Вы тут

Ганенскі кірмаш пачнецца фестывалем гістарычнай рэканструкцыі


Знакаміты Ганенскі кірмаш у Зэльве пачнецца 16 ліпеня фестывалем гістарычнай рэканструкцыі.


Сёлета брэндавае свята ўпершыню складаецца з трох фэстаў. У асобныя мерапрыемствы вылучаны яшчэ дзве лакацыі Ганенскага фестывалю. Гэта «Легендарныя эпохі» і духоўны фестываль у Сынкавічах. Святы пройдуць у ліпені, жніўні і верасні. 

Гісторыя ля старога млына

Пачнецца кірмаш міжнародным фестывалем гістарычнай рэканструкцыі «Легендарныя эпохі». У мінулым годзе ён праходзіў падчас Ганенскага кірмашу, але лакацыя была настолькі цікавай, што сёлета яе вылучылі ў асобнае мерапрыемства. Відовішчны фэст прысвечаны Году гістарычнай памяці. 

Ля старога млына яго удзельнікі збяруцца 16 ліпеня. У праграме — рэканструкцыя чатырох гістарычных перыядаў — прыход вікінгаў, рыцары сярэднявечча, вайна з Напалеонам і вызваленне Зэльвеншчыны ў 1944 годзе. Дарэчы, рэканструкцыя часоў Вялікай Айчыннай вайны пройдзе ўпершыню і стане адметнай асаблівасцю сёлетняга фестывалю. Вядома, у цэнтры ўвагі будуць коні, многія гістарычныя рэканструкцыі пройдуць з іх удзелам. 

Галоўнай лакацыяй стане цэнтральнае рысталішча, дзе кожная эпоха прадставіць сваю гістарычную падзею ў дзеянні — з баявымі атакамі, манеўрамі, баталіямі. За пляцоўкай размесцяцца паходныя лагеры, дзе ўдзельнікі клубаў пазнаёмяць з бытам былых часоў. Будуць працаваць інтэрактыўныя зоны, лучныя і арбалетныя ціры, горад майстроў-рамеснікаў. Навучаць тут сярэднявечным танцам і гульням. 

Ганенскі кірмаш — брэнд Зэльвеншчыны

Галоўны фэст новага фармата адбудзецца 19- 20 жніўня. Уласна кажучы, гэта і ёсць Ганенскі кірмаш. Менавіта дзякуючы гэтаму святу, пасёлак Зэльва напачатку ХVIII стагоддзя атрымаў амаль што сусветную вядомасць. Сюды падчас фэста з’язжаліся да пяці тысячы купцоў. Хто на брычках, хто на падводах, а хто і па рацэ Зэльвянцы. Кажуць, што кірмаш быў адным з самых вядомых у Еўропе.

Адрадзілі старажытную імпрэзу ў 2001 годзе, і ў мінулым годзе адзначылі 300- гадовы юбілей з часоў заснавання фэсту. Цяпер ён штогод праводзіцца напрыканцы жніўня. Але сёлета вырашылі правесці яго ў тры этапы. 

— Паколькі праграма фестывалю была вельмі насычанай, і наведвальнікі не паспявалі ахапіць усе лакацыі, была прапанова самыя яркія пляцоўкі пераўтварыць у асобнае свята. Так, сёлета ўпершыню з’явілася «Легендарная эпоха» з рэканструкцыяй самых знакамітых гістарычных падзей. Брэндавы Ганенскі кірмаш з насычанай праграмай пройдзе ў другой палове жніўня, а ў верасні ля сцен Сынкавіцкай царквы пройдзе Сынкавіцкі духоўны фестываль, — паведаміла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Зэльвенскага райвыканкама Галіна Раманчук. 

Дарэчы, у Зэльве сабралася нямала рэчаў, якія звязаны з гісторыяй Ганенскіх кірмашоў. Пакуль усе яны захоўваюцца ў адным музейным пакоі, але тут спадзяюцца, што ў будучым будзе створаны і асобны музей. Экспанатаў, дарэчы, нямала. Прыносілі ўсе, у каго што ёсць, адусюль. Напрыклад, хамуты збіралі па раёне. Падчас кірмашоў ладзіліся выстаўкі вупражы, якая зараз захоўваецца ў музейным пакоі. Ёсць нямала арыгінальных падкоў, конных статуэтак. На сцяне вісіць вялікая карта, адкуль бачна, з якіх краін з’язжаліся сюды купцы. Шляхі ў Зэльву вялі нават з Персіі. Месца аказалася зручнае — на скрыжаванні гандлёвых шляхоў, да таго ж па свеце славіўся мясцовы конны завод, які трымалі ўладальнікі мястэчка Сапегі. Таму сюды ехалі купляць коней. Але не толькі. Па словах Галіны Раманчук, тут яшчэ быў вялікі кніжны кірмаш. І гэтую традыцыю працягваюць арганізатары і зараз. 

