Вы тут

18 ліпеня стартуе другі этап уступнай кампаніі


18 ліпеня ў краіне стартуе другі этап уступнай кампаніі: у гэты дзень прыёмныя камісіі ВНУ распачнуць прыём дакументаў ад абітурыентаў. Сёлета на бюджэтную форму навучання плануецца прыняць 27,7 тысячы чалавек і 25,8 тысячы — на платную.


Графік прыёмных камісій

У структуры прыёму на бюджэт дамінуе дзённая форма навучання — яна складае больш за 80 працэнтаў ад лічбаў набору. А ў структуры прыёму на платную форму прасочваецца пэўны парытэт: каля 50 працэнтаў складае прыём на дзённую форму навучання. Невялікае павелічэнне набору на бюджэт адбудзецца па медыцынскіх, тэхнічных і асобных педагагічных спецыяльнасцях. Разам з тым, скарэкціраваны прыём у бок памяншэння на незапатрабаваныя эканомікай спецыяльнасці, у тым ліку на тыя напрамкі, дзе работадавец аддае перавагу больш вопытным спецыялістам з рынку працы: гэта эканоміка і юрыспрудэнцыя.

З 18 да 24 ліпеня вызначыцца з выбарам спецыяльнасці павінны ўсе абітурыенты, якія прэтэндуюць на бюджэтныя месцы, а таксама абітурыенты, якія паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўступныя іспыты.

Для некаторых катэгорый абітурыентаў тэрміны падачы дакументаў іншыя. Так, з 18 да 26 ліпеня будуць прымаць дакументы ад тых, хто паступае на спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю на дзённае аддзяленне (бюджэтную форму), у Ваенную акадэмію, Інстытут пагранічнай службы, а таксама на ваенныя факультэты (на бюджэт). А з 15 лістапада да 5 снежня — ад тых, хто паступае на завочную форму атрымання адукацыі ва ўстановы дадзенага профілю.

Усяго чатыры дні, з 18 да 22 ліпеня, адведзена на прыём дакументаў ад выпускнікоў профільных педагагічных, спартыўна-педагагічных і аграрных класаў, якія паступаюць без здачы экзаменаў па сумоўі на педагагічныя спецыяльнасці, напрамак «Фізічная культура і спорт» і спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю.

Ад абітурыентаў, якія паступаюць на платнай аснове, але не здаюць уступныя экзамены ў ВНУ, дакументы будуць прымацца:

  • з 18 ліпеня да 3 жніўня — у Акадэміі МУС, Магілёўскім інстытуце МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС;
  • з 18 ліпеня да 9 жніўня — на дзённую форму атрымання адукацыі па сельскагаспадарчых спецыяльнасцях (з 15 лістапада да 5 снежня — на завочную форму па дадзеным профілі);
  • з 18 ліпеня да 8 жніўня — ва ўсіх іншых установах вышэйшай адукацыі.
  • Унутраныя ўступныя іспыты ў ВНУ па асобных спецыяльнасцях (спартыўныя, творчыя, інтэграваныя) пройдуць з 25 ліпеня да 2 жніўня.

У Акадэміі МУС, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС, Ваеннай акадэміі, на ваенных факультэтах ВНУ ўнутраныя выпрабаванні пройдуць з 25 да 27 ліпеня. На ваенным факультэце Гродзенскага ўніверсітэта — 27–28 ліпеня. З 29 ліпеня да 4 жніўня будуць здаваць экзамены абітурыенты, якія паступаюць на сельскагаспадарчыя спецыяльнасці на дзённую форму і з 6 да 15 снежня — на завочную.

Тэрміны залічэння абітурыентаў на месцы, устаноўленыя кантрольнымі лічбамі прыёму для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, наступныя: да 29 ліпеня — у Ваеннай акадэміі, Інстытуце пагранічнай службы, Універсітэце грамадзянскай абароны МНС і на ваенных факультэтах ВНУ; да 4 жніўня — у іншых дзяржаўных ВНУ; да 20 снежня — на завочную форму атрымання адукацыі ў ВНУ сельскагаспадарчага профілю.

Ільготы і прывілеі

Кропкавыя змяненні, якія закранулі ўступную кампанію 2022 года, датычацца дастаткова вузкага кола абітурыентаў. Напрыклад, выпускнікі профільных спартыўна-педагагічных класаў могуць паступаць з бягучага года без уступных іспытаў пры належным узроўні паспяховасці на профільныя спецыяльнасці ў галіне фізічнай культуры і спорту. Выпускнікі класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці змогуць паступаць ужо па крыху іншай ільгоце — гэта пазаконкурснае залічэнне на спецыяльнасці Ваеннай акадэміі, на ваенныя факультэты і ў Інстытут пагранічнай службы. У ВНУ Мінабароны змогуць пайсці тыя, хто вывучаў праграму факультатыву «Гатовы Радзіме служыць», у ВНУ Дзяржпагранкамітэта — факультатыву «Юны пагранічнік». Для абедзвюх катэгорый устаноўлена квота ў 30 працэнтаў ад лічбаў прыёму.

