Вы тут

Трэці дзень «Славянскага базару», першы — Саюзнай дзяржавы


Знакамітыя перазвоны «Славянскага базару» не змаўкаюць на вулачках культурнай сталіцы. Кожны з сямі дзён форуму мастацтваў напоўнены яркімі мерапрыемствамі і каларытнымі конкурсамі. Мы даведаліся, наколькі моцна б’ецца «сэрца» фестывалю ў гэтыя ліпеньскія дні.


30+1 год натхнення

14 ліпеня на сцэне Летняга амфітэатра адбылося ўрачыстае адкрыццё 31-га форуму мастацтваў, які даўно стаў візітнай карткай не толькі Віцебшчыны, але і ўсёй Беларусі. Павіншаваў гасцей, удзельнікаў і жыхароў Віцебска са святам творчасці і адзінства Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Ён уручыў Гран-пры Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу нашаму земляку Елісею Касічу, які па выніках двух конкурсных дзён атрымаў ад журы максімальны бал — 140. Гэта своеасаблівы рэкорд, бо члены журы ацэньвалі не столькі шоу, колькі вакальныя даныя юных зорачак.

Пастановай Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы прэміямі Саюзнай дзяржавы за 2021–2022 гады за творы літаратуры і мастацтва, якія ўносяць вялікі ўклад ва ўмацаванне брацкіх, дружалюбных адносін і ўсебаковае супрацоўніцтва паміж дзяржавамі — членамі Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, узнагароджаны аўтарскі калектыў канцэртных праграм Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску»; аўтарскі калектыў Ржэўскага мемарыяла Савецкаму салдату; аўтарскі калектыў выдавецкага праекта, прысвечанага 75-годдзю Перамогі народаў Савецкага Саюза ў Вялікай Айчыннай вайне «Гістарычная памяць Саюзнай дзяржавы». Высокія ўзнагароды ўручыў Прэзідэнт Беларусі, як і спецыяльную ўзнагароду «Праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення» Анатолю Ярмоленку і ансамблю «Сябры». Іх імянная зорка на Алеі каля амфітэатра ўрачыста запалілася напярэдадні. «Цудоўна, што такая высокая ўзнагарода за мір і ўзаемаразуменне ўручаецца на нашай мірнай і незалежнай зямлі. Важна, каб гэтыя паняцці існавалі не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Няхай так будзе заўсёды, ганарыцеся і шануйце гэта, паважаныя сябры!», — падзякаваў Анатоль Іванавіч.

Свае шчырыя віншаванні Віцебску даслаў Прэзідэнт Расійскай Федэрацыі Уладзімір Пуцін, іх на сцэне зачытаў намеснік старшыні ўрада РФ Аляксей Авярчук.

На святочным канцэрце радавалі гледачоў зоркі айчыннай і замежнай эстрады: Дзяніс Майданаў, Ірына Дарафеева, Анатоль Ярмоленка і ансамбль «Сябры», Вікторыя Алешка, Руслан Аляхно, Зара. Цудоўны нумар «Лібертанга» прадставілі Марыа Стэфана П’етрадаркі і Карэн Карапецян у суправаджэнні паветраных гімнастаў Белдзяржцырка. Даўні госць фестывалю Грыгорый Лепс выканаў свае знакамітыя хіты «Я паднімаю рукі», «Я шчаслівы» разам з залай. Завітаў на ўрачыстае адкрыццё і Сяргей Бязрукаў з пранікнёным вершам Канстанціна Сіманава «Чакай мяне». Прадстаўнікі сталага пакалення з радасцю сустракалі групу «Зямляне» з хітом «Трава ля дома» і яскравых Arabesque. Пераможца першага беларускага шоу «Х-фактар» Андрэй Панісаў выканаў з «Песнярамі» знакамітую «Волагду». Па традыцыі яркай вясёлкай салютаў заззяла над Віцебскам начное неба.

