Вы тут

Для аўтамабільнага рынку гэты год аказаўся нетыповым. Попыт падае, цэны растуць...


Для аўтамабільнага рынку гэты год аказаўся нетыповым. Як, дарэчы, і леташні. Пандэмія, якая заставалася з намі ў першым паўгоддзі, уносіла свае карэктывы, адбіваліся і парушаныя ланцужкі паставак камплектуючых для зборачных канвеераў у розных краінах, дэфіцыт электронных кампанентаў, да таго ж «паспрыялі» і ваенныя дзеянні ва Украіне... Заканамерна, што датычыцца ўсё гэта не толькі новых аўто, але і «бэушных» — яны таксама падскочылі ў цане, іх кошт узрос на ўсіх рынках.

З якімі ж тэндэнцыямі сутыкнуліся вытворцы і аўтадылеры? Што ў рэшце рэшт чакае пакупнікоў да канца года? На гэтыя і іншыя пытанні паспрабаваў знайсці адказы карэспандэнт «Звязды».


Дык вось, у маі 2022 года адносна красавіка рынак новых аўтамабіляў скараціўся яшчэ на 30 %, а ў параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года — ажно на 83 %. Было прададзена 629 адзінак чатырохколавага транспарту. А за студзень—май 2022 года ў краіне прададзена ўсяго 10606 аўтамабіляў. У параўнанні з аналагічным перыядам 2021 года — 41 %. Такі вынік звязаны з істотным змяненнем цэн на большасць папулярных мадэляў, а таксама пагаршэннем умоў крэдытавання.

Трэба сказаць, што ў апошнія гады больш за 70 % продажаў на беларускім аўтарынку прыпадала на аўтамабілі, вырабленыя ў Расіі. Пачынаючы з сакавіка, вытворцы павышалі адгрузачныя цэны ад 40 да 70 %. Пазней адбылося ўмацаванне курсу расійскага рубля, што таксама паўплывала на фарміраванне прайс-лістоў і прывяло да сумарнага павелічэння цэнаў для беларускіх дылераў да 95 %.

Такія тэндэнцыі, дарэчы, характэрныя не толькі для нашай краіны, але і для аўтамабільных рынкаў Расіі і Казахстана. Больш за тое — ёсць усе перадумовы лічыць, што сітуацыя ў хуткім часе істотна не зменіцца. Улічваючы тое, што большасць аўтамабільных заводаў у Расіі спыніла вытворчасць, пакупнікі ў Беларусі ўжо ў найбліжэйшыя месяцы могуць сутыкнуцца з дэфіцытам аўтамабіляў.

Усе аўтамабільныя дылеры цяпер знаходзяцца ў няпростым становішчы. У сітуацыі, якая склалася, адзінай крыніцай даходу для іх застаецца аўтасэрвіс, які дазволіць трымацца на плаве. Пры гэтым дылеры будуць рабіць усё магчымае, каб ён заставаўся ўсё ж даступным для кліента. Інакш за справу возьмуцца майстры-самавучкі ў сваіх гаражах.

Калі коратка падсумаваць вышэйсказанае, то можна адзначыць: сёння на аўтамабільным рынку Беларусі склалася неадназначная сітуацыя: умацаванне расійскага рубля, рэзкі скачок цэн, скарачэнне выбару марак аўтамабіляў, павышэнне ставак крэдытавання і... туманныя перспектывы ў найбліжэйшай будучыні. Негатыўныя наступствы адчуваюць на сабе і аўтадылеры, і пакупнікі. Мы пагутарылі з экспертамі і даведаліся, што чакае айчынны аўтарынак і якія маркі аўто цяпер даступныя для пакупнікоў.

Чаму попыт падае, а цэны растуць?

Член праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргей Варывода адзначае, што вельмі хуткае падзенне продажаў на айчынным аўтамабільным рынку адбылося на фоне цанавых змяненняў, якія спажыўцы адразу ж адчулі.

Ён адзначае яшчэ тры фактары, што паўплывалі на падзенне попыту: высокія працэнтныя стаўкі па крэдытах, узровень даходаў насельніцтва (людзі сталі больш эканомна траціць грошы) і наогул — агульная матывацыя людзей.

— Даступнасць спажывецкіх крэдытных і лізінгавых прадуктаў, якая вымяраецца ў тым ліку паказчыкам пазыковай нагрузкі і іншымі параметрамі, на гэты момант вельмі зніжана. Пры гэтым працэнтныя стаўкі высокія, а прапаноў, з якіх можна было б выбіраць, няшмат.

Узровень жа даходаў большасці патэнцыяльных крэдытаатрымальнікаў не дазваляе прыцягваць вялікія крэдыты (на 50-60 тысяч рублёў) альбо браць аўто ў фінансавы лізінг на такіх умовах і па цэнах, прапанаваных рынкам, бо даходы насельніцтва не істотна выраслі за апошнія некалькі месяцаў.

Заўважу, што пры існуючай інфляцыі і высокіх працэнтных стаўках у перспектыве некалькіх гадоў кошт «сярэдняга» (эканом-клас) аўтамабіля можа павялічыцца ўдвая.