Без сертыфікатаў беларускага ЦТ змогуць паступаць і абітурыенты, якія здавалі Адзіны дзяржаўны экзамен у Расіі — у тым выпадку, калі яны паступаюць на платную форму навучання на спецыяльнасці, найбольш запатрабаваныя эканомікай. Пералік перыядычна карэкціруецца па ўзгадненні з Міністэрствам эканомікі, у яго ўваходзяць спецыяльнасці ў першую чаргу рэальнага сектара эканомікі: сельскай, лясной гаспадаркі, металургіі, лёгкай прамысловасці і іншыя. Прычым для такіх абітурыентаў устаноўлена квота ў 20 працэнтаў ад лічбаў прыёму.

Яшчэ адно змяненне закранула мэтавую падрыхтоўку спецыялістаў. Калі раней яна распаўсюджвалася толькі на пэўныя населеныя пункты (чарнобыльскія, сельскія рэгіёны, гарады з насельніцтвам да 20 тысяч), то цяпер такі дагавор можа заключыць арганізацыя —заказчык кадраў, якая знаходзіцца ў любым населеным пункце Беларусі, у тым ліку ў сталіцы. Між іншым, магчымасць узяць мэтавае накіраванне ніяк не абмежавана месцам пражывання і прапіскі абітурыента. Так, абітурыент, які жыве ў Мінску, можа ўзяць мэтавае накіраванне ад арганізацый з Віцебскай ці Гродзенскай вобласці, і пасля заканчэння вучобы ён будзе размеркаваны менавіта туды.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце, напрыклад, план прыёму на мэтавыя месцы вырас удвая ў параўнанні з папярэднім годам.

— Прычым гаворка ідзе не толькі пра традыцыйныя для мэтавай падрыхтоўкі спецыяльнасці: журналістыка, мытная справа, педагагічныя... Цяпер мы гаворым і аб правазнаўстве, эканамічным праве, менеджменце з напрамкам «Менеджмент у міжнародным турызме», — расказаў першы намеснік адказнага сакратара прыёмнай камісіі БДУ Вячаслаў Малафееў. — Гэта будзе мэтанакіраваная падрыхтоўка ў інтарэсах адпаведных ведамстваў.

Новыя магчымасці

Між іншым, у БДУ сёлета адкрываюцца дзве прынцыпова новыя спецыяльнасці. Яны акумулююць работу, якую вялі ва ўніверсітэце адразу некалькі факультэтаў. У прыватнасці, у адкрыцці спецыяльнасці «Біяінжынерыя і біяінфарматыка» ўдзельнічалі біялагічны факультэт, факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, фізічны факультэт і факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі. Атрымаўся сімбіёз чатырох факультэтаў, а ў выніку з’явілася вельмі важная спецыяльнасць, якая арыентавана на падрыхтоўку спецыялістаў у галіне біяінжынерыі. Яе адкрыццё абумоўлена высокай запатрабаванасцю прафесіяналаў, якія адначасова валодаюць ведамі ў галіне агульнай біялогіі, геннай інжынерыі, оміксных тэхналогій, інфарматыкі, матэматыкі і статыстыкі.

На факультэце геаграфіі і геаінфарматыкі створана новая спецыяльнасць «Геатэхналогіі турызму і экскурсійная дзейнасць». А на факультэце сацыякультурных камунікацый БДУ на спецыяльнасці «Дызайн» (па напрамках) адкрываецца новы напрамак «Дызайн касцюма і тканін».

Адметнасцю сёлетняй прыёмнай кампаніі ў БДУ стане аб’яднаны конкурс на групу спецыяльнасцяў. Ён будзе праводзіцца па двух профілях. Першы — «Матэматычныя навукі і інфарматыка»: гэта спецыяльнасці механіка-матэматычнага факультэта, факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі і Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ — усяго 17 спецыяльнасцяў.

Другі профіль — «Фізічныя навукі»: спецыяльнасці фізічнага факультэта, факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, Сумеснага інстытута БДУ і ДПУ, а таксама Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава БДУ — усяго 11 спецыяльнасцяў.

У заяве, якая падаецца ў прыёмную камісію БДУ, абітурыент указвае першай прыярытэтную для яго спецыяльнасць, а затым расстаўляе па прыярытэтах усе астатнія, па якіх праводзіцца агульны конкурс. Абітурыенты, якія не прайшлі па конкурсе на першую ўказаную імі спецыяльнасць (напрамак спецыяльнасці), удзельнічаюць у конкурсе на наступныя спецыяльнасці (напрамкі спецыяльнасцяў) з названага імі прыярытэтнага пераліку.

Перад пасяджэннем прыёмнай камісіі па залічэнні праводзіцца размеркаванне абітурыентаў, якія прайшлі без экзаменаў, па-за конкурсам, а таксама прайшлі па конкурсе і набралі прахадны бал на факультэт (групу спецыяльнасцяў, групу напрамкаў спецыяльнасці). Размеркаванне абітурыентаў па спецыяльнасцях ажыццяўляецца адкрыта, у прысутнасці абітурыентаў і іх бацькоў (законных прадстаўнікоў). Зразумела, што аб’яднаны конкурс істотна павышае шанцы стаць студэнтам і не застацца за бортам прыёмнай кампаніі.

