Вы тут

Мікола Сурначоў падчас вайны адкрываў новыя магчымасці лірычнага псіхалагізму


Даўно стаў хрэстаматыйным верш «У стоптаным жыце»:


Мікола Сурначоў.

Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да блізкага гаю,
Да роднага дому.
Над ім асыпаюцца
Слуцкія краскі,
Абсмалены колас
Схіліўся да каскі.
Ляжыць ён, як віцязь,
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце —
Ёй не кажыце...

Як ні прыслухацца да меркавання выдатнага крытыка, аднаго з найбольш дасведчаных знаўцаў паэзіі Варлена Бечыка: «Верш „У стоптаным жыце“ меў для нашай паэзіі ваеннага часу асаблівае значэнне, бо ўжо на пачатковым перыядзе вайны, калі пераважалі творы агітацыйна-публіцыстычнага кірунку, адкрываў новыя магчымасці лірычнага псіхалагізму. Вобраз у невядомасці загінуўшага воіна, малюнак здратаванага, гвалтоўна парушанага мірнага жыцця, унутраны гістарызм, падтэкставы велічны вобраз Радзімы — усё гэта было вельмі істотным для паглыблення нашай паэзіі ў новыя душэўныя, псіхалагічныя глыбіні чалавека на вайне».

А напісаў гэты цудоўны твор (дарэчы, рэдкі выпадак, каб столькі чалавек пераклалі адзін і той жа верш на рускую мову: Іван Бурсаў, Дзмітрый Кавалёў, Браніслаў Спрынчан, Аляксандр Твардоўскі) Мікола Сурначоў, з кагорты тых беларускіх паэтаў, якія, кажучы словамі яго рускага творчага калегі Мікалая Маёрава, «ушли, не долюбив, // Не докурив последней папиросы».

Нарадзіўся Мікола Сурначоў у 1917 годзе ў вёсцы Слабада колішняга Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, цяперашняга Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Калі дакладна — невядома. Часам называецца восень таго ж года, калі-нікалі снежань 1917-га. Сям’я была шматдзетная, сялянская. Мікола ў ёй — старэйшы. Змалку зведаў, што такое працаваць на зямлі. Хоць і цяжка, але калі пастараешся, то і вынік відавочны. Бадай, з юных гадоў усвядоміў і іншае: мала працаваць у ахвоце і поце. Добра ведаць яшчэ і сакрэты вырошчвання той ці іншай сельскагаспадарчай культуры. Праўда, з юных гадоў жыло і іншае захапленне — любоў да роднага слова, да паэзіі. 

У сваёй роднай вёсцы скончыў тры класы, у чацвёрты хадзіў у суседні Свержань. У сямігодцы вучыўся ў Рагачове. Як сведчыла ў 1969 годзе настаўніца тагачаснай Слабадской пачатковай школы Феня Шапавалава, якая ведала яго яшчэ са школьных гадоў: «Мікола вельмі любіў чытаць. Ужо калі вучыўся ў сямігодцы, дык меў сваю бібліятэку. Кнігі, у якіх што-небудзь падабалася, ведаў на памяць — цэлыя раздзелы. Вельмі любіў чытаць іншым, а такіх, каб паслухаць, заўсёды каля Міколы збіралася многа. Вучыўся добра і памагаў вучыцца сябрам. А іх у яго было шмат».

У сямігодцы і сам узяўся за пяро. Напісаным таксама дзяліўся з сябрамі. Але тады перамагла ўсё ж любоў да зямлі, таму паступіў у Гомельскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Скончыўшы яго, некаторы час працаваў аграномам. Ды з пяром не развітаўся. Нататкі, карэспандэнцыі прапаноўваў у рагачоўскую раённую газету «Камуна». У рэдакцыі маладога аўтара заўважылі і ўзялі на працу. У «Камуне» і дэбютаваў як паэт. Толькі праца ў ёй была нядоўгай. Захацелася атрымаць вышэйшую адукацыю. У 1937 годзе паступіў на літаратурны факультэт Гомельскага педагагічнага інстытута, дзе пазнаёміўся з гэтакімі, як сам, паэтамі.

Адным з іх быў Кастусь Кірэенка. Кастусь Ціханавіч успамінаў: «Няўрымслівы шукальнік, чулы і таварыскі, але заўсёды бескампрамісны да фальшу слова, няпэўнасці погляду, браку пачуцця... Такім Мікола запомніўся мне і ўсім сябрам у гады вучобы ў Гомельскім педінстытуце...» Асабліва зблізіўся з ім Паўлюк Прануза. У Вялікую Айчынную вайну яны перапісваліся. А пазнаёміліся восенню 1937 года ў студэнцкім інтэрнаце перад уступнымі экзаменамі. «Калі я зайшоў у пакой, — прыгадваў Паўлюк Кузьміч у 1966 годзе, — на крэслах, на ложках сядзелі незнаёмыя юнакі. Адзін з іх, больш сталы, за столікам чытаў вершы. Я, як навічок, спыніўся ў парозе.