Генеральны дырэктар кампаніі «Актыўлізінг» Сяргей Міхневіч, у мінулым старшыня праўлення БАА, адзначае, што ў сярэднім лізінгавыя плацяжы сёння выраслі на 30-50 % у адносінах да тых, якія былі яшчэ паўгода таму.

— Ёсць спецыяльныя сумесныя праграмы з аўтадылерамі, якія дазваляюць знізіць стаўку па лізінгавым плацяжы праз кампенсацыю. Ёсць таксама варыянты растэрміноўкі па некаторых брэндах, калі кліенту не даводзіцца пераплачваць. Аднак такія прапановы вельмі абмежаваныя. Самая выгадная лізінгавая прапанова сёння існуе на аўтамабілі ГАЗ, у беларускіх рублях.

У асноўным аўтадылеры не ідуць на стварэнне спецыяльных лізінгавых праграм з прычыны складанай сітуацыі на рынку. Тыя, хто прадае ў лізінг, прадаюць на ўмовах па стаўцы 26 % гадавых у беларускіх рублях і 12-15 % гадавых у доларах. У чэрвені 2022-га стаўкі сталі зніжацца, але ў красавіку і маі яны былі на піку.

Volkswagen, KІA, Lada… Якія яшчэ аўто даступныя сёння?

Сяргей Варывода адзначае вялікую ролю псіхалагічнага фактару ў сітуацыі, якая склалася. З аднаго боку, гэта няўпэўненасць і жаданне адкласці пакупкі да больш стабільных часоў.

З іншага боку, чалавек, які доўга зберагаў грошы на куплю аўто ў доларах, атрымліваючы пакрысе дэпазітныя стаўкі ў памеры 5 % гадавых, сутыкаецца з тым, што жаданы аўтамабіль падаражэў на 50 % у доларавым эквіваленце, і гэта адварочвае ад неадкладнага здзяйснення пакупкі.

Па словах эксперта, пакуль яшчэ аўтамабільны рынак Беларусі з'яўляецца рынкам пакупнікоў, але не выключана, што ў перспектыве некалькіх месяцаў ён ператворыцца ў рынак прадаўцоў.

Варывода таксама адзначае, што на гэты момант у многіх аўтадылераў Беларусі захоўваюцца дастатковыя складскія запасы машын.

І нават спыненне паставак па шэрагу марак пакуль не мяняе суадносін — прапанова, якая ўключае ў сябе адзінкавыя асобнікі некаторых еўрапейскіх марак і сотні машын карэйскіх, кітайскіх і расійскіх аўтавытворцаў, апярэджвае патэнцыяльны попыт. Але такая сітуацыя, на яго думку, будзе доўжыцца нядоўга.

— Напрыклад, даступнасць такой папулярнай у Беларусі маркі, як Lada, пакуль не выклікае асцярогі на ўсё лета. Ёсць прапановы ў Volkswagen у розных колеравых рашэннях. Заўважце, нават дылер Volkswagen сёння мае дастатковую колькасць машын для таго, каб праводзіць акцыі і распродажы. Так што пакуль дамінуе прапанова, і яна перавышае попыт.

Аднак гэта толькі карціна на дадзены момант, на сёння. Перспектывы папаўнення складоў аўтадылераў, якія паволі ўсё ж будуць вызваляцца, невідавочныя. І сітуацыя па розных марках будзе адрознівацца. Магчымы дэфіцыт прывядзе да росту цэн.

Прапанова будзе скарачацца, а попыт будзе стагніраваць з перспектывай вельмі павольнага аднаўлення: хутчэй за ўсё, пачынаючы з 4 квартала 2022 года.

Гаворачы аб расійскім аўтапраме, Сяргей Варывода прыводзіць як прыклад перапрацоўчую галіну РФ, дзе істотнае падзенне запасаў апярэджвае магчымасць новай вытворчасці.

Ён адзначае, што ніхто не ведае дакладна, якая колькасць запасаў камплектуючых засталася на складах расійскіх аўтавытворцаў, каб сабраць аўто нават спрошчанай камплектацыі. Аднак, паводле яго слоў, запасы чыпаў, мікрасхем, якія выкарыстоўваюцца ў большасці блокаў сучаснага аўтамабіля, паволі зніжаюцца.

Аўтаэксперт Андрэй Праватораў адзначае, што на гэты момант у Беларусі даступныя да куплі Geely, Haval, Chery, VW, KІA, Mazda, Mіtsubіshі, Renault, Nіssan, Lada, Hyundaі, Audі.

— Кошты выраслі, але аўтамабілі ў наяўнасці яшчэ ёсць. Больш за ўсё перспектыў — у кітайскіх брэндаў: па наяўнасці аўтамабіляў на складах, цэнах, наяўнасці фінансавых праграм для іх рэалізацыі.

Аўто працягнуць даражэць?

Сяргей Варывода адзначае, што сітуацыя можа ўскладніцца, і многае будзе залежаць ад далейшага курсу расійскага рубля. На яго думку, жадаючым купіць новы аўтамабіль больш выгадна зрабіць гэта цяпер.