У абітурыентаў БДУ таксама ёсць магчымасць скарыстацца асабістым кабінетам і падаць дакументы ў электронным выглядзе: запоўніць анкету і заяву, загрузіць фота, размясціць адсканаваныя атэстат або дыплом, сертыфікаты ЦТ, дакументы, якія пацвярджаюць права на льготы пры паступленні. Пры электроннай падачы дакументаў праз асабісты кабінет абітурыент пазначае першай прыярытэтную для яго спецыяльнасць, а затым расстаўляе па прыярытэтах усе астатнія, па якіх праводзіцца агульны конкурс. Але электронны рэсурс не замяняе падачу арыгіналаў дакументаў абітурыентам асабіста, а толькі дазваляе звяртацца адразу ў сакратарыят сваіх факультэтаў, абыходзячы грамадскую прыёмную камісію. Таксама асабісты кабінет дазваляе на працягу ўсёй прыёмнай кампаніі ў анлайн-рэжыме на асабістых камп’ютарах, планшэтах і смартфонах адсочваць падрабязную інфармацыю аб бягучым прахадным бале на абраную спецыяльнасць. Пасля завяршэння прыёму ў асабістым кабінеце размяшчаюцца звесткі аб залічэнні.

На што арыентавацца?

Падаваць дакументы лепш у першыя дні, бо калі ахвотных цягнуць да апошняга акажацца шмат, то конкурсная сітуацыя можа рэзка змяніцца ўжо пасля закрыцця прыёмнай камісіі, і абітурыент мае ўсе шанцы застацца за бортам. А вось сітуацыю з падачай дакументаў і сваё месца ў абітурыенцкім рэйтынгу трэба маніторыць пастаянна. Апошняе абнаўленне інфармацыі ў дзень закрыцця прыёмных камісій адбудзецца ў 17 гадзін.

Для БНТУ, дзе дзейнічае 16 факультэтаў, праблема апошняга дня падачы дакументаў стаіць асабліва востра. Маладыя людзі часта выбіраюць спецыяльнасць, зыходзячы з балаў у сертыфікатах, і да апошняга спрабуюць пралічыць свае шанцы на паступленне. Ці выбіраюць спецыяльнасць, арыентуючыся на моду, а не на перспектывы будучага працаўладкавання. Таму ў прыёмнай камісіі БНТУ раяць арыентавацца ўсё ж такі не на кідкую назву, а вывучаць кампетэнцыі, што атрымліваюць тыя, хто там навучаецца. Напрыклад, вядучыя будаўнічыя прадпрыемствы краіны маюць сёння вострую патрэбу ў інжынерах, якія дасканала ведаюць інавацыйнае абсталяванне, што прымяняецца ва ўсім шматпрофільным будаўнічым комплексе. Менавіта таму ў БНТУ летась адкрылася спецыяльнасць «Інавацыйная тэхніка для будаўнічага комплексу».

Яшчэ адна новая цікавая спецыяльнасць, якая адкрылася летась, — «Прамысловы дызайн» — з двума кірункамі: дызайн транспартных сродкаў і дызайн прамысловага абсталявання. Сёлета БНТУ аб’явіў набор на спецыяльнасць «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» па кірунку «Лічбавыя тэхналогіі на прамысловым прадпрыемстве» — гэта так званая індустрыя 4.0. Студэнты будуць атрымліваць эканамічныя, праектныя, вытворча-тэхналагічныя, інфармацыйна-аналітычныя і іншыя навыкі, неабходныя для стварэння разумнай прамысловай вытворчасці, развіцця спадарожных лічбавых паслуг і пераходу прамысловага прадпрыемства да лічбавых бізнес-мадэляў.

Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт запрашае сёлета на новую спецыяльнасць «Тэхналогія і перапрацоўка біяпалімераў».

Шэраг новых перспектыўных спецыяльнасцяў адкрываецца і ў рэгіянальных ВНУ. Так, Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна плануе прыём на спецыяльнасць «Урбаналогія і сіці-менеджмент». Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт адкрывае спецыяльнасць «Штучны інтэлект (Інструментальныя сродкі і тэхналогія праектавання інтэлектуальных сістэм)». Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога — спецыяльнасць «Кіраванне дызайн-праектамі на прамысловым прадпрыемстве».

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы распачнецца падрыхтоўка па новых спецыяльнасцях «Аналітычная біяхімія» і «Біяхімія лекавых сродкаў». Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П. М. Машэрава адкрывае спецыяльнасць «Спартыўна-педагагічная дзейнасць», дзе будуць рыхтаваць спецыялістаў для трэнерскай работы, а Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. А. Куляшова — спецыяльнасць «Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі».


Будзь у курсе!

«Гарачая лінія» для абітурыентаў у Міністэрстве адукацыі 8 (017) 222-43-12. Рабочая група Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у Камітэце дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь у Мінску +375 (17) 327-66-80, e-maіl: goskomіsіa@maіl.ru

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Лізаветы ГОЛАД

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.