Вы тут

Лісты Міхаіла Лермана да Анатоля Тычыны


Масштаб прысутнасці беларускага графіка Анатоля Тычыны (1897 — 1986), які нарадзіўся ў эсклібрысістыцы XX стагоддзя даволі вялікі. Па-першае, да стварэння кніжнага знака Анатоль Мікалаевіч спрычыніўся ці не на самым пачатку свайго творчага жыцця. З 1923 па 1940 гг. графік выканаў каля 20 экслібрысаў. Сярод іх — экслібрысы мастацтвазнаўца Міколы Шчакаціхіна, краязнаўца, этнографа, фалькларыста, мовазнаўца Міколы Каспяровіча, пісьменнікаў Янкі Маўра і Віталя Вольскага, педагога Уладзіміра Зенчанкі, спявачкі Ядвігі Шлюбскай, доктара Васіля Палонскага, настаўніка спеваў Вячаслава Чарнякоўскага і іншыя працы. У 1928 годзе ў Мінску нават кніга была выдадзена — «Exlibris’ы А. Тычыны». Пад адной вокладкай было змешчана 16 экслібрысаў. Ілюстрацыям папярэднічаў гісторыка-біяграфічны нарыс, у якім Аляксандр Шлюбскі (1897 — 1941?) вельмі сцісла выклаў характарыстыку тагачаснага стану беларускага экслібрыса як з’явы і коратка падаў біяграфію Анатоля Мікалаевіча. А па-другое, у 1960 — 1970-я гг., адчуўшы новы ўсплеск цікаўнасці да кніжнага знака, беларускі графік выступіў не толькі графікам-эсклібрысістам, але і палымяным прапагандыстам экслібрысістыкі, разам з мастацтвазнаўцам Віктарам Шматавым падрыхтаваў і выпусціў кнігу «Беларускі кніжны знак» (Мінск, 1972 год), вёў актыўнае ліставанне са збіральнікамі, мастакамі экслібрысаў з Расіі, Украіны. У Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва захоўваецца велізарная калекцыя лістоў да Анатоля Тычыны — ад Якава Бердзічэўскага, Георгія Вілінбахава, Сяргея Фарцінскага, якія і праз дзесяцігоддзі (а Якаў Ісаакавіч Бердзічэўскі, які жыве ў Германіі і мае за плячыма 90 гадоў, і зараз працягвае справу збірання кніжных знакаў і папулярызацыі экслібрысістыкі як выключнай з’явы і ў мастацтве, і ў кнігазнаўстве) застаюцца прызнанымі аўтарытэтамі ў галіне экслібрысістыкі.


...У 1920-я гады карэспандэнтам Анатоля Мікалаевіча Тычыны быў і ленінградскі бібліятэчны работнік, бібліяфіл, калекцыянер і даследчык экслібрысаў Міхаіл Якаўлевіч Лерман (1884 — 1942). Член Ленінградскага таварыства экслібрысістаў. Вядома, што таварыства існавала з 1922 па 1930 год. Удзельнікі яго даволі рэгулярна праводзілі самыя розныя мерапрыемствы: чыталі лекцыі, праводзілі прагляды калекцый альбо іх частак, абмяркоўвалі тыя ці іншыя выданні. У 1930 -м самастойнае існаванне таварыства завершылася, на яго аснове стварылі асобную невялікую секцыю пры Ленінградскім таварытсве бібліяфілаў. Дарэчы, у ЛТЭ было праведзена 172 пасяджэнні. Пабачыла свет болей дзсяці выпускаў «Трудов Ленинградского Общества Экслибрисистов». 

Міхаіл Лерман сабраў даволі значную па тым часе калекцыю мастацкіх і гербавых экслібрысаў. Недзе каля 4000 знакаў. Пасля смерці ўладальніка ўдава перадала гэты збор у дар Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы. 

З ліста Міхаіла Лермана ад 8 чэрвеня 1927 года: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч!

Атрымаў я Вашы знакі. Дзякуй. У абмен дасылаю Вам прыкладзеныя знакі. Я асабліва не цікаўлюся рознымі колерамі паперы — наўрад ці хто нават можа назваць іх варыянтамі. Калі пажадаеце, можаце даслаць мне ўсё на ўсіх паперах, я якімі-небудзь дублетамі іх рэваншырую.

З павагай да Вас М. Лерман». 