Дзве сястры — Беларусь і Расія

На фестывалі стартавалі Дні Саюзнай дзяржавы. Сёлета арганізатары пашырылі фармат — павялічылі колькасць саюзных Дзён і сумесных з рэгіёнамі Расіі праектаў — яны пройдуць на чатырох асноўных пляцоўках. Старт мерапрыемствам даў open-aіr на Пушкінскай плошчы «Гуляй, народ!», у канцэрце ў гістарычным цэнтры культурнай сталіцы ўзялі ўдзел Надзея Крыгіна і акадэмічны рускі народны ансамбль «Расія» імя Людмілы Зыкінай, народны ансамбль «Нясвіжскія лыжачнікі», ансамбль танца, музыкі і песні «Белыя росы», тэатр песні і танца Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў і іншыя.

У канферэнц-зале Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Машэрава ў трэці раз прайшоў круглы стол у фармаце дыскусійнай пляцоўкі па тэме: «Саюзная дзяржава — прастора для развіцця творчага патэнцыялу моладзі», у якой узялі ўдзел Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, міністр інфармацыі Беларусі Уладзімір Пярцоў, міністр культуры Беларусі Анатоль Маркевіч, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, айчынныя і замежныя артысты, лаўрэаты прэміі Саюзнай дзяржавы.

«Культурны і духоўны падмурак, які на працягу стагоддзяў фарміравалі нашы народы, непарушны, — адзначыў у прывітальным слове Дзмітрый Мезенцаў. — Сёння весці дыялог з маладым пакаленнем мы павінны на роўных, запрашаць іх да ўдзелу ў культурна-асветніцкіх праграмах. Нягледзячы на тое, што ў кантэксце апошніх палітычных падзей маюцца спробы перайначыць гісторыю, умаліць подзвіг савецкага народа, прэзідэнты дзвюх краін не раз падкрэслівалі важнасць гістарычнай памяці. Мы павінны помніць пра мужнасць і гераізм савецкіх салдат, для якіх цана свабоды для мільёнаў была вышэйшая за цану свайго жыцця».

Паміж Беларуссю і Расіяй наладжана моцнае культурнае супрацоўніцтва. Напрыклад на базе Вялікага тэатра Беларусі будуць арганізаваны сумесныя адукацыйныя мерапрыемствы, дзе тэатр стане своеасаблівым рэсурсна-метадычным цэнтрам для моладзі. Цяпер вядзецца работа па стварэнні ўнікальнага творчага аб'яднання — маладзёжнага беларуска-расійскага сімфанічнага аркестра. Абмеркаванне сумесных ініцыятыў будзе працягнута ў бягучым годзе ў Мінску на форуме, прысвечаным адзінай культурнай прасторы Беларусі і Расіі. Аб гэтым у відэазвароце расказала міністр культуры Расійскай Федэрацыі Вольга Любімава.

«Мы актыўна працуем з Расіяй не толькі ў межах Саюзнай дзяржавы — паміж рэгіёнамі абедзвюх краін падпісана больш за 80 дагавораў у сферы культурна-адукацыйнага супрацоўніцтва. У чарговы раз восенню ў Магілёве пройдзе фестываль творчасці людзей з інваліднасцю «Разам мы зможам больш!» , у бягучым годзе ў Беларусі пройдуць Дні расійскай духоўнай культуры. Зараз вядзецца падрыхтоўка нашых дзіцячых творчых калектываў для ўдзелу ў Першым дзіцячым форуме ў Маскве», — расказаў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч.

Вечарам на сцэне амфітэатра пройдзе гала-канцэрт «Саюзная дзяржава запрашае» з удзелам вядучых артыстаў і калектываў двзвюх краін. Добры настрой гледачам падораць Алена Ланская, ансамбль «Песняры», «Хор Турэцкага», Дзіяна Гурцкая, Дзяржаўны ансамбль песні і танца Рэспублікі Татарстан, кубанскі казачы ансамбль «Крыніца» і іншыя.

І ліецца песня

15 ліпеня ў Віцебскай абласной філармоніі адбыўся сольны канцэрт Дзідзюлі «Музыка свету», дзе музыкант выканаў любімыя кампазіцыі «Айседора», «Фламенка» і шэраг іншых. З праграмай «Казацкі край» у канцэртнай зале «Віцебск» выступіў Дзяржаўны казацкі ансамбль песні і танца «Стаўраполле», а вечарам зала напоўнілася гукамі джаза.

16 ліпеня, стартуе XXXІ Міжнародны конкурс выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2022», на якім нашу краіну прадстаўляе Ганна Трубяцкая.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.