Вы тут

У студзені—маі 2022 года беларускі экспарт у КНР дасягнуў 500 млн долараў


Як вядома, з 15 ліпеня кітайскі юань уключаны ў склад кошыка замежных валют, у якую раней уваходзілі толькі долар, еўра і расійскі рубель, прычым зроблена гэта за кошт памяншэння долі еўрапейскай валюты. Цяпер доля расійскага рубля ў кошыку роўная 50 %, долара — 30 %, а юаня і еўра — па 10 %. У Нацбанку падкрэслілі, што, прымаючы такое рашэнне, было ўлічана змяненне структуры знешнеэканамічных патокаў і аб'ёмаў таргоў валютамі на Беларускай валютна-фондавай біржы.


Характэрна, што ўраўноўванне долей юаня і еўра відавочна зроблена з улікам меркаваных змяненняў у будучыні, бо пакуль аб'ёмы таргоў у еўра ў некалькі разоў перавышаюць аб'ёмы таргоў з юанямі. Як паведамлялі, у пачатку мая на Беларускай валютна-фондавай біржы, здзелкі з юанямі на біржы штодня здзяйснялі 23—25 удзельнікаў таргоў, сярод якіх было некалькі прадпрыемстваў, якія прадаюць валюту, што атрымліваецца ад экспарту тавараў у Кітай.

Як паведамляюць прадстаўнікі Цэнтра сусветнай эканомікі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, у студзені—маі 2022 года беларускі экспарт у КНР дасягнуў 500 мільёнаў долараў, што перавысіла экспарт за аналагічны перыяд мінулага года ў 1,5 раза.

За гэты час пастаўкі, напрыклад, ялавічыны павялічыліся ў 5,8 раза, мяса птушкі — у 2,6 раза, калійных угнаенняў — у 1,5 раза. У выніку доля Кітая ў беларускім экспарце вырасла з 2,3 % да 3,7 %. Пры гэтым, калі раней гандаль ажыццяўляўся па моры, то цяпер — па чыгунцы праз тэрыторыю Расіі.

Варта заўважыць, што доля Кітая ў знешнім гандлі нашай краіны ў цэлым павялічылася не так значна, як у экспарце: да 6,8 % з 6,4 %. Гэта азначае, што імпарт з Кітая расце не так хутка, як экспарт, хоць і застаецца большым, чым экспарт. Урад нашай дзяржавы разлічвае нарошчваць аб'ёмы паставак тавараў у Кітай, такім чынам кампенсуючы за кошт гэтага страту значнай часткі еўрапейскага рынку.

Сяргей КУРКАЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі