і мігрэнь.

Галаўны боль напругі — двухбаковы, па тыпе сцягвальнай стужкі вакол галавы ці апранутай каскі, слабой ці ўмеранай інтэнсіўнасці. Суправаджаецца напругай задніх шыйных, тварных цягліц (скроневых, жавальных) і, як правіла, развіваецца ў асоб, прафесіі якіх звязаны са змушаным працяглым становішчам галавы — напрыклад, у кіроўцаў, офісных супрацоўнікаў, усіх, хто працуе за камп’ютарам. Чыннікам галаўнога болю і напругі можа быць таксама востры і хранічны стрэс. Калі болевых дзён у годзе 180 і больш, гэта паказвае на хранічны характар паталогіі.

Тэрапія: пацыентам з такім відам галаўнога болю, як правіла, прызначаюць нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі: ібуфен, напраксэн, дзіклафенак. Нароўні з гэтым рэкамендуюць рабіць адмысловую зарадку, асвоіць метады рэлаксацыі, пры стрэсах і адмоўных эмоцыях навучыцца перамыкаць увагу на нешта цікавае, прыемнае, што радуе.

! Пры такім дыягназе сёння не прызначаюць анальгін, пенталгін, седальгін. Яны паталагічна дзейнічаюць на кроў, прыносячы больш шкоды, чым карысці.

Для мігрэні характэрны пульсаваты аднабаковы боль з распаўсюджваннем на палову галавы, які суправаджаецца млоснасцю, ванітамі, святло- і гукабояззю, а нярэдка яшчэ і аўрай — глядзельнымі парушэннямі з выпадзеннем паловы поля зроку, кропкамі, якія свецяцца, маланкамі, зігзагамі або адчувальнымі маўленчымі засмучэннямі. Мігрэнь могуць правакаваць прадукты харчавання (цытрусавыя, памідоры, яйкі, сыр, шакалад, арэхі, шампанскае, кава, моцны чай, чырвонае і белае віно), стрэсы, працяглыя падарожжы, залішні або недастатковы сон, працяглае прымяненне супрацьзачаткавых сродкаў. У жанчын прыступы мігрэні могуць выклікаць гарманальныя парушэнні. 

Мігрэнь — хвароба маладых. У 75 % выпадкаў дэбют гэтага нядужання прыпадае на 17–25, а пік — на 25–35 гадоў. 2/3 выпадкаў з раннім узроставым дэбютам — спадчынныя формы. Як правіла, мігрэнь перадаецца па матчынай лініі і часцей ёю пакутуюць жанчыны (2/3 з агульнай колькасці пацыентаў). У абсалютнай большасці прадстаўніц прыгожага полу прыступы мігрэні знікаюць падчас цяжарнасці. У клімактэрычным перыядзе праявы захворвання таксама часцяком знікаюць ці памяншаюцца.

Мігрэнь — распаўсюджаная і сур’ёзная паталогія. На яе пакутуюць каля 1 млрд. жыхароў планеты. Згодна з СААЗ, сярод ТОП-10 асноўных прычын непрацаздольнасці яна займае другое месца пасля болю ў ніжняй частцы спіны. Кожны трэці малады інсульт узнікае ў выніку мігрэні. Пацыенты падчас мігрэнознага прыступу часта не здольныя падняцца з ложка. Таму я абсалютна перакананая, што ім абавязкова трэба даваць бальнічны ліст.

Мігрэнь часта называюць хваробай незадаволеных амбіцый і вялікіх асоб. Лічыцца, што яна нараджаецца з прычыны геніяльных думак. Ёю пакутавалі палкаводцы Юлій Цэзар і Аляксандр Македонскі, кампазітары Людвіг ван Бетховен і Пётр Чайкоўскі, мастак Пабла Пікаса, пісьменнікі Льюіс Кэрал, Гі дэ Мапасан, Фёдар Дастаеўскі, прыродазнавец Чарльз Дарвін, фізік Альфрэд Нобель і шматлікія іншыя выбітныя прадстаўнікі чалавецтва.