Перапіска даволі дзелавая, сухаватая. І многія акалічнасці маглі б высветліцца, калі б ўдалося здзейсніць віртуальнае падарожжа ў далёкія 1920-я... Уражвае сам факт стасавання Лермана і Тычыны, які ўсяго толькі чатыры гады як пачаў займацца вырабам кніжных знакаў. Першыя вартыя, з пункту гледжання самога мастака, кніжныя знакі А. Тычыны адносяцца да 1926 г. Вось і Аляксандр Шлюбскі піша ў згаданай кнізе: «...У галіне exlibris’а А. М. пачаў працаваць з 1923 г., першыя спробы засталіся проектамі; у гэтай кніжцы даюцца знакі 1926 — 27 гадоў». Пра амбіцыі экслібрысістаў Ленінграда, узровень іх бібліяфільскай культуры можна толькі здагадвацца... І вось прыйшла вестка, што і ў Беларусі разгарнулася пэўная ўвага да кніжнага знака. Хутчэй гэтаму паспрыялі стасункі асобных мастакоў з Мінска, Віцебска з калегамі з Ленінграда. А мо яшчэ дапамог і артыкул вядомага рускага паэта, перакладчыка Сяргея Мітрафанавіча Гарадзецкага, які ў 58-м нумары «Известий Ц. И. К. С. С. С. Р.» за 1927 год пісаў, што «нужно отметить повальное увлечение белорусской интеллигенции экслибрисами, иногда очень интересными»..? І як жа было ў такім разе не расшукаць і экслібрысы, і як было не пазнаёміцца з адным з іх аўтараў..? 

30 снежня 1927 года да Анатоля Мікалаевіча прыходзіць новы ліст ад ленінградскага калекцыянера: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! З Новым годам! І Вы знаходзіцеся ў спісе маіх ex libris’ных карэспандэнтаў, ды амаль нічога я ад Вас за апошні час не атрымліваў. Можа быць, сваім прывітаннем да Новага Года я нагадаю пра сябе, і Вы чым-небудзь мяне ашчаслівіце. Я, канешне ж, буду рады неадкладна даслаць Вам і кампенсацыю. Усяго добрага. З павагай да Вас М. Лерман». Апошні сказ з ліста Міхаіла Якаўлевіча падштурхоўвае да думкі, што ўжо напрыканцы 1920-х Анатоль Тычына не толькі рабіў кніжныя знакі, але, магчыма, і калекцыяніраваў іх. 

16 мая 1928 года Лерман піша ў Мінск: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! 

Ужо вельмі даўно не атрымліваў я ад Вас навінак з галіны Кніжных знакаў, а таму вырашыў напісаць Вам, нагадаць пра сваё існаванне, даслаць Вам некалькі знакаў і прашу Вас адказаць мне і даслаць як Вашы працы, так і чужыя. На абмен я, канешне ж, неадкладна дашлю Вам нешта з маіх шматлікіх дублетаў. 

Чуў я, што павінна выйсці ў свет і Ваша кніжачка — пра ex libris’ы. Калі яна ўжо з’явілася, то ці не навучыце Вы, калі ласка, як яе атрымаць. 

З нецярпеннем буду чакаць Ваш, спадзяюся, хуткі адказ...»

І яшчэ адзін ліст ад Лермана захоўваецца ў багатым на эпісталярную спадчыну фондзе Анатоля Мікалаевіча Тычыны ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва — ад 25 чэрвеня 1928 г. Зусім кароткае пасланне Міхаіла Лермана: «Шматпаважаны Анатоль Мікалаевіч! Днямі выходзяць з друку XI — XII вып. „Трудов Лен. Общ. Экслибрисистов“. Кошт 2 р.75 к. Паведаміце, ці выслаць яго Вам? Можна і накладзеным плацяжом. Чакаю адказу. З павагай да Вас М. Лерман». 

Карэспандэнт графіка, экслібрысіста, першыя працы якога ўжо выклікалі цікавасць і за межамі Беларусі, жыў у часы ліставання ў горадзе на Няве па адрасе: вуліца Паўстання, 19. Кніжныя знакі часам станавіліся нападкам розных вульгарызатараў ад мастацтва. Пэўна ж, ва ўмовах, калі гэта праяўлялася, увага прафесійных, дасведчаных збіральнікаў, даследчыкаў кніжнага знака была далёка не лішняй. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Прэв’ю: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.