Я выберу звонкий, как бубен, кавун
И вырежу ножиком сердце.

Я быў здзіўлены: што тут адбываецца? Можа, які дыспут? Вось юнак скончыў чытаць верш, блакітнымі вачыма зірнуў на слухачоў і спытаў:

— Ну, як? Спадабалася?

Усе маўчалі. Хлопец сам за усіх адказаў:

— Эдуард Багрыцкі. Сапраўдная паэзія. Так трэба пісаць. А можа, хто з вас піша вершы? Няўжо ніхто? Вы ж на літфак паступаеце. Не саромейцеся. [...] Неяк адразу ўвайшоў у нашы сэрцы Мікола Сурначоў. Экзамены па літаратуры ён здаў на выдатна».

Паступленне ў педінстытут ён, як і кожны на яго месцы, успрыняў з радасцю. Але не меншай радасцю было тое, што верш «Наказ» газета «Літаратура і мастацтва» змясціла ў нумары за 6 ліпеня 1938 года. Твор гэты напісаны як пажаданне каханай свайму любаму. Прытым пажаданне пададзена арыгінальна. Гэта не проста наказ:

Песню звонкую Анэта
Разгубіла ў берагах.
Праплыла яна, як лета,
Разлілася па лугах.

Жадала Анэта свайму Лявонку: «Каб Радзіма красавала // Ад сяла і да сяла; // Каб злы вораг не сваволіў, // К нам не лез з па-за мяжы, — // Наша шчасце, нашу долю // Пільна, любы, беражы». 

Відаць, пасылаў свае творы і ў Саюз пісьменнікаў. Таму і запрасілі яго на рэспубліканскія курсы пісьменнікаў-пачаткоўцаў, што праходзілі ў Мінску ў 1940 годзе. У гэты час з Гомельскага педагагічнага перавёўся ўжо ў Мінскі педінстытут. Канешне, сустрэча з гэтакімі ж маладымі творцамі дала шмат уражанняў. Захацелася быць у самым віры літаратурнага жыцця.

Вучобу сумяшчаў з працай у рэдакцыях газет «Звязда» і «Чырвоная змена». Друкаваўся няшмат. Быццам у душы жыло штосьці такое, што выклікала далёка не радасныя думкі. Прынамсі, меркаваць дае падставы верш «Барвовая зара», надрукаваны ў 12-м нумары часопіса «Полымя рэвалюцыі» за 1940 год. Эпіграфам да яго невыпадкова ўзяты радкі Аляксея Суркова «Вот и кончилось детство, Коля».

Праўда, спачатку які-небудзь неспакой у творы адсутнічае. Звычайнае замілаванне хараством прыроды. Ажываюць знаёмыя краявіды, тыя, што зберагліся ў памяці яшчэ з гадоў маленства. На адлегласці пакуль яшчэ і не такога далёкага часу, яны, тым не менш, успрымаюцца інакш, чым дагэтуль:

Лясная дарожка
Слядочак губляе:
То вынырне з елак,
То ў лозы знікае,
То выгнецца спінкай,
То ўся ўстрапянецца —
З заросшай лагчыны
На ўзгорак імкнецца.
На ўзгорку рабіна
Махае галоўкай,
Рабіну наведаў
Чаканы салоўка.

Толькі ў чацвёртай, заключнай страфе твора становіцца зразумелым, што ў сэрцы лірычнага героя прысутнічае ўсё ж нейкі неспакой. Аднак які канкрэтна — ён сказаць не збіраецца, бо і сам пакуль знаходзіцца ў няпэўнасці. Магчыма, ведае рабіна?

А гэта ўжо клікала аўтара ў дарогу вайна. Пакідаў Мінск «чэрвеньскай ноччу сорак першага года». Пра што ўспамінаў Мікола Аўрамчык: «На пагорку, дзе цяпер стаяць карпусы велазавода, пачынаўся пералесак, перад намі была будка дарожнага майстра. Мы выцягнулі са студні вады, напіліся і селі перадыхнуць. З пагорка журботным позіркам глядзелі на горад свайго юнацтва. Над ім высока шугала барвовае полымя».

Каля Краснага Урочышча Мікола Сурначоў і прадэкламаваў радкі свайго верша, што нарадзіліся па дарозе.

