Вы тут

Востры боль у сэрцах сям’і Якуба Коласа


У Рэспубліцы Беларусь шырока адзначаецца 140-годдзе з дня нараджэння Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. У юбілейным годзе музей песняра з’яўляецца ініцыятарам і арганізатарам шматлікіх культурных мерапрыемстваў — выставак, прэзентацый, конкурсаў, фестываляў, канферэнцый.


Юрый Канстанцінавіч на ганку даваеннага дома Якуба Коласа. Мінск, 1937-1938 гг.

Значнай падзеяй у Год гістарычнай памяці стала адкрыццё памятнага знака ў гонар сярэдняга сына класіка беларускай літаратуры Георгія (Юрыя) Канстанцінавіча Міцкевіча, жыццё якога адабрала вайна. Сімвалічна, што адкрыццё дошкі адбылося 22 чэрвеня 2022 года на Вайсковых могілках горада Мінска каля помніка Якубу Коласу і яго жонцы Марыі Дзмітрыеўне Міцкевіч. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел скульптар Максім Пятруль, архітэктар Галіна Левіна, унучкі Якуба Коласа Марыя і Вера Міцкевіч, паэт Яўген Хвалей, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі.

Вялікая Айчынная вайна прынесла значныя страты і разбурэнні беларускай зямлі. Трагічная старонка гісторыі, якая адбілася вострым болем у сэрцах многіх, закранула і сям’ю Народнага паэта Беларусі Якуба Коласа. Сярэдні сын песняра прапаў без весткі ў першыя месяцы ваеннага ліхалецця.

Георгій Канстанцінавіч Міцкевіч нарадзіўся ў Пярмі ў 1917 годзе. У Слудскай царкве яго ахрысцілі Георгіем, але родныя называлі Юркам. Па прыездзе сям’і Якуба Коласа на Беларусь у 1921 годзе Юрый вучыцца ў розных школах горада Мінска. Міхась Міцкевіч, малодшы брат Юрыя, успамінаў:«Для маці прыбавілася работы і ў бацькоўскім камітэце школы, дзе вучыўся Юрка. За ім трэба было глядзець і глядзець. Рашучы, гарачы хлопец быў гатовы на выкананне розных «подзвігаў». Ранняй вясною ён выбіраўся з пакоя на халодную веранду і на лісце фанеры пакідаў адпаведныя даты сваіх учынкаў. Незалежна ад надвор’я перад першым днём мая ён адважваўся выкупацца ў халодных водах Свіслачы. Аднойчы пахваліўся перад сваімі сябрамі, што можа спрыгнуць з маста, які пралягаў ад электрастанцыі Эльвода, як яго называлі, у парк Профінтэрн. Паспрачаліся, і ён прыгнуў, але не разлічыў, што там мелкавата, а на дне Свіслачы ляжаць каменні. Рассадзіў калена і на адной назе прыскакаў дахаты. Маці вельмі перажывала — пагражала ампутацыя нагі. Але ўсё абышлося, толькі шэсць тыдняў яму давялося праляжаць у ложку. Маці выхадзіла свайго неўтаймаванага сына».

Юрый Міцкевіч. Мінск, 1939 г.

Школьныя сябры Юркі ўспаміналі аб ім як аб верным і надзейным таварышы, чулым і добразычлівым юнаку. «Сціплы быў хлопец Юрка. Фізічна развіты і часам задзірысты. У Мінску сярод нас, хлопцаў, была складаная сітуацыя. Напрыклад, мы не мелі права хадзіць далей цяперашняга моста (праз Свіслач). Юрку вельмі доўга не прымаў гэты раён, дзе пасялілася Коласава сям’я. Там заводзіліся вялікія бойкі. І яго сталі паважаць толькі за тое, што ён не ўступаў забіякам... Што было характэрна ў Юркі? Ён ніколі не дазваляў, калі мы хадзілі на якую-небудзь другую вуліцу, каб гаварылі, што ён сын Коласа. Не афішаваў гэта... Не любіў падманаў. Мусіць, так было заведзена ў доме Коласа... У ім былі закладзены справядлівыя, сумленныя адносіны да людзей і ўсяго навакольнага. І гэта паўплывала і на нас, яго сяброў», — успамінаў аднакласнік Юрыя Ігар Рыдзеўскі.

У 1935 годзе Юрый Міцкевіч паступае на геолага-геаграфічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Праз некаторы час факультэт быў ператвораны ў геаграфічны, які ён і скончыў у 1940 годзе. Пасля заканчэння БДУ Юрку разам з іншымі выпускнікамі ўніверсітэта прызвалі на вайсковую службу ў 62-гі артылерыйскі полк 8-й стралковай дывізіі. Часць размяшчалася ў невялікім мястэчку Ставіскі на Беласточчыне, на самай мяжы з акупаванай немцамі Польшчай.

У чэрвені 1941 года (менш за тыдзень да вайны) у Мінску пачаліся рэспубліканскія спаборніцтвы па стэндавай стральбе. У іх сярод іншых прымала ўдзел і каманда стралкоў Заходняй ваеннай акругі. У склад каманды ўваходзіў і яфрэйтар Ю. К. Міцкевіч. Спаборніцтвы па стэндавай стральбе ішлі паспяхова, але раптам выбухнула вайна. 22 і 23 чэрвеня вайсковая камендатура патрабавала, каб Юрый Міцкевіч неадкладна вярнуўся ў сваю часць, але здзейсніць гэта было немагчыма. Днём 24 чэрвеня ён зноў ідзе ў камендатуру. З гэтага часу Юрка назаўсёды развітваецца са сваёй сям’ёй.