— Захавалася і афіша з нашага першага фестывалю, які ладзілі 20 гадоў таму, яе рабілі самі работнікі культуры, праграмка таксама была кустарнай, зараз такія буклеты выглядаюць прэзентабельна, — заўважае суразмоўніца. — Ствараем і гісторыю выступленняў падчас кірмашу, конкурсаў, якіх, дарэчы, нямала — больш дзесятка. Мы падбіраем цікавыя шоў-праграмы, цыганскія калектывы, казацкія.

Сёлета праграма фестывалю разлічана на два дні. У першы (пятніца, 19 жніўня) адбудзецца забаўляльная праграма на беразе Зэльвенскага вадасховішча з майстар-класамі па водным турызме, гандлем і атракцыёнамі. А вось у наступны дзень, 20 жніўня, кірмаш пачнецца з тэатралізаванага прадстаўлення з прыбыццём самога князя Сапегі і яго світы. Паколькі гісторыя Ганенскага кірмашу звязана з коньмі, арганізатары не адыходзяць ад традыцый. Кожны, хто прыйдзе на свята, змогуць пакатацца на брычцы ці, нават узяць урокі верхавой язды. 

— Сёлета мы задумаліся аб тым, каб увасобіць лагатып фестывалю. У нас ужо ёсць эскіз, але толькі на паперы, ён зацверджаны. На кірмашы адбудзецца конкурс сярод кавалёў па вырабе лагатыпа. Работа-пераможца будзе ўстаноўлена на плошчы гарадскога пасёлка, — расказаў прадстаўнік райвыканкама. 

Свята хоць і не юбілейнае, але мае адбыцца з размахам. Будуць працаваць стылізаваныя падворкі сельскіх саветаў і сельгаспрадпрыемстваў, свае вырабы прадставяць больш за 80 рамеснікаў, а добры настрой забяспечаць каля 300 удзельнікаў аматарскіх і прафесійных калектываў, зорак беларускай эстрады.

Арганізатары спадзяюцца, што гарадскі пасёлак стане месцам прыцягнення гасцей з усіх куткоў Беларусі. Менавіта так адыбвалася і ў тыя далёкія часы, калі падчас кірмашу насельніцтва пасёлка павялічвалася больш чым удвая, а на вуліцах выступалі цыркачы, аркестры, адбываліся тэатралізаваныя відовішчы. Новы фармат дазволіць паказаць сучаснае свята не адзін раз, а тры. Першы этап адбудзецца ўжо 16 ліпеня, затым у жніўні — Ганенскі кірмаш, а завершыцца гэта трыяда вераснёўскім фэстам у Сынкавічах.

Духоўны фестываль «СынкаВеча» 

Мерапрыемства пройдзе ў Сынкавічах у рамках Ганенскага кірмашу 18 верасня і прысвечана юбілейным датам старажытнай Сынкавіцкай царквы-крэпасці — 720-годдзю заснавання і 615-годдзю са дня асвяшчэння ў гонар Архангела Міхаіла. Храм унесены ў спіс гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і з’яўляецца адным з самых ранніх гатычных праваслаўных храмаў. Царква мела абарончае значэнне, аб чым сведчаць круглыя байніцы па перыметры будынка. Наверх можна падняцца па драўлянай лесвіцы з вуглавой вежы. Храм у савецкія часы не дзейнічаў, яго вярнулі вернікам напачатку 90-х гадоў. 

Падчас свята адбудзецца святочная літургія, якую правядзе архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній. 

Цікавым момантам стане гістарычная рэканструкцыя эпохі князя Вітаўта. Ёсць версія, што менавіта ён пабудаваў храм у знак удзячнасці мясцовым жыхарам, якія ратавалі яго ад пераследу Ягайлы. Сюжэт, па словах арганізатараў, дазволіць апынуцца ў атмасферу тых часоў, адчуць сябе жыхаром Сярэднявечча. Будзе магчымасць прыняць удзел у старажытных гульнях і турнірах, нават самім стаць артыстам тэатра «Батлейка». 

На духоўным фестывалі свае вырабы прадставяць манастырскія падворкі, народныя рамеснікі. Пройдуць майстар-класы па саломапляценні, разьбе па дрэве, пляценні паясоў. Жадаючыя змогуць паспрабаваць варыць мыла і нават пазнаёміцца з асновамі іканароспісу. 

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?