Тэрапія: для лячэння мігрэні ўжываюць трыптаны (суматрыптан, рызатрыптан, золмітрыптан), якія дзейнічаюць на ўсе механізмы яе ўзнікнення. У такіх пацыентаў пры сабе заўсёды павінны быць нейкія з гэтых прэпаратаў: для дасягнення эфекту важна прыняць таблетку на працягу першых 30 хвілін пасля пачатку прыступу. Пры выяўленні гарманальных парушэнняў неабходна кансультацыя гінеколага, часам і эндакрынолага, якія прызначаюць лячэнне для карэкцыі гарманальнага балансу.

Паміж прыступамі мігрэні рэкамендуецца немедыкаментознае лячэнне — транскраніяльная магнітная стымуляцыя, рефлексатэрапія, розныя метады рэлаксацыі, масаж шыйна-каўняровай зоны і іншыя.

Галаўны боль і артэрыяльная гіпертэнзія

Устойлівая артэрыяльная гіпертэнзія (АГ) часта суправаджаецца галаўным болем. Каб пазбавіцца ад яго, дастаткова нармалізаваць ціск. У пажылых з АГ часам развіваецца так званая хранічная ішэмія мозгу або дысцыркулятарная энцэфалапатыя (ДЭП), якая праяўляецца галаўным болем з лакальнай перавагай у шыйна-патылічнай вобласці па тыпе галаўнога болю напружання, галавакружэннем з адчуваннем «марской гайданкі, знаходжання на палубе». У такіх пацыентаў ужо на ранніх этапах звычайна з’яўляюцца парушэнні кароткачасовай памяці (на бягучыя падзеі). У такіх выпадках важна, каб тэрапеўт і кардыёлаг падабралі правільнае гіпатэнзіўнае лячэнне для карэкцыі артэрыяльнага ціску.

Галаўны боль як следства лячэння

Галаўны боль не рэкамендуецца трываць: ён вымотвае і падрывае здароўе. Але і злоўжываць як нестэроіднымі супрацьзапаленчымі прэпаратамі, так і трыптанамі, таксама небяспечна. Калі пацыент прымяняе іх два разы на тыдзень і больш, вельмі высокая рызыка ўзнікнення залежнасці. Развіваецца абузусны (лекава-індукаваны) галаўны боль. 80 % пацыентаў прыходзяць са скаргамі на дыскамфорт, цяжар, «варушэнне» і цяжка вызначаныя адчуванні ў галаве. Усё гэта аказваецца вынікам прывыкання да медыкаментаў.

Часам галаўны боль узнікае як пабочны эфект з-за рэгулярнага ўжывання прэпаратаў, якiя прызначаюцца пры тэрапіі іншых паталогій.

Калі прызначаць МРТ

Пры першасным галаўным болі дыягназ ставіцца на падставе характэрнага малюнка, апісаных пацыентам клінічных асаблівасцяў. МРТ прызначаюць у тых выпадках, калі ёсць відавочныя прыкметы другаснага галаўнога болю: раптоўны «громападобны» боль з адчуваннем удару ў патылічнай вобласці, «пачуццём спякоты, кіпеню ў галаве», спадарожнай слабасцю ў руцэ ці назе, высокімі паказчыкамі лейкацытаў ці хуткасці асядання эрытрацытаў у аналізах крыві, пры зацяжной (больш за гадзіну) аўры.

Агульныя рэкамендацыі для прафілактыкі галаўнога болю:

  • Выконваць рэжым працы і адпачынку.
  • Пры працяглым знаходжанні за камп’ютарам абавязкова рабіць перапынкі.
  • Добра высыпацца: класціся і паднімацца ў адзін і той жа час.
  • Звесці да мінімуму прадукты, якія правакуюць прыступы мігрэні.
  • Мінімізаваць стрэсы і фізічныя перагрузкі.
  • Пры частых (ад аднаго-двух разоў у месяц) прыступах прайсці прафілактычнае курсавое лячэнне.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.