Вы тут

Гісторыя людзей, якія цаной жыцця выдавалі «Звязду» ў акупаваным Мінску


Побач з Камароўскім рынкам, які ведае кожны жыхар сталіцы, знаходзіцца сціплы помнік. Шэсць каменных літар зліваюцца ў адно слова — «ЗВЯЗДА». У гады фашысцкай акупацыі на гэтым месцы стаяла хата, у якой былі надрукаваны другі і трэці нумары аднайменнай падпольнай газеты. Подзвіг людзей, якія мелі дачыненне да небяспечнай і ў той жа час высакароднай справы, быў увекавечаны пасля Вялікай Айчыннай вайны.


Фота Яўгена Пясецкага.

У гэтую хату, што знаходзілася на вуліцы з сімвалічнай назвай — Выдавецкая (цяпер Кульман) — падпольная рэдакцыя пераехала пасля трагічных падзей, якія адбыліся з многімі ўдзельнікамі першага нелегальнага выпуску «Звязды». Яго рэдактара, Уладзіміра Амельянюка, гітлераўцы забілі, бацьку і сына Воранавых, у хаце якіх па вуліцы Рымарскай быў надрукаваны першы нумар, арыштавалі — у канцы 1942 года яны загінулі ў фашысцкім засценку. Трагічна склаўся лёс і ў наборшчыка Барыса Пупко...

Нягледзячы на тое, што ўсяго толькі за адзін газетны выпуск была заплачана такая высокая цана, выданне газеты вырашылі працягнуць. Роля і сіла друкаванага слова была навідавоку — невыпадкова за выкрыццё падпольнай рэдакцыі акупанты абяцалі заплаціць 75 тысяч нямецкіх марак, што па тым часе складала вялізныя грошы.

Літары — у мяшэчках

Пад рэдакцыйныя патрэбы адзін з пакояў сваёй кватэры пагадзілася аддаць Таццяна Якавенка, жонка чырвонаармейца. Яго здымаў былы ваеннапалонны Арсеній Грышын. У кватэры бываў рэдка: выконваючы заданні падполля, часта быў у раз'ездах, таму быў не супраць, што там размесціцца падпольная тыпаграфія.

З прычыны таго, што друкарня была перанесена ў іншае месца, а ў працэсе падрыхтоўкі газеты ўзнікалі цяжкасці, другі нумар падпольнай газеты замест ліпеня, як было першапачаткова запланавана, выйшаў у жніўні. Над гэтым выпускам, як і над трэцім, які ўбачыў свет 6 верасня 1942 года, працаваў невялікі рэдакцыйны калектыў: Вячаслаў Нікіфараў, Ядзвіга Савіцкая, Уладзімір Казачонак, Хасан Александровіч, Сяргей Благаразумаў, Клаўдзія Фалдзіна і Анастасія Карпусенка.

Сын наборшчыка падпольнай «Звязды» Барыс Александровіч доўгі час сябраваў з нашай рэдакцыяй, меў пасведчанне ганаровага карэспандэнта «Звязды». Менавіта ад яго мы даведаліся шмат цікавых дэталяў, звязаных з выхадам выдання ў акупаваным Мінску. Ад бацькі Барыс Александровіч ведаў, што выпускаць газету было вельмі складана: увесь час нечага не хапала — то паперы, то фарбы, то друкарскіх прылад. Яго маці, Галіна Александровіч, пашыла з марлі каля двухсот мяшэчкаў, у кожным з якіх захоўвалася літара. Пасля таго як нумар быў адціснуты, літары зноў складваліся ў свае «рэзервуары».

Так выглядала хата па вуліцы Выдавецкай, у якой летам — восенню 1942 года  стваралася падпольная «Звязда». На яе месцы цяпер стаіць помнік.