Не магу не спаслацца яшчэ раз на Варлена Бечыка: «[...] ціха, стрымана выказаў вялізны боль тых драматычных абставін. А ўвабраў у сябе, здаецца, цэлыя стагоддзі, матчын смутак, людское шкадаванне... У сваіх паэтычных глыбінях ён сходзіцца з народнай песняй — шмат бярэ ад яе і пашырае яе прасторы. Родны дом, краскі, колас, жыта, маці... Усё тут так проста згадана, а такую незвычайную мае сілу».

Мікола Сурначоў ваяваў на Заходнім, Бранскім, Данскім, Паўднёва-Заходнім і іншых франтах. Дайшоў да Берліна. Не да вершаў было, але не пісаць іх ужо не мог. Упэўніўся, што ў паэзіі яго прызванне. А пра што пісаць, разважаць не трэба было. Само сэрца падказвала праблематыку вершаў. У аднолькавай ступені хвалявалі дзве ўзаемазвязаныя тэмы: каханне і вайна.

Імя той, забыць якую не можа, ні ў адным творы не называецца. Хутчэй за ўсё гэта збіральны вобраз. Але ад гэтага сутнасць не мяняецца. Лірычны герой, а ў дадзеным выпадку, канешне, гэта толькі сам Мікола Сурначоў, перадаў не толькі ўласныя пачуцці. Прынамсі, у вершы «Ты мне патрэбна...» ад свайго імя гаварыў і адначасова прамаўляў ад імя тысяч юнакоў, якія сталі на абарону Радзімы. Гэтая споведзь кахання простая і таму яшчэ больш уражлівая:

Ты мне патрэбна, як глебе вада,
Як мараку пах салёнага мора.
Клікнуць? Не змогуць вятры перадаць;
Плакаць наўзрыд? —
Прад бярозкамі сорам;
Казку прыдумаць? — Не выйдзе на лад.
Песню складаць? — Не складаецца песня.
Сон, бы рукою, з павекаў зняла, —
Мусіў я ночы прастойваць ля весніц.

А ў вершы «Старонка мая, у смутку...» асабістае адыходзіць на другі план. Перад усенародным горам яно падаецца не такім ужо і важным. Споведзь лірычнага героя іншага кшталту, бо прамаўляў тое, што яго хвалюе, сын сваёй краіны, на якую напаў вораг. Ён разумеў адказнасць за будучыню яе ў гэты цяжкі час. Але ён адчуваў і пэўную адказнасць за тое, што пакуль усё адбывалася не так, як таго хацелася б. Аднак святая вера ў Перамогу надавала ўпэўненасці:

Старонка мая, з дакорам
Ты сына свайго не кляні!
Мы пройдзем
любімым борам,
Здабудзем твае кляны,
Хваёвыя пералескі,
Кветак мядзвяны пах.
Узняўшыя снег пералескі
Усцелюць прад намі шлях.

Старшы лейтэнант узвода знішчальнага процітанкавага артылерыйскага палка Сурначоў загінуў у ноч з 19 на 20 красавіка 1945 года ў рукапашным баі. Быў пахаваны ў брацкай магіле за восем кіламетраў ад Берлінскай акружной дарогі. У 1949 годзе прах загінулых з яе перанеслі на брацкія могілкі ў горадзе Бад-Фраенвальдэ. Праўда, на помніку прозвішча яго пададзена няправільна: «Н. Н. Сурнамов».

Пры жыцці ў Міколы Сурначова кнігі не выходзілі. Пасля вайны яго вершы сабралі сябры. Так з’явілася кніжка «На сурмах баравых» (1946), потым быў зборнік «Барвовая зара» (1959). Найбольш поўна яго мастацкая спадчына прадстаўлена ў кнізе «Акопны спеў» (1986), укладзенай Паўлюком Пранузам. У ёй змешчаны таксама лісты, успаміны пра яго. Зборнік пабачыў свет у серыі, што выдавалася ў «Мастацкай літаратуры» па ініцыятыве Варлена Бечыка. Яна назвы не мела, але сама за сябе гаварыла выява пяра ў полымі, змешчаная на вокладцы.

Восенню 1944 года Мікола Сурначоў наведваўся ў Мінск. Вынікам гэтай паездкі стаў верш «Чырвоная Зорка»:

Услаўце ж зорку вызвалення!
Бо доўга-доўга будзе зорка гэта
Ісці па заняволенаму свету.
Дзе зорка гляне —
там зардзее ранак.

Сёння гэты твор гучыць, як запавет. Ляжыць Мікола Сурначоў далёка ад роднай зямлі. Там спачывае, дзе вечны сон яго ёсць нямала ахвотных патрывожыць. Як і іншых, хто загінуў у барацьбе супраць фашызму. Яны за сваё жыццё зрабілі ўсё магчымае, каб на зямлі запанаваў мір. Цяпер гэта ўжо залежыць ад усіх нас. І праз памяць аб іх — таксама.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Мікола СУРНАЧОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.