Вы тут

Імянная зорка Анатоля Ярмоленкі і прэтэндэнт на Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу


Гімнасты Белдзяржцырка ў небе над паўночнай сталіцай, максімальны бал ад журы ў чатырох юных выканаўцаў XX Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2022» і «Зорны час» Марыа Стэфана П’етрадаркі на валошкавым фестывалі — «Славянскі базар у Віцебску» стартаваў.


Тры, два, адзін... Паехалі!

З цырымоніі ўрачыстага ўзняцця сцяга «Славянскага базара» на плошчы Летняга амфітэатра пачаўся афіцыйны адлік сямі насычаных фестывальных дзён. Пачэснае права ўзняць сцяг над Віцебскам далі ўладальнікам Гран-пры Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2021» з Казахстана Рухіі Байдукенавай і першай прэміі Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу «Віцебск-2021» Канстанціну Мазуркевічу з Беларусі. Усяго за 31 год існавання аднаго з найбуйнейшых фестываляў мастацтваў у ім узялі ўдзел прадстаўнікі амаль 80 краін усіх кантынентаў, акрамя Антарктыды!

12 ліпеня юныя зорачкі дзіцячага музычнага конкурсу ў працэсе лёсавання абралі для сябе свае шчаслівыя нумары, пад якімі прадстаўлялі свае краіны два дні на сцэне канцэртнай залы «Віцебск». Наш зямляк Елісей Касіч выступіў першым з кампазіцыяй на роднай мове «Неба пажар», атрымаўшы ад журы вышэйшы бал — 70, а 14 ліпеня Касіч выступіў з хітом Селін Дыён «І Surrender» пад нумарам 7. Беларус стаў асноўным прэтэндэнтам на Гран-пры дзіцячага музычнага конкурсу на «Славянскім базары». Юны беларускі артыст і ўраджэнец Віцебска сваім выкананнем кампазіцыі «I surrender» прывёў залу ў захапленне. З меркаваннем публікі пагадзіліся і музычныя эксперты. Па выніках двух конкурсных дзён вакаліст набраў максімальныя 140 балаў. Ён адзіны з удзельнікаў дзіцячага конкурсу, каму ўдалося атрымаць такую высокую ацэнку міжнароднага журы. На адну пазіцыю ніжэй апынулася юная канкурсантка з Расіі Юлія Гаўрылава – 139 балаў.

Ацэньвае выступленні кампетэнтнае журы, у складзе якога кампазітары, музыканты і спевакі з Расіі, Казахстана, Літвы, Сербіі, Славакіі, Босніі і Герцагавіны, а некаторыя з іх — пераможцы конкурсу маладых выканаўцаў мінулых гадоў.

Найбольш таленавітаму ўдзельніку юбілейнага ХХ дзіцячага конкурсу ўручаць новую прэмію імя народнага артыста СССР і Беларусі Ігара Лучанка, хто атрымае запаветную ўзнагароду — даведаемся ў найбліжэйшыя дні.

Пад купалам Віцебска

Ужо ўпадабаная гледачамі ўверцюра сёлета запрашала ў «Гэты чароўны цырк». Нават праліўны дождж, які па традыцыі даўно суправаджае фестываль, не напужаў зацікаўленых гледачоў. Насычаную праграму ў Віцебск прывезлі артысты Белдзяржцырка разам з аркестрам пад кіраўніцтвам Юрыя Давальцова. На працягу дзвюх гадзін госці Летняга амфітэатра вандравалі па старонках гісторыі цыркавога мастацтва Беларусі ад мінулага да сучаснасці. Каляровым карагодам змяняліся нумары: ігралі на музычных інструментах малпы і каталіся на скейтбордах сабачкі, віртуозна жангліраваў більярднымі шарамі Станіслаў Абяртаеў, складаныя трукі акрабатаў не пакінулі без эмоцый ніводнага гледача. Пад бурныя апладысменты кружылі пад купалам амфітэатра паветраныя гімнасты Наталі Нарышкіна, Глеб Кузьменка і Анастасія Дончанка. Ілюзійны атракцыён пад кіраўніцтвам Веранікі Касперавай пад гучнае «вау» пратыкаў шыпамі і закоўваў у ланцугі адважных асістэнтак. Камічныя замалёўкі трыа клоўнаў «Wіthout socks» прыйшліся да спадобы не толькі дзецям, але і дарослым: хлопцы ўжо даўно адышлі ад звыклых вобразаў з чырвонымі насамі — сучасныя клоўны граюць на музычных інструментах і па-майстэрску танцуюць стэп. Закручвалі ў вузел жалезныя пруты і на зубах паднімалі бярвёны асілкі, кожны нумар — у суправаджэнні яркага і бліскучага шоу-балета. Майстэрства і віртуознасць артыстаў — працяг слаўных традыцый цыркавога мастацтва Беларусі, якое пад цяжарам гістарычных ліхалеццяў не знікла ў небыццё, а толькі ўдасканальвалася. Сведчанне гэтаму — цырк, які знаходзіцца ў цэнтры сталіцы нашай краіны і вядзе афіцыйны адлік сваёй гісторыі з 11 лютага 1959 года. Тысячы гадзін упартых трэніровак, рызыка для жыцця — усё гэта дзеля ўсмешак і іскрынак у вачах удзячных гледачоў.