Хасану Александровічу вельмі часта даводзілася працаваць і ноччу. У мэтах канспірацыі зачыняліся аканіцы, вокны завешваліся коўдрамі. Друкаваць уручную — справа не з лёгкіх. Стомленага наборшчыка каля друкарскага станка нярэдка змяняў Уладзімір Казачонак. Часам складваліся такія сітуацыі, што раней ад запланаванага трэба было заканчваць работу, хаваць шрыфт, вярстатку, набор... Вось пра які выпадак Хасан Мустафавіч расказваў сваім дзецям: «Раніцай я прыйшоў заканчваць набор 3-га нумара газеты, а праз гадзіну-дзве гаспадыня дома паведаміла мне, што ідуць таварышы Казачонак і Вацік (так у падпольнай тыпаграфіі называлі Вячаслава Нікіфарава). Разам мы пачалі складаць макет нумара. Не паспелі скончыць работу, як Таццяна Якавенка паведаміла, што сюды ідзе паліцай. Казачонак і Вацік выйшлі ў іншае памяшканне, а мяне зачынілі на замок. Перад гэтым мы вырашылі, калі паліцай захоча зайсці ў памяшканне, дзе друкавалася газета, — забіць яго халоднай зброяй».

Да гэтага, на шчасце, не дайшло. Аднак працягваць ствараць газету па згаданым адрасе ўжо было небяспечна. Акрамя таго, па Выдавецкай праходзілі немцы і іх памагатыя — праз дарогу знаходзілася гестапа. Толькі акупанты нават не здагадваліся, што ў іх пад носам — у суседнім доме — набіралася і друкавалася газета, тыпаграфію якой яны так старанна шукалі! Пасля выхаду трэцяга падпольнага нумара працаваць на гэтай кватэры больш не рызыкавалі — знайшлі іншае месца.

У 1967-м Таццяна Якавенка, якая была адной з нямногіх, каму з тых людзей пашчасціла выжыць, перадала ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны прадметы інтэр'еру пакоя, дзе ў гады акупацыі кіпела журналісцкая справа. Стол, крэсла і табурэт, за якімі рэальна працавалі мінскія падпольшчыкі-«звяздоўцы», змешчаны ў імправізаванай канспіратыўнай кватэры новай экспазіцыі. На стале ляжыць прынесены Таццянай Якавенкай валік, які паліграфісты выкарыстоўвалі для газеты. Падпольная «Звязда» — таксама ў экспазіцыі: у музеі захоўваецца 51 нумар за 1942 год. У розны час іх прынеслі розныя людзі, якія, на жаль, не маглі растлумачыць, адкуль газеты з'явіліся ў іх сем'ях.

Хто рэдактар?

Дагэтуль няма адзінага меркавання аб тым, хто быў рэдактарам іншых, акрамя першага, выпускаў падпольнай «Звязды». Неаднойчы ставілася пад сумненне дзейнасць той жа Ядзвігі Савіцкай, якая, паводле некаторых звестак, з'яўлялася рэдактарам 2-га, 3-га і 4-га нумароў. Іншыя аспрэчваюць гэты факт, сцвярджаючы, што пасаду кіраўніка займаў загадчык аддзела прапаганды і агітацыі Мінскага гарадскога падпольнага камітэта Вячаслаў Нікіфараў (падпольны псеўданім «Вацік»).

Вячаслаў Нікіфараў.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Вячаславу Нікіфараву было 32 гады. З першых дзён акупацыі сталіцы ён уключыўся ў падпольную барацьбу з ворагам. Ініцыіраваў стварэнне падпольнай групы «нафтавікоў», якую ўзначаліў падпольшчык Канстанцін Грыгор'еў. Некаторы час кватэра Нікіфарава, якая знаходзілася на Чэрвеньскім тракце, была явачнай. Тут збіраліся патрыёты, захоўвалася забароненая літаратура і зброя.

Пасля таго як у маі 1942 года загінуў першы рэдактар падпольнай «Звязды» Уладзімір Амельянюк, Вячаслаў Нікіфараў браў непасрэдны ўдзел у далейшым выпуску выдання. Асабіста займаўся абсталяваннем падпольнай тыпаграфіі па Выдавецкай вуліцы, падбіраў людзей для падпольнай рэдакцыі, удзельнічаў у выпуску газеты і распаўсюджваў яе.

