Вы тут

Амар Хаям «Выбраныя старонкі» і Герман Гесэ «Сідхартха. Падарожжа да зямлі Усходу»


Амар Хаям. Выбраныя старонкі. Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022.

Знакамітыя вершы персідскага паэта Амара Хаяма ў перакладах народнага паэта Рыгора Барадуліна і вядомых сучаснікаў – Віктара Шніпа і Генадзя Аўласенка даюць нам магчымасць адчуць своеасаблівасць беларускага гучання класічных радкоў. ​


«Сёння ўлады не маеш над заўтрашнім ты, / Роздум твой пра яго – гук надзеі пусты, / Гэты міг не згубі, калі сэрцам разумны, / Бо не вечная рэштка тваёй тлумнаты». (Пераклад Рыгора Барадуліна). Іранічны назіральнік жыцця багатых, Амар Хаям горача спачуваў беднякам, для няшчаснага меў слова суцяшэння, для маладога і гарачага – папярэджання: свята жыцця не будзе доўжыцца вечна. Ягоныя адточаныя афарызмы нібыта створаны для таго, каб быць высечанымі на камяні. Зрэшты, сам паэт, пэўна, паставіўся б да такой перспектывы з усмешкай, бо любіў не каменныя пліты (яны нагадалі б яму магільныя), а радасці жыцця, якія не стамляўся ўслаўляць.

Той, хто спазнаў каварства лёсу, чытае рубаі Амара Хаяма з асаблівым разуменнем, а юнаму і бесклапотнаму яны падораць пробліск прасвятлення: «Чаму штодня шукаеш новы шлях? / Жыццё ж як пыл у Бога на нагах. / Ты ветра родны брат, а свечкі паліш, / Будуеш хату на сямі вятрах». (Пераклад Віктара Шніпа). Варта чытаць гэтыя вершы хаця б дзеля таго, каб прасякнуцца мудрасцю Усходу, якая раіць чалавеку радавацца таму, што ён мае, і не гнацца за прывідным шчасцем. І, канешне, каб адчуць прыгажосць мастацкага слова, бо кожны з перакладчыкаў прыўнёс у перастварэнне твораў сусветна вядомага філосафа, астранома, матэматыка і тонкага лірыка нешта сваё. Кнігу праілюстраваў беларускі мастак азербайджанскага паходжання Каміль Камал.     

Герман Гесэ. Сідхартха. Падарожжа да зямлі Усходу. Масква, Выдавецтва «АСТ», 2022.

Герман Гесэ падарожнічаў па краінах Паўднёва-Усходняй Азіі, вывучаў культуру і філасофію будызму і індуізму і ў шэрагу літаратурных твораў здолеў прыадкрыць чалавеку заходняй ментальнасці, рацыяналістычнага падыходу да жыцця таямніцы культуры Усходу з яе ўвагай да містычнага, інтуітыўнага вопыту. Адна з такіх кніг – невялікі па аб’ёме, але глыбокі алегарычны раман-прытча «Сідхартха».

Сын брахмана Сідхартха адмовіўся ад багацця, не захацеў прыняць гатовае вучэнне Буды і адправіўся шукаць сваю духоўную сутнасць самастойна. Ён шукаў сябе сярод пустэльнікаў-аскетаў і ў мірскім жыцці, зведаў сяброўства, каханне прыгажуні Камалы, стаў бацькам, вучыўся ў багатага купца, у простага лодачніка і ў самой ракі. Менавіта рака, чыя вада вечна цячэ, але застаецца сабой, дапамагла Сідхартху зразумець: духоўную ісціну трэба спазнаць на асабістым шляху. У гэтым прычына канфлікту бацькоў і дзяцей: Сідхартха з горыччу бачыць, што не можа перасцерагчы сына ад памылак і спакус – распешчаны хлопчык ставіцца да свайго старога бацькі з пагардай, і толькі ўласныя жыццёвыя страты зменяць яго душу.

Чалавек, пагружаны выключна ў інтэлектуальныя практыкаванні, асуджаны вечна шукаць гармонію і не знаходзіць яе – да такой высновы прыходзіць Сідхартха. Унутраная гармонія адкрываецца на іншым шляху. У будызме гэта называецца прасвятленнем – раптоўным пранікненнем у сутнасць рэчаў. Але да гэтага імгнення прыводзіць чалавека ўсё пражытае ім жыццё. Ісціна ўсюды: аб ёй цурчыць вада ў рацэ і спяваюць птушкі, але каб яе ўбачыць і пачуць, трэба зірнуць вакол не з пагардай, а з любоўю, як гэта зрабіў Сідхартха.

Алена БРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».