На фестывальных пляцоўках

Здавалася б, што за 30 гадоў сцэна Летняга амфітэатра зведала ўсе змены, якія падуладныя чалавечай фантазіі, але і сёлета арганізатары знайшлі новую «разыначку» — цяпер ад галоўнай сцэны ў зал выходзіць подыум, а артысты будуць бліжэй да гледачоў. Новае светлавое афармленне — над сцэнай лунаюць тры круглыя канструкцыі з дзясяткамі сафітаў, якія выстройваюцца ў розныя фігуры ў залежнасці ад нумароў.

Кіпіць фестывальнае жыццё не толькі на галоўных канцэртных пляцоўках. Па-за сценамі амфітэатра ў горадзе працуюць дзясяткі інтэрактыўных дворыкаў на любы густ. На вуліцах Пушкіна і Талстога шырока разгарнуўся традыцыйны кірмаш рамёстваў «Горад майстроў», дзе прадаюцца вырабы з гліны, металу і саломы; сувеніры з дрэва, тэкстылю і скуры. Сёлета каля 300 народных майстроў з Беларусі і Расіі дэманструе сваё рамяство, іх вырабы можна набыць на памяць аб горадзе на Дзвіне. У скверыку на вуліцы Кірава каляровым ланцугом расцягнуліся палаткі з адзеннем і аксесуарамі. На плошчы Свабоды працуюць кулінарныя падворкі, тут, дарэчы, пройдзе шэраг канцэртаў мясцовых артыстаў і конкурсаў.

З 15 да 16 ліпеня ў межах «Славянскага базару» ў Свята-Успенскім кафедральным саборы пройдзе свята харавой музыкі «Славянскі благавест», у якім возьмуць удзел хары Данскога стаўрапігіяльнага мужчынскага манастыра (Масква), храма ў гонар святой блажэннай Матроны Маскоўскай (Віцебск) і іншыя.

16 ліпеня на плошчы Свабоды пройдзе адкрыты турнір нацыянальных танцаў «Танчым разам», які збярэ больш за 100 пар з усіх рэгіёнаў Беларусі, Смаленскай і Пскоўскай абласцей Расіі. Міжнародны конкурс кавальскага рамяства «Зніч» — 16–17 ліпеня, конкурс майстроў традыцыйнага ткацтва «Палатняныя пераплёты», свята традыцыйнага народнага касцюма — не хопіць гадзін у сутках, каб паспець наведаць кожную пляцоўку.

«Зорны час»

14 ліпеня ў Віцебску афіцыйна адкрылі міжнародны прэс-цэнтр. Сотні журналістаў прыехалі ў культурную сталіцу Беларусі, каб у кожнай краіне свету людзі ўбачылі закуліссе валошкавага фестывалю і разам з удзельнікамі «Славянскага базару» праз мастацтва далучыліся да міру і ўзаемаразумення. Міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў уручыў журналістам узнагароды за актыўную работу па асвятленні папярэдняга форуму, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін уручыў Падзякі прадстаўнікам СМІ. Яшчэ да афіцыйнага адкрыцця цэнтр пачаў руплівую работу: сюды ўжо 13 ліпеня завіталі музыкант Марыа Стэфана П’етрадаркі і ўдзельнікі праекта «Тэатральная лабараторыя». Кожны дзень фестывальнага тыдня прэс-цэнтра распісаны па хвілінах, тут зоркі айчыннай і замежнай эстрады будуць дзяліцца творчымі планамі і поспехамі з журналістамі — а мы, у сваю чаргу, з вамі, паважныя чытачы.

Імянная зорка Анатоля Ярмоленкі – на Алеі зорак «Славянскага базару ў Віцебску»

Напярэдадні ўрачыстага адкрыцця фестывалю на Алеі зорак ля амфітэатра з’явілася новая 18-я зорка. «Белавежская пушча», «А я лягу, прылягу», «Алеся» — на гэтых хітах айчыннай эстрады вырас, напэўна, кожны беларус. З 1974 года Анатоль Ярмоленка і Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь «Сябры» дораць людзям шчырыя і пранікнёныя песні. На ліку Народнага артыста і кіраўніка ансамбля вялікая колькасць узнагарод, якія з’яўляюцца паказчыкам народнага прызнання і любові, а сёння да іх далучылася яшчэ адна — спецыяльная ўзнагарода Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення». Падчас адкрыцця «валошкавай зоркі» нават гадзіннік на гарадской ратушы граў мелодыі «Сяброў». Анатоль Іванавіч прызнаўся, што гэта ўзнагарода для яго вялікі гонар, але як артыст вырашыў разам з калектывам выказаць словы падзякі песняй. Прама на алеі «Сябры» праспявалі некалькі куплетаў кампазіцыі «Калі з сябрамі збярэмся за сталом» у новай версіі. «У Віцебску нас сабрала сапраўднае свята — запалілася зорка легендарнага ансамбля і цудоўнага артыста, які стаяў каля вытоках „Славянскага базару“. Няхай гэта спецыяльная ўзнагарода стане стымулам для новых творчых праектаў, якія будуць несці беларусам радасць», — павіншаваў калектыў міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».