— Мы працуем з дзвюма кітайскімі маркамі з трох прысутных на рынку — гэта Haval і Chery, якія імпартуюцца на тэрыторыю РФ і затым паступаюць у Беларусь. Пакуль мы не бачым абмежаванняў на чысты імпарт аўто.

Па марцы Chery перспектывы паставак на рынак бясхмарныя — аўто будуць і праз паўгода, і праз год. Haval жа вырабляецца на заводзе ў Расіі пад Тулай. Я не змагу даць прагноз на год, але да канца 2022 года вырабленых аўтамабіляў больш чым дастаткова для забеспячэння бягучага ўзроўню попыту. Таксама ёсць пытанне цаны — мы не ведаем, які кошт у аўто будзе заўтра.

У тых аўтадылераў, якія імпартуюць аўтамабілі з-за граніц Мытнага саюза, напрыклад, Audі, нічога не памянялася, за выключэннем, можа быць, больш складанай лагістыкі. І цэны знаходзяцца на вельмі канкурэнтным узроўні. Аднак такіх дылераў на пачатак 2022 года было каля 5 %, а больш за 80 % аўто пастаўляецца з РФ. І тут мы маем кумулятыўны эфект двух магутных фактараў: рэзкае павышэнне цэн у расійскіх рублях — мы фактычна імпартуем у Беларусь інфляцыю ў аўтамабільнай галіне з Расіі, і рэзкае ўмацаванне расійскага рубля да беларускага — на 30 %, якое і лягло ў цану.

Сёння ў большасці дылерскіх салонаў цэны сфарміраваны яшчэ па курсах сакавіка-красавіка 2022 года. Калі рана ці позна расійскі рубель не пачне слабець да беларускага, то аўто, што ўвозяцца з РФ, будуць працягваць даражэць.

Таму тым, хто хоча купіць аўтамабіль сёлета, я параіў бы купляць з рэшткаў, паколькі ў іх закладзены курс менш як 4 беларускія рублі за 100 расійскіх. А далей дылерам прыйдзецца набываць валюту і завозіць аўтамабілі ўжо як мінімум па 4,5 рубля.

Аўто з Еўропы: для тых, хто не церпіць альтэрнатыў

Сяргей Міхневіч лічыць, што сёння, дзякуючы зняццю постковідных абмежаванняў і адкрыццю граніц, можна купіць новае аўто ў Літве і іншых еўрапейскіх краінах.

— Новы аўтамабіль можна прывезці з-за мяжы. Межы цяпер паволі адкрываюцца, постковідныя абмежаванні зніжаюцца. На фоне аслаблення еўра да долара еўрапейскія аўто сталі больш канкурэнтаздольныя, плюс існуюць наладжаныя каналы паставак.

Больш за тое, у Еўропе ўжо адкрываюцца аўтазборачныя вытворчасці. На фоне гэтага, думаю, цэны на аўто з прабегам таксама пачнуць зніжацца і стануць яшчэ больш прывабнымі для ўвозу ў Беларусь, бо ў Еўропе будзе забяспечаны значны прыток новых машын.

Эксперт звярнуў увагу на тое, што сёння мы бачым вяртанне цікавасці да аўто з прабегам. Паводле яго слоў, яны больш даступныя і прапануюцца па лізінгавых і крэдытных праграмах.

Тым часам

Паводле звестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у Беларусі ў чэрвені гэтага года было прададзена 1113 новых аўтамабіляў (рост у 2,4 раза да мая бягучага года). Аднак у гадавым выражэнні гэта складае толькі трэцюю частку ад продажаў чэрвеня 2021 года.

Як раней паведамлялася, у другім паўгоддзі «ціснуць» на ўзровень цэн на аўто ў Беларусі можа дэфіцыт новых легкавых аўтамабіляў, лічаць у БАА.

Між іншым

Продажы аўтамабіляў у Еўрапейскім саюзе ўпалі на 14 % у першай палове 2022 года ў параўнанні з тым жа перыядам 2021 года, паведаміла ў пятніцу Еўрапейская асацыяцыя вытворцаў (ACEA).

У разрэзе еўрапейскіх рэгіёнаў сітуацыя выглядае так: Італія (-22,7 %), Францыя (-16,3 %), Германія (-11 %) і Іспанія (-10,7 %). Рынак Вялікабрытаніі ўпаў на 11, 9 % за той жа перыяд. Такім чынам, чэрвень стаў 11-м месяцам спаду запар: продажы ў ЕС за год упалі на 15,4 %.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Што агульнага ў космасу з патэльняй? ​У сям’і Якубоўскіх з Жодзіна з фізікай сябруюць усе

Як сямейная пара настаўнікаў фізікі робіць складанае простым.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. У аўторак падзеі будуць развівацца спрыяльна для вас, нечакана могуць узнікнуць новыя перспектывы для кар'еры. 

Калейдаскоп

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

5 важных рэчаў, якім бацькі абавязаны навучыць сваіх дзяцей

Быць бацькамі — вялікая адказнасць. Кожны з нас хоча выхаваць дзіця ўпэўненым, добрым і шчырым. І самае галоўнае — шчаслівым.