Вы тут

Навучальныя дапаможнікі дапрацуюць з улікам заўваг


Як падкрэсліваюць у прэс-службе галоўнага адукацыйнага ведамства, якасць навучальных дапаможнікаў застаецца адной з найважнейшых умоў забеспячэння якасці агульнай сярэдняй адукацыі, таму гэтае пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі не толькі з боку Міністэрства адукацыі, але і з боку кіраўніцтва краіны.


Фота: edu.gov.by

У перыяд з 2015 па 2021 год у адукацыйную практыку былі паэтапна ўкаранёны 217 новых навучальных дапаможнікаў для 1–11 класаў.

Па выніках праверкі, праведзенай Генеральнай пракуратурай Рэспублікі Беларусь ў лютым-сакавіку 2022 года, было ўказана на шэраг недахопаў у школьных навучальных праграмах і навучальных дапаможніках: гэта перагружанасць навуковай інфармацыяй, складанымі для разумення навучэнцаў тэрмінамі, азначэннямі, неадпаведнасць аб’ёму навучальнага матэрыялу часу, адведзенаму на яго вывучэнне, неадпаведнасць зместу навучальных дапаможнікаў прынцыпам дыдактыкі, у першую чаргу, прынцыпам даступнасці, сістэматычнасці і паслядоўнасці выкладання вучэбнага матэрыялу.

У аснову такіх высноў ляглі, у тым ліку, вынікі доследных праверак навучальных дапаможнікаў, праведзеных Нацыянальным інстытутам адукацыі.

З мэтай шырокага абмеркавання абноўленых навучальных дапаможнікаў, вызначэння мер, накіраваных на ўстараненне выяўленых праблем і павышэнне якасці навучальных дапаможнікаў, былі арганізаваныя дыялогавыя пляцоўкі на базе абласных інстытутаў развіцця адукацыі. У іх рабоце прынялі ўдзел аўтары навучальных дапаможнікаў, рэцэнзенты, настаўнікі, у тым ліку ўдзельнікі доследнай праверкі, метадысты ўстаноў дадатковай адукацыі дарослых.

У ходзе абмеркавання былі выказаны прапановы і заўвагі, якія павінны стаць прадметам глыбокага аналізу спецыялістаў Нацыянальнага інстытута адукацыі, аўтарскіх калектываў, прадметных секцый Навукова-метадычнага савета пры Міністэрстве адукацыі, секцый Дзяржаўнай камісіі па падрыхтоўцы падручнікаў і навучальных дапаможнікаў у гуманітарна-грамадазнаўчай сферы, Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі.

Гаворачы аб тым, што яшчэ трэба зрабіць для ўдасканалення вучэбных праграм і вучэбных дапаможнікаў, міністр адукацыі Андрэй ІВАНЕЦ адзначыў: «Мы павінны правесці дапрацоўку навучальных праграм і навучальных дапаможнікаў, прывесці іх у адпаведнасць з узроставымі пазнавальнымі асаблівасцямі навучэнцаў, забяспечыўшы даступнае выкладанне вучэбнага матэрыялу. Пры гэтым павінны быць улічаны вынікі дыялогавых пляцовак, доследнай праверкі навучальных дапаможнікаў, вынікі анкетавання навучэнцаў і педагогаў, заўвагі, якія паступілі на інфалінію Нацыянальнага адукацыйнага партала, вынікі праведзеных рэспубліканскіх кантрольных работ па вучэбных прадметах. Да таго ж работа па ўдасканаленні навучальных дапаможнікаў павінна мець комплексны характар.

Па выніках праведзенага аналізу навучальных дапаможнікаў неабходна вылучыць тыя, якія трэба старанна перапрацаваць. У нас ёсць план выдання і перавыдання навучальных дапаможнікаў. Падыход вельмі просты: калі дапаможнік добры, то няма неабходнасці ў яго перавыданні. А калі дапаможнік не вельмі добры, а ў плане ён стаіць на перавыданне праз пяць гадоў, то яго трэба перавыдаць цяпер».

Літаральна на мінулым тыдні адбылося пасяджэнне Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У прыватнасці, там прагучала прапанова, каб навучэнцы 10-11 класаў «Гісторыю Беларусі» і «Сусветную гісторыю» вывучалі як інтэграваную дысцыпліну — гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі. З чым гэта звязана? Па-першае, з пераемнасцю школьнай і вузаўскай гістарычнай адукацыі. З 1 верасня ва ўсіх ВНУ нашай краіны будзе ўведзена «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці». Прыходзячы ў беларускія ВНУ, школьнікі павінны разумець універсітэцкі інтэграваны курс. Распрацоўка інтэграванага школьнага курса дазволіць аб’яднаць гадзіны, прадугледжаныя на вывучэнне «Гісторыі Беларусі» і «Сусветнай гісторыі» для вывучэння інтэграванай дысцыпліны. Гэта дазволіць адначасова павялічыць колькасць гадзін і падрыхтаваць выпускнікоў школ да курсу ВНУ «Гісторыя беларускай дзяржаўнасці».

Трэба мець на ўвазе, што з 1 верасня бягучага года будуць укараняцца новыя навучальныя планы, якія закрануць вывучэнне такіх прадметаў, як руская, беларуская, англійская мовы, руская і беларуская літаратура. У прыватнасці, для рускай, беларускай мовы, рускай і беларускай літаратуры на ўзроўні 10-11 класаў павялічваецца колькасць гадзін.

Міністр таксама адзначыў, што сур’ёзную работу трэба будзе правесці ў плане павышэння кваліфікацыі настаўнікаў. Акадэмія паслядыпломнай адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі і абласныя інстытуты развіцця адукацыі павінны дзейнічаць у адной звязцы.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».