Міхась Міцкевіч успамінаў: «Пачаліся спаборніцтвы. Я штодня наведаваў стэнд, з захапленнем назіраў, як у пыл разлятаюцца талерачкі пры кожным трапным выстрале. Там жа зрабіў некалькі фотаздымкаў апаратам, які табе падараваў бацька, што набыў у Парыжы ў час камандзіроўкі на антыфашысцкі з’езд пісьменнікаў. Цудам захаваліся ў мяне гэтыя апошнія фатаграфіі з табою... На іх адлюстравана твая постаць, постаць стройнага юнака. Ты быў у камандзе самым малодшым па званні — яфрэйтар…

Юрый Міцкевіч. Мінск, 1940 г.

Напад немцаў на нашу краіну вымусіў заўчасна закончыць спаборніцтвы, табе трэба было 24-га з’явіцца ў камендатуру к дзвюм гадзінам. У мяне і цяпер перад вачыма падзеі таго дня. Перад адыходам у камендатуру ты сядзеў каля паветкі на козлах задуменнызадуменны. У мяне быў кулёк цукерак, да якіх мы абодва былі ахвочыя, мы іх з табою прыкончылі... Ты тады сказаў мне: „Міхась, захавай мае стрэльбы. Скончыцца вайна, будзем разам хадзіць на паляванне“. Стрэльбы я захаваў, а ты не вярнуўся...»

Лісты Юрыя Міцкевіча з фронту былі напоўнены хваляваннямі і перажываннямі за сваіх родных. «Дарагая мама! Пішу вам у Ташкент другое пісьмо. Сёння з вялікай радасцю атрымаў паштоўку ад Міхася. Пакуль атрымаеце гэтае пісьмо, я думаю, што вы добра ўладкуецеся на новым месцы. У першым пісьме вам пісаў пра тое, як я трапіў у новую для мяне часць…

Мама! Напішы, як тваё здароўе, бацькі, Даніка і Міхася? Як вы ўладкаваліся на новым месцы? Хто ў Ташкенце з нашых знаёмых? Цяжка, праўда, мяняць умовы клімату і жыцця і выязджаць з роднага месца. Але я ўпэўнены, што хутка разаб’ем пракляты фашызм, і вы зможаце вярнуцца на месца. Тое, што ў нас згарэла, гэта глупства. Вайна закончыцца, і хутка прыдбаем усё неабходнае... Асабіста я адчуваю сябе выдатна. За час вайны, як ні дзіўна, значна паправіўся». 30 верасня 1941 года Юрка адправіў свой апошні ліст. З гэтага дня вестак аб сыне бацькі не мелі.

Страціўшы надзею атрымаць пісьмо ад сына, 28 лістапада 1942 года Якуб Колас звяртаецца да яго па радыё: «Придёт светлый день нашей победы. И мир облегчённо вздохнет, и на земле снова зашумит мирная созидательная жизнь. Перед Красной Армией, рядовым бойцом которой являешься ты, милый сын мой Юрка, преклонится всё человечество, весь прогрессивный мир, ибо она совершает и совершит величайший подвиг. Для меня же огромным моральным удовлетворением будет служить сознание того, что в этом подвиге есть и твоё усилие, и твоя доля. Пользуясь своим пребыванием в Москве, обращаю к тебе эти слова. Если ты услышишь мой голос, отзовись, дорогой Юрка, хотя бы несколькими строками...»

Скульптар Максім Пятруль каля дошкі ў гонар Юрыя Міцкевіча.

Якуб Колас пісаў лісты ў розныя інстанцыі, сваім сябрам і знаёмым з надзеяй атрымаць хаця б нейкую вестачку ад сына. Невыпадкова, што памятны знак у гонар Юрыя Міцкевіча зроблены ў выглядзе абгарэлага ліста, на якім радкі напісаны як бы рукою Якуба Коласа. Почырк і сапраўды падобны на коласаўскі, бо ўзнавілі яго па рукапісах паэта, якія беражліва захоўваюцца ў фондах музея песняра. Аўтар мастацкага рашэння дошкі — таленавіты беларускі скульптар, член Беларускага Саюза мастакоў Максім Пятруль. Яго работы добра вядомы жыхарам сталіцы, бо ўпрыгожваюць чатыры станцыі мінскага метро — «Грушаўку», «Малінаўку», «Плошчу Францішка Багушэвіча» і «Юбілейную плошчу». Максім Пятруль таксама з’яўляецца аўтарам многіх скульптурных кампазіцый у Мінску, такіх як «Разбіты агмень» — мемарыял у памяць Мінскага гета, створаны ў 2008 годзе сумесна з архітэктарам Леанідам Левіным, фантан «Перамога» ў сталічным парку Перамогі, скульптура «Папараць кветка» ў парку 900-годдзя Мінска. У творчай скарбонцы скульптара — шэраг работ, усталяваных як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі — у Кітаі і Швейцарыі.

Цяпер Юрыя Міцкевіча, які мужна змагаўся з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, можна ўзгадаць не толькі на тэрыторыі мемарыяльнай сядзібы Якуба Коласа, дзе сам паэт у далёкім 1947 годзе пасадзіў дуб у гонар свайго сына, калі надзея на яго вяртанне поўнасцю знікла, але і на Вайсковых могілках горада Мінска, дзе, дзякуючы памятнаму знаку, злучылася цяпер ужо ўся сям’я класіка беларускай літаратуры.

Васіліна МІЦКЕВІЧ, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа 

Фота даслана аўтарам

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.