Важкі ўклад у дзейнасць падпольнай газеты ўнесла і Ядзвіга Савіцкая. Кожны падпольны нумар ствараўся ў найцяжэйшых умовах: паўсюль былі шпіёны і правакатары. Калі Ядзвіга Савіцкая займалася апрацоўкай матэрыялаў або пісала іх, яе дачка заўсёды знаходзілася на вуліцы, маці — у двары. Пры найменшым падазрэнні падпольшчыца атрымлівала сігнал і хавала матэрыялы ў падаконне. «Пры добрых умовах газету можна было зрабіць за два-тры дні, а рабілі яе месяцамі, — расказвала Савіцкая. — Не паспявалі ўзяць у рукі аловак, як паступае сігнал трывогі. Заходзіць у кватэру хтонебудзь, усякая работа спыняецца».

Акрамя непасрэднай журналісцкай работы, Ядзвіга Савіцкая неаднойчы насіла надрукаваную газету ў мястэчкі і сёлы. Па яе словах, былі моманты, калі газету аддавала сялянам публічна, не хаваючыся. Пры гэтым не было ні аднаго выпадку, каб з-за страху нехта адмовіўся яе ўзяць. Насельніцтва той ці іншай вёскі хутка знаёмілася са зместам выдання, якое затым перадавала іншым людзям. Падпольшчыкі, якія прыходзілі ў гэты населены пункт у другі раз, былі тут жаданымі гасцямі.

Ядзвіга Савіцкая.

Што датычыцца напаўнення газеты матэрыяламі, па прызнанні журналістаў-падпольшчыкаў, над другім, трэцім і чацвёртым нумарамі падпольнай газеты працаваць было значна лягчэй у параўнанні з першым. Карэспандэнцкая сетка пашыралася. Партызаны, а таксама мірнае насельніцтва праяўлялі вялікую цікавасць да газеты: яны не толькі яе чыталі, перапісвалі матэрыялы ад рукі, а і самі забяспечвалі газетчыкаў інфармацыяй, з'яўляліся аўтарамі публікацый. Траплялі ў падпольную рэдакцыю і матэрыялы з лагераў для
ваеннапалонных.

Уладзімір Казачонак, які ўдзельнічаў у выпуску падпольнай «Звязды», у пасляваенны час таксама быў адным з прэтэндэнтаў на рэдактарства ў газеце. Па ўспамінах некаторых падпольшчыкаў, Уладзімір Сцяпанавіч рабіў многае дзеля таго, каб газета выйшла ў свет. Іншыя, называючы яго госцем падполля, увогуле аспрэчвалі дачыненне Казачонка да ваеннай «Звязды», але экспертыза газетных нумароў пацвердзіла, што яго рукой былі напісаны многія матэрыялы.

Найбольш дакладна і, напэўна, сумленна сваю ролю ў выданні газеты ўжо пасля вайны вызначыў сам Уладзімір Казачонак. Ён казаў, што няправільна паказана роля асобных таварышаў у стварэнні падпольнай газеты. Апошняя, на думку падпольшчыка, мела калектыўнага рэдактара-рэдкалегію, якая складалася з трох чалавек — Нікіфарава, Савіцкай і ўласна яго.

Хутчэй за ўсё, так яно і было. Ва ўмовах ваеннага часу наўрад ці нехта з падпольшчыкаў думаў пра тое, якую пасаду ён займае. Не было і канкрэтных прызначэнняў. Пасля трагічнай гібелі рэдактара першага падпольнага нумара «Звязды» Уладзіміра Амельянюка, а таксама арышту некаторых падпольшчыкаў выпуск газеты аднавіўся без усякіх загадаў — гэта была справа гонару патрыётаў сваёй Радзімы.

Вераніка КАНЮТА

Фота з архіва рэдакцыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

Вогненныя вёскі. Нельга забыць. Драмлёва: Жудасны попельны верасень

У пякельным драмлёўскім агні абарваліся жыцці 183-х чалавек.